Жыццё ў беларускіх гарадах у перыяд Вялікага Княства Літоўскага

Акрамя таго, што насельніцтва гарадоў было вельмі рознае па сацыяльнаму статусу, этнічнай прыналежнасці або, напрыклад, веравызнанню, горады таксама былі цэнтрамі зусім рознай дзейнасці, пачынаючы ад вытворчасці і заканчваючы адукацыяй.

Гарады i мястэчкi існавалі як на дзяржаўных вялiкакняжацкiх, так i прыватнаўласнiцкiх землях. Больш 40% усiх гарадскiх пасяленняў Беларусi ў першай палове XVI ст. падпарадкоўвалiся юрысдыкцыi буйных магнатаў (Слуцк, Стары Быхаў, Клецк, Копысь, Тураў, Шклоў, Зэльва, Маладзечна, Смаргонь, Лагойск i iнш.).

Невялікімі тады былі гарады. Гарады з насельнiцтвам 10 тыс. жыхароў i больш лічыліся буйнымі. Да iх адносiлiся Полацк, Вiцебск, Слуцк, Магiлёў, Пiнск.

Крынiцы XVI ст. упамiнаюць каля 200 рамеснiцкiх прафесiй i спецыяльнасцей. Да лiку найбольш развiтых вiдаў рамёстваў адносiлiся здабыча i апрацоўка металаў (каля 40 прафесiй), дрэваапрацоўка (27 спецыяльнасцей), гарбарная i футравая вытворчасць (звыш 25 прафесiй), вытворчасць валакнiстай сыравiны i адзення (26 прафесiй), прадуктаў харчавання i напiткаў (21), апрацоўка мiнеральнай сыравiны (12) i г.д. Не менш 80% рамеснiкаў працавалi або на рынак, або спалучалi работу на заказ i на рынак.

Дзеля абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі стваралі свае ўласныя карпарацыі. Такiмi аб'яднаннямi сталi цэхi. Цэхi ў беларускiх гарадах былi трох тыпаў: спецыялiзаваныя (уваходзiлi рамеснiкi адной прафесii); аб'яднаныя (уваходзiлi рамеснiкi дзвюх i больш блiзкiх прафесiй) і зборныя (уваходзiлi прадстаўнiкi розных прафесiй). Апошнiя карпарацыi ўзнiкалi тады, калi ў тым цi iншым горадзе было мала рамеснiкаў адной спецыяльнасцi.

Рост рамяства садзейнiчаў развiццю гандлёвай дзейнасцi. У буйных гарадах таргi наладжвалiся двойчы, у невялiкiх гарадах i мястэчках - раз у тыдзень. У перадсвяточныя днi ў буйных гарадах арганiзоўвалiся кiрмашы, якiя маглi цягнуцца некалькi дзён.

Гандлёвыя сувязi звязвалi горад з вёскамi i мястэчкамi, а буйныя гарады - памiж сабой. Буйнейшымі гандлёвымі цэнтрамі Беларусі былі Вiцебск, Полацк, Менск, Магiлёў, Бярэсце. Гарады гандлявалі таксама з Расiяй, Польшчай, Турцыяй, Малдавiяй і інш. Больш як 20 буйных "шляхоў i гасцiнцаў" звязвалі беларускія гарады паміж сабой і з кiрмашамі Варшавы, Любліна, Лiтвы, Венгрыі, Смаленска, Украіны. Беларускiя купцы выконвалі пасрэдніцкую ролю ў гандлёвых сувязях Расіі з Польшчай. Купцы аб'ядноўваліся ў братчыны, якія ахоўвалi манапольнае становiшча мясцовага купецтва на гандаль у сваім горадзе. Вялiкiм цяжарам для купецтва былі мытныя зборы, якія яны абавязаны былі плаціць не толькі пры правозе тавару ў другую краіну за дазвол на яго продаж у іншым горадзе, але і плаціць феадалам за праезд па збудаваных iмi мастах, насыпах, а то i проста па дарозе, якая праходзiла праз iх уладаннi.

З умацаваннем эканамiчнай і грамадскай ролi гарадоў расло іх iмкненне пашырыць свае правы i прывiлеi. З канца XІV ст. дзяржаўная ўлада ВКЛ пайшла на дараванне гарадам самакiравання на аснове магдэбургскага права. У 1390 г. такое права было дадзена Брэсту, у 1391 г. - Вiцебску i Магiлёву, у 1496 г. - Гародні, 1499 г. - Менску, і інш. Да сярэдзiны XVII ст. яго атрымала большасць буйных гарадоў, каля паловы сярэднiх гарадоў Беларусi, у тым лiку i прыватнаўласніцкіх.

 

© usebelarusy.by