Заслаўе

Заслаўе (афіц. транс.: Zaslauje) — горад у складзе Мінскага раёна Мінскай вобласці Беларусі, на р. Свіслач пры ўпадзенні яе ў Заслаўскае вадасховішча (27 км ад Мінска). Паводле падання, кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч назваў паселішча ў гонар сына полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны Ізяслава, які з мячом заступіўся за маці. Варыянты назвы горада ў гістарычных крыніцах: Ізяслаў, Ізяслаўль, Жэслаўль, Жаслаўль.

Узнік у сяр. ІХ ст. на пагорку правага берагу Свіслачы, як крывіцкае паселішча на дрыгавіцкай тэрыторыі (назва невядомая), у культурных пластах таго часу трапляюцца таксама фіна-ўгорскія рэчы, некалькі фіна-ўгорскіх пахаванняў знодзейныя і ў курганным могільніку побач з паселішчам. Паселішча не мела штучных умацаванняў, ахоўвалася толькі натуральнымі перашкодамі — рэкамі Свіслач, Чарніца, Княгінька, балотам і стромкімі схіламі пагорка. Плошча паселішча 3-3,5 га, характар — ваенны. У 850-860-я на супрацьлеглым левым беразе Свіслачы ўзнікла другое паселішча, з галіцкай і валынскай керамікай, верагодна кіеўскі павост.

гарадзішча Замэчак у Заслаўі
Макет горада-крэпасці Ізяслаўля канца X – XI стст. (гарадзішча Замэчак у Заслаўі; рэканструкцыя Ю.А. Заяца; музей гісторыі НАН Беларусі, Мінск; фота Р. Маісей).

Каля 985 г. за 1 км ад яго ўзнікла гарадзішча «Замэчак». На мяжы XI—XII стагоддзяў на тэрыторыі правабярэжнага паселішча ўзвялі дзядзінец, па чым насельнікі пакінулі «Замэчак». У 985—986 паводле загаду вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча непадалёк ад паселішча пабудавана крэпасць Ізяслаўль, (цяпер вядомы як Замэчак), дасканалай круглай формы, плошчай ~1,5 га. У гэтым Ізяслаўлі ў 986-1000, верагодна, жыла Рагнеда і яе сын Ізяслаў. У 1070-я воласць, цэнтрам якой быў Ізяслаўль, разам з іншымі валасцямі была дадзеная Усяславам Полацкім ва ўдзел свайму сыну Давыду. Умацаванні на Замэчаку былі закінутыя, замест іх на тэрыторыі правабярэжнага паселішча, на самым ускрайку пагорка над Свіслачу, быў пабудаваны дзядзінец плошчай 1,5 га. У гэты час плошча пасада дасягала 9-9,5 га. З 1101 г. Ізяслаўль — цэнтр удзельнага Ізяслаўльскага княства Полацкай зямлі.

Заслаўе
Заслаўе, вуліца Замкавая. Былы кальвінскі збор. Фота 1930-х гг.

Ізяслаўскае княства упершыню згадваецца пад 1127 годам у сувязі з паходам князя кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча на Полацкую зямлю. У канцы XIII ст. Заслаўе далучылася да Вялікага Княства Літоўскага, дзе зрабілася вялікакняжацкім горадам. У 1345 вялікі князь Кейстут перадаў паселішча свайму малодшаму брату Яўнуту Гедзімінавічу, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі (Жэслаўскімі). У часы феадальнай вайны (1432—1439) у 1434 Свідрыгайла захапіў і спаліў горад, а яго жыхароў узяў у палон. У 1539 г. Заслаўе перайшло ў валоданне Глябовічаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) горад ўвайшоў ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. У 2-й палове XVI ст. тут пры кальвінскім зборы працавалі школа і друкарня, у якой Сымон Будны надрукаваў Біблію (1574). У пачатку XVII ст. кальвінскі збор пераасвяцілі ў касцёл Святога Міхаіла Архангела. З 1569 у складзе Менскага павета. У 1625 у Заслаўі збудавалі касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, існавала грэка-каталіцкая царква. У XVII-XVIII стст. горад быў цэнтрам графства, якое аб’ядноўвала 4 староствы. З пачаткам Трынаццацігадовай вайны ў 1655 маскоўскія захопнікі спалілі Заслаўе, цалкам зруйнавалі мураваныя замкавыя брамы і палац. У 1678 мясцовасць перайшла да Сапегаў. У 1684 (паводле іншых звестак, яшчэ ў 1676) К. Я. Сапега і яго жонка Крысціна заснавалі тут дамініканскі кляштар. Паводле інвентара, станам на 1698 у месце было 89 дымоў (акрамя, відаць, касцёльнай юрыдыкі), 4 вуліцы, рыначная плошча.

У 1753 г. Заслаўе перайшло ў валоданне падканцлера вялікага Антонія Пшаздзецкага. У 1772 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў гораду прывілей на правядзенне 4 кірмашоў штогод, а таксама штотыднёвых таргоў. У 2-й палове XVIII ст. працавалі цагельня і суконная фабрыка. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Заслаўе апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе зрабілася цэнтрам воласці Менскага павета. Статус паселішча панізілі да мястэчка. За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні (1863—1864) расійскія ўлады канфіскавалі Заслаўе ў яго гаспадароў Прушынскіх. У 1873 праз мястэчка прайшла Лібава-Роменская чыгунка, адкрылася станцыя Ізяслаў. Станам на 1904 працавалі 2 школы, бальніца на 10 ложкаў, аптэка, пошта; дзейнічалі 2 царквы і касцёл. 15 красавіка 1906 расійская паліцыя раскрыла ў Заслаўі падпольную польскую школу, ў якой Антаніна Войзбун навучала польскай мове 25 дзецей узросту 8-17 гадоў.

У лістападзе 1917 Заслаўе занялі бальшавікі. Цягам 1919—1920 мястэчка было пад часовай польскай адміністрацыяй як цэнтр гміны ў Мінскім павеце Мінскай акругі Грамадскай управы Усходніх земляў. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Заслаўе засталося ў БССР. У 1924—1959 цэнтр раёна. У Другую сусветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии