Войска ВКЛ

Войска ВКЛ складалася з вайсковых фарміраванняў усіх зямель дзяржавы. Станаўленне вайсковай арганізацыі ВКЛ адбывалася ў некалькі этапаў. Да канца 14 ст. акрамя дружын з літоўскіх і славянскіх зямель дзяржавы, шырока выкарыстоўвалася ўсеагульнае народнае апалчэнне – пагоня, якая была найбольш архаічнай формай вайсковай мабілізацыі. Як сведчыць прывілей Ягайлы 1387, у пагоні, у выпадку ўварвання непрыяцеля ў межы дзяржавы, прымала ўдзел усё мужчынскае насельніцтва, здольнае насіць зброю. Адначасова прывілей упамінае прафесійных дружыннікаў. У далейшым яны аформіліся ў саслоўе рыцарства, якое ў 15-16 ст. стала асноўнай ваеннай сілай ВКЛ. Галоўнай формай вайсковай мабілізацыі ў гэты час становіцца феадальнае апалчэнне (паспалітае рушэнне), куды землеўладальнікі выстаўлялі ўзброеных воінаў. Да 16 ст. не існавала сталай нормы выстаўляемага атрада ў залежнасці ад велічыні зямельных уладанняў і колькасці сялян. Нюансы службы агаворваліся персанальнымі дамовамі паміж сеньёрам і васалам. Да сярэдзіны 15 ст. асноўнымі катэгорыямі ваяроў у паспалітым рушэнні былі конныя капійнікі і стральцы (лучнікі і арбалетчыкі). 3 канца 14 ст. шырока выкарыстоўваліся татары. Найдрабнейшай арганізацыйна-тактычнай адзінкай войска было «кап’ё», вядомае з 16 ст. як почат. У яго ўваходзілі (у ідэале) 1 капійнік і 2 стральцы. «Коп’і» злучаліся ў харугвы, якія арганізоўваліся паводле тэрытарыяльнага прынцыпу ці выводзіліся буйнейшымі феадаламі. Колькасны склад харугваў залежаў ад мабілізацыйных магчымасцей рэгіёнаў, хоць здараліся выпадкі яго ўнармавання. Так, напярэдадні грунвальдскай выправы Вітаўт загадаў выставіць з кожнай тэрытарыяльнай адзінкі ў Жамойці па 300 чалавек. У час бою харугвы дзейнічалі звужанымі наперад калонамі – клінамі. Наперадзе калоны размяшчаліся капійнікі, за імі – стральцы, якія стралялі навесам паверх галоў пярэдніх ліній. 3 сярэдзіны 15 ст. з-за большых патрабаванняў да засцерагальнага ўзбраення з’явілася новая градацыя воінаў: даспешныя (капійнікі), панцырныя (стральцы) і шчытныя. 3 пач. 16 ст. нормы вайсковай службы рэгламентаваліся агульнадзяржаўнымі актамі (пастанова Новагародскага сойма 1502, Статуты ВКЛ 1529,1566,1588 і інш.). Адначасова ішло аблягчэнне кавалерыі за кошт змяншэння значэння цяжкаўзброеных капійнікаў. Статут ВКЛ 1529 г. патрабаваў выстаўляць аднаго паўнавартаснага вершніка (з панцырам, прылбіцай, кордам, павезай і кап’ём) ад 8 сялянскіх службаў. У рэальнасці патрабавалі толькі мінімум засцерагальнага рыштунку. У залежнасці ад наступальнага ўзбраення вылучаліся гусоры, узброеныя кап’ём і шчытом, газот (лук, часам у спалучэнні з рагацінай), кашубы (рагаціна ці ошчап) і бруншвікі (агнястрэльная зброя). Паны, якія не валодалі 8 службамі, неслі службу паводле сваёй магчымасці, што прыводзіла да надзвычайнай стракатасці ўзбраення войска. Паводле пастаноў соймаў 1563 і 1567, у склад паспалітага рушэння ўводзілася пяхота – на 2 коннікаў па 1 драбу з ручніцай і мячом ці з рагацінай і сякерай. Зборам ваяводскіх і павятовых харугваў займаліся харужыя, кашталяны і маршалкі. Пасля ўліку (Попісы войска) войска пераходзіла пад уладу гетманаў (вядомы з 15 ст.).

Кавалерыя Рэчы Паспалітай
Кавалерыя Рэчы Паспалітай. Малюнак пач. 17 ст.

Паспалітае рушэнне праіснавала да канца 18 ст. Аднак ужо ў канцы 15 – пач. 16 ст. яно пачало траціць свае баявыя якасці. Гэта было звязана з ростам зацікаўленасці шляхты ў вядзенні ўласнай гаспадаркі і недастатковым пакараннем за ўхіленне ад вайсковай службы. Так, у сярэдзіне 16 ст. мабілізацыйныя магчымасці дзяржавы дазвалялі выставіць 70-тысячнае войска, у рэальнасці ж яно не дасягала і 50 тыс. Паступова павялічвалася роля наёмнага войска, якое да канца 16 ст. стала асноўнай ваеннай сілай. Першапачаткова жаўнераў наймалі за мяжой, пераважна ў дзяржавах ягелонскай кааліцыі – у Польшчы, Венгрыі і Чэхіі, а ў далейшым – і з ураджэнцаў ВКЛ. Наёмнікі арганізоўваліся ў роты на чале з ротмістрамі. Конныя роты падзяляліся на почты, якія ўзначальваліся таварышамі, пешыя – на дзесяткі, якімі камандавалі дзесятнікі. Аснову пешых рот складалі стральцы, забяспечаныя арбалетамі (да пач. 16 ст.) ці агнястрэльнай зброяй. Наперадзе стральцоў размяшчаліся павезнікі з вялікімі шчытамі ці капійнікі, забяспечаныя пласцінавымі даспехамі (часам тыя і другія). Ужо ў 16 ст. наёмнікі выкарыстоўвалі разнастайныя функцыі – змагаліся ў адкрытым полі, неслі гарнізонную службу, прыкрывалі адбудову замкаў, выконвалі інжынерна-сапёрныя работы, паліцэйскія функцыі. Важнае месца займалі пушкары, якія абслугоўвалі артылерыю, вядомую ў ВКЛ з 1382, выраблялі порах, рамантавалі зброю.Кіраса

У канцы 16—1-й пал. 17 ст. праведзены вайсковыя рэформы, пачатыя ў часы Стэфана Баторыя і завершаныя пры Уладзіславе IV. Яны ўводзілі дакладную рэгламентацыю асобных родаў войск і іх узбраення. Кавалерыя падзялялася на цяжкую, сярэднюю і лёгкую. Цяжкая кавалерыя (гусары, рэйтары і аркебузеры) мела засцерагальнае ўзбраенне ў выглядзе паўдаспеха або кірасы і шлема. Асноўнай наступальнай зброяй гусараў было кап’ё, рэйтараў і аркебузераў – пісталеты ці аркебуза. Сярэдняя кавалерыя (панцырныя, або пяцігорцы) мела круглыя шчыты і кальчужныя панцыры ў камплекце з міскападобнымі шлемамі-місюркамі; наступальнае ўзбраенне складалася з шаблі і пісталетаў або ручніцы, часам рагаціны і лука. Лёгкія вершнікі (тыпу лісоўчыкаў і татараў) выкарыстоўвалі аналагічнае ўзбраенне, але не мелі засцерагальных сродкаў. Падобная структура кавалерыі захавалася да 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772), хоць у 18 ст. вершнікі ўжо пакрысе адмаўляліся ад засцерагальнага ўзбраення. Пры Стафане Баторыю на венгерскі ўзор была рэарганізавана і пяхота, якая адмовілася ад даспехаў і дрэўкавай зброі: драбы атрымалі шаблі, сякеркі, кнотавыя ручніцы з парахаўніцамі і лядункамі (гатовымі набоямі пораху), дзясятнікі – шаблі, сякеркі і кароткія коп’і (дарды). У 1578 г. уведзена выбранецкая пяхота (Выбранцы), вербаваная пераважна з сялян і ўзброеная, як і астатнія драбы. Выкарыстоўвалася таксама замежная пяхота, пераважна нямецкая і венгерская. Уладзіслаў II арганізаваў мясцовую пяхоту нямецкага тыпу і драгунаў, якія спалучалі рысы кавалерыі і пяхоты. Значны ўплыў на рэформы ў гэты час адыграў вопыт імперскай арміі Валенштэйна перыяду Трыццацігадовай вайны. Да канца 17 ст. арганізацыя і ўзбраенне пяхоты змяніліся мала. Змены закранулі пераважна аддзелы нямецкага тыпу (адмовай у 2-й пал. 17 ст. ад даспехаў і шлемаў, скарачэнне пік, а пазней пераход да стрэльбаў з багінетамі). У 1-й пал. 17 ст. у асобны корпус вылучылася артылерыя. Да 1652 г. войска ВКЛ падзялялася на т.зв. кварцянае, прызначанае для абароны ўсх. граніц, і суплементовае, якое збіралі толькі ў выпадку вайны. У далейшым гэты падзел быў адменены і ўводзілася адзінае кампутовае войска, памеры якога вызначаліся соймам. Важнае месца належала таксама недзяржаўным, найперш магнацкім войскам, а таксама ваяводскім і павятовым фарміраванням. Абавязкі па абароне гарадскіх умацаванняў ускладаліся таксама на мяшчан. Рэформы канца 16—1-й пал. 17 ст. павысілі баяздольнасць арміі, вынікам чаго стала паспяховае завяршэнне Інфлянцкай вайны 1558-1582 гг., перамогі пад Кірхгольмам (1605), Клушынам (1610), Хацінам (1621) і інш. Аднак цяжкасці з фінансаваннем абмяжоўвалі колькасць войска, што негатыўна адбівалася на ходзе ваенных кампаній. На сойме 1717 г. колькасць войска ВКЛ увогуле была скарочана да 6100 чал. (2300 конніцы, 1500 драгунаў і 2300 пяхоты). Падаткі на ўтрыманне асобных аддзелаў войска ўскладаліся на канкрэтныя землі і ваяводствы, што прыводзіла да яшчэ больш нізкай рэальнай колькасці войска (у 1745 г. яно складала 4000 чал.). Абмяжоўвалася гетманская ўлада.

Атрад лёгкай кавалерыі Радзівілаў. Мастак А.Басан. 17 ст.
Атрад лёгкай кавалерыі Радзівілаў. Мастак А.Басан. 17 ст.

У час панавання дынастыі Вецінаў у пяхоце і драгунаў замацаваліся саксонскія ўплывы – адпаведнае абмундзіраванне, стрэльбы з багінетамі, арганізацыя па батальёнах. У часы Станіслава Аўгуста Панятоўскага былі ўтвораны Вайсковая камісія Вялікага княства Літоўскага (10.3.1765) і Вайсковы дэпартамент Пaстaяннaй Рады (6.11.1776). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) пачалася рэарганізацыя войска ВКЛ, якое падзялялася на 2 дывізіі. На аснове былых гусараў і панцырных створаны 2 брыгады нацыянальнай кавалерыі. 3 лёгкай конніцы створаны 5 палкоў пярэдняй стражы. Драгунскія рэгіменты замяняліся на пяхотныя. Рабіліся спробы стварэння корпуса артылерыі. Пры правядзенні рэформ улічваўся вопыт прускай арміі. На Чатырохгадовым сойме 1788-92 планавалася павялічыць армію ВКЛ да 33 тыс. чалавек. (10 650 кавалерыі, 20 330 пяхоты і 1661 артылерыйска-інжынерных войск), але з-за недахопу грошай для найму лічба войска была зменшана да 20 000 чал., уводзіўся рэкруцкі набор. У ходзе баявых дзеянняў 1792 г. удалося сабраць 18 500 жаўнераў. Гарадзенскі сойм 1793 г. прыняў рашэнне скараціць войска ВКЛ да 6500 чал. У апошні раз войска ВКЛ прымала ўдзел у баявых дзеяннях у час паўстання пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі, а пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) спыніла сваё існаванне.

© Ю.Бохан

Падзяліцца
  • 39
    Падзяліліся