Банцараўская культура

Банцараўская археалагічная культура (V – VIII стст.) – культура, якая існавала ў V – VIII стст. на тэрыторыі Сярэдняй і Паўночнай Беларусі, дзе змяніла днепра-дзвінскую культуру і культуру штрыхаванай керамікі. Назву атрымала ад гарадзішча ля хутара Банцараўшчына пад Мінскам, размешчанага на левым беразе р. Свіслач (зараз вадасх. Дразды) на гары вышынёй 20 м. Мае шмат агульнага з тушамлінскай культурай, што дало падставу многім даследчыкам аб’яднаць іх у адзіную тушамлінска-банцараўскую культуру. Характэрная кераміка – слабапрафіляваны плоскадонны ляпны посуд слоікападобнай формы, але сустракаюцца таксама гаршкі, якія маюць пашырэнне у верхнчй частцы (т.зв. “плячыстасць”). Па пераважнаму меркаванню культура з’яўляецца балцкай, але не выключаецца ў ёй удзел і славянскага элемента1.

Даследаванні. Пачатак даследаванняў культуры быў пакладзены ў сярэдзіне 1920-х гг. і звязаны з раскопкамі С.А. Дубінскага Банцараўскага гарадзішча пад Мінскам. Асноўны ўнёсак у вывучэнне культуры зрабіў А.Р. Мітрафанаў, які правёў буйныя даследаванні шэрагу помнікаў.

Вытокі. Па аднаму з меркаванняў, плямёны тушамлінска-банцараўскай культуры cфарміравалися на грунце днепра-двінскай і кіеўскай культур. У басейн Віліі і Беразіны яны прыйшлі ужо ў сфарміраваным выглядзе, а некаторая своеасаблівасць помнікаў гэтага рэгіёна, верагодна, тлумачыцца асіміляцыяй імі рэшткавага насельніцтва штрыхаванай керамікі. Падабенства матэр’ялаў культуры з матэр’яламі тушамлінскай культуры дало падставу многім даследчыкам меркаваць, што ў сярэдзіне V – VII стст. існавала адзіная тушамлінска-банцараўская культура. Выказаны погляд, згодна з якім банцараўская культура сфарміравалася на аснове культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, пры ўдзеле элементаў кіеўскай культуры. Згодна з іншым меркаваннем, культура сфарміравалася ў выніку пранікнення на поўнач тэрыторыі Беларусі носьбітаў культуры тыпу Абідні і змяшання іх з плямёнамі днепра-дзвінскай культуры і культуры штрыхаванай керамікі.

Банцараўская культура
Агульныя межы банцараўскай і тушамлінскай культур ва Ўсходняй Еўропе

Перыядызацыя і тыпы паселішчаў. Пераважным тыпам паселішчаў былі адкрытыя селішчы. Спачатку насельніцтва культуры, відаць, пражывала толькі на паселішчах, размешчаных на берагах рэк і азёраў. Да ранніх належаць паселішчы каля вёсак Курчына і Равячка (Мядзельскі р-н), Варонеч (Полацкі р-н), Гуры і Сосенка (Вілейскі р-н), Малое Стахава (Барысаўскі р-н). Найбольш ранні комплекс рэчаў (V – VI стст.) знойдзены пры раскопках паселішча і грунтовага могільніка Равячка і селішча ў в. Гуры. Гэта помнікі першага перыяду банцараўскай культуры.

Паселішчы другога перыяду знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці ад ранніх гарадзішчаў, ужо запусцелых да таго часу. Гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай былі значна перабудаваны і ператвораны ў добра ўмацаваныя сховішчы, дзе хавалася насельніцтва ў час небяспекі. Гарадзішчы-сховішчы і паселішчы каля іх выяўлены каля вёсак Дзядзілавічы (Барысаўскі р-н), Гарадзішча, Мікольцы, Некасецк (Мядзельскі р-н), Урагава (Верхнядзвінскі р-н), Буракова (Новы Болецк) (Гарадоцкі р-н).

Жытло. Рэшткі шматлікіх жытлаў у некаторых паселішчах (Гарадзішча – 42, Дзядзілавічы – 54) дазваляюць скласці ўяўленне аб канструкцыі жылых пабудоў. Жылыя пабудовы падзяляюцца на два тыпа: 1) наземныя аднакамерныя дамы слупавой і зрубнай канструкцыі; 2) паўзямлянкі пераважна зрубнай канструкцыі.

Лічыцца, што жытлы наземнай канструкцыі маюць свае вытокі у культурах папярэдніх часоў: днепра-двінскай і штрыхаванай керамікі. Паходжанне паўзямлянкавых пабудоў звязваецца (па А.Р. Мітрафанаву) з жытламі кіеўскай культуры. Сцены наземных жытлаў рабілі з бярвён таўшчынёй 0,25-0,3 м. Плошча жытлаў складала ад 7-9 да 18-20 м2. У паўзямлянках ніжнія вянкі сцен паглыбляліся ў зямлю ад 0,2 да 0,7-0,8 м.

Унутры жытлаў, часцей усяго ў дальнім ад увахода куце, размяшчаліся печы-каменкі круглай або авальнай формы (даўж. 1-1,5 м, шыр. 0,9-0,95 м). Радзей у цэнтры жытлаў былі агнішчы – вымасткі з дробных камянёў пад пластом гліны 0,15-0,2 м. круглай або авальнай формы (даўж. 1,9-2,15 м, шыр. 1,7-2 м.). Па меркаванню В.В. Сядова, з’яўленне ў банцараўскім арэале паўзямляначных жытлаў з печамі-каменкамі звязана з пранікненнем з больш паўднёвых раёнаў на поўнач нейкай часткі славянскага насельніцтва. Каля дамоў размяшчаліся ямы-склепы, верагодна, калектыўнага выкарыстання. Яны мелі круглую, авальную ці прамавугольную форму (даўж. і шыр. ад 0,9 да 1,9 м).) Некаторыя ямы мелі вертыкальныя сценкі, большасць з якіх у разрэзе чашападобныя2.

Гаспадарка. Насельніцтва ў асноўным займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. У адрозненне ад больш паўднёвых раёнаў, дзе было больш рпаспаўсюджана ворнае земляробства, тут яшчэ, верагодна, панавала падсечка. Асноўнымі культурамі былі пшаніца, жыта, ячмень, проса, авёс, гарох, бабы. Гадавалі буйных рагатых жывёлаў, свіняў, каней, дробных рагатых жывёлаў. Паляванне і рыбалўства мелі дапаможны характар. Палявалі на дзіка, мядведзя, зайца, лісу, куніцу і інш. Былі развіты здабыча і апрацоўка жалеза, бронзаліцейная вытворчасць, ганчарства, апрацоўка дрэва і косці і інш.

Кераміка. Плямёны культуры выраблялі слабапрафіляваны пласкадонныя гаршкі без дапамогі ганчарнага круга. У гліну дадаваліся жарства і буйназярністы пясок, на поўдні культуры – шамот. Посуд меў крыху адагнуты венчык, слабаяўленую шыйку, злёгку пукатае тулава. Трапляюцца таксама круглабокія, цыліндрычнаканічныя і міскападобныя пасудзіны, у Падзвінні – слоікападобныя. Некаторыя пасудзіны мелі пашырэнне ў верхняй частцы (так званую “плячыстасць”), што было больш характэрна для керамічнага посуду славян. Посуд, які меў форму слоіка і быў слабапрафіляваны і які складаў пераважную большасць сярод банцараўскай керамікі, на думку даследчыкаў, належыў балтам. Арнаментацыя для керамікі не характэрна.

Банцараўская культура
Гліняны посуд банцараўскай культуры з паселішча Банцараўшчына Мінскага р-на.

Іншыя вырабы. Іншыя разнастайныя вырабы дазваляюць характарызаваць розныя бакі жыццядзейнасці насельніцтва. Асартымент жалезных прыладаў працы складаюць сякеры, сярпы, нажы, у тым ліку з валютападобнай ручкай, шыдлы, косы і інш. Сустракаецца і зброя – пераважна утульчатыя наканечнікі дзідаў, значна радзей – наканечнікі стрэлаў. Есць таксама шпоры, што сведчыць аб выкарыстанні вярхавога каня. Упрыгожанні выраблялі ў асноўным з бронзы. Гэта пранізкі, трапецападобныя падвескі, бранзалеты, кольцы. Да вырабаў з гліны адносяцца біканічныя прасліцы з шырокай адтулінай, тыглі, льячкі, грузілы.

Пахаванні. Пахавальныя помнікі банцараўскіх плямён характэрызуюцца грунтовымі могільнікамі з трупаспаленнем. Крэмацыя нябожчыкаў адбывалася за межамі некропаляў, пасля чаго ачышчаныя косці змяшчаліся ў гліняныя пасудзіны-урны, або ссыпаліся на дно магільных ям. Некалькі ямных пахаванняў было адкрыта А.Р. Мітрафанавым на селішчы Равячка. Адно з іх было змешчана ў урну, іншыя – ямныя. Пахавальны інвентар ва ўсіх выпадках адсутнічаў.

Шматлікія пахаванні ў курганных могільніках гэтага часу былі выяўлены ў Паўночнай Беларусі. Курганы даследаваны ў в. Янкавічы (Расонскі р-н), Дарахі (Гарадоцкі р-н), Гаравыя (Полацкі р-н), Старое Сяло (Віцебскі р-н). Насыпы ў плане доўгія, падоўжаныя, круглыя. Пахавальны абрад падобны на рытуал апісаных вышэй грунтовых могільнікаў. У насыпы курганоў змяшчаліся рэшткі крэмацыі ў урнах ці без іх. Інвентар бедны: сустракаюцца знаходкі дэталяў касцюма, упрыгожанні, адзінкавыя рэчы (сінія шкляныя пацеркі, невялікія бронзавыя выпуклыя бляшкі, жалезныя спражкі, цуглі, фрагменты арнаментаваных касцяных вырабаў). У якасці урн і накрываючых іх пасудзін выкарыстоўваліся ляпныя гаршкі слоікавай, слабапрафіляванай або цюльпанападобнай формы.

У Беларускім Падзвінні ўзнік лакальны (атокінскі) варыянт банцараўскай культуры, які характэрызуецца паяўленнем побач з круглымі курганамі доўгіх валападобных насыпаў. Даследчыкі лічаць, што яны маглі належаць крывічам.

Этнічны склад. Большасць даследчыкаў (А.Р. Мітрафанаў, В.В. Сядоў, І.П. Русанава і інш.) лічаць носьбітаў банцараўскай (і тушамлінскай) культуры балтамі. Асобную пазіцыю займае Л.Д. Побаль, які лічыць гэтыя плямёны адным з адгалінаванняў пражскай культуры.

Аргументамі на карысць таго, што славянскія плямёны маглі мець дачыненне да банцараўскай культуры з’яўляюцца выяўленне ў некаторых гарадзішчах славянскай керамікі, сваеасаблівага жытла з печамі-каменкамі, жорнавых камянёў, нажоў з “валютападобным” навершам, трупаспаленняў у курганах VI-VII стст., наяўнасць славянскай гідранімікі ў Беларускім Падзвінні, культурнага пласта V-VIII стст. з керамікай тыпу Банцараўшчыны – на гарадзішчах старажытных гарадоў Полацка, Віцебска, Лукомля.

  1. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП “Экаперспектыва”, 2000
  2. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя” імя Патруся Броўкі, 1993
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
  • 26
    Падзяліліся