Культура штрыхаванай керамікі

Культура штрыхаванай керамікі (VIII ст. да н.э. – IV/V ст. н. э.) – археалагiчная культура балцкіх плямён, якія ў VIII / VI стст. да н.э. – IV / V стст. н.э. насялялі тэрыторыю Сярэдняй і Паўночна-Заходняй Беларусі, а таксама Паўднёва-Усходняй і Усходняй Літвы. Назву атрымала ад характэрнага пласкадоннага глінянага посуду, знешняя (часта і ўнутраная) паверхня якога пакрывалася штрыхамі, якія, магчыма, наносіліся пучком саломы або травы. Культура вядома толькі па паселішчах, асноўным тыпам якіх былі ўмацаваныя гарадзішчы. Могільнікі культуры пакуль не выяўлены. На паўночным усходзе плямёны культуры суседнічалі з роднасным насельніцтвам днепра-дзвінскай культуры.

Культура штрыхаванай керамікі
Распаўсюджанне культуры штрыхаванай керамікі на Беларусі

Пытанне аб вытоках культуры застаецца пакуль адкрытым. На сёняшні час найбольш пераканаўчым падаецца меркаванне аб фармаванні культуры на аснове мясцовых позненеалітычных нёманскай і позняй нарвенскай культур з актыўным удзелам носьбітаў культуры штрыхаванай керамікі.

Тыпы паселішчаў. На ранняй стадыі паселішчы не мелі абарончых умацаванняў і ўяўлялі сабой адкрытыя селішчы і амаль не адрозніваліся ад стаянак эпохі бронзы. Яны датуюцца VIII-V стст. да н.э. і выяўлены каля вёсак Гатавічы, Занарач (Мядзельскі р-н), Яселевічы (Шчучынскі р-н), Таўкуны (Дзятлаўскі р-н).

Пазней асноўным тыпам паселішчаў становяцца гарадзішчы, якія будаваліся на ўзвышшах або каля рэк і іншых вадаёмаў, у месцах, звычайна добра абароненых самой прыродай. Найбольш раннія гарадзішчы (Аўгустова, Лепельскі р-н) умацоўваліся па па краях пляцовак толькі драўлянай сцяной, а схілы мыса альбо пагорка штучна зрэзваліся, чым дасягалася іх большая стромкасць.

У IV-I стст. да н.э. пачалі ўзводзіцца добра ўмацаваныя гарадзішчы, а ранейшыя – перабудоўвацца. Пляцоўкі павялічваліся, а па краях насыпалі земляныя валы і выкопвалі равы (Аздзяцічы, Навасёлкі Барысаўскага р-на).

У адрозненне ад мілаградскай культуры, умацаваныя паселішчы культуры штрыхаванай керамікі значна меньшыя па плошчы, якая звычайна вагаецца ў межах 0,1 – 0,5 га. Жылыя пабудовы размяшчаліся па перыметру пляцоўкі, уздоўж унутранага схіла вала. Пры гэтым цэнтральная частка заставалася незабудаванай і магла выкарыстоўвацца для ўтрымання хатняй жывёлы, для культавых і грамадзкіх мэтаў. Толькі адно гарадзішча, Малышкі, было забудавана, верагодна, цалкам. На ім дамы размяшчаліся правільнымі радамі па некалькі дамоў у кожным.

Гарадзішча насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі каля в. Малышкі Вілейскага р-на. (I-IV ст. н.э.)

Жытло. З усёй разнастайнасці жыллёвых пабудоў, найбольш тыповымі былі шматкамерныя дамы слупавой канструкцыі (гарадзішчы Васількоўка, Кашчэлічы, Збаравічі, Лабеншчына). У Малышках кожны дом падзяляўся на 4 прыкладна аднолькавыя секцыі, кожная з якіх мела вогнішча круглай, авальнай або падковападобнай формы, абкладзеная камянямі ці глінянымі валікамі. Шчыліны ў бярвенчатых сценах для утрымання цяпла абмазваліся глінай. Усе пабудовы ў Малышках загінулі пад час пажару і планіроўку жытлаў удалося прасачыць менавіта дзякуючы рэшткам глінянай абмазкі. Шматкамерны дом у Вязынцы меў падобную планіроўку, але меў і некаторыя адрозненні. Так, напрыклад, тут ужо была выкарыстана зрубная канструкцыя ўзвядзення сцен1.

У I ст. н.э. у паўднёвых раёнах культуры з’яўляюцца зрубныя паўзямлянкі (гарадзішча Мыслі Копыльскага р-на). Паўзямлянкі размяшчаліся па краю пляцоўкі ў рад. Іх плошчы вагаліся ў межах 13-25 м2. Жытлы абаграваліся каменнымі вогнішчамі. Зрубныя паўзямлянкі не былі тыповымі для культуры штрыхаванай керамікі, і іх з’яўленне звязваюць з моцным уплывам носьбітаў зарубінецкай культуры.

Рэканструкцыя аднаго з тыпаў жытла насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі (V-I стст. да н. э.).

Гаспадарка носьбітаў культуры ад самога пачатку мела пераважна вытворчы характар. Вялікая колькасць каменных сякер, а пасля і жалезных у складзе з іншымі прыкметамі дазваляе меркаваць, што земляробства было падсечным. Знаходкі асмаленых зерняў (Банцараўшчына, Збаравічы) сведчаць аб тым, што насельніцтва вырошчвала пшаніцу, жыта, проса, бабы, гарох. Важнае значэнне мела і жывёлагадоўля. Ужо на ранніх паселішчах культуры косці хатняй жывёлы колькасна пераважваюць над дзікай. Насельніцтва гадавала буйных рагатых жывёл, свіняў, каней, авечак. Матэрыялы раскопак у гарадзішчы Івань паказваюць, што тут пераважвала колькасць дробных рагатых жывёл, а вялікая колькасць, пры гэтым, прасліц дазваляе меркаваць аб верагоднай наяўнасці тут цэнтра прадзення і ткацтва. Паляванне, хоць і адыгрывала другасную ролю, але ўсё ж з’яўлялася істотнай крыніцай папаўнення мяса і пушніны. Выяўлена, што насельніцтва палявала на тура, зубра, аленя, кабана, лася, мядзведзя, зайца, куніцу і іншых жывёл.

Кераміка. Абломкі глінянага посуду з’яўляюцца найбольш масавымі знаходкамі на месцах паселішчаў. Посуд вырабляўся метадам стужкавага налепу, без прымянення ганчарнага кола. Для посуду да пачатку 1-га тыс. н.э. характэрны дзве формы: слоікападобныя і слабапрафіляваныя, пакрытыя штрыхоўкай. На слабапрафіляваных гаршчках часам сустракаецца арнаментацыя ў выглядзе ямкавых уцісканняў на шыйцы. У канцы 1-га тыс. да н.э. слабапрафіляваны посуд знікае, колькасць слоікападобных гаршчкоў рэзка змяньшаецца, а асноўнай формай становяцца рабрыстыя гаршчкі, у якіх верхняя частка паверхні звычайна загладжана, а ад рабра і ніжэй пакрытая штрыхоўкай, якая наносілася пучком саломы альбо спецыяльным штампом па сырой гліне. Штрыхоўка, як правіла, нанесена безладна, аднак, усё ж можна заўважыць вертыкальную ці дыяганальную накіраванасць. Рад гаршчкоў арнаментаваны ямкавымі ўцісканнямі ці зашчыпамі, нанесенымі па канту. Часам ямкі складаюць кампазіцыі ў выглядзе трохкутнікаў. На гладкай частцы гаршчка сустракаецца таксама ўзор з прачэрчаных лініяў.

Існуюць розныя меркаванні на пытанне, што паслужыла прычынай узнікнення традыцыі штрыхавання керамікі. Лічыцца, што штрыхаваўся ў асноўным посуд з дамешкамі жарствы. Спачатку ўжываліся арганічныя дабаўкі (трава, пацяруха, шэрсць). Пры абпаліванні яны згаралі, і ў сценках атрымліваліся пустоты, якія прапускалі вільгаць і, галоўнае, аслаблялі посуд. Жарства ж ва ўсіх адносінах была больш практычнай – яна не выгарала, награвалася хутчэй, чым гліна, і даўжэй трымала цяпло, да таго ж – мацавала вырабы і садзейнічала іх раўнамернаму абпальванню. Аднак пры інтэнсіўнай сушцы сценкі такога посуду пакрываліся дробнымі трэшчынамі, якія псавалі агульны выгляд і таксама аслаблялі вырабы. Каб пазбегнуць гэтага, трэба было ў працэсе сушкі паўторна загладжваць патрэсканую паверхню мокрымі далонямі або травяным пэндзлем. У першым выпадку паверхня сценак атрымлівалася падглянцаванай, у другім – заштрыхаванай або шурпатай.

Штрыхаваліся пераважна вялікія вырабы, паколькі трэшчыны утваралася пры сушцы посуду вялікіх памераў. Гэта пацвярджаюць шматлікія археалагічныя знаходкі з тэрыторыі штрыхаванай керамікі, дзе адначасова са штрыхаваным посудам выяўляецца і гладкасценны (зрэдку падглянцаваны), што не было выключэннем нават і ў перыяд росквіту гэтай тэхналагічнай традыцыі (VII—VI ст. да н. э. — IV—V ст. н. э.).

посуд культуры штрыхаванай керамікі
Тыповы посуд насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі з тэрыторыі Літвы.

Недзе ў сярэдзіне I тыс. н.э. жарству сталі паўсюдна замяняць пясчанымі дабаўкамі, у выніку сценкі вырабаў ужо не растрэскваліся, і адпала неабходнасць у штрыхоўцы паверхні2.

Выкарыстанне жалеза. Шырокае распаўсюджанне жалезных вырабаў сярод носьбітаў культуры пачаўся толькі бліжэй да канца I тыс. да н.э. На змену каменным сякерам і бронзавым кельтам, вядомых па гарадзішчах з тэрыторыі Літвы, прыходзяць жалезныя сякеры і кельты. Сякеры адносяцца да так званага прыбалтыйскага тыпу, а кельты з прамавугольнай утулкай, хутчэй за ўсё, маюць паўднёвае паходжанне, паколькі маюць аналогіі ў зарубінецкай культуры. Шырокае распаўсюджанне мелі жалезныя нажы, найболей раннія з якіх мелі гарбатую спінку, пазней – прамую. Часта сустракаюцца сярпы і жатвеныя нажы, якія, у адрозненне ад паўднёвых былі чарашковымі. У канцы 1-га тыс. да н.э. жалезная зброя таксама змяняе касцяную. Гэта пераважна зброя бліжняга бою: наканечнікі коп’яў і двушынныя дроцікі, якія таксама маюць прамыя аналагі ў зарубінецкай культуры.

Жалезныя прылады працы і зброя з гарадзішча Кашчэлічы (Валожынскі р-н).

Пачынаючы з III ст. н.э. сярод носьбітаў культуры з’яўляюцца конныя воіны, аб чым сведчаць знаходкі на некаторых гарадзішчах жалезных шпор. Разнастайнымі з’яўляюцца познія ўпрыгожанні плямен культуры. Дастаткова рэдкімі з’яўляюцца фібулы розных тыпаў: прагнутыя, моцна прафіліраваныя заходніх тыпаў, гладчатыя, падковападобныя зарубінецкія. Шырока прымяняліся паясныя спражкі, кіяпадобныя шпількі, акулярападобныя, трапецыяпадобныя і іншыя падвескі, кольцы, бранзалеты.

Металавытворчасць. Бронзаліцейная вытворчасць доволі рана атрымала развіццё ў носьбітаў культуры, не гледзячы на адсутнасць уласных крыніцаў сыравіны. Так, напрыклад, на тэрыторыі Паўночна-Усходняй Літвы Вялікае Наркунайскае гарадзішча ўжо ў 1-й палове 1-га тыс. да н.э. было буйным цэнтрам бронзаліцейнай вытворчасці, захаваўшым свае традыцыі аж да першых стагоддзяў н.э. Тут былі знойдзены бронзаліцейная печ і шматлікія ліцейныя формы кельтаў мілаградскага тыпу. Рэшткі бронзаліцейнай вытворчасці ў выглядзе тыглей, льячак, радзей ліцейных форм, з’яўляюцца звычайнай знаходкай для большасці гарадзішчаў. У канцы 1-га тыс. да н.э. – пачатку 1-га тыс. н.э. сярод хатніх рамёсел дамінуючым становіцца чорная металургія і металаапрацоўка. Крычны метал атрымоўвалі ў печах-домніцах, рэшткі якіх знойдзены на гарадзішчах Кашчэлічы, Кімія, Лабеншчына, Свідна і інш. Простыя прылады працы і побытавыя вырабы (шыдлы, іглы) вырабляліся з крычнага жалеза метадам свабоднага кавання.

Культы і вераванні. Плямёны культуры на ўсім працягу свайго існавання знаходзіліся на стадыі развітога патрыярхата. Іх рэлігійныя ўяўленні мала чым адрозніваліся ад культавых поглядаў, характэрных для большасці плямён лясной зоны. У першую чаргу яны былі звязаны з абагатварэннем сілаў прыроды, аб чым сведчыць салярная сімволіка ў арнаментацыі прасліц і гладкіх гаршчкоў. З культам сонца цесна звязаны культ агню, сведчаннем чаго – выявы ў выглядзе крыжоў. Верагодна, даволі шырокае распаўсюджанне меў і культ мядзведзя, аб чым можна меркаваць па шматлікіх амулетах з фалангаў гэтай жывёлы.

Пахавальны абрад “штрыхавікоў” застаецца пакуль па за межамі ведаў і археалагічна не прасочваецца.

Этнічны склад. Большасць даследчыкаў адносяць носьбітаў культуры да ўсходніх балтаў, на карысць чаго сведчаць дадзеныя гідранімікі і археалогіі.

Да сярэдзіны V ст. культура спыняе сваё існаванне. На змену ёй на тэрыторыі Літвы прыходзіць культура ўсходне-літоўскіх курганоў, а на тэрыторыі Беларусі рэшткі “штрыхавікоў” былі асіміляваны прыйшлымі з усходу носьбітамі банцараўскай культуры.

  1. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП “Экаперспектыва”, 2000
  2. В. Супрун. Штрыхаваная кераміка. “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”, №2, 1989 г
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
  • 5
    Падзяліліся