Берасцейская царкоўная унія

Унiяцкая iдэя ў ВКЛ

Царкоўны раскол 1054 г. з’яўляецца адной з найвялiкшых недарэчнасцяў чалавечай гiсторыi, негатыўныя вынiкi якога вось ужо амаль тысячагоддзе зведвае на сабе увесь хрысцiянскi свет. Кiраўнiкi праваслаўнай i каталiцкай канфесiй выношвалi iдэю скасаваць збудаваную вякамi загародку памiж цэрквамi i ўзмацнiць хрысцiянства праз яднанне.
Iдэя унii то замiрала, то зноў уваскрасала. Была i спроба яе рэалiзацыi ў 1439 г. у Фларэнцыi. Тады ўпершыню удапося прымiрыць грэкаў з рымскай царквою. Пад Фларэнцiйскай унiяй стаяў подпiс маскоўскага мiтрапалiта. Фармальна яна пашыралася i на Вялiкае княства Лiтоўскае, але фактычна не была тут ажыццёўлена.

Фларэнційская унія
Фларэнційскі сабор у Нюрнбергскай хроніцы. 1493

У XV ст. унiяцкiя тэндэнцыi былi вельмi моцнымi ў ВКЛ, якое больш за iншыя дзяржавы адчувала негатыўныя наступствы падзелу хрысцiянства. Iдэя царкоўнага саюза мела ў грамадскiм жыццi княства духоўна-культурныя i рэлiгiйна-царкоўныя каранi. Каранi гэтыя ў геапалiтычным становiшчы ВКЛ памiж Усходам i Захадам: памiж дзвюма магутнымi палiтычнымi сiламi — Польшчай i Маскоўскай дзяржавай i двума сусветнымi рэлiгiйнымi цэнтрамi — Ватыканам i Канстанцiнопальскiм патрыярхатам. Гэты геапалiтычны фактар абумовiў шматвяковую барацьбу беларускага i ўкраiнскага народаў на чале са сваiмi лiдэрамi за дзяржаўны i культурна-рэлiгiйны суверэнiтэт. Iмкненне ВКЛ да дзяржаўна-царкоўнай незалежнасцi выклiкала ўзрастаючае супрацьдзеянне як з боку Польшчы, так i з боку Маскоўскай дзяржавы. Калi ў адносiнах з заходнiм суседам час ад часу ўдавалася дасягнуць пэўных кампрамiсаў, адносiны з усходнiм станавiлiся ўсё больш складанымi. Пэўным колам ў ВКЛ здавалася, што шляхам рэгiянальнай унii (калi правалiлася унiя ўсяленская – Фларэнцiйская) магчыма вырашыць праблему супрацьстаяння на нашых землях Захаду i Усходу i стварыць самастойную царкву. Для шэрагу грамадскiх i рэлiпйных дзеячаў царкоўны кампрамiс з’яўляўся таксама сродкам iнтэграцыi ў Заходнюю Еўропу. Падлiчана, што з дзевяцi абраных у княстве ў XV ст. мiтрапалiтаў пяцёра былi унiятамi або прыхiльнiкамi унiяцкай iдэi.

Канфесiйны антаганiзм у ВКЛ прымусiў ужо Вiтаўта шукаць самастойныя шляхi царкоўна-рэлiгiйнага развiцця сваёй дзяржавы. Князь дамогся стварэння Лiтоўска-Наваградскай мiтраполii, незалежнай ад Маскоўскай, i вёў яе да яднання з Ватыканам, маючы на мэце стварэнне ў сваёй краiне адзiнай самастойнай царквы, без яе падзелу на польска-каталiцкую i руска-праваслаўную. Вiтаўту i яго пераемнiкам не ўдалося ўвасобiць гэты намер у жыццё. Такiм чынам, унiяцкая iдэя мела як экуменiчныя, так i палiтычныя мэты.
Лiтвiны, будучыя беларусы, а таксама ўкраiнцы, былi адносна падрыхтаваны да рэалiзацыi iдэi унii. Гэта i папулярнасць iдэi хрысцiянскага адзiнства, i спецыфiчны, сфармiраваны 200-гадовым суiснаваннем побач з каталiцтвам, менталiтэт заходняга праваслаўя, i масавыя мiжканфесiйныя шлюбы, i сувязь iдэi унii з iдэяй царкоўнай i дзяржаўнай незалежнасцi ВКЛ як ад Польшчы, так i ад Масковii, а таксама з iдэяй iнтэграцыi ў еўрапейскую культуру, i ўзрастаючая пагроза дзяржаўнаму iснаванню ВКЛ з Усходу i г. д.

Люблiнская унiя, Рэфармацыя i контррэфармацыя, завяршэнне працэсу фармiравання ўсходнеславянскiх народнасцяў, ускладнёнае дэнацыяналiзацыяй сацыяльных вярхоў, стварылi новую геапалiтычную сiтуацыю ва Усходняй Еўропе i новую культурна-рэлiгiйную сiтуацыю на тэрыторыi Беларусi i Украiны. Праваслаўная царква, што з’яўлялася адной з асноўных крынiц i носьбiтаў духоўнасцi, асветы, лiтаратуры, мастацтва, этнiчнай адметнасцi, знаходзiлася тады, паводле слоў сучаснiка, у стане ўпадку “знишченью и опушенью“. Стала вiдавочным культурнае “спазненне” беларускага i ўкраiнскага грамадства, арыентаванага на Вiзантыю i яе культуру, якая страцiла лiдзiруючае становiшча у хрысцiянскiм свеце, ад цэнтральна- i заходнееўрапейскiх краiн.

Як iдэолагi контррэфармацыi, так i творцы унii, гэтак i апалагеты праваслаўя галоўную прычыну адставання бачылi ў няздольнасцi праваслаўнай царквы стварыць належную сiстэму адукацыi, падрыхтаваць кадры высокаквалiфiкаванага духавенства, развiць багаслоўскую навуку i прапаведнiцкае майстэрства. Царква апынулася не ў стане задаволiць духоўныя патрэбы грамадства, губляла свой аўтарытэт, падаў прэстыж святарства. Па словах езуіта і прапаведніка Пятра Скаргi, на Русi “попы схолопели, а наука упала”. На вялiкую патрэбу “закладанья школ и наук вольных” указваў у 1593 г. свецкi лiдэр беларускага i ўкраiнскага праваслаўя магнат К. Астрожскi, асаблiва “для цвиченья духовным пильно потребо, … бо за тым, иж наук нет, великое грубиянство в наших духовных умножилося”. Захады праваслаўнай вярхушкi па рэфармiраванню культурных асноў дзейнасцi сваёй царквы аказалiся малаэфектыўнымi. Як прызнаваў у 1595 г. берасцейскi епiскап I.Пацей, саборныя пастановы “з стороны школ и друкарни и иншых речей церкви Божой потребных, же я тому досыть не деет “.

Берасцейская унія
Пропаведзь Пятра Скаргі. Карціна Яна Матэйкі

Дэградацыя праваслаўя лiтвiнаў i русiнаў была складаемай крызiсу ўсяго усходняга хрысцiянства i яго вытокi – ў падзеннi палiтычнага, рэлiгiйнага i культурнага уплыву i прэстыжу захопленай туркамi Вiзантыi. У тых умовах шукаць паратунку i культурнай дапамогi ў барацьбе з адноўленым i ўзмоцненым каталiцтвам i рэфармацыйнымi плынямi ад Канстанцiнопальскага патрыярхату не прыходзiлася. З’явiлася думка, што залежнасць ад яго бескарысная i нават шкодная. Рыхтуемае адступленне матывавалася адсутнасцю “жадной утехи и допомоги в церковных справах” з яго боку. Выключалася i арыентацыя на створаны ў 1596 г. Маскоўскi патрыярхат, якi прысвойваў сабе мiсiю “трэцяга Рыма”, бо “великое грубиянство, упор и забобоны суть в народе Московском”. Акрамя таго, пасля спусташальнай Лiвонскай вайны распаўсюджвання ўплыву Масковii баялiся.

Затое прыцягальны прыклад духоўнага ўздыму даў пераадолеўшы рэфармацыйны крызiс каталiцкi Захад. Езуiты паўсюль, i ў Рэчы Паспалiтай, заснавалi добрыя школы, вылучылi красамоўных прапаведнiкаў, таленавiтых пiсьменнiкаў, выдалi каштоўныя кнiгi, пазакладалi друкарнi i аздаравiлi касцёл. Каталiцкi клiр аказаўся вышэй праваслаўнага з пункту гледжання асветы. Гэтыя поспехi наказалi адставанне ўсходнеславянскага свету. А тут яшчэ iдэолагi контррэфармацыi малявалi радужную карцiну яго жыцця пад апекай рымскай курыi. Захад прапаноўваў гатовыя мадэлi рэформаў для Кiеўскай мiтраполii.

Але значная частка праваслаўнага духавенства займала ахоўна-кансерватыўную пазiцыю i ў сваiм непрыняццi “лацiнства”, адмаўленнi набыткаў еўрапейскай рэлiгiйнай i свецкай культуры, праводзiла палiтыку духоўна-культурнай iзаляцыi Беларусi ад заходняга свету. Тыя лiдэры беларуска-ўкраiнскага праваслаўя, якiмi рухала iмкненне павесцi свае народы па дарозе еўрапейскага прагрэсу, пайшлi на наладжванне дыялогу з Захадам. Унiя абяцала iм, без страты пасад, далучэнне да яго багатых iнтэлектуальных дасягненняў. Шлях пераадолення крызiсу i аднаўлення бачыўся ў выхадзе з царкоўнай i культурнай арбiты Вiзантыi i пераходзе пад кiраўнiцтва другога сусветнага хрысцiянскага цэнтра.
Завяршалася фармiраванне беларускай i ўкраiнскай народнасцяў. Да сярэдзiны XVI ст. праваслаўе з’яўлялася адным з этнакансалiдуючых фактараў. Але ў новай духоўнай i этнакультурнай сiтуацыi яно праявiла нягнуткасць i няздольнасць “перабудавацца” з улiкам iнтарэсаў гэтых народнасцяў, у той час як расiйская праваслаўная царква з усталяваннем Маскоўскага патрыярхату набывае нацыянальны характар. На хвалi Адраджэння i Рэфармацыi у Еўропе ўзнiкаюць iншыя нацыянальныя цэрквы: у Чэхii (гусiзм), у Германii (лютэранства), Швейцарыi (кальвiнiзм), Англii (англiканства). Зараджэнне ў выглядзе унiяцтва беларускай i ўкраiнскай нацыянальнай царквы цалкам упiсваецца ў культурна-гiстарычны кантэкст таго часу. Няўдалыя спробы унiяцкага кiраўнiцтва стварыць у другой чвэрцi XVII ст. уласны патрыярхат пацвярджаюць гэты намер.

Заключэнню Берасцейскай унii папярэднiчала спецыфiчная моўная сiтуацыя: паланiзацыя (тады яшчэ добраахвотная) пануючага класа, патрэба ў лацiне як сродку адаптацыi да заходнееўрапейскай навукi i культуры, штучнае падтрыманне праваслаўнай царквой зжываўшай сябе царкоўна-славяншчыны i, галоўнае, абуджаная Рэфармацыяй цiкавасць да нацыянальных моў. Прыхiльнiкi унii адчувалi патрэбу шырокага дапушчэння роднай мовы ў царкву i школу, недахоп на ёй канфесiйнай лiтаратуры.

Такiм чынам, пэўныя духоўныя i свецкiя колы Вялiкага княства Лiтоўскага ўбачылi ў царкоўным яднаннi шлях да духоўнага адраджэння беларуска-ўкраiнскага грамадства i ўмацавання яго культурна-рэлiгiйнай i этнiчнай асобнасцi ў праваслаўна-каталiцкiм атачэннi. У апошняй трэцi XVI ст. Ватыкан у сваiх планах распаўсюджвання уплыву на праваслаўны Усход звярнуў асаблiвую ўвагу на беларускiя i ўкраiнскiя землi. Заснаванне Маскоўскага патрыярхагу ў 1589 г. узмацнiла праваслаўе на расiйскiх землях. Таму Ватыкан паспяшаўся з наблiжэннем да сябе другой часткi ўсходнеславянскага свету. Праз унiю ён намерваўся кампенсаваць страту сваiх пазiцый i мiльёнаў вернiкаў на пратэстанцкiм Захадзе. Намеры папства супалi з iмкненнем палiтыкаў Рэчы Паспалiтай умацаваць дзяржаву, якую раздзiралi рэлiгiйныя супярэчнасцi праз адзiнавер’е ўсiх падданых.

Такiм чынам, рэлiгiйная згода 1596 г. з’явiлася ў вынiку збегу як комплексу еўрапейскiх рэлiгiйна-палiтычных адносiн 60—90-х гадоў XVI ст., так i ўнутраных абставiн. Яна была дасягнута трыма раўнапраўнымi партнёрамi: Ватыканам, Польшчай i Лiтвой у асобе беларускай духоўнай iерархii i часткi свецкай элiты, кожны з якiх меў свае iнтарэсы i праводзiў уласную лiнiю ў царкоўнай сферы. Два першых разглядалi унiю (грэка-каталiцтва) як пераходную ступень у рыма-каталiцтва. Апошнi дастаткова паслядоўна адстойваў мясцовыя рэлiгiйна-палiтычныя i этнакультурныя iнтарэсы.

Падрыхтоўка i зацвярджэнне унii, яе ўмовы

1596-ы год абумоўлены 1589-ым. 3 павышэннем статуса маскоўскай праваслаунай царквы павiнна была вызначыць сваё месца ва ўскладнёнай канфесiйнай сiтуацыi i Кiеўская мiтраполiя. Асцярога духоўнай залежнасцi ад Масквы, боязь яе ваенна-палiтычнай сiлы, зведанай у Лiвонскай вайне, разам з незадаволенасцю духоўным кiраўнiцтвам Канстанцiнопаля штурхнулi беларуска-ўкраiнскую iерархiю ў абдымкi Рыма. Нямецкi гiсторык Э.Вiнтэр слушна лiчыць Брэсцкую унiю плодам канфлiкту славянскiх народаў, пажатым рымскай курыяй.

Унiя была прынята не паспешна i бяздумна, а пасля працяглых роздумаў i шматлiкiх сустрэч. Яе падрыхтоўка доўжылася пяць гадоў. На саборах, парадах, перамовах з прадстаўнiкамi Ватыкана выкрышталеўвалiся яе ўмовы. Тады ж паўстала пытанне аб гарантыях забеспячэння самабытнага аблiчча, асобнасцi, правоў i прывiлеяў сваёй царквы. Заходняя пазiцыя навязвання нераўнапраўнага саюза, якi мыслiўся польскiмi i ватыканскiмi коламi як пераходная ступень да поўнага акаталiчвання, была разбiта на тых перамовах. Падтрыманы ўладамi ВКЛ, беларуска-ўкраiнскi епiскапат агаварыў, што ўступiць у саюз з касцёлам, толькi “заховавши вцале церемонии и обрадки хвалы божое и сакрамента светые водлуг звычаю стародавнего церкви восточное”.

Iнiцыятарамi i выканаўцамi задумы сталi ўладзiмiрскi i брэсцкi епiскап Іпаці Пацей i луцкi епiскап Кiрыла Тарлецкi. Спачуванне i падмогу яны знайшлі ў асобе караля i князя Жыгiмонта Вазы i канцлера ВКЛ Льва Сапегi.

На саборы праваслаўных епiскапаў ў Бярэсцi вясной 1595 г. была абвешчана дэкларацыя аб рашэннi заключыць саюз з каталiцкай царквой. Яе падпiсалi кiеўскi мiтрапалiт Рагоза i ўсе епiскапы Вялiкага княства Лiтоўскага, акрамя львоўскага i перамышльскага. Сабор упаўнаважыў I. Пацея i К. Тарлецкага на далейшыя перамовы з каралём i Папам Рымскiм, i пры дасягненнi згоды — на правядзенне акта унii.

І. Пацей, К. Тарлецкі
Іпаці Пацей і Кірыла Тарлецкі

Усяго было выпрацавана 33 артыкулы-умовы царкоўнай згоды, гарантыi якiх трэба было дамагчыся перш чым прызнаць над сабой уладу Рыма. Гэты праграмны дакумент унiятаў утрымлiваў некалькi блокаў пытанняў: дагматычныя, абрадавыя, кадравыя, маёмасныя, моўныя, узаемаадносiны з дзяржавай, касцёлам, адзначэнне святаў i iншыя. Iх форма i змест абвяргаюць стэрэатып аб поўным падпарадкаваннi беларуска-ўкраiнскай праваслаўнай царквы рымскай i расчыстцы шляху для польска-каталiцкай культурна-рэлiгiйнай экспансii. У iм спалучылiся элементы старога i новага, айчыннага i чужаземнага.

Перамовы з прадстаўнiкамi касцёла i дзяржавы вялiся асобна. Папа Рымскi i кароль-князь з павагай паставiлiся да правоў праваслаўнай царквы ВКЛ. Зацверджаныя iмi ў 1595—1596 гг. артыкулы не былi iх ласкай, але ўтрымлiвалi яе даўнiя i абгрунтаваныя правы i нiколi ў далейшым не аспрэчвалiся. Згодна з iмi жыла i дзейнiчала царква.
Этнакультурную своеасаблiвасць i адасоблены статус царквы гарантавалi асобныя артыкулы.

На першых парах пасля Берасцейскага сабора наогул здавалася, што нiякiх змен у рэлiгiйным жыццi не адбылося, акрамя як прызнання Папы Рымскага ганаровым галавой. Наўрад цi можна аспрэчваць распаўсюджванне, асаблiва ў далейшым, на унiяцтва каталiцкай дагматыкi, але знешнiх форм усходняга традыцыяналiзму яно трымалася вельмi ўпарта. Заходнiя элементы, як правiла, былi вынiкам свядомага выбару унiяцкай царквы. Тое, што прыўносiлася штучна, прымусова, звычайна не прыжывалася на мясцовай глебе. Пры ўвядзеннi унiяцтва не было радыкальнай ломкi рэлiгiйных народных традыцый i звычаяў. У адваротным выпадку яго творцы засталiся б у iзаляцыi. Ды й палажэнне аб упамiнаннi Папы Рымскага ў набажэнстве як абавязковае для ўсiх было замацавана толькi на Замойскiм саборы 1720 г. Восенню 1595 г. Жыгiмонт III звяруўся да падданых сваёй дзяржавы з унiверсалам, у якiм абвясцiў рашэнне вышэйшага праваслаўнага духавенства аб унii, якая патрэбна Рэчы Паспалітай для ўзмацнення яе цэласці i заклiкаў у “добрай волi i любвi” прыняць унiю.

Тадьi_ж Пацей з Тарлецкiм паехалi ў Ватыкан, дзе 23 снежня на пасяджэнні калегii кардыналаў з удзелам папы Клiмента VIII была ўрачыста абвешчана унiя. Яны выступiлi з прамовай: першы — на лацiне, другi — на рускай мове, i перадалi Папе Рымскаму акты з умовамi прызнання праваслаўнай царквой Рэчы Паспалiтай яго ўлады над сабой i злучэння з каталiцкай царквой. Рымскi першасвятар выдаў булу аб унii, якая рэгламентавала ўмовы злучэння, сярод iх дазвол на захаванне ўсходняй абраднасцi.

Новы накiрунак хрысцiянства — унiяцтва — быў аформлены на Берасцейскiм саборы 6—9 кастрычнiка 1596 г. Дзяржаўную ўладу на iм прадстаўляў канцлер Леў Сапега i iншыя ўрадаўцы. Каралеўскi унiверсал 15 кастрычнiка 1596 г. зацвердзiў царкоўнае злучэнне. Урады Вялiкага княства Лiтоўскага i Польшчы, Ватыкан пачалi афiцыйна лiчыць унiю адбыўшымся фактам.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии