Люблінская унія 1569 г.

Люблінская унія  — дзяржаўны саюз паміж Каралеўства Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім, які паклаў пачатак адзінай федэратыўнай дзяржаве, вядомай як Рэч Паспалітая. Акт уніі быў заключаны 28 чэрвеня 1569 г. і 1 ліпеня таго ж года зацверджаны паасобна дэпутатамі польскага і літоўскага соймаў на агульным сойме, скліканым у Любліне. 4 ліпеня унія была ратыфікаваная каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам II Аўгустам.

Сойм пачаўся ў студзені і працягваўся з перапынкамі да жніўня з-за барацьбы польскай шляхты за дамінаванне, літоўскіх вяльможаў – за захаванне самастойнасці. Каралеўству Польскаму былі перададзеныя Валынь, Падолле, Падляшша і сучасныя ўкраінскія землі, якія раней належалі Вялікаму княству Літоўскаму. Заключэнне уніі тлумачыцца неабходнасцю ўмацавання пазіцый Вялікага княства Літоўскага ў Інфлянцкай вайне.

Пячатка з гербам Рэчы Паспалітай. XVI ст.

Да падпісання Люблінскай Уніі вялося мноства дыскусій аб канчатковым аб’яднанні Літвы і Польшчы і замацаванні дзеянняў усіх папярэдніх уній. Галоўнай апазіцыйнай сілай былі літоўскія магнаты, што баяліся страты мноства паўнамоцтваў і правоў, а таксама поўнага растварэння ў польскай шляхце, без атрымання высокіх пастоў ў новай дзяржаве. Аднак Літва працягвала цярпець прыгнёт з боку Маскоўскай дзяржавы, а да сярэдзіны XVI ст. пагроза поўнага паражэння ў вайне з Масквой і далейшага ўключэння ВКЛ ў яе склад стала рэальнасцю. Польская шляхта не спяшалася аказваць ваенную ці нейкую іншую дапамогу Літве, не атрымліваючы нічога наўзамен. У 60-х гадах XVI ст. польская і літоўская шляхта нарэшце прыйшлі да ўзаемаразумення і вырашылі планаваць ваенныя кампаніі разам. Жыгімонт II Аўгуст, кароль Польшчы і вялікі князь Літвы, прапанаваў праект новага аб’яднання, які спачатку быў апублікаваны ў Літве, а затым і ў самой Польшчы. Рэальнай матывацыяй караля Жыгімонта II была асцярога польска-каталіцкай партыі, што Літва, са спыненнем у асобе Жыгімонта Аўгуста літоўска-польскай дынастыі Ягелонаў, аддзеліцца ад Польшчы. У адрозненне ад усіх папярэдніх уній, Люблінская унія загадзя планавалася як канстытуцыйнае і законнае аб’яднанне Польшчы і Літвы пад уладай аднаго выбарнага караля.

Польскі грош 1579 г. з выявай С. Баторыя. Такія манеты і сталі асноўнай валютай пасля грашовай рэформы

10 студзеня 1569 года недалёка ад Любліна пачаў працу польска-літоўскі сойм, які павінен быў вырашыць пытанне аб уніі дзвюх дзяржаў, аднак перамовы ішлі вельмі цяжка і пагадненне зімой дасягнута не было. Прадстаўнікі ВКЛ паставілі свае ўмовы: агульны сойм для выбару караля на мяжы Літвы і Польшчы, каранаванне караля ў Вільні літоўскай каронай, скліканне соймаў папераменна ў Літве і Польшчы, прызначэнне на пасады ў Літве толькі яе ўраджэнцаў. Гэтыя ўмовы выклікалі моцныя пярэчанні з польскага боку, і ні адно з іх не было прынята. Польскі праект уніі быў складзены біскупам кракаўскім Паднеўскім. Яго ўмовамі былі: абранне і каранаванне ў адной Польшчы, адзін вальны сойм, сенат, таксама манета. У знак пратэсту супраць польскага ціску літоўская дэпутацыя пад кіраўніцтвам Мікалая «Рудога» Радзівіла ў ноч на 1 сакавіка ўпотай пакінула Люблін. Больш за ўсё дэпутацыя баялася таго, што кароль Жыгімонт можа прыняць аднаасобнае рашэнне. Ціск шляхты, няўдачы Літвы ў Лівонскай вайне 1558-1583 і імкненне атрымаць ваенную дапамогу з боку Польшчы ў барацьбе з Царствам Маскоўскім прымусілі літоўскіх магнатаў пайсці на аднаўленне перамоваў. Польскі сойм выкарыстаў падтрымку літоўскай і ўкраінскай шляхты, якая была незадаволеная панаваннем буйных землеўладальнікаў ў княстве і спрабавала атрымаць такія ж правы, як і польская шляхта, санкцыянаваў акты караля. Абапіраючыся на падтрымку польскай і валынскай шляхты, кароль Жыгімонт II Аўгуст у сакавіку 1569 г. выдаў універсал аб далучэнні Падляскага і Валынскага ваяводстваў, Падолля і Кіева да Польскага каралеўства. Розныя літоўскія памешчыкі падтрымлівалі розныя шляхі далейшага развіцця сітуацыі. Адны падтрымлівалі унію з Польшчай, іншыя схіляліся да уніі з Расіяй. Кароль прыгразіў адабраць маёнткі і пасады ў той шляхты, якая не прысягне на вернасць каралю. Між тым, поспех праробленых анексій падахвочваў польскую шляхту да далейшых дзеянняў. Прапаноўвалася далучыць такім жа чынам усе астатнія тэрыторыі ВКЛ, ды й саму яго назву забараніць навекі, замяніўшы на «Новую Польшчу». На фоне гэтых падзей у Люблін прыехалі дэпутаты ад Вялікага княства, хоць зараз іх больш турбавалі пытанні страты правінцый на карысць Польшчы, чым сама унія. У доўгіх спрэчках аб правамернасці такіх далучэнняў палякі настойвалі на тым, што зямлі гэтыя здаўна належалі Польшчы, спасылаючыся, напрыклад, на кароткачасовы захоп Кіева Баляславам Храбрым ў XI ст. Пасля палякі пачалі адстойваць той пункт гледжання, што пытанні далейшых анексій ўжо вырашаны і абмяркоўвацца не павінны. Пярэчанні літоўцаў адхіляліся так як літвіны самі вінаватыя, што адсутнічалі на сойме тады, калі ўсё гэта вырашалася. Пасля прыняцця Універсала, які адабраў у Літвы значную частку яе тэрыторыі, 5 красавіка літоўская дэпутацыя пад кіраўніцтвам Яна Хадкевіча вярнулася і працягнула перамовы, цалкам змяніўшы тактыку. Жорсткія патрабаванні ў дачыненні да палякаў змяніліся просьбамі аб аднаўленні статусу-кво і вяртання Літве большай часткі адабраных у яе прывілеяў. Гэтыя просьбы былі адхіленыя, прычым асабліва старанна супраць іх выступалі паслы зноў далучанага Палескага ваяводства, што радаваліся набыцці «польскіх вольнасцяў». 24 мая 1569 г. літоўскія пасланнікі прынеслі прысягу Кароне Польскай. Услед за тым было абвешчана аб далучэнні да Польскага каралеўства Кіеўскага і Брацлаўскага ваяводстваў. Пад уладай Літвы засталіся толькі паўночна-заходнія рускія землі: Берасцейшчына і Піншчына. 27 чэрвеня 1569 г. паслы выказалі згоду на ўсе пункты прапанаванай з польскага боку уніі, просячы толькі пра змякчэнне некаторых фармулёвак. 28 чэрвеня была канчаткова падпісана Люблінская унія.

1 ліпеня 1569 г. ва ўрачыстай абстаноўцы паслы Вялікага Княства Літоўскага і асобна дэпутаты польскага сойма падпісалі акт аб уніі, ратыфікаваўшы яе, па сутнасці, з абодвух бакоў. 4 ліпеня 1569 г. Унія была дадаткова ратыфікаваная каралём у Люблінскім замку. Акт Люблінскай уніі быў аформлены ў выглядзе прывілею-дагавора, зацверджанага пастановай Люблінскага сейма 1 ліпеня 1569г. Тэкст акта быў падрыхтаваны ў двух экзэмплярах – адзін замацаваны пячаткамі польскіх феадалаў, другі – пячаткамі феадалаў княства, пасля чаго абодва бакі памяняліся актамі. Гэткі парадак іх абмену, на думку яго арганізатараў, павінен быў прыхаваць гвалтоўны, агрэсіўны і нераўнапраўны характар уніі, надаць ёй бачнасць добраахвотнай згоды бакоў.

У акце гаварылася таксама, што «Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае ўяўляюць сабою ўжо адно непадзельнае і неаддзельнае цэлае, а таксама не асобную, а адну агульную рэспубліку, якая злучылася і злілася ў адзін народ з дзвюх дзяржаў і народаў» 1.

У той жа час, некаторыя прыватныя пытанні занялі яшчэ каля месяца, прычым шмат спрэчак было з-за размеркавання пасад, а сойм у выніку завяршыўся толькі 12 жніўня 1569 г. На ім у апошні раз былі гарадскія прадстаўнікі (2 ад Кракава); тут жа здзейсніўся канчатковы распад Сойма на дзве палаты – сенатарскую і пасольскую; пасольская або шляхецкая дэмакратыя, з гэтага часу выступала з відавочнымі прэтэнзіямі на дамінуючае значэнне ў дзяржаве. Унія завяршыла працэс аб’яднання дзвюх дзяржаў, які пачаўся з заключэння Крэўскай уніі 1385 года — пагаднення аб дынастычным саюзе паміж Літвой і Польшчай, па якому літоўскі вялікі князь Ягайла, уступіўшы ў шлюб з польскай каралевай Ядвігай, абвяшчаўся польскім каралём. Да гэтага ўмовы уніі ў Крэве ўдакладнялі і замацоўвалі Віленска-Радамская унія (1401 г.), Гарадзельская унія (1413), Гарадзенская унія (1432), Кракаўская-Віленская унія (1499) і Мельніцкая унія (1501).

Храналогія
10 студзеня 1569 г. Пачатак пасяджэнняў Люблінскага сойма.
5 сакавіка 1569 г. Сойм прыняў пастанову аб далучэнні да Польшчы Падляшша.
Май-чэрвень 1569 г. Да Польшчы адышлі Валынь, Кіеўскае і Брацлаўскае ваяводствы.
Чэрвень 1569 г. Соймік Мазырскага павета Кіеўскага ваяводства выступіў супраць далучэння да Польшчы.
1 ліпеня 1569 г. Аб’яднанне Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства ў Рэч Паспалітую.
  1. Зельверович Л.М. Литовская метрика. СПб., 1883. Т.1. С.55 – 76.
Падзяліцца:
  • 1
    Падзяліліся