Станіслаў Булак-Балаховіч

Станіслаў Булак-Балаховіч, адзін з лідэраў узброенага супраціву бальшавікам у Беларусі, ня быў прафесійным вайскоўцам. Ён нарадзіўся 10 лютага 1883 года. Да Першай сусветнай вайны Булак-Балаховіч займаў пасаду ўпаўнаважанага адміністратара маёнтку Гарадзец-Лужкі на Дзісеншчыне, які належаў графам Зыберк-Плятэрам. У маёнтку і мястэчку Балаховіч арганізаваў добраахвотную пажарную каманду, якую ўзначальваў да вайны.

Булак-Балаховіч
Станіслаў Булак-Балаховіч

Станіслаў Булак-Балаховіч служыў у расейскім войску, дзе атрымаў чын генерала, пасля ўдзельнічаў у барацьбе з бальшавікамі на баку «белых». 

У лютым 1920 года ён звярнуўся да кіраўніка Польшчы Юзафа Пілсудскага з просьбай прыняць яго на службу для вайны з савецкай Расеяй. Пасля атрымання згоды Булак-Балаховіч са сваім атрадам прыбыў у Даўгаўпілс (Дзьвінск), дзе быў урачыста прыняты знакамітым польскім генералам Эдвардам Рыдз-Сьміглы.

Адразу ж пасля прыбыцця ён пачаў фармаваць сваё войска з дабраахвотнікаў. У чэрвені 1920 года дывізія Булак-Балаховіча ўступіла ў баі з бальшавікамі. 30 чэрвеня яна нанесла цяжкую паразу чырвоным часткам у раёне Славечны. 3 ліпеня балахоўцы атакавалі Вяледнікі, захапіўшы штаб брыгады. Падчас баёў генерал практыкаваў сваю любімую тактыку партызанскага бою.

Атрад Балаховіча
Атрад Балаховіча. 1919 г.

Пасля заключэння ў 1920 годзе перамір’я паміж Масквой і Варшавай генерал далей наносіў удары з тэрыторыі Польшчы па бальшавіцкіх войсках у Беларусі. Савецкі ўрад накіраваў пратэст, і польскі Сейм запатрабаваў раззбраеньня ягонага войска.

Булак-Балаховіч адмовіўся выканаць патрабаванне і перайшоў савецка-польскую мяжу. План генерала быў просты — падняць сялянскае паўстанне і скінуць савецкую ўладу. Цягам двух дзён ягоныя войскі занялі тэрыторыю беларускага Палесся ад мяжы з Польшчай да Петрыкава. 9 лістапада 1920 кавалерыйская дывізія палкоўніка Сяргея Паўлоўскага разбіла чырвоных пад Раманаўкай. Палкоўнік Мацвееў заняў Скрыгалаў. Пераможны паход балахоўцаў скончыўся узяццем Мазыра 12 лістапада 1920 г.

За некалькі дзён да гэтага на ўрачыстым парадзе сваіх войскаў у Тураве Булак-Балаховіч разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг і пакляўся не складаць зброі, пакуль не вызваліць родны край ад савецкіх войскаў. У Мазыры ён абвясціў аб аднаўленьні ўлады БНР і роспуску ўраду БССР. 14 лістапада генерала абвясцілі галоўнакамандуючым узброеных сілаў.

Бальшавікі перакінулі вялікія сілы з цэнтральнай Расеі. Толькі дзякуючы велізарнай колькаснай перавазе яны здолелі дамагчыся пералому на фронце.
У ноч на 18 лістапада Булак-Балаховіч быў вымушаны пакінуць Мазыр. З вялікай цяжкасцю ён здолеў прабіцца да польскай мяжы. У Польшчы ягоныя войскі былі інтэрнаваныя і раззброеныя. Асобныя атрады працягвалі ўзброены супраціў на тэрыторыі Беларусі.

Савецкі ўрад запатрабаваў ад Пілсудскага выдачы генерала Балаховіча, аднак ён адмовіўся зрабіць гэта. Пасля акупацыі Польшчы ў 1939 годзе нямецкімі войскамі Булак-Балаховіч спрабаваў арганізаваць партызанскі атрад дзеля барацьбы з акупантамі. Ён быў забіты ў Варшаве 10 траўня 1940 года нямецкім патрулём. Месца пахаваньня Балаховіча невядомае.

Падзяліцца
  • 11
    Падзяліліся