Дзвінск / Dzvinsk

Герб ДзвінскаДзьвінск, Дынабург (па-латыску: Daugavpils, па-расейску: Даугавпилс, раней Динабург, Двинск) — места на паўднёвым усходзе сучаснай Латвіі, на рацэ Дзьвіна. Дзьвінск — культурны, адукацыйны, прамысловы цэнтар гістарычнага рэґіёну Латгалія.

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
1275 г. першы летапісны ўспамін, крыжацкая фартэцыя Дынабург (па-нямецку: Dünaburg, Дэнэнбурґ).
1278 г. войскі пад кіраўніцтвам Трайдзеня безвынікова спрабавалі ўзяць умацаваньне.
1403 г. места захапіў і знішчыў Вітаўт ды ўзяў шмат здабычы і палонных.
30 жніўня 1559 г. ратуючыся ад Масковіі, Ордэн перайшоў пад пратэктарат Вялікага Княства Літоўскага і адпаведна з дамоваю замак і места Дынабург былі перададзеныя ВКЛ як кампэнсацыя вайсковых стратаў на абарону супраць маскоўскіх войскаў. Дынабург зрабіўся адміністрацыйным цэнтрам Інфляндзкага (Задзьвінскага) княства. Кіраваў гэтай калёніяй губэрнатар, які прызначаўся вялікім князем літоўскім
1569 г. у зьвязку з утварэньнем Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, Інфлянты (разам з Дынабургам) абвясьцілі супольным уладаньнем (канданіміюмам) Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага
1577 г. у ходзе Лівонскай вайны маскоўскі цар Іван Жахлівы захапіў Дынабург; як толькі маскоўскія войскі адышлі, пакінуўшы невялікую залогу, мясцовыя жыхары пад кіраўніцтвам В. Плятэра перабілі акупантаў і вызвалілі места
1625 г. швэдзкі кароль Густаў Адольф падпарадкаваў Дынабург, але праз год смаленскі ваявода Аляксандар Гансеўскі вярнуў яго.
1635-1655 гг. знаходзіўся пад швэдзкай акупацыяй, а ў 1656—1667 — пад маскоўскай, на гэты час маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч перайменаваў места ў Барысаглебск.
1772 г. у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзьвінскай правінцыі.
1893 г. перайменаваны ў Дзвінск
1918 г. увайшоў у склад абвешчанай Беларускай Народнае Рэспублікі
11 жніўня 1920 г. бальшавікі перадалі места Латвіі
25 сакавіка 1921 г. у Дзьвінску было створанае беларускае культурна-асьветніцкае таварыства «Бацькаўшчына»; сярод вынікаў працы таварыства было заснаваньне Дзьвінскай беларускай гімназіі.
1924-1925 гг. латвійская паліцыя сфабрыкавала матэрыялы пра «спробы далучэньня Латгаліі да БССР», пасьля чаго былі арыштаваныя ды зьвінавачаныя ў дзяржаўнай здрадзе многія настаўнікі, сябры таварыства «Бацькаўшчына». Хоць суд і апраўдаў беларусаў, але пасьля гэтага былі ліквідаваныя многія беларускія культурніцка-адукацыйныя ўстановы. Неўзабаве латвійскі ўрад зачыніў усе беларускія адукацыйныя ўстановы Дзьвіншчыны
1940 г. у складзе Латвійскай ССР
26 ліпеня 1941 — 27 ліпеня 1944 г. знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй

 

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.