Князь Трайдзень

Трайдзень быў абраны вялікім князем Літоўскім, пасля смерці Шварна. Гэта быў грубы і люты язычнік, які пасля прыходу да ўлады, пачаў пераследваць хрысціян.Вялікі князь Трайдзень працягваў палітыку ўмацавання дзяржавы. Ён канчаткова далучыў да Вялікага Княства верхняе Панямонне, дайнову, землі яцьвягаў і селаў.

Войскі Вялікага Княства няраз рабілі пераможныя выправы і на польскія землі. Бліжэйшая з іх – Мазовія шукала міру з нашай дзяржавай. Дзеля гэтага мазавецкі князь Баляслаў Плоцкі ўзяў шлюб з дачкою Трайдзеня Гаўдэмундай, якая ў хрышчэнні стала Соф’яй.

Трайдзень паспяхова супроцьстаяў нападам галіцка-валынскіх князёў і татарскім паходам. Ён даваў прытулак прусам, якія на сваёй зямлі вялі зацятую барацьбу з нямецкімі захопнікамі. Уцекачоў з Прусіі на загад вялікага князя сялілі ў ваколіцах Слоніма і Горадні.

Вялікае Княства Літоўскае ў гады гаспадарання Трайдзеня ўмацавалася і пашырыла замежнапалітычны ўплыў.

Вялікае Княства Літоўскае ў другой палове XIII ст.

Ліцьвінскае войска рабіла ўдалыя паходы ва ўлаланні крыжакоў, даходзячы да эстонскага вострава Саарэма. Інфлянцкія рыцары атрымалі цяжкія паразы ў 1270 і 1279 гг., а ў 1281 г. Трайдзень змусіў крыжакоў перадаць яму замак Дынабург (Дзвінск, цяперашні Даўгаўпілс).

У 1282 годзе Трайдзень быў забіты наёмнікамі (хто падаслаў іх, дакладна не вядома). Магчыма, гэта быў адзін з яго братоў Даўмонт, а па іншай версіі, гэта быў Нальшанскі князь Полюш, які ўцёк з ВКЛ да крыжакоў.

Падзяліцца