Грамадзянская вайна 1430-х гг. у ВКЛ

Фактычна амаль адразу пасля смерцi Вiтаўта пачалася грамадзянская вайна. Яна была не проста дынастычнай барацьбой за ўладу розных палiтычных груповак. Нацыянальна-рэлiгiйныя супярэчнасцi не далi магчымасцi лiтвiнскаму грамадству з’яднацца на агульнай iдэйна-патрыятычнай i канфесiйнай аснове. Гэта моцна аслабляла ваенна-палiтычную магутнасць ВКЛ i, урэшце, прывяло да страты дзяржаўнага суверэнiтэту. Штуршком, якi прывёў да грамадзянскай вайны у краiне, была рэалiзацыя дыскрымiнацыйных артыкулаў Гарадзельскага прывiлея 1413 г., што пазбаўлялi палiтычнай улады праваслаўную знаць, ставiлi яе ў няроўнае палiтычнае становiшча з каталiцкiмi братамi па класе.

Свідрыгайла
Гравюра з выявай Свідрыгайлы з “Апісання Еўрапейскай Сарматыі” Аляксандра Гваньіні, 1581 г.

У 1430 г. на вольны пасля смерцi Вiтаўта вялiкакняжацкi прастол узышоў пры падтрымцы князёў i баяр усходнебеларускiх, украiнскiх i рускiх зямель ВКЛ малодшы брат Ягайлы Свiдрыгайла Альгердавiч (каля 1370—1452). Таму новапасаджаны гаспадар пачаў абапiрацца у кiраваннi дзяржавай на гэтыя сiлы.

Свiдрыгайла праводзiў незалежную, антыпольскую палiтыку. У свой час ён выступаў працiўнiкам вымушанай прапольска-каталiцкай палiтыкi Вiтаўта першых дзесяцiгоддзяў XV ст. Прычым цiкава, што антывiтаўскiя захады Свiдрыгайлы абапiралiся на праграму таго ж Вiтаўта 90-х гадоў XIV ст. – праграму стварэння лiтоўска-рускай дзяржавы з апорай на праваслаўны асяродак Вялiкага княства. Як заўважыў хранiст XVI ст. Мацей Стрыйкоўскi, Свiдрыгайла змагаўся супраць Вiтаўта з дапамогай Русi, што яму спачувала.

Пры Свiдрыгайле праваслаўная арыстакратыя рускiх абласцей княства займае вышэйшыя пасады, засядае ў Радзе, прымае ўдзел у вырашэннi самых складаных дзяржаўных пытанняў. Практычна манапольная ўлада каталiцкiх феадалаў, што ў асноўным былi балцкага паходжання, пераходзiла да палiтычнай элiты праваслаўных рускiх, прадстаўнiкоў пануючага класа полiэтнiчнага Вялiкага княства. У студзенi 1432 г. кракаўскi бiскуп пiсаў да кардынала Цэзарынi, што Свiдрыгайла ва ўсiм слухаецца рускiх схiзматыкаў i параздаваў iм усе асноўныя землi i пасады, чаго не было пры нябожчыку Вiтаўце.

Узрастанне палiтычнай ролi праваслаўных феадалаў усходнеславянскага паходжання, страта каталiцкай арыстакратыяй прывiлеяў прывялi да змовы апошняй супраць Свiдрыгайлы. У ноч на 1 верасня 1432 г. адбыўся замах на вялiкага князя. Змоўшчыкi пасадзiлi на яго месца брата Вiтаўта Жыгiмонта Кейстутавіча. Дробны старадубскi князь, якi пры жыццi Вiтаўта не адыгрываў прыкметнай ролi ў палiтычным жыццi дзяржавы, па волi лесу быў узнесены на вялiкакняжацкi пасад. Свiдрыгайла ратаваўся ўцёкамi ў Полацк. Гэты беларускi горад на нейкi час становiцца сталiцай “Вялiкага княства Рускага”. Iснаванне менавiта такога дзяржаўнага ўтварэння адзначае летапiсец: “1 верасня 1432 г. пасадзiла Лiтва на вялiкае княжанне, у Вiльню i Трокi, вялiкага князя Жыгiмонта Кейстутавiча. Свыдрыгайла ж пайшоў (княжыць) у Полацк i Смоленск, i рускiя князi i баяры пасадзiлi яго на вялiкае княжанне Рускае”.

Воін ВКЛ XV ст.

Такiм чынам, адбыўся раскол княства на два дзяржаўныя ўтварэннi – Вялiкае княства Лiтоўскае i Вялiкае княства Рускае. Апошняя з прыгаданых дзяржаў, якая стварылася i функцыянавала на аснове аўтаномii Полацкай, Вiцебскай, Смаленскай зямель у складзе Вялiкага княства, iснавала 4 гады. Знiкла яна ў вынiку ваеннага паражэння войскаў Свiдрыгайлы ў бiтве пад Вiлькамiрам летам 1436 г. Але галоўнай прычынай распаду Вялiкага княства Рускага была не ваенная слабасць гэтай дзяржавы. Сва` iснаванне яна спынiла ў першую чаргу з прычыны авантурных, неабачлiвых дзеянняў ”князя рускага”, якi быў не ў стане супрацьстаяць тонкай дыпламатыi “вялiкага князя на Вiльнi i Троках”, скаардынаванай з польскiм каралём.

Абапiраючыся на рускiх князёў i баяр, з дапамогай цвярскога князя і Лiвонскага ордэна Свiдрыгайла на працягу 1432-1435 гг. неаднаразова “ваяваў “Лiтоўскую зямлю”, “шмат бяды нарабiўшы ёй”: палiў гарады (Крэва, Заслаўе, Менск і iншыя), “людзей жа шмат пасек i ў полон пабраў”. Спробы Жыгiмонта разбiць Свiдрыгайлу поспеху не мелi.

Для таго, каб выбiць у Свiдрыгайлы апору на праваслаўных феадалаў “рускiх” зямель, 15 кастрычнiка 1432 г. у Гароднi каралём Польшчы Уладзiславам-Ягайлам быў выдадзены са згоды Жыгiмонта прывiлей, па якому прадстаўнiкi знакамiтых родаў беларускага, украiнскага, рускага паходжання праваслаўнага веравызнання ўраўноўвалiся ў некаторых правах з феадаламi-католiкамi. Прывiлей дэклараваў, што зроблена гэта дзеля таго, каб у будучым памiж жыхарамi ВКЛ не ўзнiкалi разлады i варожасць, каб яны больш энергiчна i настойлiва старалiся аб захаваннi цэласнасцi гэтых зямель i падтрыманнi iх велiчы i сумесна дзейнiчалi, iх заклiкалi больш старанна i верна выконваць распараджэннi Ягайлы i Жыгiмонта.

Бітва пад Вількамірам
Бітва пад Вількамірам
(мастак: М. Горелик)

У 1434 г. быў абнародаваны аналагiчны прывiлей, якi паходзiў ужо толькi ад аднаго вялiкага князя лiтоўскага Жыгiмонта. Неабходнасць яго прыняцця тлумачылася ў прэамбуле тым, што “гаспадар жадае нашыя землi Лiтоўскiя i Рускiя прывесцi ў парадак i справы iх давесцi да найлепшага стану, каб памiж народамi гэтых зямель не было нiякага непатрэбнага урону, каб яны карысталiся роўнымi мiласцямi i тым больш горача i настойлiва iмкнулiся заўсёды да адзiнства душ i дапамагалi захаванню найшчаслiвейшага стану гэтых зямель”. Восем пунктаў, што iшлi ўслед за гэтай прэамбулай, даравалi рускiм князям i баярам права свабоднага распараджэння маёнткамi i перадачы iх у спадчыну, права атрымання зямельных валоданняў жонкамi i дзецьмi, вызвалялi княжацкiх i баярскiх падданых ад асобных дзяржаўных падаткаў, а таксама дазвалялi праваслаўнай шляхце нароўнi з феадаламi-католiкамi ўжываць гербы i знакi шляхецтва.

Прывiлей 1434 г.,па якому руская знаць дабiлася саслоўнай роўнасцi з лiтоўскай арыстакратыяй – безумоўная перамога ўсходнеславянскiх феадалаў “рускiх” зямель у барацьбе за раўнапраўе ў ВКЛ. Аднак перамога не была канчатковай. Адно з галоўных пытанняў – iх удзел у кiраваннi дзяржавай – граматай Жыгiмонта не вырашалася. Параграф дзевяты гарадзельскай пастановы, паводле якого праваслаўныя феадалы не мелi права займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады, захоўваў сваю сiлу.

Менавiта ў сувязi з гэтым i працягвалася далейшая палiтычная барацьба феадалаў рускiх, усходнеславянскiх зямель Вялiкага княства за палiтычнае раўнапраўе ў дзяржаве, якога яны ўрэшце рэшт дабiлiся ў XVI ст. пасля афiцыйнай адмены ў 1563 г. пастановы Гарадзельскага сойма.

Прывiлеямi 1432 i 1434 гг. Жыгiмонт перацягнуў на свой бок значную частку беларуска-ўкраiнскай шляхты. Гэта аслабiла пазiцыi Свiдрыгайлы. У 1435 г. яго войска было разбiта, а сам ён ратаваўся ўцёкамi на Валынь.

Бітва пад Вількамірам
Бітва пад Вількамірам (1.09.1435). 1 – абоз Свідрыгайлы пасля пераходу р. Жырноўкі; 2 – госці і рыцары Ордэна (Керскорф); 3 – табар з пешымі ваярамі (Жыгімонт Карыбутавіч); 4 – войска Свідрыгайлы; 5 – трэці аддзел войк Свідрыгайлы (госці і рыцары Ордэна); 6 – назіральныя аддзелы Кабылянскага; 7 – літоўская конніца (левае крыло); 8 – польская конніца; 9 – літоўская конніца (правае крыло); 10 – польскі абоз

Вайна 30-х гадоў XV ст. з’явiлася важным рубяжом у развiццi дзяржавы Гедымiнавiчаў. У гэтыя гады быў дасягнуты кампрамiс памiж каталiцкiмi i праваслаўнымi феадаламi, г.зн. у асноўным быў пераадолены антаганiзм, якi з’яўляўся вынiкам акта 1387 г. Пашырэнне правоў праваслаўных феадалаў яшчэ не поўнасцю задаволiла iх, але ў цэлым iстотна ўмацавала адзiнства пануючага класа дзяржавы.

Пазбавiўшыся свайго палiтычнага канкурэнта, Жыгiмонт праводзiў прапольскую палiтыку, аддаў Польшчы Падолле, жорстка ставiўся да сваiх падначаленых. Незадаволеныя яго дэспатызмам i свавольствам, уплывовыя дзяржаўныя мужы вынеслi прысуд Жыгiмонту. 20 сакавiка 1440 г. ён быў забiты ў Трокскiм замку. Адной з галоўных мэт змовы было iмкненне вярнуць на вялiкакняжацкi пасад Свiдрыгайлу. Яе iнiцыятарам быў гарачы прыхiльнiк апошняга князь Чартарыйскi.

Падзяліцца:
  • 2
    Падзяліліся