Вялікі князь Ягайла

Змаганне з Кейстутам

Ягайла
Вялікі князь Ягайла. Гравюра 1581 г.

Стаўшы гаспадаром, Ягайла адразу ж сутыкнуўся з супрацівам свайго магутнага дзядзькі Кейстута, які княжыў у Троках. У 1381 г. Кейстут захапіў Вільню і вялікакняскі пасад, аднак праз год Ягайла здолеў вярнуць сабе сталіцу. У часе перамоваў ён паланіў Кейстута, зняволіў яго ў вежы Крэўскага замка, а потым загадаў задушыць.

Ягайла захаваў уладу, але яе не прызналі ні полацкі князь Андрэй, ні Кейстутаў сын Вітаўт. Андрэй як найстарэйшы сын Альгерда лічыў сябе законным спадкаемцам бацькавай кароны, аднак пацярпеў паразу і на некалькі гадоў трапіў у палон. Вітаўт Кейстутавіч таксама быў зняволены, але здолеў уцячы з Крэўскага замка і працягваў змаганне.

Замежная палітыка

Гаспадар Ягайла найперш намагаўся замацаваць за дзяржавай яе тэрыторыі на ўсходзе. Дзеля гэтага ён нават часова саступіў крыжакам Жамойць. У 1380 г. Вільня ўчыніла з Залатой Ардой дамову супраць Маскоўскага княства. Ягайла планаваў удзельнічаць у Кулікоўскай бітве на баку Мамая, але войска Вялікага Княства спынілася за 20 вёрстаў ад поля сечы і не ўдарыла ў спіну маскоўцам. Ваяры-ліцьвіны добра памяталі, як білі ардынцаў на Сініх Водах, і не хацелі ўздымаць зброю на адзінаверцаў. Разам з тым Ягайла сам быў зацікаўлены ў прамаруджванні і чаканні, на чый бок схіліцца поспех, каб не апынуцца ў пройгрышы.

У 1383 г. Ягайла ваяваў з крыжакамі і адначасова вёў перамовы пра хаўрус супраць іх з маскоўскім князем Дзімітрам Данскім. Альянс меркавалася замацавадь шлюбам нашага гаспадара з дачкою Дзімітра, але гэтыя намеры не здзейсніліся.

Тым самым часам, у 1383-1384 гг., Ягайла ажыццявіў пераможныя паходы ў Польшчу, адкуль вярнуўся з багатай здабычай і вялікім палонам.

Ягайла (у праваслаўі Якаў, у каталіцтве Уладзіслаў) быў старэйшым сынам вялікага князя Альгерда і цвярской князёўны Улляны. Альгердавы дзеці выхоўваліся ў праваслаўным і беларускамоўным асяроддзі, хоць часам у палітычных мэтах і атрымлівалі паганскія імёны.

На польскім троне

Хрышчэнне паганцаў у 1386 г. Гравюра 1555 г.

У 1386 г. Ягайла-Якаў перахрысціўся ў Кракаве ў каталіцтва і пасля шлюбу з Ядзьвігай быў каранаваны на польскі трон пад імем Улалзіслава II, захаваўшы за сабою і пасад вялікага князя літоўскага. Яшчэ праз год у каталіцкую веру перавялі паганскае насельніцтва Вялікага Княства. Сваім прывілеем Ягайла даваў шляхце (баярству) дадатковыя правы і вольнасці пры ўмове хрышчэння паводле рымскага абраду. Ад таго часу на беларускіх землях сталі будавацца касцёлы і каталіцкія манастыры-кляштары. Імкненне Ягайлы зрабіць каталіцкую царкву дзяржаўнай выклікала пратэст у праваслаўных.

Пражыўшы некалькі дзесяцігоддзяў у Польшчы, Ягайла, як сведчаць летапісы і хронікі, размаўляў па-беларуску, трымаўся звычаяў продкаў.

Ён прывёз з Вільні беларускіх пісцоў, музыкаў, мастакоў. Майстры-ліцьвіны на замову караля аздаблялі фрэскамі храмы ў Кракаве, Любліне, Гнезне ды іншых польскіх гарадах.
У трох першых шлюбах Ягайла не меў спадчыннікаў. Увесну 1422 г. у Новагародку ён павянчаўся з князёўнаю Соф’яй Гальшанскай, якая нарадзіла каралю сыноў Уладзіслава і Казіміра. Так была заснаваная еўрапейская манархічная дынастыя Ягайлавічаў (Ягелонаў). 3 яе выйшлі гаспадары Вялікага Княства, каралі Польшчы, Чэхіі і Вугоршчыны (Венгрыі).

На польскім троне Ягайла праявіў сябе найперш як адзін з пераможцаў у Грунвальдскай бітве. Ён захаваў любоў да радзімы продкаў і, калі ў 1431 г. пачалася вайна за Падолле, таемна папярэдзіў суайчыннікаў-ліцьвіноў пра рух і намеры польскага войска.

© У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии