Полацк на пачатку XIII ст. Змаганне з крыжакамі

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

Для нашых продкаў, як і для многіх еўрапейскіх народаў, XIII стагоддзе сталася перыядам цяжкіх выпрабаванняў. 3 захаду на славянскі свет распачалі націск крыжакі, з усходу і поўдня смяротную небяспеку неслі мангола-татарскія орды. Нямецкія рыцары

Ніжняе Падзвінне знаходзілася пад уладай Полацка, дзяржаўныя інтарэсы якога наўпрост сутыкнуліся з крыжацкай агрэсіяй. Барацьбу з заваёўнікамі ўзначаліў полацкі князь Валодша (Уладзімір). Нямецкія хронікі называлі яго «каралём Вальдэмарам». У 1208 г. крыжакі ўзялі ў аблогу падуладны Полацку горад Кукенойс, дзе кіраваў князь Вячка. Ён вымушаны быў спаліць сваю фартэцу і адступіць з дружынай у Ноўгарадскую зямлю. Пазней гэты таленавіты военачальнік стаў на чале эстаў пад час абароны Юр'ева (Тарту) і гераічна загінуў. Праз год пасля Кукенойса немцы захапілі другі фарпост Полацка ў балцкіх землях - горад Герсіку.

Князь Валодша падпісаў з рыжскім біскупам Альбертам дамову, паводле якой адмаўляўся ад земляў у Прыбалтыцы. Але Полацак выкарыстоўваў мір для падрыхтоўкі вялікага паходу на захопнікаў У ім павінны былі ўдзельнічаць войскі ўсёй Полацкай зямлі і яе хаўруснікі. Якраз напярэдадні выступу князь Валодша раптоўна памёр - найверагодней, быў атручаны агентамі крыжакоў. Паход не адбыўся, аднак полацкі ўладар так і не дазволіў заваёўнікам ступіць на крывіцкія землі.

Пасля няўдалых крыжовых паходаў у Палесціну заходнееўрапейскія рыцары скіравалі свой позірк на ўсходняе ўзбярэжжа Балтыкі і суседнія славянскія землі. Пры канцы XII ст. у вусці Дзвіны нямецкія рыцары, святары і купцы заснавалі горад Рыгу і ператварылі яго ў моцную фартэцу. Праз год там быў створаны вайскова-манаскі Ордэн мечаносцаў (пазней яго называлі Інфлянцкім або Лівонскім). Сваёй мэтай ён абвясціў пашырэнне хрысціянства сярод балцкіх плямёнаў земгалаў, латгалаў і куршаў, а таксама ліваў і эстаў, што належалі да вугра-фінскіх плямёнаў. Але напраўду крыжакі імкнуліся да захопу чужых земляў і прасоўвання на ўсход.

Крыжацкая экспансія штурхала Полацак да альянсу з Ноўгарадам, якому таксама пагражалі захопнікі. У 1239 г. ноўгарадскі князь Аляксандр Яраславіч павянчаўся з Аляксандрай, дачкой полацкага князя Брачыслава. Праз год полацкая дружына дапамагла ноўгарадцам здабыць перамогу над шведамі на Няве, пасля чаго Аляксандр дадаў да свайго імя ганаровае прозвішча Неўскі. Палачане разам з віцяблянамі складалі траціну ўсяго славянскага войска ў славутым Лядовым пабоішчы з немцамі на Чудскім возеры ў 1242 г.

    ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
    1186-1216 гг. Княжанне ў Полацку Валодшы.
    1208 г. Абарона Кукенойса князем Вячкам.
    1216 г. Падрыхтоўка аб'яднанага паходу супроць крыжакоў і смерць князя Валодшы.
    1240 г. Удзел палачанаў у разгроме шведскіх рыцараў на Няве.
    1242 г. Разгром нямецкіх рыцараў на Чудскім возеры.

     

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012