Антыцарскі рух пасля 1831 г.

Ігнараванне беларускасці. Ва ўрадавых колах не звярталі ўвагі на беларускіх сялянаў і беларускую культуру. Насельніцтва краю лічылася польскім ці рускім, толькі спаланізаваным. Такі погляд не без уплыву запісак Міхаіла Мураўёва падзяляў і Заходні камітэт, які спецыяльна займаўся справамі заходніх губерняў Расіі. А таму ў адказ на русіфікацыю мясцовыя землеўладальнікі і асабліва шляхецкая інтэлігенцыя зноў шукалі паратунку ў барацьбе за ўзноўленую Рэч Паспалітую. Усё ўрадавае звязвалася з рэакцыйным, усё польскае - з прыгнечаным і ліберальным. У выніку цікавасць да польскай культуры толькі ўзрастала.
Уплыў польскага рэвалюцыйнага руху. Дэмакратычная эміграцыя за мяжой не адмаўлялася ад планаў узброенай барацьбы за незалежнасць Польшчы. Сябар Дэмакратычнага таварыства ў Парыжы Юзаф Заліўскі заклікаў ісці ў “рускую” Польшчу і ўзнавіць там партызанскую вайну, а самім рыхтаваць армію ўварвання. Наезды добраахвотнікаў-партызанаў не прыпыняліся. У Гарадзенскую губер-ню прабраўся сябар Нацыянальнага Польскага Камітэта Міхал Валовіч. Ён першы прапанаваў спалучыць шляхецкі рэвалюцыйны рух з сялянскім, дзейнічаў у ваколіцах Слоніма і Наваградка, рыхтаваў узброенае выступленне і арганізоўваў партызанскія аддзелы. Яго доўга хавалі па лясах і хутарах сяляне. Сваё жыццё бунтарскі пан скончыў у 1833 г. на царскай шыбеніцы ў Гародні. Але на змену тым, хто гінуў, прыходзілі новыя. Польскі рэвалюцыянер Шыман Канарскі па даручэнні Дэмакратычнага таварыства з 1835 г. пад рознымі імёнамі агітаваў па ўсім беларуска-літоўскім краі і на Украіне. Увесну 1838 г. яго арыштавалі па дарозе з Вільні ў Мінск, а ў лютым 1839 г. пакаралі смерцю. Падчас следства выявілася існаванне “Саюза польскага народа”, якім кіраваў Шыман Канарскі. Таемная арганізацыя мела друкарню, была шырока разгалінаваная і змагалася за ўзнаўленне дэмакратычна рэфармаванай Рэчы Паспалітай.
“Дэмакратычнае таварыства” Францішка Савіча. Падчас следства ўсплыло імя Францішка Савіча, студэнта Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, сына святара з Валяцічаў, што каля Пінска. Стала вядома, што ён узначальваў таемнае студэнцкае “Дэмакратычнае таварыства”, якое дзейнічала з 1836 г. самастойна, а пазней улілося ў арганізацыю Шымана Канарскага. У 1838 г. Савіч быў арыштаваны, а ў 1839 г. сасланы на Каўказ у дзейную армію. Але неўзабаве ўцёк. Здабыўшы фальшывыя дакументы, Савіч адкрыў медыцынскую практыку ў мястэчку Янішпаль Жытомірскага павета. Там і памёр ад халеры. Яго магіла знаходзіцца ў Астражку, на Украіне. Царскія сатрапы ўпарта шукалі Савіча, каб судзіць другі раз. I невыпадкова. Была знойдзеная палітычная праграма “Дэмакратычнага таварыства”. Яго сябры на чале з Савічам прызнавалі права кожнай нацыі на палітычную самастойнасць і выказваліся за саюз народаў Расіі ў барацьбе супраць самаўладдзя і прыгону шляхам народнага паўстання. Такія ідэі былі для шматнацыянальнай імперыі нашмат небяспечнейшыя за тыя, якіх прытрымліваліся філарэты, філаматы ці дзекабрысты. А таму, зразумела, Медыка-хірургічная акадэмія была адразу зачыненая.
“Саюз вольных братоў”. Жорсткая расправа з Шыманам Канарскім і яго паслядоўнікамі крыху прыцішыла грамадскі рух у Беларусі. Але пад уплывам Галіцыйскага паўстання 1846 г. у Аўстрыі ён узняўся зноў. А рэвалюцыі 1848 г. у Венгрыі і Францыі толькі падлілі алею ў агонь. У 1846—1849 гг. у Беларусі і Літве дзейнічаў тайны “Саюз вольных братоў” з цэнтрам у Вільні і філіямі ў Мінску, Гародні, Лідзе, Ашмянах, Наваградку, Слоніме, іншых гарадах і мястэчках краю. Арганізацыя аб’ядноўвала пераважна вучнёўскую моладзь. На чале яе стаялі браты Франц і Аляксандр Далеўскія, а пазней далучыўся Сігізмунд Серакоўскі, афіцэр віленскага вайсковага гарнізона. Абмяркоўваліся планы нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення народаў Расіі. 3 1848 г. пачалася падрыхтоўка да паўстання, вялася агітацыя. У фальварку Бараўляны, што пад Мінскам, была наладжаная вытворчасць набояў і зброі. Моладзь натхнялася ідэяй сусветнай рэвалюцыі. Паўстанне мела на мэце адцягнуць вайсковыя сілы Расіі ад задушэння венгерскай рэвалюцыі і пратрымацца да прыходу ў Беларусь мадзьярскага рэвалюцыйнага войска на чале з польскім генералам Генрыкам Дэмбінскім, героем 1831 года. На перамовы з ім паехаў Сігізмунд Серакоўскі, але па дарозе быў арыштаваны. Напаўшы на след “Саюза вольных братоў”, царскі ўрад разграміў яго. Рэвалюцыйныя настроі ў Беларусі сведчаць пра тое, што царская палітыка русіфікацыі не ліквідавала тут дух незалежнасці. Калі прыгонніцкая арыстакратыя пасля 1831 г. адыходзіла ад палітычнага лідэрства, дык яе месца займалі прадстаўнікі збяднелай шляхты, аднадворцаў, духавенства, якія вучыліся або працавалі ў якасці чыноўнікаў, выкладчыкаў, святароў.
Парасткі беларускага сепаратызму. Царская Расія не давала надзеяў на абарону інтарэсаў мясцовага насельніцтва. Паслядоўнікі Францішка Савіча арыентаваліся на сваіх аднадумцаў у Польшчы і звязвалі з незалежнасцю гэтай краіны лёс сваёй Айчыны. Але яны ўжо не былі “перакананымі палякамі”. У іх ужо існавала дакладнае разуменне этнічна-культурнай адметнасці беларускага насельніцтва. Расійскі ўрад пасля паўстання 1831 г. крыху паслабіў польскі духоўны прэсінг у Беларусі, а замяніць яго на рускі яшчэ не паспеў. Гэта і дазволіла асобным прадстаўнікам мясцовай інтэлігенцыі (асабліва выхадцам з асяроддзя уніяцкіх святароў) болей крытычна ацаніць ідэю адраджэння Рэчы Паспалітай у якасці унітарнай дзяржавы. У рускага дэмакрата Мікалая Дабралюбава ўжо былі падставы выказвацца пра неназбежнасць беларускага руху. “Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы”, — пісаў ён у 1860 г.
Філасофія гуманізму. Мясцовыя традыцыі талерантнасці, цесная сувязь з еўрапейскімі культурнымі здабыткамі, уплыў заходнееўрапейскіх рэвалюцыяў і польскай нацыянальна-вызваленчай барацьбы падштурхнулі беларускіх патрыётаў да ўсведамлення цеснай узаемасувязі правоў народаў і правоў чалавека. Пра гэта сведчыць рукапісны трактат віцебскага шляхціца Сямёна Зяновіча “Сапраўднае вучэнне аб правах асобнага чалавека і правах народаў” (першая палова XIX ст.). Ідэалы сацыяльнай роўнасці набывалі не меншую значнасць, чым ідэалы роўнасці нацыянальнай. I гэта было вынікам русіфікацыі і папярэдняй паланізацыі Беларускага краю, дзе сацыяльныя і нацыянальныя абмежаванні сялянаў супадалі. Усё сведчыла за тое, што спробы мікалаеўскай адміністрацыі ператварыць Беларусь у Паўночна-Заходні край праваліліся.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.