Утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

Здесь проходят проектный менеджмент и другие основы управления проектами внутри организации.

У снежні 1917 г. у Менску адбыўся Першы Усебеларускі з'езд (кангрэс), на якім прысутнічалі 1872 дэлегаты з усяго беларускага этнічнага абшару - ад Беласточчыны да Смаленшчыны.

Спачатку на кангрэсе, старшынёй якога быў абраны Іван Серада, прагучала прапанова стварыць Беларускую Рэспубліку ў складзе федэратыўнай Расеі. Аднак сярод дэлегатаў усё большую вагу набіралі незалежніцкія настроі. Ім спрыяла і тое, што адначасова бальшавікі вялі ў Берасці перамовы пра мір з немцамі без уліку інтарэсаў Беларусі. Запрошаныя на з'езд камуністы ад удзелу ў паседжаннях ухіліліся, але пільна сачылі за падзеямі. Паўночна-Заходні абкам РСДРП(б) на чале з А. Мясніковым (Мяснікянам) не прызнаваў ні права беларусаў на самавызначэнне, ні нават самога існавання беларускай нацыі. Убачыўшы, што кангрэс займае прынцыпова іншую пазіцыю, 18 снежня бальшавікі разагналі яго з дапамогай вайсковай сілы. Частка дэпутатаў была арыштаваная, але Рада, якой Першы Усебеларускі кангрэс перадаў краёвую ўладу, здолела абраць Выканаўчы камітэт. Яго ўзначаліў адзін з кіраўнікоў Беларускай Сацыялістычнай Грамады Язэп Варонка.

19 лютага 1918, калі бальшавікі ўцякалі з Мінска, вызваленыя з турмы лідэры Цэнтральнай беларускай вайсковай рады сабраліся, каб узяць на сябе забеспячэнне парадку і бяспекі ў горадзе. Камендантам Мінска стаў Канстанцін Езавітаў. Да канца дня 19 лютага беларускія сілы кантралявалі асноўныя аб’екты Мінска. Але тут умяшаліся сябры Польскай вайсковай арганізацыі і некаторыя польскія вайскоўцы з корпуса Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Позна ўвечары таго ж дня яны паспрабавалі раззброіць атрады беларускай камендатуры. Ледзь не дайшло да збройнага канфлікту, але ўдалося дамовіцца пра стварэнне агульнай беларуска-польскай ваеннай камендатуры і падзел горада на два сектары. Беларускія сілы кантралявалі паўночна-заходнюю частку разам з плошчай Свабоды.

Імкненне да незалежнасці ўзмацнілася пасля падпісання 3 сакавіка ў Брэст-Літоўску мірнай дамовы, па якім заходнія беларускія землі перадаваліся Нямеччыне, паўднёвыя адыходзілі Ўкраіне, а ўсходнія да канца вайны заставаліся пад акупацыяй (да выплаты Расіяй шасцімільярднай кантрыбуцыі). Адначасова савецкая Расія прызнавала незалежнасць Украінскай Народнай Рэспублікі і яе права на Брэсцкі, Пінскі, Мазырскі, Рэчыцкі і Гомельскі паветы.

Не зважаючы на варожае стаўленне нямецкіх акупацыйных уладаў, 9 сакавіка 1918 г. Выканкам Усебеларускага з'езду ў адказ на Брэсцкі мір прыняў другую Статутную грамату, у якой Беларусь у межах рассялення і колькаснай перавагі беларускага народа аб'яўлялася Народнай Рэспублікай (БНР). Выканкам быў пераназваны ў Раду БНР, прэзідыум якой узначальваў І. Серaда. Яна аб'яўлялася заканадаўчым органам да склікання Ўстаноўчага сойма. Народны Сакратарыят (Алесь Бурбіс, Іван Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка, Аркадзь Смоліч, Пётр Крачэўскі, Канстанцін Езавітаў, Антон Аўсянік, Леанард Заяц), прызначаны Радай, стаў выканаўчым органам.

23 сакавіка 1918 г. кайзер Вільгельм II выдаў дэкларацыю пра незалежнасць Літоўскай дзяржавы і гэтым замацаваў далучэнне часткі Заходняй Беларусі (Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Беласточчыны) да Літвы. У гэты ж дзень, па прапанове лідараў Віленскай беларускай Рады, якія ўвайшлі ў склад Рады БНР, стала абмяркоўвацца неабходнасць абвяшчэння незалежнасці Беларусі. 25 сакавіка 1918 г. Рада БНР прыняла трэцюю Статутную грамату , у якой Беларуская Народная Рэспубліка аб'яўлялася незалежнай у складзе Магілёўскай, Менскай, а таксама беларускіх частак Гарадзенскай, Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і сумежных губерняў, а Брэсцкі мірны дагавор касаваўся. Спрадвечная мара беларускіх барацьбітоў пра сваю незалежную краіну, насуперак волі вялікіх дзяржаваў, пачынала здзяйсняцца. I з акцыяй 25 сакавіка ўжо не маглі не лічыцца нават ворагі беларускай дзяржаўнасці.

Рада БНР. 1918 г.

Першы ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі:(злева направа, сядзяць) Алесь Бурбіс, Іван Серада, старшыня Язэп Варонка, Васіль Захарка; (стаяць) Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчаўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

Абвясціўшы незалежнасць Беларусі, Рада БНР імкнулася атрымаць яе прызнанне з боку Нямеччыны. 25 красавіка 1918 г. кайзеру Вільгельму II была накіравана падзячная тэлеграма з разлікам на афіцыйнае прызнанне БНР. Аднак афіцыйны Берлін разглядаў Беларусь як частку Савецкай Расіі і без Савецкага ўрада адмовіўся прызнаць ізноў створаную дзяржаву.
Тэлеграма кайзеру выклікала палітычны крызіс, які прывёў да расколу БСГ і Радыя БНР. БСГ раскалолася на тры часткі: Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (БСДП) і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. З Сакратарыята Рады выйшлі сацыял-дэмакрат А. Смоліч, сацыялісты-рэвалюцыянеры Т. Грыб і Л. Заяц. З уключэннем у склад Рады 10 чальцоў кансерватыўна-клерыкальнага Беларускага народнага прадстаўніцтва на чале з абшарнікам Р. Скірмунтам у дзейнасці Рады стала панавальным ліберальна-кансерватыўны кірунак. Такі курс знаходзіў падтрымку нямецкіх акупацыйных улад. Радзе БНР і Народнаму Сакратарыяту было дадзена абяцанне на стварэнне органаў мясцовага самакіравання. Яны атрымалі магчымасць разгарнуць сваю дзейнасць на міжнароднай арэне, прыступіць да стварэння нацыянальнай школы, устаноў культуры. Аднак германскія ўлады не дазволілі БНР сфармаваць свае ўзброеныя сілы, паліцыю, судовую і фінансавую сістэмы. Гэта кажа пра тое, што БНР не было дзяржавай у поўным сэнсе гэтага слова. Гэта быў зародак дзяржавы. Пасля сыходу германскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі частка чальцоў Рады БНР засталася ў Менску, іншая выехала ў Гародню і Вільню, дзе працягвала працу па стварэнні Беларускай дзяржаўнасці. Рада БНР не вырашыла праблему стварэння беларускай дзяржавы, але прымусіла бальшавіцкі ўрад перагледзець сваю палітыку ў стаўленні беларусаў як нацыі, іх дзяржаўнасці абвясціўшы незалежнасць Беларусі.

Абвяшчэнне незалежнасці БНР было рашучым пратэстам супраць падзелу Беларусі бальшавікамі і кайзераўцамі паводле падпісанай імі Берасцейскай дамовы. Уся наша этнічная тэрыторыя абвяшчалася адзінай дэмакратычнай дзяржавай. Народны Сакратарыят зацвердзіў дзяржаўную пячатку з «Пагоняй» і бел-чырвона-белы сцяг. Наладжваліся палітычныя і эканамічныя сувязі Беларусі з замежжам. Прэс-бюро БНР дзейнічалі ў Берліне, Капенгагене, Рызе, Таліне ды іншых еўрапейскіх сталіцах. Незалежную Беларускую Народную Рэспубліку дэ-юрэ або дэ-факта прызналі Арменія, Аўстрыя, Грузія, Латвія, Летува, Польшча, Турцыя, Украіна, Фінляндыя, Чэхаславакія, Эстонія. Ідэю беларускай дзяржаўнасці не магло ўжо ігнараваць і бальшавіцкае кіраўніцтва Расеі.