Калі паўстала першая беларуская палітычная партыя?

Увосень 1902 года группа студэнтаў-беларусаў (В.Іваноўскі, А.Пашкевіч, І.Луцкевіч і інш.) пачала ствараць у Пецярбурзе падпольную арганізацыю пад назвай Беларуская Рэвалюцыйная Партыя. Узімку 1902/03 года адбыўся з’езд прадстаўнікоў студэнцкіх і вучнёўскіх гурткоў Менска, Вільні і Пецярбурга, на якім была ўтвораная Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, пазней перайменаваная ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду. Да ліку заснавальнікаў БСГ акрамя названых асобаў належалі А.Луцкевіч, А.Бурбіс, К.Кастравіцкі, А.Уласаў, В.Ластоўскі і інш. Сваёй найбліжэйшай задачай БСГ ставіла звяржэнне самаўладдзя і заваёву дэмакратычных свабодаў у хаўрусе з іншымі народамі Расейскай дзяржавы, а канцовай мэтай — пабудову сацыялізму. Па нацыянальным пытанні ў першай праграме (1903 год) БСГ выказалася за стварэнне незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі, а ў другой (1906 год) — за дзяржаўную аўтаномію Беларусі з Соймам у Вільні (у складзе Расейскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі) і культурна-нацыянальную аўтаномію для нацыянальных меншасцяў.

Лідэры БСГ прычыніліся да заснавання выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца” ў Пецярбурзе і першых легальных газет на беларускай мове — “Нашай Долі” і “Нашай Нівы”, якія выдаваліся ў Вільні. Пасля паразы першай расейскай рэвалюцыі БСГ фактычна спыніла дзейнасць і як партыя часова перастала існаваць. Яе актыў засяродзіўся вакол “Нашае Нівы”, якая сталася цэнтрам згуртавання і выхавання нацыянальна сведамай інтэлігенцыі і нацыянальна-культурнага адраджэння народа.
Пасля акупацыі Вільні кайзераўскімі войскамі (1915 год) частка лідэраў БСГ (браты Луцкевічы, В.Ластоўскі) узначаліла “Беларускі камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны” і выступіла з ідэяй адраджэння Вялікага Княства Літоўскага з Соймам у Вільні.

На тэрыторыі Беларусі, што знаходзілася пад уладай Расеі, БСГ аднавілася адразу пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Яна была галоўным арганізатарам з’езда прадстаўнікоў нацыянальных арганізацый у Менску ў сакавіку 1917 года, на якім былі прынятыя рашэнні аб стварэнні краёвай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. Аднак Часовы расейскі ўрад адклаў разгляданне гэтага пытання да Устаноўчага сходу.

Улетку 1917 года БСГ значна вырасла. Акрамя Беларусі яе арганізацыі дзейнічалі ў Петраградзе, Маскве, Кіеве, Адэсе, Саратаве, Казані, Гельсінгфорсе і іншых гарадах. Лідэрамі яе ў гэтым часе былі В.Адамовіч, П.Бадунова, Я.Варонка, Я.Дыла, З.Жылуновіч, А.Прушынскі, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Смоліч, Б.Тарашкевіч, А.Чарвякоў. Тады яна была найбольш масавай і ўплывовай партыяй у беларускім нацыянальным руху.
БСГ была адным з галоўных арганізатараў Першага Усебеларускага кангрэса ў Менску. Пасля яго разгону дзеячы нацыянальна-дэмакратычнага кірунку зрабілі высновы аб немагчымасці дзяржаўна-палітычнага развязання беларускага пытання ў хаўрусе з бальшавікамі і ўзялі ўдзел у стварэнні незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі (абвешчаная 25 сакавіка 1918 года), арыентуючыся на падтрымку спачатку Германіі, а пазней — Антанты. У сярэдзіне 1918 года з гэтага крыла БСГ аформіліся Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя і Партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Дзеячы левага кірунку на чале з А.Чарвяковым і З.Жылуновічам, выказаўшы пратэст супраць разгону Усебеларускага кангрэса, усё ж пайшлі на супрацоўніцтва з бальшавіцкімі ўладамі і настойліва пераконвалі іх у неабходнасці стварэння беларускай аўтаноміі на савецкай платформе ў рамках РСФСР. 3 гэтага крыла БСГ, якое складалі ў асноўным арганізацыі беларусаў-бежанцаў, рабочых, вайскоўцаў, інтэлігентаў, што жылі і працавалі ў Савецкай Расеі, увесну 1918 года пачалі ўтварацца беларускія секцыі РСДРП(б), якія групаваліся вакол Беларускага нацыянальнага камісарыята пры Наркамнацы РСФСР. Такім чынам, да лета 1918 года БСГ канчаткова распалася.

© Міхась БІЧ,
доктар гістарычных навук

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии