Яўхім Храптовіч

Іахім Ігнацы Юзаф Храптовіч нарадзіўся 4 студзеня 1729 года ў маёнтку Ясянец Навагрудскага павета (цяпер вёска Ясянец Гарадзішчанскага пасялковага Савета Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і Марцыяна Храптовіча і Рэгіны Вайнянкі.

Храптовічы паходзілі ад старажытнага шляхецкага і каталіцкага роду герба “Адравонж”.

Пачатковую адукацыю Іахім Храптовіч атрымаў дома пад кіраўніцтвам ксяндза Адама Хмялёўскага, у спадчынным маёнтку бацькі Шчорсы Навагрудскага павета. Потым два гады вучыўся ў Віленскай акадэміі, тры гады ў розных навучальных установах Брунсберга ў Заходняй Прусіі, па году – у Нясвіжы і Вільні.

Пасля атрымання вышэйшай адукацыі і кароткага тэрміна службы ў войску займае пасады: навагрудскага стольніка, г. зн. маршалка соймікаў Навагрудскага павета (1752); дэпутата Галоўнага трыбуналу ВКЛ ад Гарадзенскага павета (1753); пасла ад Навагрудскага і іншых паветаў на сойме Рэчы Паспалітай; маршалка Навагрудскага ваяводства канфедэрацыі і Галоўнага трыбуналу ВКЛ (1764,1765) і інш.

24 снежня 1764 года пасля каранацыі караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1732–1798) Іахім Храптовіч прызначаны на ўведзеную пасаду вялікага сакратара ВКЛ. 8 мая наступнага года ў ліку першых адзначаны новай узнагародай Рэчы Паспалітай – ордэнам Святога Станіслава.

11 снежня 1766 года ў Варшаве Іахім Храптовіч ажаніўся з Канстанцыяй, дачкой падканцлера літоўскага Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага; у шлюбе яны мелі чатырох сыноў і дачку. Пасля шлюбу, падчас абвастрэння ўнутрыпалітычных супярэчнасцей у Рэчы Паспалітай, асабліва ў гады дзейнасці Барскай канфедэрацыі (1768–1772), граф Храптовіч дзяржаўнымі справамі не займаецца, у гэты час ён знаходзіцца па-за межамі краіны, падарожнічае па Нямеччыне, Францыі, Англіі, Галандыі, Аўстрыі. Па вяртанні ў Варшаву (1772) пачынае рэалізоўваць прагрэсіўныя ідэі ў сваёй рознабаковай дзяржаўнай і прыватнай дзейнасці.

Шчорсаўскі палац у 1894 годзе

26 кастрычніка 1773 года Іахім Храптовіч прызначаецца падканцлерам літоўскім. 21 ліпеня 1773 года папа Клемент XIV сваёй булай скасаваў ордэн Таварыства Ісуса. Іахім Храптовіч разам з іншымі прапанаваў маёмасць езуітаў у Рэчы Паспалітай перадаць у фонд развіцця адукацыі. 14 кастрычніка 1773 года сойм зацвердзіў праект стварэння Адукацыйнай камісіі. Паводле сваіх функцый яна была першым у свеце міністэрствам адукацыі. Храптовіч быў прызначаны камісарам дэпартаменту Віленскай акадэміі і школ ВКЛ. За дваццаць гадоў існавання (1773–1793) дэпартамент пад яго кіраўніцтвам дамогся значных поспехаў: найперш у павелічэнні колькасці школ розных узроўняў і наданні навучанню свецкага характару.

На Чатырохгадовым сойме (1788–1792) Іахім Храптовіч прапанаваў шэраг праектаў дзеля вырашэння некаторых актуальных праблем. У прыватнасці, у 1788 годзе, каб спыніць шматлікія судовыя працэсы па межавых канфліктах, унёс прапанову абмежаваць усе вёскі, стварыць планы апошніх і перанесці іх на розныя карты краіны. Праект быў ухвалены ў 1791 годзе, а выкананне адклалася, але трэці падзел Рэчы Паспалітай пахаваў гэты праект.

Апошняя высокая дзяржаўная пасада, на якую 14 чэрвеня 1793 года Іахіма Храптовіча прызначыла рэакцыйная Таргавіцкая канфедэрацыя (1792–1793), – пасада канцлера ВКЛ. Але складаныя палітычныя абставіны, сталы ўзрост, дрэннае здароўе вымусілі яго скласці канцлерскія паўнамоцтвы. Такім чынам, Іахім Храптовіч стаў апошнім канцлерам ВКЛ. Тым не менш, заслугі перад дзяржавай былі адзначаны каралём польскім і вялікім князем літоўскім Станіславам Аўгустам Панятоўскім: 7 верасня 1793 года ён быў узнагароджаны ордэнам Белага Арла.

Перад пачаткам трагічнага Гродзенскага сойму (17 чэрвеня 1793 г.) Іахім Храптовіч паехаў на лячэнне ў Карлсбад у Аўстрыі. Вярнуўшыся ў 1795 годзе на радзіму, канчаткова пасяліўся ў Варшаве, адышоў ад дзяржаўных спраў і захапіўся літаратурнай і навуковай працай. Пісаў вершы на польскай і беларускай мовах, артыкулы на сельскагаспадарчыя тэмы.

Менавіта ў прыватнай дзейнасці Іахіма Храптовіча найбольш яскрава выявіліся яго выдатныя здольнасці і энцыклапедычныя веды. Засвоіўшы прагрэсіўныя заходнееўрапейскія ідэі і досвед, амаль адразу пасля смерці бацькі (1766) і атрымання спадчынных маёнткаў пачаў упарадкоўваць сваю сельскую рэзідэнцыю – сядзібу Шчорсы – галоўны адміністрацыйна-гаспадарчы цэнтр усіх маёнткаў, а таксама рэарганізоўваць панскую гаспадарку ў фальварках і асабліва сістэму карыстання зямлёй сялянамі. Граф Храптовіч быў буйным землеўласнікам: на 1799 год толькі ў маёнтку Шчорсы было 25 вёсак з 505 сялянскімі гаспадаркмі. У сваіх маёнтках у Шчорсах і Вішневе Храптовіч паншчыну замяніў чыншам; у Шчорсах пабудаваў палацава-паркавы ансамбль, школу, уніяцкую царкву, заснаваў бібліятэку (прывёз да 20 000 кніг з усёй Еўропы).

Іахім Ігнацы Літавор Храптовіч памёр на 84-м годзе жыцця, 4 сакавіка 1812 года. Пахаваны ў Варшаве ў касцёле капуцынаў.

Аўтар: Біч Таццяна Анатольеўна

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
  • 5
    Падзяліліся