Юрый Радзівіл - «Літоўскі Геркулес»

«Літоўскі Геркулес»

У абароне Айчыны ад захопнікаў з усходу і поўдня праславіўся князь Юрый Радзівіл. Лаўры пераможца даставаліся яму ў трыццаці бітвах.

Сучаснікі так і называлі яго - Victor, што ў перакладзе з лаціны азначае «пераможца». Юрай Радзівіл заслужыў таксама ганаровае імя «літоўскі Геркулес».

У 1511 г. ён разам з князем Юр'ем Слуцкім і кіеўскім ваяводам Андрэем Неміровічам (які паходзіў з Наваградчыны) у выніку начнога нападу на татарскі лагер вызваліў некалькі тысяч палонных ліцьвіноў. Праз год Радзівіл удзельнічаў у пераможнай бітве пад Вішняўцом, а затым вызначыўся ў знакамітым разгроме маскоўцаў пад Воршай (8 верасня 1514 г.).

На чале шляхоцкага рушання ў 1519 г. Юрай Радзівіл спыніў пад Крэвам маскоўскае войска, якое рвалася да Вільні. У тым самым годзе ён з уласным рыцарскім аддзелам дапамагаў Польшчы ў вайне з Тэўтонскім ордэнам. Невялікі корпус «літоўскага Геркулеса» ўзяў варожыя замкі Голанд, Брандэнбург, Любаву і змусіў крыжакоў прасіць міру. Атрымаўшы пры канцы жыцця булаву вялікага гетмана, князь Юрый вызваліў ад маскоўскіх заваёўнікаў Гомельскую і Старадубскую землі.

Гравюра з «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваніні. 1581 г.

У бітве польска-вугорскага войска з арміяй турэцкага султана і ягоных васалаў пад Варнай у 1444 г. сілы хрысціянаў былі разгромленыя, а сын Ягайлы польскі кароль Уладзіслаў III загінуў. Пасля гэтага татарскія наезды на нашую дзяржаву зрабіліся больш частымі. Гравюра з «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваніні. 1581 г.

Юрый Радзівіл стаў заснавальнікам біржаўска-дубінкаўскай галіны роду Радзівілаў, якая дала шмат выдатных вайсковых і дзяржаўных дзеячоў. Ягоная дачка Барбара - жанчына незвычайнай прыгажосці і трагічнага лёсу - была жонкай вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, а сын Мікалай, названы Рудым, гэтаксама застаўся ў гісторыі як мужны абаронца нашай краіны ад ворагаў.

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012