Князь тураўскі Святаполк

Тураўскае княства ўтварылася на тэрыторыі паўднёвай Беларусі ў басейне Прыпяці і яе прытокаў. Сталіца княства – горад Тураў (мабыць заснавана князем Турам) згадваецца ў летапісах пад 980 г. Да канца X ст. Тураўскае княства развівалася як самастойнае. Тут кіравала дынастыя князёў. З канца X ст. у Тураве княжыць сын Вялікага князя Кіеўскага Святаполк, які вёў барацьбу за самастойнасць княства.

Наўгародскі першы летапіс лічыць Святаполка трэцім па старшынстве сярод сыноў Уладзіміра — пасля Вышаслава і Ізяслава (хоць у “Аповесці мінулых часоў” перад Святаполкам пастаўлены Яраслаў). У цяперашні час факт старшынства Святаполка перад Яраславам даказаны. Старэйшы з братоў, Вышаслаў, атрымаў княжанне ў Наўгародскай зямлі — другой па значэнню на Русі пасля Кіеўскай. Ізяславу была вернута Полацкая зямля (як спадчына яго дзеда па маці, князя полацкага Рагвалода). Святаполк у 9—10-гадовым узросце атрымаў княжанне ў Тураўскай зямлі. Яраслаў стаў князем растоўскім.

Пасля смерці Ізяслава (1001) і Вышаслава (каля 1010) Святаполк застаўся старэйшым сярод сыноў Уладзіміра. Яраслаў перайшоў на княжанне ў Ноўгарад.

Святаполк займаў тураўскі пасад прыблізна з 988 г., яго землі межавалі з Польшчай, і верагодна, таму менавіта яго выбраў Уладзімір ў якасці кандыдата на шлюб з польскай княжной.

Вяселле Святаполка і дачкі Баляслава Храбрага. Я. Матэйка, 1892
Пячатка Святаполка.

Вельмі паказальныя падзеі адбыліся каля 1013 г. у Тураве. Праўда, яны чамусьці не знайшлі свайго адбіцця ў кіеўскім летапісанні, і звесткі пра іх дайшлі да нас з чужаземных крыніц, а менавіта з «Хронікі» Дзітмара, біскупа мерзебургскага. Нам ужо вядома, што князем у Тураве быў пастаўлены Святаполк, адзін з сыноў Уладзіміра Святаславіча. Дзесьці ў прамежку 1008—1013 гг. Святаполк ажаніўся з дачкою польскага караля Баляслава. Даследчыкі бачаць у гэтым, з аднаго боку, імкненне Уладзіміра замацаваць за сабою заваяванае ў палякаў (у такім выпадку маюць большую рацыю тыя, хто адносіць гэты шлюб да 992 г., бо тады Уладзімір заваяваў Чэрвенскія гарады), а з другога боку — імкненне Баляслава з дапамогай зяця ўзмацніць свой уплыў на ўсходзе.
Паводле Дзітмара, разам з жонкай Святаполка ў Тураў прыехаў і яе духоўнік, калабражскі біскуп Рэйнберг, задачай якога хутчэй за ўсё і было садзейнічаць пранікненню і пашырэнню інтарэсаў Баляслава. Ён нібыта зблізіўся з Святаполкам і з ведама Баляслава пачаў падбухторваць тураўскага князя да прыняцця лацінства і выступлення супроць бацькі. Але апошні даведаўся пра гэта і пасадзіў Святаполка ў цямніцу разам з жонкай і Рэйнбергам. Баляслаў у адказ на гэта збіраўся ісці супроць Уладзіміра, але з-за разладу з печанегамі паход прыпыніўся, магчыма, прычынай гэтага была і згода Уладзіміра на патрабаванне Баляслава вызваліць Святаполка.

Старая гістарыяграфія гэтыя падзеі разглядала толькі ў святле кіеўска-польскай барацьбы. Але ніяк нельга забывацца і пра інтарэсы Турава. Калі Полацку належала вырашальная роля ў барацьбе Кіева і Ноўгарада, то Тураў займаў такое ж месца ў барацьбе Кіева з Польшчай. Але як Полацк меў свае ўласныя інтарэсы і вёў сваю ўласную палітыку, выкарыстоўваючы супярэчнасці Кіева і Ноўгарада, так і Тураў, нягледзячы на сваю залежнасць ад Кіева, таксама ніколі не забываўся пра свае інтарэсы і дзеля задавальнення іх мог іграць на супярэчнасцях Кіева і Польшчы і найперш уздзейнічаць на палітычныя паводзіны Святаполка. Пацверджаннем гэтаму можа быць і тое, што Святаполк і пасля, як быў выведзены з Турава, па-ранейшаму заставаўся яго князем, і, што самае важнае, ён падтрымліваў зносіны са сваімі прыхільнікамі тут. У час барацьбы з Яраславам ён збіраў, паводле Суздальскага летапісу, «вояў» у Тураўскай зямлі («в Пиньску»). У Дзітмара ёсць паведамленне, што Яраслаў, ваюючы з Святаполкам, заняў нейкі горад, пад якім, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, трэба бачыць Тураў , што як быццам можа даказваць падтрымку гэтым горадам Святаполка. Хаця ўсё гэта не мае цвёрдага грунту, аднак магчымасць такога таксама нельга поўнасцю адмаўляць. Ва ўмовах гвалтоўнага далучэння паасобных гістарычных земляў пад уладу Кіева і назначаныя туды сыны вялікага князя маглі лёгка пранікацца мясцовымі інтарэсамі і станавіцца іх праваднікамі. Нават Яраслаў (стаўшы вялікім князем кіеўскім, ён жорстка караў за сепаратызм), седзячы ў Ноўгарадзе, рыхтаваў аддзяленне апошняга ад Кіева. Што ўжо тады гаварыць пра Святаполка, які сядзеў хоць і ў блізкай да Кіева зямлі, але вельмі ізаляванай ад яго прыроднымі ўмовамі, якая не магла не адчуваць усяго цяжару залежнасці.

Але якімі б для нас няяснымі і спрэчнымі ні былі падзеі 1013 г., у іх упершыню выявіліся вельмі важныя моманты нашай гісторыі: імкненне Турава да адасаблення ад Кіева, што пацвердзіць яго далейшая гісторыя; гэта першы зарэгістраваны крыніцамі факт суперніцтва Русі і Польшчы за адну з беларускіх земляў. У далейшым яно стане адным з неспрыяльных фактараў нашай гісторыі, які знаходзіцца ў шчыльнай сувязі з папярэднім — пачаткам барацьбы лацінства і праваслаўя за перавагу ў асяроддзі беларускага насельніцтва.

Непасрэдна з барацьбой Яраслава і Святаполка звязана і першае ўпамінанне горада Берасця (суч. Брэст). Іпацьеўскі летапіс паведамляе, што ў 1019 г. Святаполк, пацярпеўшы паражэнне ў барацьбе за велікакняскі пасад, уцякае за межы дзяржавы і на некаторы час спыняецца ў Берасці. На падставе гэтага даследчыкамі выказваецца меркаванне, што гэты горад з’яўляўся апошнім пунктам перад «ляцкай зямлёй» і што ён, пабудаваны на зямлі, скаланізаванай дрыгавічамі, першапачаткова ўваходзіў у склад Тураўскага княства. Археалагічныя матэрыялы дазваляюць датаваць перадмацерыковыя пласты старажытнага гарадзішча рубяжом X—XI стст. Узнікненне горада на мысе пры ўпадзенні Мухаўца ў Зах. Буг было абумоўлена яго значэннем як пагранічнай крэпасці і апорным пунктам славянскага асваення навакольнай тэрыторыі. Адначасова ён меў і важнае гандлёвае значэнне. Парубежнае становішча Берасця прыводзіла да таго, што горад з самага пачатку сваёй гісторыі стаў аб’ектам заваёўніцкіх нападаў з розных бакоў. Так, ужо непасрэдна з барацьбой Яраслава і Святаполка звязана і першае ўпамінанне горада Берасця (суч. Брэст). Іпацьеўскі летапіс паведамляе, што ў 1019 г. Святаполк, пацярпеўшы паражэнне ў барацьбе за велікакняскі пасад, уцякае за межы дзяржавы і на некаторы час спыняецца ў Берасці. На падставе гэтага даследчыкамі выказваецца меркаванне, што гэты горад з’яўляўся апошнім пунктам перад «ляцкай зямлёй» і што ён, пабудаваны на зямлі, скаланізаванай дрыгавічамі, першапачаткова ўваходзіў у склад Тураўскага княства.

Пасля смерці Ўладзіміра 15 ліпеня 1015 года Святаполк апынуўся бліжэй за ўсіх іншых братоў да Кіева, выйшаў на свабоду і без асаблівых цяжкасцяў ўступіў на прастол; яго падтрымаў і народ, і баяры, якія складалі яго асяроддзе ў Вышгарадзе.

У Кіеве Святаполк выпусціў срэбранікі (вядома 50 такіх манет), падобныя на срэбранікі Уладзіміра. На адным баку — выява з кругавым надпісам «Святаполк на стале [троне]». На адваротным баку княскі знак і надпіс: «А се его серебро» («А гэта яго серабро»). На некаторых манетах Святаполк называецца сваім хрысціянскім імём Петрас альбо Петор.

Паводле АМЧ, Святаполк у 1015 г. загадаў наёмным забойцам забіць сваіх канкурэнтаў на ўладу, сыноў Уладзіміра — князя растоўскага Барыса, князя мурамскага Глеба і князя драўлянскага Святаслава (Святаслаў загінуў падчас уцёкаў за мяжу). За гэта Святаполк атрымаў у летапісу мянушку Акаянны. У адказ Яраслаў выступіў з наўгародскім войскам на Кіеў. У бітве каля г. Любеч (1015 ці 1016) Святаполк пацярпеў паражэнне і ўцёк да цесця ў Польшчу. Вялікім князем кіеўскім стаў Яраслаў.

Баляслаў Храбры і Святаполк ля Залатых варот Кіева. Я. Матэйка

Іншае тлумачэнне дае ісландская «Сага аб Эймундзе», якая распавядае пра службу ў «Ярыцлейва» (Яраслава) князя-варага Эймунда Хрынгсана. Паводле яе, асноўным праціўнікам Ярыцлейва ў Любецкай бітве быў «Бурыцлейв» (Барыс?); праз 2 гады пасля бітвы Бурыцлейв быў забіты Эймундам па загадзе Ярыцлейва.

У 1018 г. войскі Святаполка і Баляслава ў бітве каля г. Берасце разбілі дружыну Яраслава. Святаполк зноў заняў кіеўскі трон, але ненадоўга. Наўгародскае войска Яраслава падыйшло да Кіева і прымусіла Святаполка ўцячы.

У 1019 г. Святаполк вадзіў на Кіеў войска печанегаў, у бітве на р. Альта (сучасн. Кіеўская вобл.) пацярпеў паражэнне. Згодна Наўгародскаму першаму летапісу, пасля бітвы на Альце Святаполк збег да печанегаў, і далейшы яго лёс не паказаны.

Пасля Святаполка Тураўскае княства увайшло ў склад Кіеўскага і тураўскім князям пачаў лічыцца кіеўскі князь Яраслаў.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
  • 4
    Падзяліліся