Усходнія крэсы

Не магу зразумець нашых заходніх суседзяў, бо яны спяць і сняць аб усходніх крэсах. Так яны называюць Заходнюю Беларусь, Заходнюю Украіну і частку Летувы. Палякі лічаць гэтыя тэрыторыі этнічна польскімі.

Як жа польскімі? Была Польская Карона, было Літоўскае Княства.  Цяжкія ваенныя выпрабаванні вымусілі ВКЛ шукаць дапамогу ў Польшчы, якая, у сваю чаргу, не спяшалася, бо мела намер далучыць яго да сабе. У выніку 1 ліпеня 1569 г. была падпісана Люблінская ўнія аб федэрацыйным яб’яднанні Кароны і Княства ў Рэч Паспалітую Абодвух Народаў. Вядома, для ВКЛ умовы уніі ганебныя. У тым ліку асобнымі актамі Польша далучае да сабе Падляшша (Берасце і Гародня заставаліся ў складзе ВКЛ) і амаль усю Украіну. Сталася так, што далучэнне вялікай тэрыторыі Польчшу не ўзмацніла, а больш аслабіла. Але гэта ўжо іншае. Нягледзячы на відавочна прапольскі характар, дэклараванне ўсё ж такі было роўнасці саюзу. Леў Сапега, падканцлер ВКЛ, зрабіў вялікую заканадаўчую працу, каб маць афіцыйнае падцвярджэнне самастойнасці Вялікага Княста, і, як вынік, Жыгімонт III Ваза, кароль польскі і вялікі князь літоўскі, зацвердзіў Статут 1588 г., тэкст якога ігнараваў акт Люблінскай уніі і замацоўваў незалежнасць ВКЛ.

Вядома, польскі ўплыў быў дамінуючы і паланізацыя рабіла ж сваё. Але ж гэта датычыцца шляхты ВКЛ, а не сялянства. Ды і сама шляхта добра ведала пра свае беларускія карані, вось толькі палітычныя матывы і ўнутрыдзяржаўныя абставіны прываблівалі станавіцца палякамі.

Канстытуцыя 3 траўня 1791 г. ці Ustawa rządowa (першая ў Еўропе і другая ў свеце) – важная ступень у жыцці РП. Новы асноўны дзяржаўны закон прывязваў яшчэ больш Літву з Польшчай. 20 кастрычніка 1791 г. быў прыняты, як дадатковая інструкцыя да Канстытуцыі, закон «Узаемныя заручыны абодвух народаў», які зацвярджае, што унія Польскай Кароны і Вялікага Княства захоўваецца, і што Рэч Паспалітая не ператвараецца ва ўнітарную дзяржаву. Так, агульная дзяржава прапісвалася як Рэч Паспалітая Польская, пры гэтым уводзілася роўнае прадстаўніцтва ад Польскага Каралеўства і ВКЛ ва ўладных структурах федэрацыі, што ліквідавала ранейшыя дыспрапорцыі. Зноў жа вядома, што палякі цягнулі коўдру на сябе, але шмат чаго не дазваляе казаць, што Рэч Паспалітая Абодвух Народаў дае абставіны лічыць усіх літвінаў палякамі і ў першай палове ХХ ст. зваць іх усходнімі крэсамі.

Так ці інакш, адбыліся падзеі 1772, 1793 і 1795гг., па вынікам якіх Расейская Імперыя атрымала больша за 60% тэрыторый РП (а гэта больш за 400 тыс. кв.км.) і ўсе беларускія землі былі падпарадкованы Санкт-Пецярбургу.

Аб характару “брацкага ўз’яднання” і асаблівасці расейскай акупацыі на беларускіх землях тут пісаць не будзем. Цяжкі перыяд Першай сусветнай і каля 20-ыя гады, пошукі і спробы ўтварэння беларуская дзяржаўнасці і ў выніку расейскі прыгнёт на беларускіх землях змяніўся савецкім. Па Рыжскаму дагавору ад сакавіка 1921 г. і далучэннем Сярэдняй Літвы ў красавіку 1922 г. заходняя часка беларускіх зямель (ў тым ліку Віленшчына і Беласточчына) адыходзіць Польшчы, у складзе якой яны прабылі да 1939 г. Умовы жыцця беларусаў тамака таксама вядомыя: прымусовая паланізацыя, асіміляцыя і асаднікі (за час 1921-1939 гг. – у заходнюю Беларусь з этнічных польскіх земляў перасяліліся каля 300 тысяч асаднікаў), Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер (дарэчы, савецкі падыход ў адлюстраванні гісторыі: нам казалі, што гэта Чырвоная Армія вызваліла зняволеных, а потым высветлілася, што ўноч на 18 верасня 1939 г. ахова лагера разбеглася і людзі проста разышліся да моманту савецкага выратавання і вызвалення). Лёс беларусаў несалодкі і ператварэнне ў палякаў незайздроснае.

Лінія Керзона
Лінія Керзона

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, адыходу Беласточчыны ды часткі Гарадзеншчыны, Берасцейшчыны і распаду Савецкага Саюзу, маем сённяшнюю Рэспубліку Беларусь. Дык я аб тым, што дзе Польшча знайшла ўсходніх крэсаў? Ці гэта за 17-18 гадоў міжваеннага часу, калі этнічна беларускія землі ўваходзілі ў т.зв. Другую Рэч Паспалітую, беларускае насельніцтва перарадзілася ў палякаў? Вось маем расейскі перапіс на мяжы XIX-XX стст. І маем большасць беларусаў, а палякі маюць перапіс ад 1931 г., дзе не было пытання аб нацыянальнасці, але было пытанне пра мову і канфесію, і за 30 гадоў дзіўным шляхам, як грыбы пасля даджу, на гэтай жа тэрыторыі масава з’яўляюцца “этнічныя” палякі, прычым замест беларусаў. Пры гэтым нават на польскіх мапах яскрава бачна лінія, якая на захад мае выразны польскі этнічны склад, а на ўсход – польскую добрую меншасць (што суадносіцца да мяжы Польскай Кароны з ВКЛ). Але ж галоўная ўвага на такіх мапах не ўдзельная вага, а, здаецца, проста распаўсюджванне ці то палякаў, ці то беларусаў-каталікоў у Беларусі. І з распаўсюджвання робіцца вынік аб польскай этнічнасці (бадай перавазе). Дык беларусы і ў Маскве, і у Берліне ёсць, але казаць пра беларускасць гэтых гарадоў – поўнае глупства.

Тэрмін “усходнія крэсы” вырастае менавіта з 1921-1939 гг. Вось на такім аргуменце стаіць польскае бачанне Трэцяй Рэчы Паспалітай наконт беларускіх зямель. Магчыма, разумеючы, што такі адрэзак часу несур’езны для падобных тэрытарыяльных прэтэнзій, палякі трымаюць тэзіс, што гэта былая польская вотчына, якая ўваходзіла яшчэ ў Рэч Паспілітую, якую, у сваю чаргу, палякі бачаць амаль не выключна як польскую дзяржаву. Часам здаецца, што палякі лічаць ВКЛ сваімі ўсходнімі крэсамі (ускраінамі) яшчэ ад Крэўскай уніі 1385г., калі Польшча была разы ў тры меньш за Вялікае Княства.

Так што, як мінімум, наступныя беларускія гарады нашай заходняй суседкай лічацца польскімі: Wilno, Grodno, Nowogrodek, Baranowicze, Bresc, Pinsk. Цяжка зразумець гістарычную логіку, але цяжэй за ўсё зразумець за Вільню, якая з’яўлялася сталіцай ВКЛ у часы Рэчы Паспалітай. Польскай сталіцай да 1610г. быў Кракаў, пасля – Варшава. Гэта ж калі ў саюзе Абодвух Народаў Польшча займела дзве сталіцы, прычым адну з іх у ВКЛ? Ці этнічнасць Віленшчыны карэнным вобразам змянілася ў часы жыцця ў складзе Расейскай Імперыі ў польскі бок?

Польшча да Ўсходніх Крэсаў падыходзіць вельмі сур’ёзна. Так з апошняга шумнага і дэманстратыўнага: у лістападзе 2017 г. ў аэрапорце Варшавы з нагоды Дня незалежнасці Польшчы з’явіліся банеры з выявай карты, згодна з якой ў 1918 г. Польшчы належылі Браслаў, Вільня, Гародня, Берасце, Баранавічы, Пінск, Маладзечна, Львоў, Роўна, Тэрнопіль, Івана-Франкоўск. На банеры ангельскі(!) надпіс “Польшча набывае сваю незалежнасць пасля 123 гадоў”. А ў жніўні 2017 г. стала вядома задумка палякаў размясціць на старонках новага паспарту, які плануецца ўвесці ў 2018 г. з нагоды стагоддзя польскай незалежнасці, аб’екты, якія зараз знаходзяцца па за межамі Польшчы, у тым ліку Вострую Браму – гістарычную славутасць Вільні. Брама была пабудавана ў ВКЛ яшчэ ў першай чвэрці XVI ст. – да Рэчы Паспалітай. Навіна ад студзеня 2018 г. распавядае, што палякі назавуць свае новыя караблі ў гонар гарадоў: Lwów, Tarnopol, Wilno. Вось такая тэхніка “мяккага пераканання”.

© Васілька, (традыцыйна па-беларуску) спадар з-пад Вільні

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии