Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага

Ідэя аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага - вядома, ужо ў новых формах і на іншай аснове - працягвала жыць і на пачатку XX ст. Спадзяванням на ажыдцяўленне такога праекта спрыялі падзеі Першай сусветнай вайны, якая актывізавала на Еўрапейскім кантыненце нацыянальныя рухі паняволеных народаў і іхнае імкненне да незалежнасці.

Беларусі вайна прынесла велізарныя чалавечыя ахвяры і разбурэнні, звязаныя як з баявымі дзеяннямі, гэтак і з тактыкай «выпаленай зямлі», што выкарыстоўвалася тут расейцамі. Пасля гвалтоўнай эвакуацыі насельніцтва ўглыб імперыі на Віленшчыне яго колькасць зменшылася на 22 %, на Берасцейшчыне - на 44 %, а на Гарадзеншчыне - больш чым напалову. На ўсход найперш высялялі праваслаўных беларусаў і не мабілізаваную ў войска інтэлігенцьію. У выніку тут узніклі спрыяльныя ўмовы для паланізацыі краю праз польскі касцёл. Палякі планавалі далучыць «крэсы» да сваёй будучай дзяржавы, летувісы выношвалі ўласныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі.

У такіх умовах беларускія нацыянальныя лідары зрабілі стаўку на рэалізацыю ідэі Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага - стварэння на абшары колішняга Княства супольнай дзяржавы. Адным з ініцыятараў стаў выдатны дзяяч беларускага Адраджэння Антон Луцкевіч.

9 снежня 1915 г. быў апублікаваны ўніверсал Канфедэрацыі. Ён паведамляў, што галоўная мэта праекту ў тым, каб беларускія і летувіскія землі, якія здаўна прыналежалі да Вялікага Княства Літоўскага, а цяпер апанаваныя нямецкімі войскамі, станавілі ў новых гістарычных умовах «непадзельнае цела» на грунце незалежнасці Летувы і Беларусі як суцэльнай дзяржавы, забяспечваючы ўсім нацыям у яе межах усе правы. Вызначэнне нутранога ладу будучай краіны ўскладалася на Устаноўчы сойм у сталіцы - Вільні.

У склад дзяржавы меркавалася ўлучыць Віленскую і Ковенскую, а таксама часткі Гарадзенскай, Сувалкаўскай, Менскай і Курляндскай губерняў.

Улетку 1916 г. Беларускі народны камітэт на чале з Антонам Луцкевічам прапанаваў ідэю больш шырокага дзяржаўнага ўтварэння ад Балтыйскага да Чорнага мора. Гэтыя «Злучаныя Штаты» павінны былі складацца з Беларусі, Летувы, Латвіі і Украіны. Замест адной дзяржавы з аўтаномнымі тэрыторыямі планавалася стварыць канфедэрацыйны альянс незалежных дзяржаваў.
У 1917 г. беларускія арганізацыі працягвалі выступаць за ўтварэнне Беларуска-Летувіскай дзяржавы, прычым рабілі гэта, нягледзячы на пазіцыю Летувіскай тарыбы (Рады), што заявіла аб прэтэнзіях на беларускія землі. Ідэю такой дзяржавы падтрымаў у верасні 1917 г. Беларускі нацыянальны камітэт у Менску.

Пры канцы студзеня 1918 г. у Вільні прайшла Беларуская канферэнцыя, якая прыняла рэзалюцыю аб імкненні стварыць незалежную суверэнную дэмакратычную дзяржаву з дзвюх асноўных нацыянальных тэрыторыяў - беларускай і летувіскай, «у найцяснейшай еднасці з Курляндыяй».

Курс беларускіх арганізацыяў на дзяржаўнае адзінства з Летувой, Латвіяй, а ў перспектыве і з Украінай вызначалі найперш эканамічныя прычыны, у прыватнасці неабходнасць мець выйсце да мора, а таксама патрэбы нацыянальнай абароны.

Аднак погляды кіраўнікоў летувіскага і беларускага нацыянальных рухаў усё больш разыходзіліся. На пачатку 1918 г. была абвешчаная незалежнасць Летувы, а затым - Беларускай Народнай Рэспублікі, пасля чаго пытанне пра канфедэрацыю ўжо не ўздымалася.

© У. Арлоў
"Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012