Мангола-татарскае нашэсце

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

На странице http://teplobaza72.ru/good_cat/schetchik-betar/ счетчик воды Бетар в Тюмени.

Гісторыя пакідае свае аўтографы ў матэрыяльнай культуры, назвах мясцін і паселішчаў, летапісных радках, дакументах, паданнях і легендах, а таксама ў гістарычных песнях. Вядомы расійскі вучоны-фалькларыст У.Я.Проп пісаў: “Гістарычная песня існуе калі не як жанр, то як сума некалькіх розных жанраў розных эпох і розных форм, аб’яднаных гістарычнасцю свайго зместу”. У гістарычнай песні пераважае не столькі сам змест, апавяданне пра гістарычную падзею ці яе асэнсаванне, а яе эмацыянальнае ўспрыманне, душэўнае перажыванне. І бывае так, што сюжэт песні не адпавядае фактам. Напрыклад, у беларускіх песнях кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г. Тадэвуш Касцюшка загінуў у вайне з “Масквой”. На самай справе ён быў паранены і трапіў у палон. Памёр ён толькі ў 1817 г.

Такое “вольнае” абыходжанне з рэальнай падзеяй дапускае сам жанр народнай песні з яе метафарычнасцю, умоўнасцю, каб больш вобразна і эмацыянальна паказаць значэнне подзвігу Касцюшкі, параўнаць яго з адважнымі воінамі, абаронцамі народа. Гістарычныя песні паказваюць стаўленне народа да той ці іншай падзеі, асобы.

У гістарычных песнях беларускі народ расказаў пра сваё змаганне з татарамі, туркамі і маскоўцамі – з усімі тымі, з кім давялося не раз ваяваць. Запісы беларускіх песень этнографы вядуць з пачатку ХІХ стагоддзя, але надрукаваць іх было цяжка. Існавала цэнзура. Вёўся пэўны адбор. Многія песні захоўваліся толькі ў прыватных архівах.

Беларускіх гістарычных песень дайшло да нас няшмат. Гэта было адзначана яшчэ Я.Карскім у 1916 г.: “Старыны”, або, як звычайна называюць іх, “быліны”, зусім не вядомы беларусам. У шматлікіх зборніках народных твораў гэтага племені, як ужо неаднаразова адзначалася рознымі вучонымі, дарэмна было б шукаць старын. Толькі ў запісах, зробленых у мясцовасцях, памежных з вялікарускімі, у апошні час адзначаны нейкія рэшткі гістарычных песень”.

Прычыну гэтай з’явы пісьменнік Максім Гарэцкі бачыў у тым, што беларусы былі пазбаўлены кіраўніцтва сваім гістарычным жыццём. “Былі войны,- піша М.Гарэцкі,- былі розныя выдатныя гістарычныя падзеі ў краі, але яны блізу не адбіліся ў дайшоўшай да нас вуснай паэзіі або забыліся пазнейшымі пакаленнямі. Справа ў тым, што народ не ведаў, за што і нашто ён б’ецца, ці, лепей кажучы, не адчуваў гістарычных падзей, не прымаў іх к сэрцу настолькі, каб у яго пачалася ідэйная вусная творчасць у гэтым кірунку. І толькі змаганне з панамі ў форме казацкіх паўстанняў ці супроць панскіх выступленняў адважных адзінак кінула большы след у нашых песнях і казках гістарычнага характару. Гістарычнымі падзеямі жылі толькі паны. А паны з 16-га веку перайшлі на чужую мову і чужыя звычаі”. З думкай М.Гарэцкага нельга не пагадзіцца, але пры гэтым трэба ўлічваць, што ў вуснай творчасці беларусаў галоўнае месца заўсёды займала каляндарна-абрадавая і сямейна-абрадавая паэзіі, а ў пазаабрадавай паэзіі пераважалі любоўныя, лірычныя, жартоўныя песні. Гэта натуральна, бо народ жыў не гістарычнымі падзеямі, а сваім штодзённым жыццём.

Аднак не варта абвінавачваць беларусаў у бяспамяцтве. Бытавалі ў іх і эпічныя творы: гістарычныя песні, казкі, радзей быліны. Польскі храніст Станіслаў Сарніцкі, які ў ХVІ ст. пабываў у Беларусі, пісаў, што тут шырока бытуюць песні і паданні пра “герояў, якіх называюць волатамі або паўбагамі”. З таго далёкага стагоддзя да нас дайшлі некалькі гістарычных песень: “Ідзе Вітаўт па вуліцы”, “Песня пра бітву пад Воршай”, “Падымалісь чорны хмары”, “Ой, у горадзе Магілёве дымам пацягнула”.

Пры гэтым нагадаем ўспаміны беларускага пісьменніка Юркі Віцьбіча: “Калісьці ў Віцебску на Сёмуху каля бабінцу Чорнае Тройцы, што на Пескаваціку, давялося мне пачуць сьляпога старца-лерніка. Адсунуўшы назад торбу, перабіраючы пальцамі рукі клявішы і круцячы правай корбу, ён у такт лерным гукам пяяў:

Падымалісь чорны хмары,
Неба пакрывалі.

І пяяў ён ня голасна, і самы голас, падбіты старасьцю, дрыжэў, але гэтулькі пачуцьця ўкладаў музыка ў сваю песьню, што здавалася ягоныя нявідушчыя вочы бачаць і хмары, і полымя, і даўную зацятую бітву. І можа ні адзін наш музычны інструмант гэтак не адпавядаў ягонай песьні, як задуменная, засмучоная лера.

Прыхадзілі злы татары,
Пад Крычавам сталі.

Даўно ўжо парасла пустазельлем магіла таго дзеда. Ніхто ня пераняў ягоную забароненую леру. Аднак ўсёроўна досыць толькі прыгадаць сваю краіну, як загучыць у душы бясконца, зачэпляная ў ёй калісьці лернікам, струна:

Запалілі стары Крычаў,-
Канцы запылалі….”

Нас сярод згаданых вышэй гістарычных песень больш за ўсё, натуральна, цікавіць народны эпічны твор “Падымалісь чорны хмары”. Гэта песня здаўна перадавалася з пакалення ў пакаленне на нашай малой радзіме і была запісана фалькларыстамі ў ХІХ ст. Але ж, з самага пачатку ўзнікла праблема датавання зафіксаванага навукоўцамі эпічнага твора. Адразу перад даследчыкамі паўсталі пэўныя пытанні. Да якога часу яна адносіцца? Калі была складзена і на падставе якіх гістарычных падзей? На жаль, дакладных адказаў на гэтыя пытанні мы не маем да сённяшняга дня. У сувязі з гэтым мы разгледзім спачатку існуючую гіпотэзу, а затым паспрабуем выказаць і абгрунтаваць сваю версію паходжання гістарычнай песні “Падымалісь чорны хмары”.

Перш за ўсё прывядзём поўны тэкст песні:

Падымалісь чорны хмары,
Неба пакрывалі,
Прыхадзілі злы татары ,
Пад Крычавам сталі.
Запалілі стары Крычаў,
Канцы запылалі...
Наш Івашка падымаўся,
Людзі ў рады сталі.

Палілася кроў, змяшалась
З чорнаю зямлёю,
Злы татары падаліся
Уцякаць гурбою.
А Івашка гоніць, гоніць,
Голасна смяецца,
Што татарва уцякае,
Аж хахол трасецца!

Да сённяшняга дня ў гстарычнай навуцы пануе думка, што землі Беларусі пазбеглі мангола-татарскага пагрому сярэдзіны ХІІІ ст. Але ў святле апошніх даследаванняў, праведзеных у Гомелі і Магілёве мясцовымі вучонымі-археолагамі А.Макушнікавым і І.Марзалюком, гэта думка ўжо не здаецца бяспрэчнай. Падчас раскопак тут археалагічна прасочаны сляды штурму і знішчэння гарадоў татарамі як раз у сярэдзіне ХІІІ ст. Такім чынам, усталяваўшаяся раней у навуцы гіпотэза, якая амаль што ператварылася ў догму, зараз небезпадстаўна падвяргаецца сумненню.

Вядомы беларускі гісторык і археолаг Андрэй Мяцельскі, аўтар кнігі “Старадаўні Крычаў”, спасылаючыся на апошнія адкрыцці сваіх калег, звязвае з’яўленне гістарычнай песні “Падымалісь чорны хмары” з магчымым разбурэннем старажытнага Крычава мангола-татарамі ў сярэдзіне-другой палове ХІІІ ст. Вось што піша А.Мяцельскі ў сваёй кнізе “Старадаўні Крычаў”:

“Цікавым падаецца вершаванае паданне аб спусташэнні Крычава татарамі.

Улічваючы, што раён “старога” Крычава, які згадваецца ў паданні, верагодна, і ёсць гарадзішча Гарадзец, што нанава пачало засяляцца толькі з ХVІІ ст., а татарскія прарывы пад Крычаў у гэты час у крыніцах не фіксуюцца, можна меркаваць, што паданне адносіцца да часу папярэдняга адначаснага існавання двух паселішчаў - гарадзішча Гарадзец і Замкавай гары (другая палова ХІІ- пачатак ХІV ст.). Верагодна, у сярэдзіне - другой палове ХІІІ ст. адбыўся набег мангола-татар на Пасожскія раёны Смаленскай зямлі, у выніку якіх і быў спалены стары Крычаў, што і знайшло адлюстраванне ў паданні, якое з часам прыняло вершаваную форму.

Яшчэ адна цікавая інфармацыя, якую можна атрымаць з гэтага невялікага падання і якая знаходзіць археалагічнае пацверджанне,- наяўнасць у Крычаве складанай тапаграфічнай структуры – канцоў, пасадаў, якія існавалі каля Гарадца і на Спаскай гары.”

Меркаванне А.Мяцельскага, канешне, заслугоўвае ўвагі. Але, у выніку археалагічных раскопак, якія ён некалькі гадоў вёў у Крычаве і яго наваколлях, не было знойдзена ніводнага артэфакта, які б меў дачыненне да мангола-татар: ні татарскіх стрэл, ні рэшткаў ваеннай амуніцыі. Падчас даследаванняў выяўлены толькі сляды моцнага пажарышча на гарадзішчы “Гарадзец”, датуемыя ХІІІ ст. Але гэты факт не можа быць яскравым доказам разбурэння Крычава мангола-татарамі ў сярэдзіне-другой палове ХІІІ ст. Пажар мог адбыцца на Гарадцы і без удзелу качэўнікаў.

Вясной 2012 года на заходняй ускраіне Крычава быў выпадкова знойдзены фрагмент срэбранай манеты крымскага хана Менглі-Гірея. Гэта цікавая знаходка падштурхнула нас да вывучэння асобы ўладара Крымскага ханства.Татарскі хан

Менглі-Гірэй (Герай) (1448-1515) - крымскі хан у 1468-1515 гг., з дынастыі Гірееў, шосты сын заснавальніка Крымскага ханства Хаджы-Гірея, які адлучыўся ў 1443 годзе ад Залатой Арды. Пра юнацкія гады Менглі-Гірея вядома мала, але ёсць здагадкі, што выхоўваўся ён у генуэзскай Кафе. Пасля смерці бацькі ханскі пасад павінен быў перайсці, ў сілу нацыянальнай традыцыі, да старэйшага сына Хаджы-Гірея, Нур-Даўлета, але Менглі-Гірей знайшоў сабе апору ў мясцовым нацыянальным элеменце і ў генуэзскіх каланістаў горада Кафы, і з дапамогай іх авалодаў пасадам.

У 1467 годзе ён пазбавіў старэйшага брата Нур-Даўлета ўлады, аднак першая спроба авалодаць тронам аказалася няўдалай. Зацвердзіцца на троне Менглі змог толькі праз два гады, перацягнуўшы на свой бок крымскую знаць. Падчас асманскага заваявання Крыма ў 1475 годзе спрабаваў аказаць туркам супраціўленне, за што быў зрынуты з пасаду і дастаўлены ў Канстанцінопаль, дзе правёў у палоне ў султана Мехмеда ІІ 3 гады. У 1478 годзе ён быў адпушчаны ў Крым і адноўлены на троне з умовай, што з гэтага часу Крым будзе знаходзіцца пад вярхоўнай уладай асманскіх султанаў. Такім чынам, пры Менглі-Гірею Крымскае ханства патрапіла ў васальную залежнасць ад Турцыі.

Галоўнай знешнепалітычнай мэтай Менглі-Гірея пасля 1478 года стала барацьба з Вялікай Ардой, якой кіравалі спадчыннікі золатаардынскіх ханаў, і якая прэтэндавала на ўсю "спадчыну" Залатой Арды. Надзейным саюзнікам Крымскага ханства ў гэтай барацьбе стаў вялікі князь маскоўскі Іван ІІІ Васільевіч, з-за чаго пагоршыліся адносіны Крыма з праціўнікам Масквы Вялікім княствам Літоўскім. Маскоўская дзяржава, Крымскае ханства і Малдаўская дзяржава, якая на чале са Стэфанам Вялікім знаходзілася на вяршыні свайго развіцця, склалі кааліцыю, накіраваную як супраць Вялікага княства Літоўскага, так і супраць суседняй Польшчы. Пры актыўнай падтрымцы Масквы, крымскія войскі здзяйснялі на польска-літоўскія тэрыторыі шматлікія рабаўніцкія паходы, у тым ліку паход на Кіеў 1482 года.

Вялікі князь маскоўскі Іван ІІІ Васільевіч выкарыстоўваў крымцаў у барацьбе за вызваленне Русі ад татара-мангольскай няволі. У 1480 годзе Менглі-Гірей арганізаваў набег на тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага, што перашкодзіла яго князю Казіміру аказаць дапамогу хану Залатой Арды Ахмату, які здзейсніў паход на Русь. Дзякуючы трывалым саюзніцкім адносінам з вялікім маскоўскім князем і дапамозе турэцкага султана Менглі-Гірей ў 1502 годзе атрымаў вырашальную перамогу над Вялікай Ардой. Гэта падзея лічыцца канцом Залатой Арды.

Пасля знікнення агульнага праціўніка адносіны з Масквой сталі пагаршацца. У апошнія гады жыцця Менглі-Гірей са сваімі сынамі арганізоўваў рабаўніцкія напады на рускія землі. Менглі-Гірей перанёс сталіцу Крымскага ханства з Салхата (цяпер Стары Крым) у Бахчысарай. У перыяд яго кіравання ў Крыме быў пабудаваны шэраг крэпасцей (найбуйнейшая Кара-Керман). У мэтах умацавання ўлады ўнутры ханства ён увёў пасаду калгі-памагатага хана і яго будучага пераемніка. Прах Менглі-Гірея пакоіцца ў маўзалеі, пабудаваным па яго загадзе ( у наш час з'яўляецца амаль адзіным ацалелым помнікам татарскага дойлідства ў Крыме).

Такім чынам, крымскі хан Менглі-Гірей меў трывалыя саюзніцкія адносіны з Маскоўскай дзяржавай і неаднаразова рабіў спусташальныя набегі на землі Вялікага княства Літоўскага. Адразу, пры гэтым, успамінаюцца падзеі вайны 1507-1508 гг., у якіх фігурыруе і Крычаў.

Увогуле, адносіны паміж Вялікім княствам Літоўскім і Вялікім княствам Маскоўскім у канцы ХV – першай палове ХVІ ст. былі вельмі напружанымі і неаднаразова перарасталі ў масштабныя ваенныя канфлікты. Абедзве дзяржавы змагаліся паміж сабой за панаванне на абшарах Усходняй Еўропы. Васіль ІІІ

Замірэнне 1503 года толькі часова прыпыніла барацьбу паміж “Літвой” і “Масквой”. У 1507 годзе пры новым маскоўскім вялікім князі Васілю ІІІ і новым вялікім князі літоўскім і польскім каралі Жыгімонце І Старым вайна ўзнавілася з новай сілай. Падставай для яе з’явілася бегства з Вялікага княства Літоўскага ў Маскоўскую дзяржаву варожа настроенага да Жыгімонта І Старога князя Міхаіла Глінскага. Вялікі князь літоўскі быў вельмі незадаволены тым, што Масква прыняла ўцекача.

Восенню гэтага года баявыя дзеянні адбываліся пад Мсціславам і Крычавам. Большасць летапісаў сціпла паведамляе, што 14 верасня 1507 года вялікі князь паслаў ваявод князя В.Д. Холмскага і Якава Захар’іча да Мсціслава. Тыпаграўскі летапіс дапаўняе гэта паведамленнем, што тады ж пад Мсціславам папалілі пасады. Некаторыя ўдакладненні сустракаюцца ў польскіх хроніках. Так, Бернард Вапоўскі сведчыць, што войска вялікага князя маскоўскага Васіля асадзіла і спрабавала захапіць крэпасці Мсціслаў і Крычаў. Кароль паслаў туды ваявод на дапамогу. Даведаўшыся пра гэта, “маскавіты” знялі асаду і адступілі. Падобныя паведамленні захаваліся і ў рускіх разрадных кнігах. Пра баі пад Крычавам згадвае і Тыпаграўскі летапіс: пад яго сценамі “ис пищали застрелили” рускага ваяводу Міхаіла Абразцова.

Апісваючы падзеі 1508 года, крыніцы зноў прыводзяць нас пад сцены Крычава. На гэты раз з прычыны мяцяжу Міхаіла Глінскага. Летапісы паведамляюць, што горад быў ім захоплены. Аднак дэталёвы аналіз падзей паказвае, што летапісныя паведамленні пра захоп М.Глінскім Крычава, Турава, Оршы, Гомеля, пераход на яго бок князя М.Мсціслаўскага не маюць пад сабою ніякіх падстаў. Горад, нягледзячы на дапамогу М.Глінскаму маскоўскіх ваявод, застаўся верным сваёй дзяржаве. Гістарычныя крыніцы таксама сціпла паведамляюць пра асаду ў 1508 годзе рускімі войскамі з удзелам татар хана Менглі-Гірея крэпасці Оршы. Гэта асада ў канчатковым выніку аказалася няўдалай, але сам факт праходу татарскіх загонаў праз Магілёўшчыну на дапамогу рускім пад Оршу вельмі паказальны. Вайна 1507-1508 гг. скончылася “вечным мірам”, які быў заключаны ў кастрычніку 1508 года. Гэты мір замацоўваў межы, якія склаліся ў выніку папярэдніх войнаў.

Межы Літвы ў 11 ст.

 

Такім чынам, у песні, магчыма, адлюстраваны падзеі 1508 г., калі на дапамогу рускім войскам пад Оршу ішлі загоны крымскіх татар Менглі-Гірея. Верагодна, адзін з гэтых загонаў напаў на Крычаў і быў разбіты абаронцамі горада, пасля чаго і быў складзены эпічны твор “Падымалісь чорны хмары”. Манета крымскага хана Менглі-Гірея, знойдзеная ў Крычаве, з’яўляецца фактычным падцверджаннем нашай гіпотэзы.

©  Сяргей Крыжэвіч