Залатая Арда

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

 Залатая АрдаУлус Джучы, дзяржава, якая існавала ў 13—15 ст. Узнікла ў пач. 1240-х г. Займала тэрыторыю Заходняй Сібіры, Паўночнага Харэзма, Волжскай Булгарыі, Паўночнага Каўказа, Крыма, стэпаў ад Волгі да Дуная. У васальнай залежнасці трымала рускія землі. Напачатку займала зах. частку імперыі Чынгісхана — тэр. ўдзельнага княства (улуса) яго сына Джучы (адсюль адна з назваў Залатой Арды). Самастойнай дзяржавай стала пры Батыю, сыне Джучы. Арабскія гісторыкі называлі яшчэ Залатую Арду Дэшт-і-Кіпчак (Кіпчацкая Арда). Усходняя частка улуса Джучы (Заходняя Сібір) атрымала пазней назву Блакітнай Арды. Батый у выніку паходаў 1236-1240 далучыў да сваіх уладанняў Паволжа, кіпчацкія стэпы, Паўночны Каўказ, Крым, Харэзм, скарыў рускія княствы. У сярэдзіне 13 ст. хан Берке (1258-1266) прыняў іслам і не стаў прызнаваць вярхоўнай улады мангольскага хана. Першапачатковая сталіца Залатой Арды г. Сарай-Бату (каля сучаснай Астрахані), з 1-й пал. 14 ст. перанесена ў г. Сарай-Берке (каля сучаснага Валгаграда). Аб ператварэнні Арды ў самастойную дзяржаву сведчыць чаканка манеты з імем пятага хана Менгу-Цімура. Пасля яго смерці ў выніку міжусобнай вайны перамогу атрымала частка арыстакратыі мусульманскага веравызнання. Яна вылучыла на ханскі пасад Узбека (1313-1342), унука Менгу-Цімура. Пры Узбеку і яго сыне Джанібеку (1342-1357) Залатая Арда ператварылася ў адну з буйнейшых дзяржаў сярэдневякоўя. На працягу 45-гадовага праўлення яны цвёрда трымалі ўладу ў сваіх руках, бязлітасна душылі праяўленне самастойнасці васалаў. У выніку прыдворных змоў і смут у канцы 1350-х г. былі забіты многія царэвічы з роду Узбека, на працягу 1357-1380 на пасадзе перабывала 20 ханаў. У 1370-я г. ў выніку феадальнага драблення Залатая Арда фактычна распалася на 2 часткі: у раёнах на 3ахад ад Волгі правіў цемнік Мамай, ва ўсх. раёнах — Урусхан. Унутранае бязладдзе скарысталі маскоўскія князі. У Кулікоўскай бітве 1380 войскі Мамая пацярпелі паражэнне. Часовае аднаўленне адзінства Залатой Арды адбылося пры хане Тахтамышу, які ў 1380 разбіў Мамая на р. Калка, а праз 2 гады заняў і спаліў Маскву. Але правіцель Сярэдняй Азіі Тамерлан (Цімур) у 1391 і 1395 разбіў войскі Тахтамыша, разрабаваў сталіцу. На гэтым скончылася адзінства З.А. Апошнюю спробу аб'яднаць дзяржаву зрабіў Едыгей (памёр у 1419). Складаныя працэсы феад. драблення прывялі ў 2-й пал. 15 ст. да распаду З.А. на Казанскае, Сібірскае і Астраханскае ханствы, Нагайскую Арду, уласна Вялікую Арду і Крымскае ханства.

На працягу больш як 2,5 стагоддзя ВКЛ было ў складаных адносінах з Залатой Ардой Вясною 1238 мангола-татары пагражалі з Усходу. Але ў выніку гераічнай барацьбы насельніцтва Смаленскага княства з войскамі чужаземцаў іх прасоўванне на 3ахад спынілася. У жніўні 1242 татары зноў спрабавалі ўзяць Смаленск, але былі адбіты. У канцы 1246 мангола-татары ўварваліся на тэр. ВКЛ з Поўдня, зрабілі вялікія спусташэнні. У 1258, 1275,1277 разам з ардынскімі войскамі ў паходах на ВКЛ удзельнічалі і дружыны галіцка-валынскіх князёў, але былі адбіты. Дайшлі летапісныя звесткі аб жорсткіх бітвах з татарамі, пра ўшчэнт разбітага ворага дружынамі з Пінска, Слоніма, Новагародка, Турава, Друцка і інш. гарадоў. Сыны новагародскага князя Карыята Юрый, Аляксандр, Канстанцін і Фёдар пры падтрымцы князя Альгерда вызвалілі Малое Падолле ад ардынскага іга. Упартая працяглая барацьба і гераічная абарона сваіх зямель насельніцтвам ВКЛ аслабіла і падарвала сілы заваёўнікаў і дазволіла пазбегнуць ардынскага ярма. Князі ВКЛ не толькі абаранілі свае землі, але і наладзілі саюз з ханамі Залатой Арды супраць агульных праціўнікаў. Разгром сіламі ВКЛ ардынцаў у бітве каля Сініх Вод 1362 задоўга да бітвы на Куліковым полі быў першым буйным паражэннем Арды і даў магчымасць пашырыць уладанні ВКЛ на Поўдзень да вусця Дняпра і Днястра, устанавіць уладу Гедзімінавічаў над Кіеўскім і Валынскім княствамі, Падоліяй, Чарнігаўшчынай і Севершчынай. У выніку Залатая Арда страціла кантроль над значнымі тэрыторыямі, якія складалі некалі ядро Кіеўскай Русі. Вялікія князі Гедзімін, Вітаўт і інш. запрашалі татараў Залатой Арды і выкарыстоўвалі іх у барацьбе з Тэўтонскім ордэнам. Татары ўдзельнічалі ў вайне Гедзіміна з крыжакамі яшчэ ў 1319, у 1350 ардынскія атрады ўдзельнічалі ў паходзе вял. князя Кейстута ў Польшчу. У ВКЛ знаходзілі прытулак беглыя ханы і прэтэндэнты на ханскі пасад. У сак. 1395 пасля паражэння ад Цімура на тэрыторыю ВКЛ адступіў хан Тахтамыш са сваей дружынай, жыў у Лiдзе ў асобным доме, які доўга называлі Тахтамышавым дваром. ВКЛ сярод цюркскіх народаў мела славу надзейнага прыстанішча: група мурзаў на чале з Мансурам Кіятам Мамаевічам эмігрыравала сюды пасля бітвы на Куліковым полі, Лекса Мансуравіч атрымаў Глінскую і Палтаўскую воласці на Усход ад Дняпра і даў пачатак роду Глінскіх. Вітаўт, скарыстаўшы з'яўленне скінутага ардынскага ўладара, вырашыў з дапамогаю Тахтамыша дабіцца, у прыватнасці, кантролю над Уладзімірскім княствам,якое ўсё яшчэ лічылася васалам Залатой Арды. У выніку іх сумеснага паходу пад Азоў у канцы 1397 яны прывялі шмат татараў, якія былі паселены каля Вільні, у Ашмянскім, Берасцейскім, Лідскім, Новагародскім паветах. Бітва на Ворскле 1399 завяршылася паражэннем войск Вітаўта і Тахтамыша, які пасля ўцёкаў апынуўся ў Сібіры, спрабаваў самастойна захапіць ханскі пасад, але быў забіты. Кантакты ВКЛ з З.А. захоўваліся, нашчадкі Тахтамыша разлічвалі на саюз з ёю ў барацьбе за адраджэнне сваёй улады над «улусам Джучы». У 1409 да Вітаўта прыбыў з 30-тысячным войскам сын Тахтамыша царэвіч Джэлал-эд-Дзін, які прымаў удзел у Грунвальдскай бітве 1410 супраць Тэўтонскага ордэна. У ордэнскіх хроніках адзначаецца, што галоўнакамандуючы ордэнскім войскам вял. магістр Ульрых фон Юнгінген загінуў у бітве ад рукі татарскага воіна Багардзіна. Пасля Грунвальда татары ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях да падпісання Тарунскага міру 1411. Летам 1411 пры падтрымцы Вітаўта Джэлал-эд-Дзін авалодаў Крымам, зімою 1412 захапіў пасад у 3алатой Ардзе. У жніўні 1412 даўні вораг Вітаўта эмір Едыгей арганізаваў забойства Джэлал-эд-Дзіна і на пасад прызначыў яго брата Керыма Берды. Але Вітаўт у 1413 г. у Вільні вылучыў ханам З.А. Бетсуб-Улана, малодшага сына Тахтамыша. Упершыню ў гісторыі З.А. яе правіцель быў каранаваны ў сталіцы ВКЛ і прыняў ханскую шапку з рук вял. князя літоўскага. Бетсуб-Улан прымаў удзел у вайне з ордэнам. У канцы 1414 яго паход на З.А. скончыўся паражэннем, сам хан загінуў у сутычцы з войскамі Едыгея. Пачаўся заняпад Залатой Арды, уладанні апошніх ханаў называлі Вялікай Ардой, часам Заволжскай Ардой. Адносіны ВКЛ з Ардою абвастрыліся. У 1416 войскі Едыгея спустошылі землі Украіны, захапілі Кіеў. Вітаўт выставіў новым кандыдатам на ханскі пасад Ерымфердэна, сына Тахтамыша, які таксама быў каранаваны ў ВКЛ і на кароткі час захапіў уладу ў Ардзе. Керым Берды быў забіты, таму Едыгей узвёў на пасад Дэрвішхана, скінуўшы Ерымфердэна. У 1420 саюзнікі Вітаўта — мурзы улуса Шырын — здзейснілі новы пераварот, у выніку якога Дэрвішхан і Едыгей былі забіты. У 1422 сталіца Арды дасталася прыхільніку ВКЛ хану Дэўлет Берды. Але пасля сваркі з вял. князем літоўскім хан вымушаны быў шукаць прытулаку Крыме. 3 прэтэнзіяй на пасад выступіў Улуг-Мухамед, сын Джэлал-эд-Дзіна. У 1423 ён звярнуўся за дапамогай да вялікага князя і ў 1424 з дапамогай Вітаўта павёў жорсткую барацьбу з іншымі прэтэндэнтамі (у 1425 іх было 6) і толькі ў 1429 г. перамог. У 1433 хан падтрымаў у барацьбе за велікакняжацкі пасад князя Свідрыгайлу, але вясною 1434 выслаў свае атрады на дапамогу яго саперніку кн. Жыгімонту Кейстутавічу. Свідрыгайла ў сваю чаргу падтрымаў саперніка хана Кічы-Мухамеда. Пасад у Ардзе дастаўся трэцяму іх праціўніку - Сеід-Ахмеду. Улуг-Мухамед быў паселены са сваім акружэннем на Севершчыне. Адтуль ён перасяліўся ў Ніжні Ноўгарад, затым у Казань і стаў там заснавальнікам ханскай дынастыі. Адзін з яго сыноў стаў першым ханам васальнага ад Маскоўскага княства Касімаўскага царства. Сеід-Ахмед прымаў актыўны ўдзел у феадальнай вайне 1432—39 на баку Свідрыгайлы, потым Міхаіла Жыгімонтавіча. Новы вял. князь Казімір Ягайлавіч і яго акружэнне падтрымалі Хаджы-Прэя, другога праціўніка Сеід-Ахмеда. Пры падтрымцы войск Радзівіла і князёў Шырынскіх Хаджы-Прэй захапіў Крым і стаў заснавальнікам дынастыі Гірэяў. Легенда, запісаная ў 16 ст., сведчыць, што гэты хан нарадзіўся ў ВКЛ у Троках. У 1455 пасля разгрому Хаджы-Прэем войск Сеід-Гірэя апошні ўцёк у Кіеў, перавезены ў Вільню, пазней паселены ў Ковенскі замак, дзе і памёр. У 1476 у ВКЛ знайшлі прытулак сыны Хаджы-Прэя (Даўлет і Айдар) пасля паражэння ў барацьбе за крымскі пасад, у пач. 1480 яны пераехалі ў Маскву. У 1502, пасля разгрому войска Вял. Арды крымскім ханам Менглі-Гірэем апошні яе хан Шэйх Ахмед (Шах-Ахмат) з братамі, сынамі і прыдворнымі схаваўся ў ВКЛ. Там ён быў на становішчы ганаровага палонніка, хоць тытулаваўся «царом Заволжскім» і суправаджаў Жыгімонта Старога ў некаторых урачыстых выхадах. Вясною 1527 па просьбе нагайскіх татараў ён быў адпушчаны ў Арду.