Гісторыя Рэчы Паспалітай у творах Яна Матэйкі

 У студзені 1569 г. пачаліся дэбаты на Варшаўскім Сойме аб заключэнні Акта Уніі паміж дзвума дзяржавамі на падставе польскага праекту аб’яднання, а на самай справе ўключэння ВКЛ у склад Польшчы. Гэта ніяк не адпавядала намерам беларускіх парламентараў, і яны ўсе пакінулі сойм і Варшаву. Менавіта агрэсія Масквы супраць Полаччыны і прымусіла ВКЛ шукаць падтрымкі з польскага боку. Вайна разгарэлася з-за Лівоніі, якая шукала паратунку ад Івана Жахлівага ў Вільні і знайшла яе. Толькі бліскучая перамога Мікалая Радзівіла Рудога над Масквой 26 студзеня 1564 г. на Уле і перамога Філона Кміты пад Воршай часова спынілі наступ Масквы і прымусілі Варшаву заключыць Унію з ВКЛ у Любліне. Люблінская унія была заключана 1 ліпеня 1569 на аснове праекту ВКЛ, у выніку чаго Літва засталася дзяржавай з усімі неабходнымі атрыбутамі. А Рэч Паспалітая абодвух народаў змагла паспяхова скончыць Лівонскую вайну.

 Вялікі польскі мастак Ян Матэйка (чэшскага паходжання) напісаў шмат твораў на тэму з гісторыі Рэчы Паспалітай. І таму ня дзіва, што беларуская тэматыка гучыць у шмат якіх карцінах. Гэта такія творы як "Люблінская унія", "Тадэвуш Рэйтан", "Звон Жыгімонта", "Бітва пад Грунвальдам", Прысяга Прусіі" і інш.

Люблінская унія

 У гэтай карціне мастак паказвае канчатковую фазу паседжання Сойму абедзьвух дзяржаваў у Любліне, падпісанне Акту Уніі і прысяга беларускай дэпутацыі. Ня цяжка заўважыць, як вылучаецца беларуская дэлегацыя. Прадстаўнікі ВКЛ усе былі супраць заключэння Уніі на любых умовах. І толькі абставіны, якія вымагалі гэтага звязу, дыктавалі ВКЛ неардынарныя паводзіны. У карціне ярка прадстаўлены такія дзяржаўныя дзеячы ВКЛ: Валяр'ян Пратасевіч, Ян Хадкевіч, Мікалай Радзівіл Руды. Яны размешчаны напершым плане карціны і вельмі ярка псіхалагічна выпісаны іх вобразы. Усе яны ў прадчуванні калі ня гібелі ВКЛ, то рэзкага абмежавання яго правоў.

 

 Валяр'ян Пратасевіч-Шушкоўскі (1505 — 31.12.1579) — дзяржаўны і рэлігійны дзеяч ВКЛ, мецэнат, біскуп віленскі і луцкі. Паходзіў з баярскага роду герба "Дравіца". Нарадзіўся ў маёнтку Шушкова ў Лагойскім павеце. З 1544 г. пісар вялікакняжацкай канцылярыі і сакратар вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста. Паставіў свой подпіс пад Віленскім прывілеем 1563 г. Жыгімонта ІІ Аўгуста аб роўных правах каталіцкай і некаталіцкай шляхты. Быў прыхільнікам аб'яднання ВКЛ з Польшчай толькі на прынцыпах федэрацыі. Акт Люблінскай уніі 1569 г. ад імя Пратасевіча падпісаў яго прадстаўнік А.Р.Мялецкі. Адзін з ініцыятараў адкрыцця ў ВКЛ Віленскай Акадэміі (Універсітэта). На карціне Матэйкі біскуп Пратасевіч паказаны ў глыбокай задуменнасці. Побач з ім П.Ласкі.

 Мікалай Юр'евіч Радзівіл Руды (1512 - 27.4.1584) ваявода Віленскі, канцлер вялікалітоўскі. У 1547 г. разам з братам Радзівілам Чорным ад германскага імператара Карла V атрымаў тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі, ад караля Жыгімонта ІІ Аўгуста паўнамоцтвы намесніка ў ВКЛ. Узначальваў войска ВКЛ у Лівонскай вайне (1558-1583). Камандуючы вялікалітоўскім войскам у час Ульскай бітвы 1564 г. Кіраваў падрыхтоўкай Статута ВКЛ 1566 г. Узначальваў дэлегацыю ВКЛ на Люблінскім сойме, але ад падпісання акта Люблінскай Уніі ўхіліўся.
На карціне Я.Матэйкі М.Радзівіл Руды - вельмі прыгожы вобраз поўны высокай годнасці і гонару за сваю краіну - ВКЛ, у яго ўважлівы позірк з поўным недаверам да караля і наогул да польскай дэлегацыі.

 Ян Хадкевіч (каля 1537 — 4 жніўня 1579) дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Стольнік вялікі літоўскі (1559—1564), генэральны староста жамойцкі (з 1564), адначасна маршалак вялікі літоўскі (з 1566) і кашталян віленскі (з 1574). Відавочны супраціўнік заключэння Уніі з Польшчай. І мастак яго вобраз паказаў яскрава (справа ўнізе). Маршалак патупіў свой позірк наўпрост перад сабой, адасобіўшыся ад таго, што адбываецца ў зале.

© М.Купава