Рэстаўрацыя замка ў Медніках як узор для беларусаў

Меднікі і Крэва — замкі-блізняты, сведчанне таго, што супольную гісторыка-культурную прастору няпроста разарваць нават і палітычнымі межамі.

Медніцкі замак — усяго за 45 кіламетраў ад Крэўскага і за два кіламетры ад сучаснай літоўска-беларускай мяжы. Паводле мясцовага падання, запісанага яшчэ Уладзіславам Сыракомлем, замкі будавалі браты-волаты, якія кідалі адзін аднаму інструмент і каменне. Замкі належаць да аднаго тыпу — кастэль — і шмат у чым сімвалічна звязаныя. Усходняя вежа Медніцкага замка нават называлася Крэўскай.

Медніцкі замак — адзін з першых мураваных у Вялікім княстве. Узведзены ў першай палове XIV ст. з дапамогай ганзейскіх майстроў, аточаны валамі і сяміметровым ровам, ён уражваў сценамі 15-метровай вышыні і двухметровай таўшчыні, 30-метровай галоўнай вежай-данжонам. У мурах, на вышыні 11 метраў, знаходзілася баявая галерэя з 280 байніц. Унутраная плошча замка складала 1,85 га, з валамі і ровам — 6,5 га. Такога ў Літве яшчэ не бачылі.

Данжон меў пяць ярусаў, з якіх тры верхнія былі жылыя. Тры меншыя вежы баранілі ўваходы ў замак з захаду, усходу і поўдня. Такая колькасць брамаў зніжала абарончыя якасці замка, але дазваляла вакольнаму насельніцтву хутчэй хавацца за мурамі падчас варожых нападаў.

Меднікі (літ. Medininkai), як і Крэва, належалі вялікаму князю Альгерду. Тут любіла бываць яго жонка Улляна. Блізкасць да сталіцы перадвызначыла як зручнасць Меднікаў, так і стварыла дадатковыя праблемы: сюды даходзілі крыжакі. У 1385 годзе вялікі магістр Конрад фон Ратэнштайн дэманстратыўна зладзіў пад мурамі рыцарскі турнір. У 1402 годзе нямецкіх саюзнікаў навёў на Меднікі Свідрыгайла. Пасля Грунвальда, страціўшы баявое значэнне, замак занепадаў. Як і Крэва, Меднікі пацярпелі падчас Першай сусветнай — немцы разабралі частку заходняга муру, будуючы дарогу.

Выразная мяжа старога і новага

Замак даследавалі ад 1950-х і закансервавалі ў 1960-я. Рэканструкцыя ішла з пачатку 1990-х, але новы імпульс ёй надаў нядаўні грант Еўрасаюза ў памеры 3 млн €. Што ж пакуль удалося зрабіць за гэтую суму?

Адноўлены не ўвесь замак. Рэканструяваная толькі вежа-данжон і сцены абапал. Іншыя муры проста пакрытыя дахоўкай. Медніцкі замак захаваўся ненашмат лепш за Крэўскі. Але ўсё ж адзін з кутоў яе вежы сягаў у ХХ ст. пятага яруса. (Муры крэўскай Княскай вежы пасля абстрэлаў расійскай артылерыі ў Першую сусветную абсыпаліся да трэцяга.) Літоўскія рэстаўратары дзейнічалі прафесійна і тактоўна да аўтэнтыкі — яны пакінулі выразную мяжу паміж старажытнымі канструкцыямі і адноўленай муроўкай.

Гэты кантраст захаваны і ўсярэдзіне вежы: адноўленыя сцены патынкавалі. У нашых ранніх гатычных будынкаў сцены не тынкавалі ўвогуле, тынкоўка і роспіс наносілася толькі на скляпенні.

Рэстаўратары захавалі відавочную мяжу старой і новай муроўкі.
Пяты ярус вежы. Новая муроўка затынкаваная, каб падкрэсліць прыгажосць старой.

Пытанне лесвіц і перакрыццяў

Як можна было перамяшчацца з яруса на ярус? Аказваецца, скляпенні для лесвіц не прабівалі. Тунэль для лесвіцы рабіўся ў тоўшчы сцяны і серпанцінам апаясваў вежу. У Крэўскім замку захаваліся фрагменты такога тунэля. Як гэта працуе ў нашых данжонах, я нарэшце пабачыў у Медніках. У такім праходзе можа перамяшчацца толькі адзін чалавек.

Цяпер зразумела, чаму вязніца князя Кейстута, калі верыць нашым хронікам, магла быць у цокальным паверсе Княскай вежы Крэўскага замка. У вежу можна было трапіць толькі з баявой галерэі на ўзроўні трэцяга яруса (унізе ўваходу не было). На цокальны ярус можна было спусціцца толькі па вузкім тунэлі. Дастаткова было аднаго ахоўніка, каб вязень не змог праслізнуць.

Ці ўдасца схавацца ад сучаснасці?

У рэканструкцыі Медніцкага замка ёсць удалыя рашэнні. Але чым больш там ходзіш, тым больш застаецца пытанняў. Напрыклад, прыступкі ў тунэлі і перакрыцці паміж ярусамі зробленыя з бетону (раней на некаторых ярусах былі драўляныя). Праўда, гэта і не маскіруецца.

Бетонныя перакрыцці рабіліся з меркаванняў пажарнай бяспекі, як і металічныя драбіны, што спускаюцца з адноўленых баявых галерэяў. Але сапраўдны шок у аматараў аўтэнтыкі выклікае шкляны ліфт, які працінае гатычную вежу ад ніжняга да верхняга яруса.

Свая логіка ў гэтым ёсць: калі грошы выдаткоўваў Брусэль, дык мусяць выконвацца і еўрастандарты — адноўлены замак павінен быць даступны інвалідам.

Як бачым, нават пры такой дарагой рэстаўрацыі ад сучаснасці не ўдаецца схавацца. Тут праблема, хутчэй, метадалагічная і этычная — што можа дазволіць сабе архітэктар-рэстаўратар, каб выканаць актуальныя інжынерна-канструктарскія патрабаванні, але нанесці найменшую шкоду помніку?

Лесвіцы ў тоўшчы вежы з кропкавай падсветкай. Шкада, прыступкі бетонныя…
Ягайлу і не снілася: шкляны ліфт і бетонныя бэлькі ў вежы Медніцкага замка.

Спрэчныя фрэскі

У прэсе пісалі пра выяўленыя ў Княскай вежы Крэўскага замка фрагменты сценапісу. Кавалкі распісанай тынкоўкі знаходзілі і ў Медніках. І па каларыстыцы, і па тэхналогіі яны ідэнтычныя раннім крэўскім: гэта нанесены чырвонай вохрай на светлы фон арнамент з перакрыжаваных ліній і палос. Лагічна — у Альгердавых, а потым Ягайлавых рэзідэнцыях у Крэве і Медніках магла працаваць адна і тая ж арцель майстроў.

Аднак літоўскія рэстаўратары аздобілі скляпенні Меднікаў адвольнымі фрэскамі: рэнесанснымі з раслінным арнаментам, гатычнымі фрэскамі з выявамі фантастычных жывёл.

Сценавы роспіс у Медніках – адвольны, прыдуманы рэстаўратарамі: гатычны з выявамі фантастычных жывёл.
…І рэнесансны з раслінным арнаментам.
Так выглядаў замак 150 гадоў таму. Вінцэнт Дмахоўскі. Руіны замка ў Медніках (1853).

Наперадзе — Крэва

Знаёмства з вынікамі рэканструкцыі Медніцкага замка для нас важнае яшчэ і таму, што наперадзе — аднаўленне Крэва. І грошай на яго ў разы меней.

Што можна скарыстаць з медніцкага досведу? Ці ўдасца нашым архітэктарам утрымацца на тонкай мяжы мадэрнізму і аўтэнтыкі?

Літоўскія рэстаўратары арыентаваліся ў большай ступені на дэкаратыўнасць, чым на аўтэнтыку. Трэба аддаць ім належнае: парэшткі старога замка, нібыта дыямент, набылі сучасную агранку. Сімпатыю выклікае выкарыстанне сучасных цэглы і дахоўкі, зробленых па старажытных узорах. Але і бетон кідаецца ў вочы. Фактычна, літоўскія рэстаўратары пасадзілі прыгожы футарал на старажытныя муры. Беларускія рэстаўратары плануюць ісці ў Крэве процілеглым шляхам: максімальна дакладна захаваць архітэктурна-вобразныя рашэнні даўніх дойлідаў, фактычна, адбудоўваць Княскую вежу такой, якой яе бачыў Кейстут.

Будзем спадзявацца, што мэты нашых архітэктараў удасца рэалізаваць.

© Алег Дзярновіч, Наша Ніва

Подписаться
Уведомить о
guest
1 Comment
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии