Грунвальдская (Дубровенская) бітва 1410 г.

Этапы Грунвальдскай бітвы
Этапы Грунвальдскай бітвы

Грунвальдская бітва 1410 г., вырашальная бітва Вялікай вайны 1409-1411 гг. паміж ВКЛ і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Бітва адбылася 15 ліпеня 1410 каля населеных пунктаў Грунвальд і Таненберг на тэрыторыі ордэна (цяпер Вармінска-Мазурскае ваяв., Польшча). План бітвы быў распрацаваны польскім каралём Ягайлам і вялікім князем літоўскім Вітаўтам на Берасцейскай сустрэчы ў 1409 г. У ліпені 1410 арміі саюзнікаў (каля 30-40 тыс. чал.) рушылі на сталіцу ордэна Мальбарк (Марыенбург ). 15 ліпеня яны былі вымушаныя прыняць бой на адкрытай мясцовасці з крыжакамі (каля 15-20 тыс. чал.). Армія крыжакоў (ўваходзілі таксама рыцары з Германіі, Англіі, Францыі, Швейцарыі, Чэхіі і інш. краін) ўключала ў сябе 51 харугвы, армія ВКЛ і Польшчы (ўваходзілі таксама татары саюзнага Вітаўту хана Джалал-ад-Дзіна і найміты) – з 90 харугваў , 40 з іx належалі ВКЛ (Берасцейская, Ваўкавыская, Віцебская, Гарадзенская, Дарагічынская, Ковенская, Лідская, Мсціслаўская, Новагародская, Пінская, Полацкая, Смаленская, Старадубская, Троцкая і інш.). Крыжакі занялі больш зручную для нападу пазіцыю на ўзвышшы. Перад баявымі парадкамі крыжакоў стаялі гарматы і арбалетчыкі. Арміі саюзнікаў размяшчаліся 3 лініямі на беразе р. Марша. Бітва пачалася атакай 1-і лініі крыла Вітаўта і змешчаных на яе правым флангу татар. Атакуючых сустрэлі гарматным агнём, затым супраць іx выступіла левае крыло арміі крыжакоў, сітуацыя схілілася на іx карысць. Верныя сваёй упадабанай тактыцы, татары арганізавалі ілжывыя ўцёкі. Услед за імі адыходзіла 1-я лінія арміі ВКЛ, акрамя 3 харугваў са Смаленскай зямлі (Мсціслаўскай, Смаленскай і недакладнай прыналежнасці) на чале са мсціслаўскім князем Лугвенам. Націск крыжакоў спынілі 2-я і 3-я лініі войскаў Вітаўта. Адначасова 1-я лінія палякаў атакавала правае крыло крыжакоў. Атака была непаспяховай, крыжакі ледзь ня захапілі вялікі каралеўскі сцяг. Становішча выправілася з увядзеннем у бой 2-й польскай лініі. Пасля гадзін напружанай бітвы сілы ордэна пачалі адкочвацца да свайго лагера. Імкнучыся пераламіць ход бітвы, магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген павёў у наступ апошнія 16 харугваў рэзерву. Яны прарвалі фронт і выйшлі ў тыл польскага войска, але былі акружаны i знішчаны, загінуў і сам вялікі магістр. У рукі саюзнікаў патрапілі ўмацаваны лагер крыжакоў і ўсё іx сцягі. Паражэнне Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве абумовіла вынік вайны ў цэлым. Згодна з Торуньскім мірам 1411 у валоданне Польшчы і ВКЛ адышлі Добжынская і Жамойцкае зямлі. Моц ордэна была падарваная.

«Вялікая вайна»

Напярэдадні вайны абодва бакі разгарнулі актыўную дыпламатычную дзейнасць. Вялікае Княства Літоўскае забяспечыла сабе тыл, падпісаўшы мірную дамову з Маскоўскім княствам. У сваю чаргу тэўтонцам паабяцалі дапамогу вугорскі і чэшскі каралі. Пасланцы крыжакоў ездзілі па ўсёй Еўропе, вярбуючы ў сваё войска наймітаў. Тым часам на пачатку лета 1409 г. супраць Ордэна паўстала Жамойць, якую таемна падтрымаў наш вялікі князь.

Баявыя дзеянні распачаліся ў жніўні, калі немцы напалі на польскія гарнізоны ў Добжынскай зямлі. Гэтая тэрыторыя неўзабаве была захопленая Ордэнам. Наагул, ваенная кампанія 1409 г. склалася няўдала для Польшчы. Войскі Вялікага Княства, наадварот, атрымалі некалькі перамог і выгналі крыжакоў з Жамойці.

Тарча

У снежні адбылася таемная нарада Вітаўта і Ягайлы ў Берасці. Цягам дзевяці дзён манархі ўзгаднялі стратэгію і тактыку будучай летняй кампаніі. Яны вызначылі колькасць, час і месца збору аб’яднаных сілаў, дамовіліся пра пабудову пантоннага моста цераз Віслу. На берасцейскай сустрэчы прысутнічаў сын хана Тахтамыша Джалалад-Дзін, які камандаваў залатаардынскай конніцай, што была на службе ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Распрацаваны хаўруснікамі план, які прадугледжваў валоданне стратэгічнай ініцыятывай, дзеянні на тэрыторыі праціўніка і правядзенне генеральнай бітвы, пачаў неадкладна здзяйсняцца. Вялікія замовы атрымалі майстры-збройнікі. У лясах і путчах, найперш у Белавежскай, ішла нарыхтоўка правіянту для войскаў. Па ўсім Княстве было наладжанае навучанне маладых ваяроў баявому майстэрству.

У канцы траўня 1410 г. у Горадні з усёй дзяржавы сабраліся палкі-харугвы – баявыя аддзелы, у якіх было ў сярэднім па трыста вершнікаў, а таксама лучнікі і пахолкі-збраяносцы.

Большая частка з сарака харугваў Вялікага Княства прыйшла з беларускіх земляў. Вечную славу пад Грунвальдам здабылі амсціслаўская, аршанская, ашмянская, берасцейская, быхаўская, ваўкавыская, віленская, віцебская, гарадзенская, дарагічынская, друцкая, клецкая, кобрынская, крычаўская, крэўская, лідская, лукамльская, магілеўская, медніцкая, мельніцкая, менская, новагародская, пінская, полацкая, слонімская, слуцкая, смаленская, старадубская, троцкая, тураўская ды іншыя харугвы. Трыццаць з іх мелі на сваіх сцягах «Пагоню». Украінскімі паводле свайго складу былі, апрача кіеўскай, крамянецкая, ратненская, луцкая і ўладзімірская.

Яшчэ блізу пяці харугваў некаторыя даследнікі лічаць цалкам балцкімі (летувіскімі). Тагачасныя гістарычныя хронікі згадваюць з іх толькі ковенскую.

Грунвальдская бітва
Бітва пад Грунвальдам. мастак Я.Матэйка, 1878 г.

Разгром крыжакоў

Нашае войска сустрэлася з ворагам 15 ліпеня 1410 г. на ўзгорыстым полі паміж тагачаснымі прускімі мястэчкамі Танэнбэргам і Грунвальдам.

Тэўтонцы на чале з вялікім магістрам Ульрыхам фон Юнгінгенам з’явіліся першыя і добра падрыхтаваліся да бітвы. Крыжакі размясцілі сваю наймацнейшую ў тагачаснай Еўропе армію ў дзве лініі на фронце 2,5 кіламетра на ўзвышшы. Поруч з немцамі стаялі рыцары з Англіі, Францыі, Швейцарыі ды іншых заходнееўрапейскіх краінаў. Наперадзе закутых у панцыры крыжацкіх «кліноў» знаходзіліся, як паведамляе «Хроніка Быхаўца», замаскаваныя дзёрнам «воўчыя ямы» – пастка для непрыяцельскай конніцы. За баявымі шыхтамі рыцараў чакалі сігналу арбалетнікі і бамбардзіры. Крыжакі выставілі 51 харугву – болей за 30 тысяч ваяроў.

Войска Вітаўта і Ягайлы ўтварала роўны па даўжыні фронт з праціўнікам. Сорак харугваў Вялікага Княства знаходзіліся на правым фланзе.

У складзе Вітаўтавых сілаў была татарская кавалерыя хана Джэлал-ад-Дзіна. Маскоўскі князь Васіль І ад удзелу ў паходзе ўхіліўся. Ягайлава войска, як і тэўтонскае, складалася з 51 харугвы. На дапамогу Вялікаму Княству і Польшчы прыйшлі таксама аддзелы чэхаў і мараваў.

Злучаныя сілы дзвюх дзяржаваў мелі блізу 40 тысяч ваяроў. Крыжакоў было прыкладна на 10 тысяч меней, аднак яны мелі лепшае ўзбраенне, хоць і ў шэрагах нашай арміі шмат ваяроў у рыцарскім рыштунку нічым не саступалі ворагам.

Шлем тыпу «басінет» быў пашыраны у ХIV – XV ст.

Звесткі пра агульную колькасць удзельнікаў бітвы ў розных гістарычных крыніцах значна разыходзяцца. Некаторыя хронікі называюць лічбы 100 і нават 150 тысяч. У кожным разе гэта была адна з найбуйнейшых бітваў Сярэднявечча, ад якой залежала будучыня цэлых народаў.
Традыцыйна лічыцца, што аб’яднанымі сіламі кіраваў кароль Ягайла. Але гэтае кіраванне было намінальным. Ёсць важкія доказы ў тых гісторыкаў, якія сцвярджаюць, што арміяй рэальна камандаваў Вітаўт. (Наш гаспадар, дарэчы, старшыняваў на апошняй перад сечаю вайсковай радзе.)

Пасля спявання ўсім войскам «Багародзіцы» першай па сігнале баявых трубаў пайшла ў наступ лёгкая, а затым цяжкая кавалерыя Вялікага Княства. Пярэднія шэрагі вершнікаў праваліліся ў «воўчыя ямы», аднак астатнія знайшлі праходы і не далі атацы захлынуцца. Татарская конніца выкарыстала старую ўлюбёную зброю – арканы, у выніку чаго пярэдні шыхт крыжакоў на вокамгненні апынуўся пад капытамі ўласных коней. Вітаўт увесь час быў сярод сваіх ваяроў і сам кіраваў імі ў сечы.

Спадзяванні тэўтонцаў на артылерыю сталіся марныя. Нашыя вершнікі пасеклі кананіраў і арбалетнікаў. Але вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген разам з вялікім камтурам Кунам фон Ліхтэнштайнам і вялікім маршалам Фрыдрыхам фон Валенрадам, якія камандавалі правым і левым флангамі, былі спакойныя. Яны ведалі, што ўзначальваюць наймацнейшую ў Еўропе армію, і не сумняваліся ў поспеху.

Загула зямля, і на харугвы Вялікага Княства рушыла цяжкая тэўтонская Кавалерыя. Праз гадзіну ўпартай сечы ліцьвіны сталі адыходзіць да абозу.

Крыжакі, ужо прадчуваючы перамогу, кінуліся ў пагоню. Яны не ведалі, што «ўцёкі» ліцьвіноў напраўду былі тактычным манеўрам Вітаўта, які меў на мэце парушыць баявыя парадкі цяжкой кавалерыі непрыяцеля і рассеяць яе на шырокай прасторы.

Харугвы вялікага магістра і правы фланг нямецкай арміі неўзабаве былі абкружаныя і апынуліся ў двух вялізных «катлах». Надвячоркам жорсткая і бязлітасная сеча скончылася поўным разгромам тэўтонцаў. Ад рукі аднаго з Вітаўтавых ваяроў-ліцьвіноў загінуў вялікі магістр Ордэна. Палегла і ягонае кіраўніцтва: вялікі і ўсе астатнія камтуры, вялікі маршал, большасць войтаў.
Наладзіўшы пагоню, Вітаўт і Ягайла мелі шанец канчаткова дабіць Ордэн. Але перамога далася вельмі дарагой цаной. Палова войска Вялікага Княства навекі засталася ў чужой зямлі. 3 другога боку, Вітаўт не імкнуўся да поўнага разгрому Тэўтонскага ордэна, бо гэта ўзмацняла б Польшчу.
Перамога пад Грунвальдам (беларускія летапісы называюць гэтую бітву Дубровенскай, а нямецкія хронікі – Танэнбэргскай) паўплывала на гістарычны лёс шэрагу еўрапейскіх народаў. Была спыненая больш чым 200-гадовая нямецкая экспансія на ўсход. Паводле ўмоваў падпісанага ў 1411 г. Торунскага міру крыжакі мусілі вызваліць усе захопленыя землі і заплаціць пераможцам 300 тысяч дукатаў.

Міжнароднае значэнне бітвы

Разгромлены Ордэн не змог аднавіць сваёй магутнасці і быў асуджаны на знікненне як самастойная дзяржава. Баланс сіл у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе змяніўся на карысць славянскіх краінаў. Вялікае Княства Літоўскае ўмацавала незалежнасць і атрымала амаль стагоддзе параўнальна мірнага існавання.

Трыумфальны поспех аб’яднаных сіл ужо шэсць стагоддзяў натхняе і будзе натхняць пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў … Праз сто гадоў бліскуча апеў выдатную перамогу пад Грунвальдам беларускі паэт-лацініст Ян Вісліцкі. Яго гістарычная паэма «Пруская вайна» (Кракаў, 1516) атрымала агульнаеўрапейскую вядомасць.

У 1960 г. на месцы бітвы (яно знаходзіцца недалёка ад польскага горада Ольштына) адкрыты помнік. Усе Грунвальдскае поле з’яўляецца своеасаблівым мемарыялам. На ім цяпер штогод адбываецца шматтысячнае святкаванне перамогі з удзелам рыцарскіх клубаў з розных краін Еўропы.

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
1409-1411 гг. «Вялікая вайна» нашай дзяржавы і Польскага Каралеўства супраць Тэўтонскага ордэна.
Снежань 1409 г. Таемная нарада гаспадара Вітаўта і караля Ягайлы ў Берасці.
15 ліпеня 1410 г. Разгром арміі тэўтонцаў пад Грунвальдам.
1411 г. Торунскі мір Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага з Тэўтонскім ордэнам.

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Падзяліцца
  • 12
    Падзяліліся