Мікалай Радзівіл Чорны

Мікалай Радзівіл Чорны (1515–1565) – адзін з найвыдатнейшых дзеячаў Беларуска-Літоўскай дзяржавы XVI стагоддзя. Ён паходзіў са старажытнага роду ў Беларусі і Літве, які ўжо ў XVI ст. заняў, бадай, першае месца сярод магнацкіх радоў Вялікага Княства Літоўскага па магутнаці, колькасці маёнткаў і палітычным уплыве. Сам Мікалай Радзівіл прычыніўся да ўзвышэння гэтага роду.

Мікалай Радзівіл Чорны зрабіў хуткую і бліскучую кар’еру не толькі з-за сваіх здольнасцей, але і дзякуючы сяброўству з маладым каралевічам і вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам, які ў 1529 г. быў фармальна ўжо абраны і на польскі, і на літоўскі трон пры жыцці бацькі Жыгімонта Старога. На Берасцейскім сойме паноў рады восенню 1544 г. Мікалай Радзівіл вёў моцную агітацыю за перадачу рэальнай улады маладому князю ў Вялікім княстве Літоўскім, куды стары вялікі князь ужо даўно не прыязджаў. Жыгімонт Аўгуст фактычна пачаў свае панаванне ў Вільні. На гэтым жа сойме паноў рады вялікі князь аддзячыў Радзівілу, надаўшы яму пасаду маршалка земскага, і Мікалай Радзівіл Чорны, такім чынам, узначаліў раду паноў, вышэйшы кіруючы орган дзяржавы. Праз два гады Жыгімонт Аўгуст за заслугі перадаў М.Радзівілу «ў дзяржаву» Шавельскае староства ў Жэмайціі. Яшчэ большы ўплыў на дзяржаўныя справы атрымаў Мікалай Чорны, калі Жыгімонт Аўгуст, закахаўшыся ў стрыечную сястру М.Радзівіла, Барбару Радзівіл, уступіў з ёю ў патаемны шлюб. Радзівіл Чорны разам з родным братам Барбары, Мікалаем Радзівілам Рудым, спрыяў гэтаму шлюбу.

Як маршалак земскі Мікалай Радзівіл Чорны ўзначальваў раду паноў Вялікага Княства Літоўскага і соймы дзяржавы. Ён ўвайшоў у склад сціслага атачэння Жыгімонта Аўгуста і цесна супрацоўнічаў з ім. Мікалай Радзівіл Чорны актыўна удзельнічаў у вызначэнні палітыкі дзяржавы, якая была скіраваная на ўмацаванне дзяржаўнай улады. Вышэйшыя пасады ў дзяржаве займаў і родны брат Барбары, Мікалай Радзівіл Руды. У 1549 г. ён атрымаў пасаду ваяводы троцкага, у 1553 г. гетмана вялікага літоўскага і ў 1566 г. дадаткова віленскага ваяводы і канцлера. Абодва Радзівілы ўмацавалі сваё дзяржаўнае становішча, калі Жыгімонт Стары памёр у 1548 г. і Жыгімонт Аўгуст стаў паўнапраўным каралём польскім і вялікім князем літоўскім.

У другой палове 1547 г. Мікалай Радзівіл Чорны быў накіраваны ў Вену на перамовы з Габсбургамі. Акрамя дзяржаўных, Радзівіл займаўся і прыватнымі справамі. У снежні 1547 г. імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл V надаў Мікалаю Радзівілу Чорнаму і яго брату Яну тытул князя на Алыцы і Нясвіжы, а Мікалаю Радзівілу Рудому — князя на Біржах і Дубінках. Гэта яшчэ больш узмацніла аўтарытэт Радзівілаў у Вялікім княстве Літоўскім і за мяжой. У гэты ж час Мікалай Радзівіл устанавіў цесныя кантакты з герцагам прускім Альбрэхтам.

Мікалай Радзівіл Чорны атрымоўвае з рук Фердынанда І княжацкі тытул.

Другое падарожжа Мікалая Радзівіла ў Вену ў першай палове 1553 г. і перамовы з габсбургскім дваром спрычыніліся да спынення падтрымкі Германскай імперыяй маскоўскага цара Івана IV. Мікалай Радзівіл Чорны пераканаў германа-аўстрыйскі двор, што заключэнне габсбургска-маскоўскага саюзу, скіраванага супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы, — справа марная. Так быў прадухілены саюз паміж Германскай імперыяй і Маскоўскім царствам, якое пагражала ўсходнім межам Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Наадварот, быў заключаны саюз з рымскім каралём Фердынандам (братам і спадчыннікам германскага імператара Карла V), які кіраваў аўстрыйскімі землямі Габсбургаў. Саюз быў умацаваны дамовай аб шлюбе ўдаўца Жыгімонта Аўгуста з дачкой Фердынанда (потым ён стаў імператарам) — Кацярынай. Сам Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў у дадатак тытул графа на Шыдлоўцу (у Польшчы), які захаваўся ў родзе Радзівілаў разам з княжацкім тытулам. Саюз з Германскай імперыяй захоўваўся на працягу наступных двух дзесяцігоддзяў, што потым аблегчыла Вялікаму княству Літоўскаму і Польшчы вядзенне Лівонскай вайны.

У наступныя гады Мікалай Чорны шмат займаўся пытаннямі знешняй палітыкі на соймах дзяржаў і падчас сустрэч з іншаземнымі манархамі. На сойме Беларуска-Літоўскай дзяржавы ў Вільні ў канцы 1554 — пачатку 1555 г., дзякуючы ініцыятыве Радзівіла, была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на Вялікае Княства Літоўскае. У Швецыю з мэтай саюза на выпадак магчымай вайны на ўсходзе было накіравана пасольства. Разам з тым, як вопытны дзяржаўны дзеяч, Мікалай Радзівіл не парываў адносін з Масквою. У 1555 г. з царом Іванам IV было заключана 6-гадовае перамір’е, да 22 лютага 1562 года. Гэта была яшчэ адна важная перамога Чорнага, якая дала магчымасць Вялікаму княству Літоўскаму далучыць да сябе Лівонію.

Пачынаючы з 1556 г. Мікалай Радзівіл Чорны некалькі гадоў займаўся прыбалтыйскай праблемай. Мэтай палітыкі Вялікага Княства ў гэты час было далучэнне Лівоніі да яе. У Лівоніі (на тэрыторыі цяперашніх Латвіі і Эстоніі) існаваў архаічны лад канфедэрацыі Лівонскага ордэна, трох біскупстваў і горада Рыгі, падпарадкаванага рыжскаму арцыбіскупу. Палітыка далучэння Лівоніі да Вялікага Княства Літоўскага праводзілася асцярожна, каб не выклікаць вайну з Іванам IV. У верасні 1557 г. была падпісана дамова з лівонскім магістрам В.Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне ад Расіі. За гэты поспех Жыгімонт Аўгуст у 1558 г. перадаў Радзівілу Ковенскае староства.

У пачатку Лівонскай вайны Радзівіл Чорны выступіў супраць прапановы Івана ІV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, пабачыўшы ў гэтым спробу цара адцягнуць увагу Вялікага Княства ад Інфлянтаў з далейшым намерам іх заваяваць. Першапачаткова паны рада з захапленнем прынялі прапанову Івана ІV, аднак Чорны здолеў пераканаць іх устрымацца ад саюзу супраць Крымскага ханства, але адначасова і трымаць мір з Масковіяй. У пачатку 1558 годзе Маскоўскае войска пачало баявыя дзеянні ў Лівоніі, новы магістр ордэна Готхард Кетлер звярнуўся да Жыгімонта Аўгуста з просьбай аб дапамозе. У адказ паслы Чорнага заявілі, што дапамога магчыма толькі пры ўмове прыняцця падданства Літвы.

Па прапанове М.Радзівіла Чорнага паны рада ў Вільні вырашыла заключыць больш цесны дзяржаўны саюз з Лівоніяй. У жніўні 1559 г. на сойме ў Вільні быў заключаны дагавор, паводле якога Лівонскі ордэн з усімі яго тэрыторыямі станавіўся пратэктаратам Вялікага Княства Літоўскага. Латгалія (паўднёва-ўсходняя частка Латвіі) была занята войскам ВКЛ. Да дагавора далучыўся і рыжскі арцыбіскуп. Спадзеючыся дамовіцца з царом мірным шляхам, Радзівіл накіраваў пасольства ў Маскву, але цар Іван IV патрабаваў уступіць яму яшчэ не заваяваную Лівонію цалкам.

М. Радзівіл Чорны
М. Радзівіл Чорны. Малюнак М. Купавы

У 1561 г. Лівонскі ордэн распаўся. 28 лістапада 1561 г. апошні магістр Г.Кетлер абвясціў секулярызацыю ордэна. У гэты ж дзень у Вільні пад старшынствам Мікалая Радзівіла быў падпісаны акт аб падпарадкаванні Лівоніі сумесна Вялікаму княству Літоўскаму і Польшчы. 5 сакавіка 1562 года апошні магістр Лівонскага ордэна Готхард Кетлер у рыжскім замку перадаў Мікалаю Радзівілу сімвалы ўлады Ордэна — залаты крыж і пячатку, а таксама прывілеі і архіў Ордэна. Г.Кетлер станавіўся герцагам Курляндыі, васалам Жыгімонта Аўгуста, а Радзівіл быў прызначаны адміністратарам Лівоніі. Цяпер Вялікае Княства Літоўскае пачало вайну за гэтую аўтаномную тэрыторыю.

Варта адзначыць, што менавіта дыпламатычная дзейнасць Мікалая Радзівіла Чорнага спрыяла пераходу на бок Вялікага Княства Літоўскага вядомага рускага палкаводца, сябра дзяцінства Івана Грознага, князя Андрэя Курбскага.

Мікалай Чорны актыўна ўдзельнічаў і ва ўмацаванні дзяржаўнай самастойнасці Вялікага Княства Літоўскага. Ужо на начатку 50-х гадоў XVI ст. абодва Радзівілы — і Чорны, і Руды — распачалі барацьбу супраць тых магнатаў і шляхты, якія намагаліся заключыць больш цесны саюз з Польшчай, каб пашырыць свае палітычныя правы па ўзоры польскай шляхты. Мікалай Радзівіл Чорны праводзіў цвёрдую палітыку ўмацавання дзяржаўнага суверэнітэту Вялікага Княства Літоўскага. Ужо восенню 1551 г. на сойме ў Вільні Мікалай Радзівіл рашуча выступіў супраць перамоў з польскай дэлегацыяй аб дзяржаўнай уніі Вялікага Княства Літоўскага і Рускага з Польшчай. На гэтым этапе яго падтрымліваў сам Жыгімонт Аўгуст. Вялікі князь выдаў прывілей, які гарантаваў самастойнасць Вялікаму княству Літоўскаму.

Аднак вайна з Маскоўскай дзяржавай значна змяніла становішча Вялікага Княства Літоўскага. У сувязі з пагрозай незалежнасці нашай дзяржавы беларуская шляхта на палявым сойме пад Віцебскам у верасні 1562 г. прапанавала праект новай дзяржаўнай уніі з Польшчай. Польская шляхта і магнаты таксама намагаліся заключыць унію са сваімі мэтамі: пашырэння тэрыторыі на Украіне і інкарпарацыі беларусіх і літоўскіх зямель. Сам Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў і баяўся, што пасля яго смерці саюз паміж Польшчай і ВКЛ распадзецца, ужо таксама схіляўся да дзяржаўнай уніі.

Мікалай Радзівіл Чорны ў першай палове 60-х гадоў XVI ст. у неспрыяльных умовах рабіў усё магчымае, каб захаваць самастойнасць, незалежнасць і суверэнітэт Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Дзякуючы яго настойлівасці на соймах дзяржаўную унію з Польшчай удалося адцягнуць на некалькі гадоў. Люблінская унія была заключана ў 1569 г., ужо пасля яго смерці, і бясспрэчна яго заслуга ў тым, што Вялікае Княства Літоўскае ня стала часткай Польскага Каралеўства і захавала сваю самастойнасць.

Падзяліцца
  • 2
    Падзяліліся