Лісты Міндоўга

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

 Урыўкі з прадмовы Алеся Жлуткі да кнігі «Міндаў, кароль Летовіі»

Кароль Міндаў, 750-годдзю каранацыі якога прысвячаецца гэтае выданне, не быў абыдзены ўвагаю тагачасных гістарычных крыніцаў. Але толькі нядаўна яго асоба пачала па-сапраўднаму абуджаць цікавасць айчынных гісторыкаў. Медыявісты спрабуюць сёння па-новаму асэнсоўваць дзейнасць стваральніка новай дзяржавы, тэрытарыяльным, палітычным і этнічным ядром якой сталіся беларускія землі, а першай сталіцаю – старажытны Наваградак. Асэнсоўваць, зыходзячы не з апрыёрных сцвярджэнняў ці ідэалагічных установак, а на аснове новага вяртання да крыніцаў, на жаль, даволі часта недаступных. князь Міндаў

Выдатныя падзеі незвычайнага жыцця караля асветленыя (больш ці менш праўдзіва) заходнімі хронікамі і ўсходнеславянскімі летапісамі. Ступень праўдзівасці гэтых паведамленняў вагалася ў залежнасці ад часавай ці прасторавай аддаленасці аўтараў ад апісанай імі рэальнасці, ад ваенна-палітычнай сітуацыі таго часу, калі ў тэкст уносіліся адпаведныя запісы, ды ад шэрагу іншых аб'ектыўных і суб'ектыўных фактараў. Склалася так, што ўсе гэтыя звесткі паходзяць з вонкавых крыніцаў, якія ствараліся пераважна ў тых краёх, што былі з каралём у стане вайны. Значна менш залежныя ад падобных акалічнасцяў дакументальныя крыніцы. Дакументы, датычныя Міндава, захаваліся толькі на лацінскай мове, хоць не выпадае сумнявацца ў тым, што кароль выдаваў і кірылічныя лісты. Большасць змешчаных тут лацінскіх актаў выйшлі пры жыцці караля ад яго самога ці з папскай канцылярыі, дзе яны, як правіла, ствараліся на аснове рэляцыяў, што зыходзілі ці ад самога караля, ці з яго атачэння. З адзінкавымі выняткамі аўтэнтычнасць гэтых матэрыялаў не падлягае сумніву. Яны дакладна фіксуюць даты, падзеяў і імёны галоўных дзеячоў, даволі карэктна перадаюць гучанне асабовых імёнаў, мясцовыя і этнічныя назвы. Таму, асабліва ў супастаўленні з наратыўнымі крыніцамі, лацінскія дакументы, што датычацца Міндава, маюць велізарную каштоўнасць для навуковых даследванняў розных гістарычных кірункаў.

Дакументальныя матэрыялы, пададзеныя ў публікацыі, захоўваюцца пераважна ў замежных архівах: Ватыканскім таемным архіве (Archivio Segreto Vaticano) – фонд Ватыканскіх рэгістраў, Таемным дзяржаўным архіве Прускай культурнай спадчыны (Geheimes Staatsarchiv Preussischer Kulturbesitz) – фонд Лівонскіх справаў і ў Латвійскім дзяржаўным гістарычным архіве (Latvijas Valsts vestures arhіvs) – фонд 8 «Нутраны архіў Рыскага магістрату».

У нашым выданні мы імкнёмся як мага паўней падаць дакументальныя матэрыялы, якія датычаць асобы караля Міндава. У збор увайшлі ўсе вядомыя лацінскія дакументы, якія паўсталі пры ягоным жыцці, а таксама пазнейшыя лісты і сведчанні другой паловы XIII – пачатку XIV ст. Тэксты актаў друкуюцца з арыгіналаў або ўзнаўляюцца на падставе найбольш дакладных копіяў з даданнем розначытанняў. Усе лісты мы ўзялі з кнігі А. Жлуткі «Міндаў, кароль Летовіі», выдадзенай у 2003 годзе.

2. 1253 ліп. – Летовія Міндаў, кароль Летовіі, даруе Нямецкаму ордэну ў Лівоніі розныя зямельныя ўладанні

Міндаў, з ласкі Божае кароль Летовіі, [усім, хто будзе бачыць гэты ліст, збаўленне ў імя Езуса Хрыста].
Паколькі з ласкі Божага натхнення і парады [любых нам у Хрысце майстра і братоў Нямецкага дому ў Лівоніі] мы былі пакліканыя з цемры паганства да святла Касцёлу Езуса Хрыста і адроджаныя праз [ласку хроснай купелі, а найсвяцейшы айцец і пан наш папа Інацэнт чацверты, беручы нашую асобу, каралеўства і ўсе ўладанні пад юрысдыкцыю і абарону апостальскага пасаду, сваёю ўладаю наказаў каранаваць нас на караля ўсяе Летовіі і ўсіх земляў, якія з дапамогаю Божае моцы мы ўжо вырвалі або зможам вырваць у будучыні з рук няверных, то дзеля таго каб хвалебна магло завяршыцца пачатае ў нас і каб моцнай рукою мы маглі стрымліваць бунтаўнікоў веры і парушальнікаў нашага каралеўства], нам неабходная, як мы ўбачылі, [дапамога раней памянёных майстра і братоў, якую яны і самы цвёрда, пад прысягаю, паабяцалі даваць нам, як больш поўна выкладзена ў іхным лісце, складзеным дзеля гэтага. I хоць войска Ордэну тых жа братоў, як вядома, створанае супроць парушальнікаў веры і Касцёлу, дый самы браты гатовыя былі б несці сваю дапамогу нам больш, чым іншым хрысціянам, дзеля адпору ворагам веры і, нават не будучы звязаныя пэўным абавязкам, лічылі б вечнае жыццё дастатковай платаю для сябе, але дзеля таго каб гэты свой абавязак у дапамозе нам яны маглі выконваць больш дзейсна, што вельмі патрэбна для нас у гэтых новых абставінах], мы з згоды нашых дзедзічаў перадалі іхнаму дому [на вечнае, вольнае і бяспечнае валоданне] ніжэй названыя землі. Пры гэтым была пастаўленая ўмова, каб самы браты праз сябе і сваіх [людзей] уласным коштам заўсёды дапамагалі нам і законным наступнікам нашага каралеўства матэрыяльным мечам, падтрымкаю і парадаю супроць нашых ворагаў і непрыяцеляў веры. З свайго боку мы і нашыя наступнікі гэткім жа чынам і ва ўсім абавязваемся дапамагаць тым жа братом. Назовы ж земляў гэткія: Расейнаў палова, Лукава палова, Бетыголы палова, Айраголы палова, Дэйновы палова, Кулені ўсе, Коршава ўсё, Крожы ўсе, Недэрова ўся, Вейжы ўсе, іншыя Вейсі ўсе, Вангі ўсе. На сведчанне пра гэтую справу мы далі зацвердзіць гэты ліст нашай пячаццю. Былі прысутнымі, калі дзеялася гэта, пан Кульмскі біскуп, Андрэй, майстар памянёных братоў, і яго браты Андрэй, Ян чашнік, Сітэр стольнік і Тэадорык з Гасэндорпу, ад братоў прапаведнікаў Сіндэрам, ад братоў меншых Адольф і яго паплечнікі ды многія іншыя.
Дадзена ў Летовіі, на нашым двары, у год Пана MCCLIII, у месяцы ліпені.

3. 1254 сак. 12
Міндоўг, кароль Летовіі, уводзіць у дзяржанне зямельнымі ўладаннямі ў Жамойці і ўпасажвае біскупа Хрысціяна

Міндаў, з ласкі Божае кароль Летовіі, усім верным Хрыстовым, да якіх дойдзе гэты ліст, збаўленне ў Пане Езусе.
Жадаем, каб усе вы ведалі, што мы, добра параіўшыся з сваімі, прынялі вялебнага айца пана Хрысціяна, якога папрасілі высвяціць на біскупа нашага каралеўства, уводзячы яго ў дзяржанне, а таксама прызначаючы яму ж у пасаг палову Расейнаў, палову Бетыголы, палову Локава. На вечную памяць пра гэтую справу мы далі зацвердзіць гэты ліст нашай пячаццю. 
Учынена гэта ў прысутнасці і з згоды нашых сыноў Рэплі і Герстута ды нашага вернага Парб(у)ся ў год Пана тысяча CCLIIII, у чацверты [дзень перад] сакавіцкімі ідамі.

4. 1255 каст.
Міндаў, кароль Летовіі, даруе Нямецкаму ордэну ў Лівоніі Селёнію

Міндаў, з ласкі Божае першы кароль Летовіі, усім верным Хрыстовым, да якіх дойдзе гэты ліст, збаўленне ў Сыне Бога жывога.
Некалі любыя нам у Хрысце майстар і браты Нямецкага дому святой Марыі ў Лівоніі, пераконваючы шчыра і настойліва, паклікалі нас з цемры паганства, каб разам з іншымі вернымі Хрыстовымі мы маглі лягчэй спазнаць святло праўды, і дзякуючы іхнай дапамозе пан апастолік пажадаў адрадзіць нас праз ласку хроснай купелі ды з уласцівай яму зычлівасцю наказаў каранаваць на караля ўсяе Летовіі. I калі з неаслабнай заклапочанасцю мы разважалі, што дапамагло б нам захаваць і абараніць гэтае самае каралеўства, то з усёй відавочнасцю ўбачылі, што вельмі неабходным для нас і карысным для хрысціянскай веры будзе зрабіць для памянёных братоў каралеўскія дарэнні. I хоць іхны надзвычай патрэбны ордэн быў шчасліва ўстаноўлены Панам для такой адмысловай падтрымкі Касцёлу, але каб яны больш дзейсна маглі дапамагаць нам, а мы больш рашуча і магутна здолелі даць адпор нападнікам на нашае каралеўства і бунтаўніком веры, дый таму, што ніхто не абавязаны ваяваць сваім коштам, мы з згоды нашых дзедзічаў пастанавілі прызначыць на вечнае і вольнае валоданне памянёным майстру і братом з Лівоніі зямлю, якая называецца Селы, а менавіта Медэн, Пелён, Малейшы, Тоўрагі з [усім да] іх належным. На вечную памяць пра гэты чын мы далі зацвердзіць гэты ліст моцаю нашай пячаці.
Дадзена ў год Пана MCCLV, у месяцы кастрычніку.

8. 1259 жн. 7
Міндаў, кароль Летовіі, даруе Нямецкаму ордэну ў Лівоніі розныя землі

Міндаў, з ласкі Божае кароль Летовіі, усім верным Хрыстовым, якія будуць бачыць гэты ліст, збаўленне ў імя Езуса Хрыста.
Паколькі з ласкі Божага натхнення і парады любых нам у Хрысце майстра і братоў Нямецкага дому ў Лівоніі мы былі пакліканыя з цемры паганства да святла Касцёлу Езуса Хрыста і адроджаныя праз ласку хроснай купелі, а найсвяцейшы айцец і пан наш папа Інацэнт чацверты, беручы [нашую] асобу, каралеўства і ўсе нашыя ўладанні пад юрысдыкцыю і абарону апостальскага пасаду, сваёю ўладаю наказаў каранаваць нас на караля ўсяе Летовіі і ўсіх земляў, якія з дапамогаю моцы Божае мы ўжо вырвалі або зможам вырваць у будучыні з рук няверных, то дзеля таго каб хвалебна магло завяршыцца пачатае ў нас і каб моцнай рукою мы маглі стрымліваць бунтаўнікоў веры і парушальнікаў нашага каралеўства, нам неабходная, як мы ўбачылі, дапамога памянёных майстра і братоў, якую яны і самы цвёрда, пад прысягаю, паабяцалі даваць нам, як больш поўна выкладзена ў іхным лісце, складзеным дзеля гэтага. I хоць войска Ордэну тых жа братоў, як вядома, створанае супроць парушальнікаў веры і Касцёлу, дый самы браты гатовыя былі б несці сваю дапамогу нам больш, чым іншым хрысціянам, дзеля адпору ворагам веры і, нават не будучы звязаныя пэўным абавязкам, лічылі б вечнае жыццё дастатковай платаю для сябе, але дзеля таго каб гэты свой абавязак у дапамозе нам яны маглі выконваць больш дзейсна, што вельмі патрэбна для нас у гэтых новых абставінах, мы з згоды нашых дзедзічаў перадалі іхнаму дому на вечнае, вольнае і бяспечнае валоданне ніжэй названыя землі, нічога не пакідаючы сабе з права ці юрысдыкцыі або ўлады на іх. Пры гэтым была пастаўленая ўмова, каб самы браты праз сябе і сваіх [людзей] уласным коштам заўсёды дапамагалі нам і законным наступнікам нашага каралеўства матэрыяльным мечам, падтрымкаю і парадаю супроць нашых ворагаў і непрыяцеляў веры, якія спусташаюць межы нашага каралеўства. Назовы ж земляў гэткія: Дэнова ўся, якую таксама некаторыя называюць Етвез, з выняткам некаторых невялікіх земляў, а менавіта Сентаны, Дзернаў і Крэсмаў, і вёскі, якая называецца Губініты, з трыма вёскамі ў Вельцаве, якія захоўваем у сваім валоданні. Звыш таго мы далі згаданым братом усю зямлю Скалову, усю Жамойць, з выняткам толькі тых маёмасцяў у самой Жамойці, якія мы перадалі вялебнаму айцу і пану біскупу Летовіі, як больш поўна выкладаецца ў лісце, складзеным дзеля гэтага. З згоды і волі нашых дзедзічаў мы зычліва і ахвотна чынім таксама ім гэткую асаблівую ласку: калі б хто ў нашым каралеўстве ці ўладанні даў штосьці самым братом з сваіх маёмасцяў, як рухомых, так і нерухомых, цалкам ці часткова, ці запавёў у тэстамэнце, ці яны дзяржаць гэта ад нас як лен, ці гэта ўласнасць тых, хто даюць ці запавядаюць, яны могуць вольна і вечна валодаць і дзяржаць іх гэтак жа, як іншыя свае маёмасці, якія мы ім перадалі. На вечную памяць пра гэтае дарэнне і наданне мы далі зацвердзіць моцаю нашай пячаці дадзены прывілей, дзеля гэтага складзены. Дадзена ў год Пана MCCLIX, у VII [дзень перад] жнівеньскімі ідамі.

9. 1260 чэрв. сяр. – Летовія
Міндаў, кароль Летовіі, на выпадак сваёй смерці пры адсутнасці дзедзічаў даруе Нямецкаму ордэну ў Лівоніі ўсё сваё каралеўства разам з прылеглымі землямі

Міндаў, з ласкі Божае кароль Летовіі, усім верным Хрыстовым, якія будуць бачыць гэты ліст, збаўленне ў імя Езуса Хрыста.
Паколькі з ласкі Божага натхнення і парады любых нам у Хрысце майстра і братоў Нямецкага дому ў Лівоніі мы былі пакліканыя з цемры паганства да святла Касцёлу Езуса Хрыста і адроджаныя праз ласку хроснай купелі, а найсвяцейшы айцец і пан наш папа Інацэнт чацверты, дзякуючы настойлівасці і дзейснай падтрымцы памянёных майстра і братоў, беручы нашую асобу, каралеўства і ўсе нашыя ўладанні пад юрысдыкцыю і абарону апостальскага пасаду, сваёю ўладаю наказаў каранаваць нас на караля ўсяе Летовіі і ўсіх земляў, якія з дапамогаю моцы Божае мы ўжо вырвалі або зможам вырваць у будучыні з рук няверных. Але перад нашым навяртаннем і пасля яго мы і нашае каралеўства Летовія былі гэтак узрушаныя і разладжаныя ворагамі хрысціянскае веры і адступнікамі, што калі б згаданыя майстар і браты не падтрымалі нас сваёй вялікай дапамогай і парадаю, то ўсё нашае каралеўства было б абернутае ў нівеч, а вера знішчаная. Таму, зважаючы на высілкі, выдаткі і руплівасць майстра і раней названых братоў, што выявілі яны, баронячы нашую асобу, нашае каралеўства і нават больш за тое – саму хрысціянскую веру, мы з рады, волі і згоды нашых дзедзічаў ды вяльможных [людзей] нашых аддалі, перадалі і падаравалі ўсё нашае каралеўства Летовію і ўсе прылеглыя землі, як бы яны ні называліся, з выняткам земляў і біскупскага права, прызначаных пану біскупу Летовіі ў памянёным нашым каралеўстве, часта згадваным майстру і братом з Нямецкага дому ў Лівоніі і моцаю гэтага ліста даруем у сапраўднае права і ўласнасць іхнаму ордэну, але такім чынам, што калі б нам давялося адысці [з гэтага свету] без законных дзедзічаў, то мы ад сягоння перанеслі б на іх [братоў] з таго часу ўладу і валоданне ўсім вышэй названым каралеўствам Летовіяй. Дзеля пастановы пра гэтае перанесенае валоданне мы наладзілі на нашым адмысловым двары канвэнт згаданых братоў. I хоць мы раней рабілі ўсялякія і розныя дарэнні для памянёных братоў, як выкладаецца ў лістох, складзеных дзеля гэтага, але мы хочам, каб гэтае міласцівае і абачлівае дарэнне, зробленае намі згаданым майстру і братом, а таксама іхным наступнікам, як нашым галоўным памочнікам, было поўным і канчатковым завяршэннем іншых папярэдніх дарэнняў. На вечную памяць пра гэтую справу, дзеля таго каб памянёнае раней нашае дарэнне атрымала сапраўдную моц, мы наказалі напісаць гэты ліст і зацвердзіць яго моцаю нашай пячаці. Сведкі гэтага дарэння: вялебны пан Кульмскі біскуп, майстар Андрэй з памянёных братоў і яго браты; Лангвін наш сястрынец, Лігейка, Шаб, Бікш, Бунь, нашыя баяры і крэўнікі, Парбус з Нераў, Гердзень з Налыпаў, Вег, Вешэгел, і там жа Парбус меншы, ад братоў прапаведнікаў брат Сіндарын, ад братоў меншых брат Адольф і яго таварышы ды шмат іншых вартых даверу людзей, якія ўсе разам і паасобку дзеля гэтага былі пакліканыя на сведчанне пра дарэнне, прадбачліва зробленае намі майстру і братом ды іхным вышэй названым наступнікам.
Дадзена ў Летовіі, на нашым двары, у год Пана тысяча дзвесце шасцідзясяты, у сярэдзіне месяца чэрвеня.

10.
Міндаў, кароль Літовіі, вызначае межы зямлі Селёніі, падараванай Нямецкаму ордэну

10а. 1261 жн. 7
Міндаў, з ласкі Божае кароль Літовіі.
Мы хочам, каб усе вы, да каго дойдзе гэты ліст, ведалі, што мы пасля належнай нарады і з згоды нашых дзедзічаў, а менавіта Рэплі і Герстута, прызначаем і даруем усю зямлю Селы і Селёнію ўмілаваным майстру і братом Нямецкага дому ў Лівоніі з усімі размежаваннямі і прыналежнасцямі, як пададзена ніжэй. Мяжа пачынаецца паміж хрысціянамі і селёнамі насупраць замку Новэн, спускаючыся Дзвіною да сярэдзіны [яе] плыні ў кірунку Ромеля, паблізу выспы Долен; з другога боку ідзе мяжа паміж селёнамі і літвінамі: ад раней памянёнага замку Ноюн яна пераходзіць наўпрост на шлях Копвэх (Гасцінец), ідзе гэтым жа шляхам аж да рэчкі Лёдэнбэк, спускаецца рэчкаю Лёдэнбэк і даходзіць аж датуль, дзе [яна] называецца іншым імем Дусята, ідзе далей памянёнай Дусятаю ў возера, якое называецца Сарта, а ля возера Сарта пераходзіць на рэчку, якая адтуль выцякае і называецца Свентэупэ, [затым] спускаецца Свентэупаю ў рэчку Летаву, падымаецца гэтай рэчкаю і ідзе далей на рэчку Вашэўка, затым на рэчку Вешынту, потым на рэчку Левену, уніз рэчкаю Левенаю, далей – у раку, якая называецца Земгальская Аа, [і] спускаецца затым памянёнай ракою Земгальскай Аа ў Бабатэсмюндэ. Зрэшты, няхай бяспечна і спакойна карыстаюцца таксама іншымі замкамі, размешчанымі ў памянёных граніцах і межах, з усімі іх прыналежнасцямі, а менавіта Медэнем, Кальвамі, Малейшамі, Тоўрагамі, Уцянаю, Ушпалем, а таксама іншымі маёмасцямі, размешчанымі ў згаданых межах, навечна ў цяперашнія і будучыя часы, і ніхто не павінен гэта аспрэчваць. На вечную памяць пра гэтае прызначэнне і дарэнне мы далі зацвердзіць прывілей, дзеля гэтага складзены, моцаю нашай пячаці.
Дадзена ў год Пана тысяча дзвесце шэсцьдзесят першы, у VII [дзень перад] жнівеньскімі ідамі.

10b. s.d.
У імя Пана, амэн. 
Мы, Міндаў, з ласкі Божае кароль літвінаў, пасля прыняцця каталіцкае веры і купелі святога хросту з Божага натхнення спазналі, што між усіх цнотаў больш прыемная Богу [тая, якая скіраваная на] карысць душаў. I [таму], каб не ўпасці ў ранейшую аблуду няверы, дзеля надзеі на вечную ўзнагароду і на збаўленне нашай душы, мы далі, а таксама ў добрай веры і па сталым разважанні даем дастойным і пабожным мужом, майстру і братом Найсвяцейшай Марыі Нямецкага дому Ерузалемскага шпіталю ў Лівоніі, усю зямлю Зелёнію, званую папросту Зелянд і Зелі, з усімі прыналежнасцямі, як будзе бачна ніжэй у размежаваннях. Мяжа паміж хрысціянамі і зелёнамі пачынаецца насупраць умацаванняў Новэн, званых папросту Борхвак Новэн, спускаецца ракою, якая называецца Дзвіною, пераходзіць да сярэдзіны плыні памянёнай Дзвіны аж на рэчку, якая папросту называецца Кекава, насупраць Долену, дзе гэтая рэчка ўпадае ў Дзвіну. З другога боку Дзвіны [ідзе] мяжа паміж зелёнамі і літвінамі: ад памянёнага Новэн [яна] пераходзіць наўпрост на шлях, званы папросту Кёпвэк (Гасцінец), ідзе гэтым жа шляхам аж да рэчкі, якая называецца Лёдэнбэк, і, спускаючыся рэчкаю Лёдэнбэк, даходзіць аж датуль, дзе [гэтая рэчка] называецца іншым імем, а менавіта Дусята. Ідзе згаданай рэчкай Дусятаю аж у возера, якое называецца Сарта, каля гэтага возера пераходзіць нарэчку, якая выцякае з возера і называецца папросту Свентопэ, [затым] спускаецца памянёнаю рэчкаю Свентопэ аж на рэчку, якая называцца Летава. Падымаецца рэчкаю Літава аж на рэчку Васеўка, пераходзіць далей на раку Вешынту, ідучы далей наперад на раку Левену, і спускаецца памянёнай ракою Левенаю далей аж да ракі, якая называецца Земгальская Аа, [і] спускаецца згаданаю ракою Земгальскай Аа аж у Бабатэсмюндэ. А таксама ўсе замкі, якія называюцца «борхвале» і якія ляжаць у апісаных граніцах, з усімі сваімі прыналежнасцямі, як Альзы, Медэн, Кальвы, Алейты, Малейшы, Тоўрагі, Уцяна, Ушпаль, і ўсе іншыя замкі, якія называюцца «борхвале», і землі, якія ляжаць у апісаных граніцах, як сказана вышэй.