
Міндаў
Усе лісты мы ўзялі з кнігі Алеся Жлуткі «Міндаў, кароль Летовіі», выдадзенай у 2003 годзе. ©
Урыўкі з прадмовы Алеся Жлуткі да кнігі «Міндаў, кароль Летовіі»
Кароль Міндаў, 750-годдзю каранацыі якога прысвячаецца гэтае выданне, не быў абыдзены ўвагаю тагачасных гістарычных крыніцаў. Але толькі нядаўна яго асоба пачала па-сапраўднаму абуджаць цікавасць айчынных гісторыкаў. Медыявісты спрабуюць сёння па-новаму асэнсоўваць дзейнасць стваральніка новай дзяржавы, тэрытарыяльным, палітычным і этнічным ядром якой сталіся беларускія землі, а першай сталіцаю – старажытны Наваградак. Асэнсоўваць, зыходзячы не з апрыёрных сцвярджэнняў ці ідэалагічных установак, а на аснове новага вяртання да крыніцаў, на жаль, даволі часта недаступных.
Выдатныя падзеі незвычайнага жыцця караля асветленыя (больш ці менш праўдзіва) заходнімі хронікамі і ўсходнеславянскімі летапісамі. Ступень праўдзівасці гэтых паведамленняў вагалася ў залежнасці ад часавай ці прасторавай аддаленасці аўтараў ад апісанай імі рэальнасці, ад ваенна-палітычнай сітуацыі таго часу, калі ў тэкст уносіліся адпаведныя запісы, ды ад шэрагу іншых аб'ектыўных і суб'ектыўных фактараў. Склалася так, што ўсе гэтыя звесткі паходзяць з вонкавых крыніцаў, якія ствараліся пераважна ў тых краёх, што былі з каралём у стане вайны.
Значна менш залежныя ад падобных акалічнасцяў дакументальныя крыніцы. Дакументы, датычныя Міндава, захаваліся толькі на лацінскай мове, хоць не выпадае сумнявацца ў тым, што кароль выдаваў і кірылічныя лісты. Большасць змешчаных тут лацінскіх актаў выйшлі пры жыцці караля ад яго самога ці з папскай канцылярыі, дзе яны, як правіла, ствараліся на аснове рэляцыяў, што зыходзілі ці ад самога караля, ці з яго атачэння. З адзінкавымі выняткамі аўтэнтычнасць гэтых матэрыялаў не падлягае сумніву. Яны дакладна фіксуюць даты, падзеяў і імёны галоўных дзеячоў, даволі карэктна перадаюць гучанне асабовых імёнаў, мясцовыя і этнічныя назвы. Таму, асабліва ў супастаўленні з наратыўнымі крыніцамі, лацінскія дакументы, што датычацца Міндава, маюць велізарную каштоўнасць для навуковых даследванняў розных гістарычных кірункаў.
Дакументальныя матэрыялы, пададзеныя ў публікацыі, захоўваюцца пераважна ў замежных архівах: Ватыканскім таемным архіве (Archivio Segreto Vaticano) – фонд Ватыканскіх рэгістраў, Таемным дзяржаўным архіве Прускай культурнай спадчыны (Geheimes Staatsarchiv Preussischer Kulturbesitz) – фонд Лівонскіх справаў і ў Латвійскім дзяржаўным гістарычным архіве (Latvijas Valsts vestures arhіvs) – фонд 8 «Нутраны архіў Рыскага магістрату».
У нашым выданні мы імкнёмся як мага паўней падаць дакументальныя матэрыялы, якія датычаць асобы караля Міндава. У збор увайшлі ўсе вядомыя лацінскія дакументы, якія паўсталі пры ягоным жыцці, а таксама пазнейшыя лісты і сведчанні другой паловы XIII – пачатку XIV ст. Тэксты актаў друкуюцца з арыгіналаў або ўзнаўляюцца на падставе найбольш дакладных копіяў з даданнем розначытанняў.


