Дзейнасць Скірмунтаў на Палессі

Сярод дынастый прадпрымальнікаў Беларусі ХІХ – пачатку ХХ ст. ганаровае месца па праве належыць Скірмунтам. Карані гэтага роду сыходзяць углыб стагоддзяў. У 1355 г. у хроніцы згадваецца князь Пінскі Васіль Скірмунт. Амаль праз дзвесце гадоў, у 1551 г., польская каралева Бона падаравала Богушу Скірмунту зямельны надзел у вёсцы Плотніца (цяпер Столінскі раён), за што ён абавязваўся “службу военную земскую служити”. Некалькі пазней згадваецца Крыштаф Скірмунт, стараста Платніцкі, верагодна сваяк Богуша. Па дакументах пінскага магістра ў 1777 г. войтам горада быў Адам Скірмунт. Каля царквы вёскі Рэмень (Столінскі раён) і па сённяшні дзень ацалела магіла Аляксандра Скірмунта, маршалка Пінскага павета.

Але росквіт Скірмунтаў – гэта ХІХ стагоддзе. Вядома, што Сымон Скірмунт (1747 – 1835) выкупіў велізарны маёнтак Моладава ў Міхала Клеафаса Агінскага – аўтара славутага паланэзу “Развітанне”. Агінскія гэты маёнтак давялі да велізарных даўгоў – і Скірмунт выкупіў яго ў 1792 г. разам з даўгамі за 468 тыс. злотых. З гэтага і пачаўся росквіт роду Скірмунтаў.

Радавы герб Скірмунтаў. Дуб.

Сымон Скірмунт, сын Ігната, надзелены прывілеямі караля, мастаўнічы пінскі (1776), мечнік (1790 г.), падчашы Пінскага павета (1793 г.), дэпутат Галоўнага Літоўскага Трыбунала, пасол на сойм 1792 г., маршалак Пінскага павета (1812 г.) заснаваў у Моладава рэзідэнцыю і паклаў пачатак самай знакамітай моладава – парэчанскай галіне роду Скірмунтаў. Умелае вядзенне гаспадаркі дазволіла Сымону стаць неўзабаве найбагацейшым шляхцічам брэсцка-літоўскага ваяводства. Праз жонку Эльжбэту Сымон парадніўся з вядомым і ўплывовым родам Ажэшка.

Новы ўладальнік пачаў з пабудовы замест старога сядзібнага дома Агінскіх пышнага палаца ў стылі ампір. За тры гады палац у Моладава быў пабудаваны. Пакоі і залы палаца ўпрыгожвалі парадныя партрэты продкаў Агінскіх і Скірмунтаў, жывапіс еўрапейскіх майстроў, габелены, старадаўняя мэбля. Вакол разбіты парк у англійскім стылі.

І па сёняшні дзень старадаўнія паркі, а дзе-нідзе і захаваныя сядзібныя пабудовы складаюць рамантычную і неад’емную частку беларускага ландшафту. Аднак уладанням Скірмунтаў быў наканаваны іншы лёс. Сын Сымона Скірмунта Аляксандр ператварыў глухі палескі кут у буйны прамысловы цэнтр.

А. Скірмунт

Нарадзіўся Аляксандр Ізідар Скірмунт (Скірмунтт) у Моладава ў 1798 г. і з юнацтва адрозніваўся вельмі дапытлівым і практычным розумам. Скончыўшы ў 1818 г. фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта са ступенню магістра, ён адправіўся для працягу вучобы ў Нямеччыну і Францыю, дзе правёў некалькі гадоў, вывучаючы хімію і яе практычнае прымяненне ў вытворчасці. І ў канцы свайго навучання – а ён быў тэхнолагам – працаваў звычайным рабочым на фабрыцы ў Бельгіі. Дарэчы, для Радзівілаў напрыклад, гэта было нехарактэрна, а для такіх, як Скірмунт – характэрна. Не толькі ведаць, як кіраваць, як арганізоўваць – але і папрацаваць самому, каб ва ўсім разабрацца.

Яшчэ пры жыцці бацька перадаў Аляксандру права кіравання маёнткамі і капіталамі. Акрамя Моладаўскага маёнтка (10924 моргі)1, яму адышлі Парэчча (10338 моргаў), Альбрэхтава (10500 моргаў) і Клетнае плошчай у 10946 моргаў. Амаль адразу па вяртаньні з-за мяжы ён парадніўся са старажытным родам Сулістроўскіх, ажаніўшыся на Канстанцыі (1806 – 1845), дачцы Караліны з Абрамовічаў і Казіміра Сулістроўскіх, віленскага маршалка, мінскага губернатара. Яго ўладаннем становіцца вялікі маёнтак (8784 моргі) Шамстоўшчына на Мядзелыцыне. Вянчанне «цудоўнай Кастусі» з Аляксандрам адбылося восенню 1823 г. у Варанянскім касцёле, а вяселле – у Чарлёнах на Гарадзеншчыне.

Моладава
Палац Скірмунтаў у Моладаве, Н. Орда. 1875 г.

Аляксандр з энтузіязмам узяўся за справу і арганізаваў у 1830 г. у Моладава новую па тых часах галіну вытворчасці – цукрова-рафінадны завод, адзін з першых у Беларусі. Сваю ролю тут адыграла не толькі знаёмства з перадавым заходнееўрапейскім вопытам, але і тое, што ў год адкрыцця завода Аляксандр Скірмунт атрымаў дзяржаўны прывілей (патэнт) на ўласнае вынаходніцтва апарата з выкарыстаннем пара для паскоранага выпарэння цукровага сіропу (прывілей тэрмінам на 10 гадоў за № 61 ад 10 снежня 1830 г. «на снаряд для выпаривания сахарных растворов посредством паров на плоских покато-устроенных поверхностях»).

Сутнасць вынаходніцтва заключалася ва ўжыванні так званага пракату – металічнай паверхні, з невялікім нахілам, па якой цёк тонкім пластом цукровы сіроп, які награваўся знізу парам. Пракат дазваляў значна паскорыць тэхналагічны працэс: замест звычайных 4-5 гадзін пры агнявым награванні на пракаце выпарванне доўжылася толькі 3-4 хвіліны. Тут выпускалі рафінад вельмі высокай ступені ачысткі.

Гэта была першая ў сусветнай практыцы ўстаноўка бесперапыннага дзеяння па атрыманні цукру. Атрымаўшы 10 снежня 1830 г. дзяржаўны прывілей тэрмінам на 10 гадоў Аляксандр Сымонавіч Скірмунт стаў першым афіцыйна прызнаным беларускім вынаходнікам.

Нельга сказаць, што першы вопыт прадпрымальніцкай дзейнасці Аляксандра аказаўся цалкам удалым. Вадзяны рухавік і сціплыя поспехі ў апрацоўцы новай для тых месцаў тэхнічнай культуры – цукровых буракоў – стрымлівалі вытворчасць. Тады Скірмунт арганізаваў перапрацоўку бульбы на крухмал. Да таго ж, праз некалькі гадоў пасля заснавання завод згарэў, і, хоць і быў адноўлены, вырабляў, напрыклад у 1840 г., пры 30 рабочых-сялянах і майстру-селяніне Давідзе Вырвічу, усяго 300 пудоў цукру-рафінаду у год на суму 3150 руб. срэбрам. У 1848 г. завод спыніў сваё існаванне.

У 1836 г. у Парэччы, далей ад сядзібнага раскошу, у поўную сілу запрацавала новае дзецішча Скірмунта – суконная фабрыка. На той час яшчэ фабрык на тэрыторыі Беларусі увогуле амаль што не было. Ёсць звесткі даследчыка Паўла Контрыма, якога Варшаўскі банк адправіў у 30-я гг. ХІХ ст. на Палессе – паглядзець, што там з эканомікай, з прамысловасцю. І тое, што заўважыў Контрым, змясцілася на адной старонцы кнігі!.. Ён вельмі скептычна ставіўся да такіх як Скірмунт – памешчыкаў, якія стваралі вытворчасць у сваіх маёнтках, дзе працавалі прыгонныя. Даследчык не ўбачыў тут перспектыў, палічыўшы гэта гульнямі, забавамі, хобі. У многіх гэта сапраўды было хобі, якое памірала з адным пакаленнем. У Скірмунтаў было не так…

Парэчча
Парэчча. З акварэлі Н.Орды. 1864 г.

Тэкстыльная вытворчасць у Беларусі вядома даўно. Нямала шляхцічаў нароўні з заняткам сельскай гаспадаркай заводзілі сукнавальні як дадатковую крыніцу даходаў. Аднак размах, з якім узяўся за справу гаспадар Парэчча, пераўзышоў усе папярэднія распачынанні. Аляксандр Сымоновіч сам распрацаваў усю тэхналогію. На сваёй фабрыцы ён прымяняў самыя перадавыя тэхналогіі. Куплялі паравыя машыны, якія толькі пашыраліся ў той час у Еўропе.

Каб наладзіць вытворчасць мяккага сукна, патрэбныя былі варсільныя машыны. Яны не маглі працаваць без варсільных шышак, якія вырошчваліся ў Францыі, каштавалі вельмі дорага. Скірмунты закупілі шышкі ў Францыі – і наладзілі ў сябе ўласную плантацыю, адзіную на той час у Расійскай імперыі! І мелі дадатковы прыбытак – таму што сталі прадаваць яшчэ і шышкі, а не толькі сукно. Спачатку сукно выраблялі тонкае – трыко, сацін. А потым пачалі рабіць двайное сукно, ці драп.

Механізмам, ткацкім станкам давала жыццё паравая машына. Арганізацыя фабрыкі была праведзена з размахам. А. Скірмунт закупіў замежнае абсталяванне, запрасіў з Германіі вопытных майстроў, якія навучалі спачатку мясцовых рабочых з сялян, красільшчыкамі працавалі габрэі. Першапачаткова тут налічвалася 258 рабочых. Як адзначаў беларускі гісторык, этнограф М. Доўнар-Запольскі, гэта ці ледзь не першая ў Расійскай імперыі фабрыка, на якой працоўныя прымалі ўдзел у прыбытках ад вытворчасці.

У 1863 г. фабрыка дала першую прадукцыю і хутка высунулася ў лідэры сваёй галіне. Вядома, што прадукцыя гэтай фабрыкі здабыла шмат міжнародных узнагарод.

На фабрыцы вырабляліся сукны тонкія і чорныя 7 гатункаў, (гатункі пазначаліся загалоўнымі літарамі С, Р. Е, О, С, В, А) коштам у 2-4 руб. 50 кап., А таксама рознага роду трыко, сацін. На іх вытворчасць закуплялася мытая і перагонная воўна ў губернях Беларусі, у Падольскай, Кіеўскай і Валынскай губернях, а таксама на кірмашах у Варшаве, Харкаве і Палтаве. Па асартыменце прадукцыі, яго якасці і тэхнічнаму абсталяванню, фабрыка лічылася адной з лепшых у Расійскай імперыі. Яна ўключала 4 машыны для ачышчэння воўны, 30 – для яе падрыхтоўкі да прадзення, 10 – для прадзення воўны, 60 механічных станкоў для ткацтва, набытых у Саксоніі, 4 цыліндрычныя машыны для валяння сукна, паравыя снарады для яго дэкаціроўкі, 13 машын для стрыжкі сукна і 10 машын варсавальных. Былі закладзены спецыяльныя плантацыі па вырошчванні варсянкі, шышкі якой выкарыстоўваліся ў вытворчасці сукна.

На фабрыцы штогод выраблялася ад 60 да 90 тысяч аршын тканін на суму 205-300 тысяч руб. Прадукцыя рэалізоўвалася на месцы і экспартавалася ў Вільню, Кіеў, Адэсу, Варшаву, Маскву і іншыя гарады. Тканіны карысталіся попытам, аб іх якасці сведчаць шматлікія ўзнагароды на выставах: 1865 г., Масква. Мануфактурная выстава – вялікі сярэбраны медаль, дзе дырэктар фабрыкі Аляксандр Скупеўскі быў удастоены пахвальнага ліста; 1867 г., Парыж, Сусветная выстава – ганаровы водгук; 1873 г., Вена, Сусветная выстава – «Медаль за заслугі»; 1878 г., Парыж, Сусветная выстава – вялікі сярэбраны медаль; 1882 г. Масква, Усерасійская мастацка-прамысловая выстава – залаты медаль; 1896 г., Ніжні Ноўгарад, Усерасійская прамысловая і мастацкая выстава – сярэбраны медаль; 1901 г., Мінск, Юбілейная сельскагаспадарчая і саматужна-прамысловая выстава – залаты медаль.

Асноўныя статыстычныя звесткi аб яе дзейнасці прыведзены ў даведачным выданні “Промышленные предприятия дореволюционной Белоруссии” (Мінск, 1988 г.). Напрыклад, ў 1878 г. на ёй працавала 420 рабочых. Абсталяванне часткова прыводзілася ў дзеянне некалькімі паравымі машынамі. Пасля ўсе ручныя станкі былі заменены механічнымі. Кошт выпускаемай прадукцыі складаў каля 300 тысяч рублёў у год – велізарныя па тых часах грошы. Напалеон Орда, мастак які намаляваў пейзаж парэцкага маёнтка, апублікаваў успаміны пра Аляксандра Скірмунта, дзе паведамляе, што “дырэктар фабрыкі сукна, які пачынаў простым красільшчыкам, дзякуючы сваім здольнасцям і працавітасці дасягнуў пасады кіраўніка цэлай вытворчасці” (“Ілюстраваны штотыднёвік “, Варшава, 6 мая 1871 г.).

Фабрычнай працай было занята ад 200 да 444 чалавек (былыя прыгонныя, казённыя сяляне, адстаўныя салдаты, габрэі). Сямейныя працоўныя жылі ў чатырох спецыяльна пабудаваных дамах. Меліся таксама чатыры інтэрнаты для маладых рабочых (цяпер на гэтым месцы прыватная забудова). Працоўны дзень у 1880-я гады складаў 13 гадзін, 6 дзён на тыдзень. То бок, калі ты працуеш на фабрыцы, то ўжо чыста фізічна не можаш працаваць на зямлі. Аднак жа і зараблялі: калі ў сям’і працаваў адзін чалавек, то жонка магла ўжо не працаваць. Рабочыя былі забяспечаны бясплатным харчаваннем і атрымлівалі ў год ад 15 да 40 руб. Падмастэр’і зараблялі ад 100 да 400, майстры ад 500 да 3000 руб. у год. Для параўнання: гадавы заробак настаўніка народнага вучылішча напрыканцы ХІХ ст. складаў 30-40 рублёў. Пры фабрыцы мелася бальніца, дзейнічала вучылішча, дзе дзеці бясплатна вучыліся грамаце і ткацкаму рамяству. Да Скірмунта нават ехалі працаваць людзі з Нямеччыны, Францыі, настолькі гэта было прэстыжна і прыбыткова. Напрыклад, у дакументах згадваецца майстар Аляксандр Мель – германскі падданы. Ён пасяліўся ў Парэччы ў 1862 годзе. А ягоныя нашчадкі перабраліся з Парэчча ў Польшчу толькі ў 1960-я гады!

Ёсць звесткі, што ў пачатку ХХ стагоддзя фірма атрымала буйнейшую замову – пачалі вырабляць сукно для расейскай арміі на афіцэрскія шынелі. Гэта быў каласальны поспех!

Дзякуючы Скірмунтам Парэчча сталі называць “Ліверпуль на Ясельдзе”! Пачалося ўсё з суконнай фабрыкі ў 1836 годзе. Яна стала адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў не толькі Мінскай губерні, але і ўсёй Беларусі. Гэтыя поспехі Скірмунтам ўдавалася ўтрымліваць цягам ажно трох пакаленняў. Прамысловасць увесь час развівалася. З’явілася цукроўня, вінакурня, сыраварня, лясная прамысловасць…

У 1860 г. у Парэччы запрацаваў цукровы завод. Ён лічыўся лепшым сярод цукровабурачных заводаў Мінскай губерні. З’яўляўся паравым і быў абсталяваны найбольш дасканалым абсталяваннем таго часу. Завод займаў цагляны чатырохпавярховы будынак, будаўніцтва якога абышлося да 30 тысяч срэбрам. Два лакамабілі ў 40 конскіх сіл, чатыры паравыя катлы і машыны каштавалі каля 70 тысяч срэбрам. Бураковы сок атрымлівалі метадам халоднага выціскання на васьмі цэнтрабежных машынах, барабаны якіх круціліся з хуткасцю 1000 абаротаў у хвіліну. Выкарыстанне цэнтрыфуг у адрозненне ад звычайнага прэсавага метаду заўважна павышала выхад цукровага пяску – да 4,2-5,6% (пры прэсавым метадзе выхад складаў каля 3%). Сутачная перапрацоўка складала 1000 ц буракоў, сутачны выхад цукру – 66-68 пудоў. На заводзе выпрацоўвалася цукру ў чатыры разы больш, чым на пяці заводах губерні. У 1861 г. прадукцыя завода склала 9 тысяч пудоў.

Буракі паспяхова вырошчвалі сяляне, якія жылі бліжэй да заводу, даходамі ад якіх заўважна паляпшалі сваё эканамічнае становішча. У 1879 г. завод згарэў і больш не аднаўляў сваёй дзейнасці.

У 1889 г. будынак быў прыстасаваны пад броварны завод з паравым рухавіком і дзесяццю рабочымі. Завод з’яўляўся адзіным у Мінскай губерні па вытворчасці ачышчанага спірту. Яго вялікі трохпавярховы будынак дайшоў да нашых дзён. Ён цагляны, глухія плоскасці папярочных сцен ўвянчаныя атыкам з вежкамі, ўпрыгожаны рэгулярнымі групамі дэкаратыўных элементаў: гарызантальнымі і вертыкальнымі паясамі, радамі глухіх ніш, палосамі руста, прастакутнымі вокнамі.

Праз трыццаць гадоў Аляксандр Скірмунт вярнуўся і да свайго першага вопыту прадпрымальніцкай дзейнасці. Па аб’ёмах вытворчасці новы Парэцкі цукровы завод у 50 разоў перасягнуў свайго Моладаўскага папярэдніка і працавала на ім у 10 разоў больш рабочых. Размяшчаўся завод у чатырохпавярховым каменным будынку на беразе ракі Ясельды, меў некалькі паравых машын і выпрацоўваў за сезон да 15 тысяч пудоў цукру. Прадукцыю збывалі ў Пецярбург, Кіеў, Варшаву, суседнія губерні. Яна неаднаразова экспанавалася на расійскіх і міжнародных выставах, у тым ліку на сусветных ў Вене у 1873 г. (пахвальны дыплом) і Парыжы ў 1878 г. (бронзавы медаль).

Праўда, як быццам злы рок пераследваў ўладальніка – ў 1879 г. завод згарэў і больш не аднаўляў сваёй дзейнасці.

Таксама ў Парэччы былі пабудаваныя паравы млын і сыраварны завод. Аляксандр Скірмунт першым у Беларусі стварыў для сваіх працоўных сістэму сацыяльнага забеспячэння, утрымліваў доктара і бальніцу, вучылішча для дзяцей рабочых, найбольш здольных рабочых пасылаў на іншыя фабрыкі і за мяжу вучыцца, выдаткі пры гэтым браў на сябе. І гэта давала свае вынікі.

Расло багацце Аляксандра Скірмунта, раслі яго дзеці. Ад шлюбу з Канстанцыяй у яго нарадзілася шэсць сыноў і пяць дачок. Па прыкладзе бацькі Аляксандр Сымонавіч яшчэ пры жыцці ў 1860 г. перадаў кіраванне фабрыкамі ў Парэччы старэйшаму сыну, таксама Аляксандру, а Моладава – сыну Генрыху. Тут жа, у Парэччы, з 1860 і па 1879 гг. працаваў цукровы, а з 1880 па 1915 гг. – броварны заводы, праводзіліся работы па паляпшэнню угоддзяў, выдатна была наладжана меліярацыйная сістэма прылеглай поймы Ясельды, распачатае ўзнаўленне лесу. Аляксандр выступаў за карэннае планіровачнае пераўтварэнне зямельнай уласнасці, лічачы, што дзяржава павінна быць зацікаўленая ва ўладкаванні зямель сялян, шматлікіх зямельных уласнікаў.

Але і на схіле гадоў дух прадпрымальніцтва ў ім не згас. Ён адправіўся ў Крым, набыў ўчастак у даліне Балаклавы, на плошчы 400 моргаў, развёў там лепшыя гатункі вугорскага і рэйнскага вінаграду, а калі вінаграднік пачаў даваць прыбытак, перадаў яго другому свайму сыну, Казіміру. Яшчэ адзін вінаграднік ён заснаваў на беразе Адрыятычнага мора ў Перына (120 моргаў) і Брындызі (Італія), аднак пладоў свайго апошняга пачынанні ўбачыць не паспеў.

Заснавальнік дынастыі беларускіх прадпрымальнікаў Аляксандр Скірмунт у 72-гадовым узросце памёр у Нямеччыне ў г. Кастэль Гесінскага герцагства 22 ліпеня 1870 г., куды ён выехаў на лячэнне.

У другой палове XIX стагоддзя асноўныя ўладанні Скірмунтаў былі падзеленыя паміж дзецьмі. Аднак браты не збіраліся перарываць тое, што не малой працай было створана іх бацькам. Рэканструяваліся парэцкія фабрыкі, прымнажалася веліч Моладаўскага палаца.

Гаспадарчыя традыцыі бацькі ў Парэччы працягваў трэці сын Аляксандра Скірмунта – Аляксандр. Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт (1830-1908), чалавек, па выразе Напалеона Орды, «вялікіх магчымасцяў і зайздроснага характару», жанаты на Тэафіліі Любанскай, займаючыся гаспадарчай дзейнасцю, стварыў буйны для таго часу парэчанскі вытворчы комплекс. Нямала часу надаваў дзяржаўнай службе. З 1847 г. – ганаровы наглядчык вучэльняў у Кобрынскім павеце, у памяць Крымскай вайны узнагароджаны бронзавым медалём, у 1858 г. прызначаны галосным губернатарам камітэта па ўладкаванню побыту памешчыцкіх сялян. За працу па вызваленні сялян узнагароджаны сярэбраным медалём, пазней стаў ганаровым міравым суддзёй Пінскай акругі.

Вядомыя яго распрацоўкі па ўрэгуляванні сялянскага землеўладання, ліквідацыі цераспалосіцы, накіраваных на ўзняцце сельскагаспадарчай вытворчасці. З’яўляўся прэзідэнтам і заснавальнікам Палескага таварыствы ўзаемнага крэдыту. Заўсёды быў супраць сілавога рашэння любых праблем, але прымаў удзел у паўстанні 1863-1864 гг. за што падвяргаўся рэпрэсіям.

Яго брат Генрых Аляксандравіч увёў эканамічныя новаўвядзенні ў Моладава, праўда, ішлі яны не з такім размахам, як у Парэччы. Шырокую вядомасць набыла арганізаваная ім школа хатняй гаспадаркі, якая праіснавала да пачатку першай сусветнай вайны. Палац у Моладава нярэдка наведвалі знакамітыя госці. Часта бывала ў ім сваячка Скірмунтаў польская пісьменніца Эліза Ажэшка.

Не пакінулі без увагі Скірмунты такую традыцыйную для Беларусі галіну як вінакурэнне. У Моладава (з 1865 г.) і ў Парэчча (з 1880 г.) працавалі буйныя броварныя заводы з паравымі рухавікамі і дзесяццю рабочымі на кожным. А акрамя таго, вялася інтэнсіўная сельская гаспадарка, меліярацыйныя і лесаўпарадкавальная працы. Нарыхтаваны лес па спецыяльнай сістэме каналаў і рацэ Ясельдзе сплаўляўся на продаж. У Вітчоўцы Скірмунты трымалі паравы млын.

У мястэчку – фальварак, маёнтку Шэметава, быў спіртзавод, які выпрацоўваў у год 35000 вёдраў спірту, маслазавод, вадзяны млын, цагельны завод, 4 рыбных сажалкі і некалькі азёр. Маёнтак ахопліваў 8784 моргі зямлі, добрыя сасновыя лясы. Броварны завод прыносіў гаспадару немалы прыбытак. Ад будынка захаваўся ў руінах бакавы цагляны фасад і цокальны паверх з буйных колатых валуноў. Сярод падобных збудаванняў вылучаўся дэкаратыўнасцю аздаблення: паўкруглыя вокны, парэбрык, вежкі.

На мяжы стагоддзяў у Пінску паспяхова дзейнічаў чыгуналіцейны завод Скірмунтаў з лакамабілем у 8 конскіх сіл і 35 рабочымі. Штомесяц ён адліваў да 200-300 пудоў чыгунных нарыхтовак па заказах мясцовых фабрык і заводаў, у тым ліку суднабудаўнічага. Ліццё выраблялася па гатовым мадэлям з крыварожскага чыгуна-сырца.

Раман Скірмунт
Раман Скірмунт

Сын Аляксандра Аляксандравіча Скірмунта, Раман, стаў вядомым палітыкам, дэпутатам першай Дзяржаўнай Думы, дзеячам Беларускай Народнай Рэспублікі. Яго стрыечны брат Канстанцін Генрыхавіч (1866-1949) з Моладаўскай галіны Скірмунтаў да Кастрычніцкай рэвалюцыі быў членам Дзяржаўнага Савета, а пасля – паслом Польшчы ў Англіі і міністрам замежных спраў.

Род Скірмунтаў быў даволі вялікі і існавалі пэўныя адрозненні паміж Скірмунтамі з Парэчча і Скірмунтамі з Моладава. Адлегласць паміж вёскамі 8 кіламетраў. Але пры тым, што Парэчча стала “Ліверпулем на Ясельдзе”, Моладава жыло жыццём шляхецкай сядзібы XVII-XVIII стагоддзя. Там таксама была вінакурня – бо грошы былі патрэбныя… Але фабрыка ў Парэччы мяняла адносіны паміж людзьмі, мяняла стасунак да жыцця. Парэцкія Скірмунты былі больш адкрытымі. Старэйшыя людзі і цяпер згадваюць, што зайсці ў маёнтак да Скірмунта не было праблемы. У Моладаве трапіць туды было проста немагчыма! Яны жылі сваім жыццём, куды не дапускалі чужых, лічылі вяскоўцаў хамамі. А ўладальнік фабрыкі Раман Скірмунт быў зацікаўлены ў добрых стасунках з вёскай. Бо калі працавала цукроўня, патрэбныя былі цукровыя буракі. І сялян усяляк заахвочвалі іх вырошчваць. Калі селянін сеяў дзесяць дзесяцін цукровых буракоў, то Скірмунт даваў яму дзесяць дзесяцін, каб ён там сабе пасеяў жыта. Праца на фабрыцы не трымалася на прыгонных, людзям плацілі. І таму ліквідацыя прыгоннага ладу ў 1861 годзе ў Парэччы прайшла менш заўважнай, чым у Маладове.

Калі казаць пра Парэчча і Моладава, то ўражвае тая павага, з якой людзі згадваюць парэцкіх Скірмунтаў – і зусім іншы стасунак да Скірмунтаў у Моладаве. Пра Рамана Скірмунта (уладальніка фабрыкі) згадваюць, што ён вельмі дапамагаў людзям, маладым на вяселле дарыў зямлю. Альбо калі здараліся пажары – даваў грошы на карову, на адбудову хаты…

  1. Морг — састарэлая адзінка вымярэння плошчы зямлі ў сярэднявечнай Заходняй Еўропе і, у прыватнасці, у Рэчы Паспалітай, роўная прыблізна 0,56 гектара або 5754,64 метраў². Першапачаткова морг азначаў плошчу, якую 1 чалавек можа ўзараць або скасіць на адным запрэжаным кані на працягу працоўнага дня (гэта значыць, з раніцы да поўдня).
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии