Сярэднедняпроўская культура

Сярэднедняпроўская культура (2-я пал. III – 1-я пал. II тыс. да н. э.) – археалагiчная культура, якая у часы позняга неаліту займала тэрыторыю Сярэдняга, а з ранняга бронзавага веку – і Верхняе Падняпроў’е. Сфарміравалася пад уплывам культур шнуравой керамікі. Па іншай версіі фарміраванне культуры адбылося на мясцовай аснове пры актыўным ўдзеле ўсходніх груп культуры шарападобных амфар. Вылучаюць ранні (26-24 стст. да н.э.), сярэдні (23-18 стст. да н.э.) і позні (18-15 стст. да н.э.) перыяды. На тэрыторыі Беларусі распаўсюдзілася на сярэднім і познім этапах. Адметная асаблiвасць культуры – вялікі пласкадонны посуд з адагнутымі прамымі гарлавінамі, танкасценнае начынне з прамымі і лейкападобнымі венцамі слоіка-, звонападобнай і біканічнай формы, гаршчкі з патаўшчэннямі пад краем венца, чашы з плоскімі або круглымі донцамі; багатая арнаментацыя посуду радамі пракрэсленых трохкутнікаў, ліній, насечак, адбіткамі шнура. Найбольш распаўсюджаны спосаб пахавання памерлых – бескурганныя могільнікі, з якіх найбольш буйнымі з’яўляюцца пахаванні ля в. Рудня Шлягіна, Сябровічы, Ходасавічы1.

Сярэднедняпроўская культура
Кераміка сярэднедняпроўскай культуры з курганнага могільніка ля в. Ходасевічы (Рагачоўскі р-н). Сяр. II тыс. да н. э.
(Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі). Фота Р. Маісея

На раннім этапе існавання (26-24 стст. да н.э.) сярэднедняпроўская культура пачала фарміравацца на невялікай тэрыторыі правабярэжжа Сярэдняга Падняпроўя. На сярэднім этапе (23-18 стст. да н.э.) плямёны сярэднедняпроўскай культуры рассяліліся на левабярэжжы Сярэдняга Дняпра, на ўзбярэжжах Дзясны, Прыпяці і на Верхнім Падняпроўі. Адначасова адбываўся працэс асіміляцыі мясцовага насельніцтва, які выразна праявіўся на познім этапе існавання культуры (18-15 стст. да н.э.). На сярэднім і познім этапах носьбіты культуры рассяляліся на тэрыторыі Беларусі: па Верхнім Падняпроўі, у Прыпяцкім Палессі, верагодна, пашыраючы свой уплыў на рэгіёны Верхняга Панямоння і Пінскага Загароддзя.

Насельніцтва звычайна сялілася на пясчаных пагорках сярод рачных і азёрных паплавоў і на краях рачных тэрас, будуючы наземнае жытло слупавой канструкцыі з агнішчамі ў ямах, часам абкладзеных камянямі. Побач знаходзіліся гаспадарчыя ямы. Прыкладам такога рода паселішчаў з’яўляюцца парэшткі стаянак ля в. Ксяндзова Гара (Быхаўскі р-н), Завалле (Рагачоўскі р-н), Лоша-1 (Кармянскі р-н), Азярное-1 (Любанскі р-н). Пабудовы мелі двухсхільныя дахі, сцены, верагодна, былі сплеценыя з галля, якое абмазвалася глінай. Глінай пакрывалася і падлога. Побач з жыллём знаходзіліся ямы, якія, відавочна, ужываліся як сметніцы.

Сярод медных і бронзавых вырабаў найбольшую частку складалі упрыгожанні – пярсцёнкі, падвескі-каралі, бранзалеты, дыядэмы. Значна менш было ў карыстанні металічных прылад працы – сякеры з адтулінай для рукаятак, вастрыі коп’яў, нажы, шылы. Большасць металічных рэчаў або сыравіна для іх вырабу паступала праз пасрэднікаў з Балкана-Карпацкага і Каўказскага металургічных цэнтраў. З упрыгожанняў сустракаюцца таксама аздобы з прыбалтыйскага бурштыну, шкляныя і фаянсавыя пацеркі з Усходняга Міжземнамор’я2.

Прылады працы ў асноўным вырабляліся з камяню, як напрыклад крамнёвыя скрабкі, нажы, наканечнікі стрэл і коп’яў, каменныя свідраваныя сякеры, зярняцёркі, адбойнікі. Галоўным тыпам наканечнікаў стрэл быў трохвугольны з выемкай у аснове або з прамой асновай, з двухбаковай апрацоўкай паверхні3. Выкарыстоўваліся таксама вырабы з косці.

Вырабы з бронзы сярэднедняпроўскай культуры
Вырабы з бронзы сярэднедняпроўскай культуры

Асартымент керамічнага посуду на раннім этапе складалі гаршкі, кубкі, слоікі, чашы з шарападобным і яйкападобным тулавам, слоікападобныя і S-падобныя пасудзіны з плоскім ці патоўшчаным дном, прамым і адагнутым венчыкам, а таксама вялікі пласкадонны посуд з выпуклым тулавам і прамой адагнутай вонкі шыйкай. Пазней вырабляліся гаршкі з высокай і кароткай адагнутай шыйкай, выпуклым тулавам, часам з патаўшчэннем пад краем венчыка. У глінянае цеста дамешваўся пясок, шамот і дробны кварц. Верхняя частка посуду звычайна упрыгожвалася адбіткамі шнура, лінейнага і зубчатага штампа, наразнымі лініямі і іншымі элементамі, якія ўтваралі гарызантальныя і дыяганальныя рады арнаментаў і трохкутныя кампазіцыі. На больш старажытных гліняных вырабах арнаменты ўтваралі адну-дзве зоны. Пазней распаўсюдзілася больш ускладнёнае шматзоннае аздабленне.

Посуд сярэднедняпроўскай культуры
Посуд 2-га этапа сярэднедняпроўскай культуры

Памерлых хавалі ў курганных і безкурганных могільніках. У першым выпадку на месцы пахавання распальвалі вогнішча, відавочна, з мэтай ачышчэння месца магічнай сілай агню. Затым выкопвалі ямы рознай арыентацыі, дно якіх пасыпалі вуголлем або попелам. Дно ямы пакрывалі падсцілкай, на якую клалі нябожчыка ў скручаным стане. У некаторых выпадках у ямы змяшчалі спаленыя рэшткі памерлага. Пахавальныя ямы перакрываліся драўлянымі плашчакамі, зрэдку яны мелі павеці або агароджы. Затым над магіламі насыпалі курганы, якія абкопваліся раўкамі і часам абносіліся агароджай.

Пахаванне ў бескурганных могільніках, якое было найбольш распаўсюджаным, адбывалася як па абрадзе трупаспалення-крэмацыі, так і трупапалажэння-інгумацыі. Памерлага клалі бокам ў скручаным стане, зрэдку на спіне, галавой на захад у авальную або прамавугольную яму, дно якой пасыпалася попелам і вохрай. Некаторыя могілы або іх групы мелі драўляныя агароджы, часам аддзяляліся раўкамі. Памерлым клалі разнастайны гліняны посуд, каменныя і металічныя вырабы, упрыгожанні і іншыя рэчы з косці, бурштыну, фаянсу. Посуд, які клаўся ў магілы, звычайна адрозніваўся ад кухоннага і сталовага некаторымі тэхналагічнымі, арнаментальныымі і марфалагічнымі асаблівасцямі. Найчасцей гэта былі гаршкі, амфары і кубкі. Акрамя керамікі разнастайную крэмневую зброю і прылады працы. У некаторых выпадках на целе і вопратцы нябожчыкаў меліся розныя ўпрыгожанні. У выпадку, калі памерлы пры жыцці займаў высокае сацыяльнае становішча, у пахаванне клалі медныя і бронзавыя прылады працы і зброю. Вельмі распаўсюджаным быў звычай змяшчаць у пахаванні ахвярных жывёлін або іх часткі. Пахаванні жанчыны, мужчыны і дзіцяці адрозніваліся між сабою наборам пахавальных падарункаў і выбарам месца для магілы.

Пахавальны інвентар сярэднедняпроўскай культуры
Пахавальны інвентар сярэднедняпроўскай культуры з курганнага могільніка ля в. Ходасавічы (Рагачоўскі р-н)

Сярод вераванняў шырокая распаўсюджанне мелі культы агню і сонца, аб чым сведчаць пахавальныя абрады крэмацыі. Вялікае значэнне надавалася культу продкаў. Магчыма, культавае значэнне мелі каменныя свідраваныя сякеры, якія часта сустракаюцца ў мужчынскіх пахаваннях. У пашане былі некаторыя татэмныя жывёлы.

На познім этапе развіцця сярэднедняпроўскай культуры праявіліся вынікі асіміляцыі імі мясцовага неалітычнага насельніцтва. У складзе культуры выявілася прысутнасць кампанентаў культуры шарападобных амфар і катакомбнай культуры, а таксама вылучаецца прыпяцкі варыянт сярэднедняпроўскай культуры.

  1. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП “Экаперспектыва”, 2000
  2. Чарняўскі М. М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд. Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2003
  3. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя” імя Патруся Броўкі, 1993
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
  • 2
    Падзяліліся