Віцебск у складзе ВКЛ

Пасля смерці князя Яраслава (1320) Віцебск паводле спадчыны перайшоў да вялікага князя Альгерда і такім чынам далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1341 годзе віцебляне на чале з Альгердам дапамаглі Пскову ў барацьбе супраць крыжакоў. З 1345 года горад знаходзіўся ва ўладанні Андрэя Альгердавіча.

Герб Віцебскага ваяводства

Паводле гістарычных крыніц, у 1351 годзе ў Віцебску завяршылася будаўніцтва княжацкага палаца і муравана-драўляных Верхняга і Ніжняга замкаў, даўжыня сценаў якіх складала 1,75 км1. У канцы XІV ст. горад апынуўся ў цэнтры міжусобнай барацьбы паміж сынамі і суродзічамі Альгерда за права валодання гэтым важным стратэгічным пунктам. Верхні і Ніжні замкі неаднаразова супрацьстаялі шматлікім і працяглым аблогам. 15 ліпеня 1410 віцебская харугва ўзяла ўдзел у Грунвальдскай бітве.

У XV—XVІ стст. Віцебск зрабіўся буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам. Станам на 1441 год ён уваходзіў у шэрагі 15 найбуйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага.

Паводле ўстаўной граматы вялікага князя Казіміра (1444) Віцебск атрымаў абмежаванае самакіраванне, таксама грамата фактычна зафіксавала аўтаномію Віцебскай зямлі. Далей у XVІ ст. горад атрымаў шэраг прывілеяў, якія гарантавалі недатыкальнасць зямельных уладанняў феадалаў і мяшчан, правы бязмытнага гандлю і вольнага выезду ў межах дзяржавы.

У 1508 годзе на базе Віцебскага намесніцтва ўтварылася ваяводства2. 17 сакавіка 1597 года кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў гораду Магдэбургскае права і герб: «у блакітным полі пагрудная выява Ісуса Хрыста, пад якой чырвоны меч». Вытрымка з адпаведнага вялікакняжацкага прывілея:

Герб надаем месту нашему Витебскому в блакитном полю образ святого Спаса Збавителя нашего, а при том зараз трохи нижей меч голый червоный, што ся мает розуметь кровавый.

У 2-й палове XVІ — пач. XVII стст. у Віцебску ўтварылася супольнасць кальвіністаў, у якую ўваходзілі заможныя гараджане і члены магістрату. Адначасна ў горадзе распачалі сваю дзейнасць праваслаўныя брацтвы, якія спрыялі захаванню беларускай мовы і культуры.

З пачатку XVІ ст. Віцебск неаднаразова (у 1502, 1516, 1519, 1534 і 1536 гадах) цярпеў ад агрэсіі Маскоўскай дзяржавы, войскі якой спусташалі ваколіцы горада, забівалі і бралі ў палон яго жыхароў. У Інфлянцкую вайну маскоўскія захопнікі двойчы бралі Віцебск у аблогу (у 1562 і 1568 гадах), знішчаючы яго пасады і ваколіцы.

Віцебск гісторыя
Чарцёж горада Віцебcка, 1664

У 1602 годзе вяртаючыся дадому з вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй горад абрабавалі запарожскія казакі:

Того ж року запорозкие козаки у Швецыи были, да ничого не помогли, толко великую шкоду господарю вчинили, бо место славное, место богатое Витебск звоевали, мещан побили, панны поплюгавили, скарбы побрали.

12 лістапада 1623 года выбухнуў бунт супраць архіепіскапа Язафата Кунцэвіча. Неўзабаве паўстанне задушылі каралеўскія войскі, а горад страціў Магдэбургскае права. Самакіраванне вярнулі толькі ў 1644 годзе разам з правам бязмытнага гандлю.

Віцебскае ваяводства ў складзе Рэчы Паспалітай

У сярэдзіне XVII ст. Віцебск быў буйным адміністрацыйным, рамесным і гандлёвым цэнтрам, у якім налічвалася больш за тысячу дамоў, насельніцтва складала каля 10 тыс. жыхароў. Тут развіваліся метала- і дрэваапрацоўка, гарбарнае, ганчарнае, васкабойнае рамёствы, а таксама мёдаварэнне.

З пачаткам Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) Віцебскі замак пасля амаль 3-месячнай аблогі захапіла 20-тысячнае войска маскоўскіх ваявод і ўкраінскіх казакоў. У баях загінула большасць гараджан, значная частка шляхты і яўрэяў трапіла ў палон. Акупанты прымусова вывезлі ў Маскву шмат віцебскіх рамеснікаў. Толькі ў 1667 годзе Віцебск, згодна з умовамі перамір’я, вярнулі Вялікаму Княству Літоўскаму. Паводле тагачаснага інвентару ў горадзе было тры замкі — горны (верхні), дзе знаходзіўся палац ваяводы, дольны (ніжні) і ўзгорскі. Замкі атачалі муры з 20 вялікімі і 3 малымі вежамі. Неўзабаве ў Віцебску адкрыўся езуіцкі калегіум (1682).

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 28 верасня 1708 года па загадзе Пятра I горад спалілі расійскія войскі. Згарэлі замкі, ратуша, крамы, усе пасады, 12 цэркваў і 4 касцёлы. 3 гэтага часу пачаўся заняпад эканомікі горада.

Пасля аднаўлення ў 2-й пал. XVIIІ ст. Віцебск сваёй велічынёй зрабіўся другім (пасля Магілёва) горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1764 годзе яго ўраўнавалі ў правах са сталіцай — Вільняй, тут распачалося будаўніцтва новай мураванай ратушы (завяршылася ў 1775 годзе).

У 1772 годзе ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай  Віцебск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі.

  1. Л.Калядзінскі. М.Ткачоў. Віцебск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005.
  2. В.Насевіч. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005.
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии