Князь Віцень

Галоўным клопатам вялікага князя Віценя сталася абарона нашай дзяржавы ад крыжакоў. Скарыўшы Прусію, Тэўтонскі ордэн узмацніў націск на Вялікае Княства. Асабліва жорсткімі былі напады на Гарадзеншчыну, дзе знаходзілі другую радзіму прусы-перасяленцы.

Ад 1300 г. да канца ўладарання Віценя ордэнскія войскі здзейснілі блізу дваццаці паходаў на Літву, дасягаючы сталічнага Новагародка. У 1284,1295,1305 і 1306 гг. нямецкія рыцары нападалі на Горадню. Аднак Княства ўпарта баранілася: у памежных замках стаялі моцныя залогі, разбураныя ўмацаванні хутка аднаўлялі, а за ворагам наладжвалі пагоню.

Пад кіраўніцтвам Віценя нашая дзяржава здолела стрымаць агрэсію Тэўтонскага ордэна. Гэта мела важнае значэнне для далейшага лёсу не толькі Вялікага Княства Літоўскага, але і ўсёй Усходняй Еўропы.
Віцень удала выкарыстаў канфлікт Ордэна з Рыгай і ўчыніу з ёй і рыжскім арцыбіскупам дамову пра супольныя дзеянні. У 1298 г. войску Вялікага Княства Літоўскага з дапамогай рыжанаў удалося нанесці крыжакам адразу дзве цяжкія паразы.

Князь Віцень здолеў істотна пашырыць абшар дзяржавы, далучыўшы да яе ў 1315 г. Берасцейскую зямлю. Яшчэ раней, у 1307 г., на ўмовах захавання значнай аўтаноміі ў Вялікае Княства Літоўскае з згоды мясцовых баяраў і купцоў канчаткова ўвайшла Полацкая зямля. Палачане атрымлівалі ад вялікіх князёў пісьмовыя гарантыі «не рухаць старыны, не ўводзіць навіны».

Летапісы звязваюць з імем Віценя з'яўленне нашага старажытнага дзяржаўнага герба - «Пагоні». Як сведчыць летапіс, князь «прыдумаў сабе герб: рыцар збройны на кані з мячом, названы „Пагоня"». У сапраўднасці гэты сімвал мае яшчэ больш даўнюю гісторыю і паходзіць з Полацка. Расейскі гісторык В. Тацішчаў, які карыстаўся страчаным пазней полацкім летапісам, сцвярджаў, што «гербам Беларусі спрадвеку быў вершнік з мячом». Падобны сімвал мелі і палабскія славяне, частка якіх, магчыма, перасялілася на нашыя землі.

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012