Князь Барыс Усяславіч

Імя полацкага князя Барыса Усяславіча залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю Беларусі. Калі хочаш, каб тваё імя жыло шмат стагоддзяў — пабудуй горад і назаві яго сваім імем (прывітанне з Барысава).

Князь Барыс Усяславіч

Князь Барыс нарадзіўся меркавана ў 1054 годзе. Ён быў сынам князя Усяслава Брачыславіча (Чарадзея), полацкага нашчадка Рагвалода. Пра яго маці дакладных звестак не маецца. Вядомы беларускі гісторык М.І.Ермаловіч ў свой час выказаў меркаванне, што яна паходзіла з шляхетнага роду водзь – балцка-фінскага племя, якое жыло на тэрыторыі сучаснай Наўгародскай вобласці, і гэта выключаць нельга.

Усяслаў Чарадзей меў шасцёра дзяцей. Праўда, старшынство іх вызначыць гістарычнай навуцы пакуль цяжка. Некаторыя гісторыкі лічаць старэйшым сынам Давыда, а другія – Барыса, а некаторыя наогул лічаць, што яны нарадзіліся блізнятамі. Быў у Усяслава і яшчэ адзін сын, які ўвайшоў у гісторыю – Святаслаў. Ён пасля стаў бацькам Святой зямлі Беларускай Еўфрасінні Полацкай. Такім чынам, Барыс Усяславіч прыходзіцца ёй родным дзядзькам.

Як бы там ні было па старшынстве, але княскі пасад дастаўся менавіта Барысу. Дарэчы, у шэрагу крыніц, нароўні з імем Барыс, згадваецца і іншае – Рагвалод. І ў гэтым няма ніякай супярэчнасці. Ва ўсходніх славян пасля прыняцця хрысціянства нярэдка князі мелі два імя – адно, як той казаў, «хатняе», (чыста славянскае, а таму больш звыклае), і хрысьціянскія, якое давалі чалавеку пры хрышчэнні. І мы, да прыкладу, можам бачыць, што ў адных летапісах гаварылася «князь Полотьскыи Борисъ», у пазнейшых – «князь Полацкі Рогволдъ, або Борисъ».

Але яшчэ да таго, як стаць князем, Барыс быў далучаны да ваеннай дзейнасці, разам з бацькам удзельнічаў у паходах. Ёсць звесткі пра тое, Усяслаў Брачыславіч у 1067 годзе ўзяў сыноў Барыса і Глеба з сабой, калі адправіўся ў Оршу для перамоваў з паўднёварускімі князямі Яраславічамі.

Усяслаў Чарадзей разам з сынамі — Давыдам і Барысам

На загад вялікага князя кіеўскага Мсціслава, Усяслаў Чарадзей разам з двума сынамі быў схоплены і запалонены ў Кіеве, аднак У 1068 годзе вызвалены з турмы паўсталымі кіяўлянамі.

Відавочна, Барыс быў пасаднікаv Усяслава ў Друцку, а пасля смерці бацькі ў 1101 году заняў прастол у Полацку. У гэты час ад княства сталі адлучацца некаторыя плямёны, якія пражывалі на берагах Нёмана і ў Прыбалтыцы. Каб аднавіць іх залежнасць і збіраць, як і раней даніну, сыны Усяслава здзяйснялі туды узброеныя паходы. Адным з іх і быў паход Барыса супраць яцвягаў. «У 1102 годзе Барыс Усяславіч хадзіў на яцвяг і, перамогшы іх, вярнуўшыся паставіў град Барысаў у сваё імя і людзьмі насяліў», пісаў рускі гісторык В.М.Тацішчаў у “Гісторыі Расійскай з самых старажытных часоў», грунтуючыся на старажытных летапісах. Так быў заснаваны г. Барысаў. Магчыма першымі жыхарамі Барысава як раз і былі захопленыя ў палон полацкімі дружыннікамі яцвягі.

Верагодна, князь Барыс ў 1106 г. узначаліў аб’яднанне войскаў полацкіх князёў, якое выступіла супраць земгалаў. У выніку няўдачы гэтага паходу ён быў пазбаўлены полацкага пасада. Ў 1127 г. па патрабаванні кіеўскага князя Мсціслава, які з многімі князямі прыйшоў на Полацкую зямлю, Барыс Усяславіч быў пастаўлены полацкім князем замест Давыда, свайго брата.

“Барысаў камень”

Князь Барыс Усяслававіч быў актыўным прыхільнікам праваслаўя, клапаціўся пра распаўсюд хрысціянскай веры ў Полацкай зямлі, калі яшчэ значная частка людзей, якія прынялі новую веру, працягвала пакланяцца паганскім багам. Ён быў спадзьвіжнікам духоўнай культуры, пісьменства, новых поглядаў. Барыс заснаваў Барысаглебскі (Бельчыцкі) манастыр каля Полацка, аказваў заступніцтва сваёй пляменніцы Еўфрасінні Полацкай у яе набожнай дзейнасці. З дзейнасцю князя таксама звязваюць вядомыя помнікі эпіграфікі – «Барысавы камяні».

У пачатку 1128 году князь Барыс памёр. Полацкі прастол заняў яго брат Давыд Усяслававіча.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!