Яцвягі

VIII ст. да н.э – XIII ст.

Вядомы таксама як судовы, судзіны, дайнова. Група заходнебалцкіх пллямёнаў, якія ў 1-м – пач. 2-га тысячагоддзя жылі паміж Нёманам на ўсходзе і р. Нараў, Вялікімі Махурскімі азёрамі (Польшча) на захадзе. Існуе меркаванне шэрагу даследчыкаў, што першапачаткова тэрыторыя рассялення яцвягаў была нашмат шырэйшай. Асноўныя археалагічныя помнікі – каменныя курганы. Характэрную для ранейшых курганоў біабраднасць змяняе абрад крэмацыі, які ў пазнейшыя часы змяняецца трупапалажэннем. Пытанне прыналежнасці ятвяжскай супольнасці каменных курганаў Верхняга Панямоння і Пабужжа застаецца дыскусійным. У выніку працяглай барацьбы з рускімі і польскімі князямі яцвягі страцілі сваю самастойнасць і ў канцы XIII ст. канчаткова былі заваёваны крыжакамі.

Яцвягі
Арэал рассялення яцвягаў каля 1200 г.

Летапісныя звесткі і палітычная гісторыя

У “Аповесці мінулых часоў” пад 945 г. сярод паслоў, якія заключалі дамову з грэкамі, згадваецца “ятвяг Гунарев”. Першае паведамленне аб ваенных сутыкненнях Русі з яцвягамі адносіцца да 983 г.: “Иде Володимеръ на ятвягы, и победи ятвягы и вся земли их”1.

Пачынаючы з X ст. барацьба рускіх князёў з яцвягамі працягвалася на працягу XI і XII стст. У 1038 г. на яцвягаў хадзіў сын Уладзіміра Яраслаў. Пад 1112 г. у “Аповесці мінулых часоў” паведамляецца аб паходзе на яцвягаў валынскага князя Яраслава Святаславіча. У 1196 г. ваяваць з яцвягамі хадзіў князь Раман Мсціславіч. У 1205 г. яцвягі разам з літоўцамі зрабілі набег на Валынскую зямлю. Асаблівага напружання дасягнула барацьба з яцвягамі ў час княжання Данілы Раманавіча Галіцкага. Пад 1227 г. значыцца запіс аб разгроме яцвягаў, якія напалі на Бярэсце.

У 1248, 1253 і 1258 г. Даніла і Васілька Раманавічы разам з польскімі князямі ажыццявілі тры вялікія паходы супраць яцвягаў. Зямля яцвягаў была моцна спустошана і часткова падначалена галіцка-валынскімі і мазавецкімі князямі. у 2-й палове XIII ст. узмацніўся ціск на яцвягаў з боку нямецкіх крыжакоў.

Пісьмовыя крыніцы адзначаюць мужнасць яцвяжскіх воінаў і іх правадыроў. З сярэдзіны XIII ст. звесткі аб яцвягах у рускіх летапісах абрываюцца. З паведамленняў польскіх і нямецкіх храністаў вядома, што ў канцы XIII ст. яцвягі былі канчаткова заваёваны крыжакамі. У 1283 г. апошні незалежны яцвяжскі нобіль Скурдо, пакінуў радзіму і пайшоў з сваім атрадам у Літву. Яцвяжская тэрыторыя была спустошана, а насельніцтва часткова знішчана, часткова пераселяна на суседнія землі (Літву, Польшчу, Панямонне).

Даследаванні

Пошукі яцвяжскіх старажытнасцяў доўгі час былі безпаспяховымі. Некаторыя даследчыкі (Н.П. Авенарыюс, Ю.Ул. Гац’е) лічылі, што яцвягі у археалагічных адносінах “не паддаюцца вывучэнню). Аднак дзякуючы нястомным пошукам археолагаў і перад усім яцвяжскай комплекснай экспедыцыі (Польшча) зараз з’яўляюцца вядомымі цікавыя матэр’ялы па гісторыі яцвягаў, пачынаючы з першых стст. н. э.

Яцвягі
Выява яцвяжанкі. Рэканструкцыя І.У. Чаквіна. Скульптар Л.П. Яшэнка.

Найбольш вывучаная часткай яцвяжскай тэрыторыі з’яўляецца Сувалкія (басейн р. Чорная Ганча).

Лакалізацыя

Адным з найбольш складаных і дыскусійных застаецца пытанне аб першапачатковай тэрыторыі рассялення яцвяжскіх плямён. Грунтуючыся на ўкосных сведчаннях рускіх летапісаў, звестак польскіх храністаў і дадзеных тапанімікі, большасць даследчыкаў XIX і пач. XX стст. прытрымліваліся меркавання, што першапачаткова яцвягі займалі больш абсяжную тэрыторыю, чым тая, на якой яны вядомы ў XIII ст. Адныя з іх (Ул.Б. Антановіч, М.К. Любаўскі, Т. Нарбут, Р. Клімас) у склад яцвяжскай тэрыторыі ўключалі Падляшша і Берасцейскую зямлю, іншыя (Мік.П. Барсаў, А. Андрыяшаў, І.Д. Бяляеў) яцвяжскімі лічылі таксама землі, якія знаходзяцца па левых прытоках Немана – Моўчадзі, Шчары, Зельве, Росі і Свіслачы.

Назва

У польскіх і нямецкіх крыніцах разам са звычайнай назвай супольнасці “яцвягі” нярэдка сустракаецца і іншая назва – “судовы” ці “судзіны”. Тоеснасць гэтых тэрмінаў была даказана А. Каміньскім.” Этнонім “судовы” прынята звязваць з вядомай ў геаграфіі пталемея назвай Soudinoi.

Паходжанне этноніма “яцвягі” тлумачыцца па рознаму: ад літоўскага jodas-wezas – “чорны рак” (Е.С. Свежаўскі) ад мяркуемай назвы ракі Jotwa (К. Буга), ад балцкага jetis – “кап’ё” (А. Брыкнэр), ад старажытнарускага ято – “статак, маса” (Грынбергер), ад старапрускага azva – “кабыла” (Е. Кухарскі) і інш. Е. Налепа генетычна звязвае назву “яцвягі” (старажытнабалцкі від этноніма Antivingas) з гідронімам “Чорная Ганча” (па-літоўску Antia).

Этнічная прыналежнасць

Услед за нямецкім храністам П. Дусбургам большасць рускіх і польскіх гісторыкаў здаўна адносілі яцвягаў да ліку балцкіх плямён. Аднак П. Шафарык залічваў яцвягаў да сарматаў, а Т. Нарбут – да скіфаў. Д. Шульц выказаў тэорыю аб польскім паходжанні яцвягаў.

На сёння пытанне аб прыналежнасці яцвягаў да балцкай моўнай групы не выклікае спрэчак. К. Буга, Г. Геруліс ў сваіх даследаваннях даказалі балцкую прыналежнасць мовы яцвягаў.

Па меркаванню Я.Ю. Астрэмбскага, мова яцвягаў з’яўляецца пераходнай паміж балцкімі і славянскімі мовамі і была бліжэй да прускай, чым да літоўскай ці латышскай. Гэты ж даследчык гаворыць аб вялікім уплыве яцвяжскай мовы на польскую, у выніку чаго польская моўная тэрыторыя падзелена на дзве часткі: усходнюю і заходнюю.

Курганы

Яцвяжскія курганы Сувалкіі альбо цалкам складзеныя з камянёў, або пабудаваны з камянёў і зямлі. Дыяметр курганоў вагаецца ад 4 да 18-20 м. На вяршыні насыпу заўважны яміны. Паверхнявы пакроў часта складаецца з шчыльна падагнаных адзін да аднаго камянёў.

каменны курган яцвягаў
Вялікі каменны курган яцвягаў у Швайцарыі паблізу Сувалак (Падляскае ваяводства, Польшча).

Пахавальны абрад

Біабраднасць. Для III-IV стст. характэрны абрад трупапалажэння: Асова, Швайцарыя, Жывая Вада (Сувалкія, Польшча). Пераважная большасць курганаў змяшчае адно пахаванне і толькі некаторыя – два і болей. Разам з трупапалажэннем ў III і асабліва ў IV стст. сустракаецца абрад крэмацыі.

Акрамя Сувалкіі, каменныя курганы з трупапалажэннем (III-IV стст.) вядомы у басейне верхняга Нарава (Растолты, Кутава) і на правым беразе Нёмана (зараз тэрыторыя Літвы). У Верхнім Панямонні такія курганы не вядомы, што тлумачыцца, верагодна, недастатковай вывучанасцю Гарадзеншчыны ў археалагічных адносінах.

Крэмацыя. На мяжы IV-V стст. абрад крэмацыі становіцца пануючым. Ямныя пахаванні чарадуюцца з пахаваннямі ў урнах. У так званых “сямейных” курганах былі дзясяткі урнавых пахаванняў: Прудзішкі, Більвінова, Валоўня, Сухадолы (Сувалкія, Польшча).

На правябярэжжы верхняга Нёмана (дакладней ў міжрэччы Віліі і верхняга Нёмана) вядомы каменныя курганы IV-VIII стст. з трупаспаленнем (Вярсека, Багота, Міцконіс, Дзевянішкес). В.В. Сядоў адносіць гэтыя курганы да яцвяжскіх пахавальных помнікаў. Ён нават дапушчае, што яны, таксама як і каменныя магілы пазнейшага часу, былі пакінуты на гэтай тэрыторыі яцвяжскім племянем, якое, як і вобласць, заселеная імі, ў старажытнасці называлася Дайнавай. А.З. Таўтавічус лічыць, што курганы ў міжрэччы Віліі і Нёмана – гэта помнікі ўсходнелітоўскіх плямён.

Найпазнейшыя трупаспаленні ў каменных курганах адносяцца да рубяжу 1-га і 2-га тысячагоддзяў. Па сваёй пабудове каменныя курганы гэтага часу не адрозніваюцца ад больш ранніх, але колькасць крэміраваных не перавышае ў іх аднаго-дзвюх. Такія курганы вядомы амаль на ўсёй тэрыторыі Верхняга Панямоння. У Нёманска-Вілейскім міжрэччы яны нават знаходзяцца ў тых самых могільніках, што і курганы сяр. і 2-й пал. 1-га тысячагоддзя.

На левым беразе Нёмана каменныя курганы з трупаспаленнем рубяжа 1-га і 2-га тысячагоддзяў вядомы ў наваколлі Гродна (Ясудава), Навагрудка (Суляцічы), Ваўкавыска (ля гарадзішча Муравельнік і ля в. Мітроні) і ў іншых месцах. У двух з трох раскапаных Ф.Д. Гурэвіч курганах ля в. Суляцічы знойдзены булыжныя камяні: у адным каменны покрыў пад дзярновым слоем, у другім – камяні на розных высотах пясчанага насыпу. У абодвух курганах па аднаму трупаспаленню. Адно трупаспаленне знойдзена Я.Г. Звяруга ў 1969 г. на ўскраіне Ваўкавыску. У пясчаным насыпу гэтага кургана, пачынаючы з вяршыні, трапляліся валуны. Камяні, якія ліжалі ў падножжы кургана, стваралі нешта накшталт канцэнтрычнай акружнасці. У цэнтры кургана – каменнае ядро, складзенае з шчыльна прылягаючых адзін да аднаго камянёў. Пад ядром – дзве невялікія злучаныя між сабою ямкі, запоўненыя попелам. Ніякіх рэчаў ні ў насыпе, ні на ўзроўне мацерыка не знойдзена2.

Трупапалажэнне. У XI-XII стст. абрад трупаспалення ў каменных курганах змяняецца трупапалажэннем. Змена абраднасці ў розных раёнах тэрыторыі распаўсюджання каменных курганаў адбывалася неадначасова. Калі ў Берасцейскім Пабужжы апошнія трупаспаленні датуюцца XI ст., то ў міжрэччы Нёмана і Віліі звычай крэмацыі утрымаўся да пачатка XIII ст.

Каменныя курганы з трупапалажэннем XI-XIII стст. шырока вядомы ў Сярэднім Пабужжы (раскопкі З. Глогера, Т. Дунеўскага, С.А. Дубінскага, І.В. Бірулі, В.В. Сядова) і ў паўночнай частцы Верхняга Панямоння (раскопкі Э.А. Вольтэра, З. Глогера, В.А. Шукевіча, С. Яроцкага). У паўднёвай частцы Верхняга Панямоння каменныя курганы з трупапалажэннем першых стст. 1-га тысячагоддзя застаюцца недаследаванымі.

Пабудова курганоў з трупапалажэннем застаецца ранейшай: каменны покрыў, які складаецца з аднаго ці некалькі ярусаў, ці каменназемляны насып, у якой камень складае істотны кампанент. Ёсць курганы, пабудаваныя цалкам з камяню. Большасць памерлых з’арыентавана галавою на захад, хаця і сустракаецца арыентацыя на ўсход. Памерлых клалі на мацерык ці ў невялікую падкурганную яму. У 5 з 29 даследаваных І.В. Бірулей каменных курганах ля в. Ратайчыцы (правы бераг Зах. Буга) каля нябожчыкаў на ўзроўні залягання шкілетаў знойдзены значныя скопішчы попялу і вугля. У адным кургане нябошчык ляжаў на попельна-вуглевай падсыпцы, а ў другім попел і вуглі прыкрывалі шкілет нябожчыка і былі насыпаны зверху.

Пахавальны інвентар у каменных курганах III-IV стст. разнастайны. У мужчынскіх пахаваннях – гэта перад усім зброя і рыштунак баявога каня (коп’я, сякеры, умбоны, шпоры), у жаночых – упрыгожанні (шкляныя пацеркі, бронзавыя бранзалеты, бронзавыя і срэбраныя шыйныя грыўны) і дробныя прылады працы (іголкі, гліняныя прасліцы). Так званыя правінцыйна-рымскія фібулы, паясныя спражкі і розныя акоўкі для рамянёў знойдзены як у мужчынскіх, так і ў жаночых пахаваннях.

У пахаваннях з трупаспаленнем інвентар значна бяднейшы. Урнавыя пахаванні, якія змяшчаюць упрыгожанні (пацеркі, спражкі і т.п.) з’яўляюцца рэдкім выключэннем.

Інвентар з пахаванняў яцвягаў (Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, Мінск; фота. Р. Маісей)

Пахавальны інвентар пры позніх трупапалажэннях даволі разнастайны. У жаночых пахаваннях – срэбраныя і бронзавыя пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы з S-падобным ці спіральным завітком, пярсцёнкападобныя кольцы з заходзячымі канцамі. У сярэднім Пабужжы зрэдку трапляюцца трохпацеркавыя скроневыя кольцы і бронзавыя зерневыя пацеркі. У міжрэччы Нёмана і Віліі часта сустракаюцца бронзавыя і срэбраныя бляшкі з ціснёнымі ўзорамі (рэшткі налэбнай павязкі). Шкляныя пацеркі трапляюцца рэдка і яшчэ радзей пацеркі з гліны і ракавін. Бранзалеты і персцяні з каменных курганаў характэрны для помнікаў як славянскіх, так і балцкіх плямён. Інвентар мужчынскіх пахаванняў складаюць коп’і, сякеры, спражкі, крэсівы. Жалезныя нажы і ганчарны посуд сустракаецца як у мужчынскіх так і жаночых пахаваннях.

У каменных курганах Сярэдняга Пабужжа разам са звычайным посудам старажытнарускага выгляду трапляюцца гаршчкі з высокай цыліндрычнай шыйкай, характэрнай для Мазовіі і некаторых іншых раёнаў Польшчы.

Этнічная прыналежнасць каменных курганаў XI-XIII стст.

Каменныя курганы і магілы паўночнай часткі Верхняга Панямоння А.А. Спіцын лічыў старажытнасцямі насельніцтва Чорнай Русі. Славянскімі помнікамі лічаць курганы Сярэдняга Пабужжа (улічваючы каменныя) польскія археолагі, якія звязваюць гэтыя помнікі з дрыгавічамі. В.В. Сядоў адносіць каменныя курганы Сярэдняга Пабужжа да помнікаў яцвяжскіх плямён. Ю.У. Кухарэнка, які раней лічыў гэтыя курганы як помнікі бужан, падзяляе меркаванне В.В. Сядова. Пахавальны інвентар курганоў мае несумненна славянскі характар, але канструкцыя насыпаў нічым не адрозніваецца ад яцвяжскіх помнікаў.

  1. Очерки по археологии Белоруссии, часть II. Минск, “Наука и техника”, 1972.
  2. Я.Г. Зверуго. Верхнее Понеманье в IX-XIII вв. Минск, “Навука і тэхніка”, 1989.
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии