Брачыслаў Ізяславіч, князь Полацкі

Як вядома, полацкі князь Брачыслаў Ізяславіч (1003-1044 гг.) лічыцца заснавальнікам г. Браслава, пачатковая назва якога «Браслаўль», «Брачыслаўль». Але заснаванне гэтага паўночнага горада Полацкай зямлі — толькі адна старонка рознабаковай дзейнасці полацкага князя. Яго роля як мудрага ўладара і гнуткага палітыка дагэтуль не атрымала належнай ацэнкі ў беларускай гістарычнай навуцы. Аналіз пісьмовых крыніц, як пэўных, так і ўскосных, у спалучэнні з найшоўшымі дадзенымі археалогіі дазваляе паглядзець на постаць гэтага князя, як на аднаго з ініцыятараў аднаўлення і ўсталявання раннефеадальнай дзяржаўнасці.

На слушную думку многіх даследчыкаў, Брачыслаў стаў полацкім князем у малалетнім узросце, пасля смерці свайго (магчыма, старэйшага) брата — Усяслава. Гэтым тлумачыцца тое, што на працягу амаль 18 год аб ім няма ніякіх звестак у вядомых нам летапісах. Але гэта не можа быць сведчаннем пасіўнасці маладога князя ва ўнутрыпалітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці Полацкай зямлі. Пасля адраджэння ў пач. XI ст. на Полаччыне ўласнага княжацкага радаводу — Рагвалодавічаў, можна не сумнявацца, ішоў пакутлівы працэс пазбаўлення гэтых земляў ад вынікаў шматгадовай рабаўнічай палітыкі з боку Кіева, якая была распачата захопам Полацка князем Уладзімірам у 970 г.

Усходняя Еўропа ў 1000 – 1010-я гг.

Супярэчлівасць працэсу былаў тым, што да 1015 г. быў жывы сам Уладзімір Хрысціцель, а значыцца і размовы аб поўнай колішняй самастойнасці Полацкай зямлі не магло быць. Разам з тым, у нетрах тагачаснага беларускага грамадства выспявалі новыя гаспадарчыя сілы. Аб гэтым сведчаць археалагічныя доследы Паўночнай Беларусі, і ў першую чаргу — Полацка. Доказам узмацнення гэтага горада можа быць тапаграфічнае пашырэнне яго межаў, узвядзенне дадатковых фартыфікацыйных умацаванняў. Пэўныя своеасаблівасці мае насычанасць культурнага слоя рэшткамі матэрыяльнай культуры, у першую чаргу рэчамі скандынаўскага паходжання, або стылізацыямі.Брачыслаў Ізяславіч

Адначасова з развіццём гаспадаркі і гандлю развівалася ўнутраная палітычная структура Полаччыны. Цікавыя ў гэтым плане звесткі, якія адносяцца да X ст., змяшчае «Сага аб Торвальдзе Вандроўніку» (запісана ў XIII ст.). Яны даюць падставы меркаваць аб першых кроках хрысціянізацыі Полацкай зямлі, аб пранікненні скандынаўскіх месіянераў на тэрыторыю княства. Супастаўляючы «Сагу» з летапіснымі артыкуламі 1000 — 1007 і 1158 гг., можна дапусціць, што праваслаўе было прынята Полацкам напрасткі ад Візантыі, і што ўжо напачатку XI ст. тут існаваў свой святы пантэон. Палітыка ўнутранага ўладкавання дзяржавы ішла ў накірунку спалучэння новай хрысціянскай і старой паганскай рэлігіі. У гэтым, безумоўна, найвялікшую ролю адыгрывала сама асоба полацкага князя Брачыслава.

Пасля смерці Вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча Брачыслаў, як нашчадак старэйшага ў родзе сына — Ізяслава, мог прэтэндаваць на кіеўскі стол. На думку некаторых даследчыкаў, ён і правіў у Кіеве ў 1019 — 1021 гт. Разам з тым, барацьба за панаванне ішла паміж яго дзядзькамі — Яраславам Мудрым і Святаполкам Уладзіміравічам па мянушцы Акаянны. Яна скончылася перамогай Яраслава ў бітве на р. Альце (1019 г.). Далейшае імкненне Яраслава, на той час князя наўгародскага, стаць адзінаўладным гаспадаром усіх зямель так званай Кіеўскай Русі, выклікала нязгоду з боку полацкага князя.

Карыстаючыся адсутнасцю Яраслава, Брачыслаў полацкі робіць напад на Ноўгарад (1021 г.), вывозіць багата каштоўнасцей. У адказ Яраслаў Мудры на чале войска вышаў з Кіева супроць полацкага князя.

Далейшыя падзеі знайшлі сваё адлюстраванне не толькі на старонках летапісаў, але і ў вельмі цікавай для нас «Эймундавай сазе», дзе Брачыслаў выступае пад імем Варцілаў, а Яраслаў — Ярыцлейв. Як большасць скандынаўскіх саг, «Эймундава сага» мае шмат фантастычнага і прыдуманага, але яе першапачатковая гістарычнасць не выклікае ў навукоўцаў пярэчанняў. 3 яе вынікае не толькі тое, што ў войсках тагачасных кіеўскіх і полацкіх князёў служылі нарманы, але што канфлікт паміж Яраславам і Брачыславам усчаўся з нагоды неабгрунтаваных прэтэнзін кіеўскага князя на полацкія землі. Як сведчаць летапісы, бітва паміж князямі на рацэ Судаміры скончылася паражэннем Брачыслава (1021), але Яраслаў быў вымушаны «дабраахвотна» аддаць полацкаму князю Віцьбеск і Усьвяч. Гэтакія нелагічныя паводзіны князя пераможца, летапісную супярэчнасць можна растлумачыць з улікам сагі як тое, што ніякай перамогі над Брачыславам не было. Заключанае князямі мірна…

Бітва на Судоме 1021 год

Паход Брачыслава прынёс свае важныя вынікі. Полацкая зямля даходзіла да вярхоўяў Заходняй Дзвіны і Дняпра, што дазволіла палачанам кантраляваць гэты ключавы адрэзак вялікага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі», г. зн. з краін Скандынавіі ў Візантыю. Нельга адмаўляць сцвярджэнне сагі, што Яраслаў уступіў Брачыславу кіеўскі пасад. З летапісаў вядома, што Яраслаў нейкі час жыў у Ноўгарадзе і кіраваў Кіевам праз сваіх намеснікаў. Верагодна, на Русі ўсталяваўся дуумвірат. Брачыслаў правіў у Кіеве. На гэта можа ўказваць яго згода быць з Яраславам «знадзін», а таксама наяўнасць у Кіяеве «двара Брачыслаўля». Пэўна, нядоўга прасядзеў Брачыслаў у Кіеве і вярнуўся ў Полацк. Інтарэсы Бацькаўшчыны былі вышэй за палітычныя амбіцыі і хвіліннае задавальненне самалюбства.

Пры Брачыславе Полацкая зямля афармляецца як самастойная, незалежная дзяржава. Магчыма, Брачыслаў пашырыў яе межы на паўночны захад. У гэтым кірунку знаходзім шэраг населеных пунктаў, якія носяць ягонае імя (а значыць, ён заснаваў іх). Перш за ўсё гэта горад Брачыслаўль (Браслаў), Браслаў (Абрэнскі раён у Латвіі), Браслаў за 20 км на поўнач ад Оршы.

І, што самае важнае, у час праўлення Брачыслава Полацкая зямля не спазнала варожых нашэсцяў — рэдкі перыяд у гісторыі старажытнай Беларусі. І за гэта Брачыслава можна назваць Вялікім, бо самая вялікая заслуга ўладара перад народам — захаванне міру і спакою на роднай зямлі.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
  • 4
    Падзяліліся