Брэсцкі замак

Брэсцкі (Берасцейскі) замак справядліва лічыцца адным з найстарэйшых у Беларусі. Першыя звесткі аб умацаваным замку ў гэтай мясцовасці адносяцца да 1182 г. Але першы ўспамін пра наяўнасць у гэтай мясцовасці ўмацаванага гарадзішча адносіцца да 1017 г.Так што дакладную дату будаўніцтва замка ўсталяваць даволі складана. Верагодна, пабудавалі яго для каланізацыі мясцовых балцкіх плямёнаў яцвягаў. Лічыцца, што менавіта вакол замка (а не наадварот), вырас горад Берасце (Брэст).

Месца для будаўніцтва замка абрана вельмі ўдала. Па-першае, навакольная мясцовасць была даволі балоцістай, па-другое, замак быў размешчаны на ізаляваным востраве і атакуючым для ўзяцця замка даводзілася пераадольваць водную перашкоду. Па-трэцяе, знаходзіўся замак на ўзвышшы, што дазваляла абараняючым, не толькі добра аглядаць усю мясцовасць, але і атакаваць любога ворага ў межах палёту стралы / гарматнага ядра.

Структура замка

Самае дэталёвае апісанне замка адносіцца да 1566 г. Пра тое, як ён выглядаў да гэтага маюцца толькі вельмі расплывістыя звесткі. Напрыклад, вядома, што аж да XIII ст. замак быў цалкам драўляным. А потым у адным з яго кутоў была збудаваная каменная вежа-слуп. Яе малюнка нідзе не захавалася, але мяркуючы па апісаннях, яна вельмі нагадвала Камянецкую вежу. Таксама ў Іпацьеўскім летапісе ёсць згадка аб будаўніцтве ўмацаванняў ў Брэсце ў 1259 годзе. Верагодна, менавіта ў гэтым годзе з’явіўся паўнавартасны замак, а не проста умацаванае паселішча.

Старажытны Берасце
Старажытны горад Берасце

У 1525 годзе замак, значная частка якога была драўлянай, перажыў моцны пажар. Прычым агонь не толькі знішчыў усе абарончыя збудаванні, але перакінуўся і на горад. Была нанесена вялікая шкода і на аднаўленне замка пайшоў немалы час. Работы вяліся не менш двух дзесяцігоддзяў. Вось што напісана ў дакументах пра гэты пажар: «замак Берасцейскі, і паркан, і месца, і брамы – усё на корань выгарала».

А ўжо ў 1566 г. з’яўляецца паўнавартаснае і самае падрабязнае апісанне Брэсцкага замка. У зброевай замка захоўваліся металічныя даспехі на 100 чалавек, 12 гармат, адна марціра, 96 гакаўніцы, дзіды, «балты» для арбалетаў, 360 гарматных ядраў, а таксама форма для іх адліўкі. За зброяй і абарончымі збудаваннямі прыглядалі спецыяльныя слугі і замкавыя рамеснікі: пушкары, цясляр, каваль, слесар, муляр і сталяр.

Брэсцкі замак
Брэсцкі замак (1566). Рэканструкцыя П.Татарнікаў

У апісанні 1566 года гаворыцца пра вежы: «Вежъ замковихъ пятъ направних: на адной зекгаръ одъ месцы, якое завжди бьетъ. Іншая вежа од Мухаўца на всходъ сонца; третея одъ Замуховечя наполъ да паўдня; чацвёртая ад Буга на паўдня летні;пятая над бранёй старою зъ кганкомъ на версе, на якой на версе звонъ вялікі в е хвалю привезенихъ». Іншымі словамі – у замка было 5 вежаў. На самай высокай, брамнай, размяшчаўся гадзіннік, яшчэ на адной вежы знаходзіўся вялікі звон. Верагодней за ўсё, ён служыў для абвесткі пра набліжэнне ворага альбо аб пажары. На жаль, ў 1619 г. моцны ўраган, які пранёсся над горадам зламаў вежу з гадзіннікам і скінуў яе ў ваду. Верагодней за ўсё, яе больш не аднаўлялі.

Цалкам верагодна, у 1566 годзе замак ужо не быў цалкам драўляным. Частка яго сцен была каменнай, частка па-ранейшаму заставалася драўлянай.

Унутры замка размяшчаліся жылыя хаты з печамі, залы для прыёму гасцей, камеры для асуджаных злачынцаў. У зале, які прызначаўся для соймаў былі вывешаны габелены. Замак станавіўся не толькі ваенным, але і адміністрацыйным цэнтрам горада. Недалёка ад замка на беразе Мухаўца знаходзілася лазня.

Сцены замка ўяўлялі сабой зрубы, злучаныя паміж сабой з агульным дахам. Так ўтваралася баявая галерэя. Таксама ў замку было размешчана 130 «Камор паспалітых». Унутры іх мясцовыя жыхары мелі «схованье», якое замыкалася на «защепки і ланцуги». Гэта хутчэй чыста абарончыя збудаванні, для абароны ў выпадку прарыву суперніка на тэрыторыю замка.

У гаспадаранні замка знаходзілася 2 млыны, бровар і лесапільня. Таксама ёсць інфармацыя аб тым, што вада ў замак дастаўлялася спецыяльнай помпай, якая пампавала яе прама з ракі. Гэта дазваляла абараняючым вытрымліваць доўгую аблогу суперніка. Абслугоўваннем помпы займаўся асобны чалавек.

У мірны час замак ахоўвалі 12 вартаўнікоў і 12 клікуноў. Што тычыцца колькасці гарнізона, то вядома, напрыклад, што ў 1657 годзе, калі замак быў аддадзены шведскай арміі, яго абаранялі каля 1700-2000 чалавек. Абарона горада была абавязкам ўсіх яго жыхароў. Гараджане, якія ўваходзілі ў цэхавыя аб’яднанні, абавязаны былі мець зброю на выпадак вайны.

Ужо ў сярэдзіне XVII ст. замак не раз руйнуецца. Прычым адбываецца гэта так часта, што за кароткія перапынкі яго нават не паспяваюць аднаўляць. У выніку ён цалкам змяняе свой выгляд. У 1654 г. сцены Брэсцкага замка былі ўмацаваныя 5 бастыёнамі – «бастыёнамі Сапегі». Яны добра бачныя на гравюры Эрыка Дальберга. Бастыённыя замкі заканамерна прыйшлі на змену больш састарэлым вежавым.

Аблога Брэста гравюра
Аблога Брэсцкага замка. Гравюра Э. Дальберга

Дарэчы, ў 1657 годзе пасля захопу Брэста шведскі кароль Карл X Густаў планаваў зрабіць замак, як і горад у цэлым – адным з самых умацаваных у Еўропе. Дарадца шведскага манарха Эрык Дальберг нават падрыхтаваў адпаведны праект фартыфікацыйных умацаванняў горада і замка. Але шведская армія была вымушаная пакінуць горад. Праект застаўся нерэалізаваным.

У пачатку XVIII ст. Брэсцкі замак выглядае, як пяцікутнік з бастыёнамі на валынскім баку. Што адбылося з вежамі замка сказаць складана. Цалкам магчыма, падчас перабудовы яны былі часткова знішчаны. Новы ж замак – вынік будаўніцтва адразу 3 дзяржаў: Рэчы Паспалітай, Рускага царства і Шведскага каралеўства. Усе гэтыя краіны ў розныя гады валодалі Брэсцкім замкам і імкнуліся хоць неяк умацаваць яго падарваную абараназдольнасць. У канцы ж XVIII ст., калі Брэст увайшоў у склад Расійскай імперыі, замак прыходзіць у канчатковае запусценне. Ён ператвараецца ў месца для выпасу жывёлы і гадоўлі садоў.

У пачатку XIX ст. пачынае з’яўляцца мноства планаў перабудовы Брэсцкага замка. Па адным з іх (1811 г.) меркавалася нават захаваць «старажытны замак», але стварыць вакол яго 18 жылых кварталаў.

Ваеннае значэнне замка

З XIII ст. горад знаходзіцца на мяжы сутыкнення інтарэсаў ВКЛ і Польшчы. Прычым нярэдка ў гэтым супрацьстаянні выкарыстоўваюцца іншыя сілы. Напрыклад Тэўтонскія рыцары, якія захапілі Брэст і замак у 1334 годзе – гэта першы летапісны дакладны факт аблогі і захопу Брэсцкага замка. На працягу амаль усяго XIV ст. горад пастаянна пераходзіць з рук палякаў да ўладаў ВКЛ і наадварот. У 1379 году горад зноў атакавалі крыжакі. Усе паселішча было разрабавана і спалена. Але замак рыцары захапіць не змаглі.

Паўдзельнічаў замак і ў супрацьстаянні паміж Ягайлам і Вітаўтам. Калі Брэстам валодаў Вітаўт ў 1390 годзе палякі аблажылі замак і праз 10 дзён захапілі яго.

У 1500 г. замак ўзялі ў аблогу 15000 крымскіх татараў. Але не маючы ніякіх тэхнічных сродкаў, адзінае, што яны маглі – гэта марыць абаронцаў голадам. Замак аблогу вытрымаў, але ад нападнікаў прыйшлося адкупіцца.

У 1648 годзе, падчас антыфеадальнай вайны замак быў цалкам разбураны казакамі Багдана Хмяльніцкага. У гэтым жа годзе ён яшчэ раз быў падвергнуты разбурэнню, але на гэты раз каралеўскімі салдатамі, якія адваявалі горад. Аднаўлялі яго ўжо падчас іншай вайны – Рэчы Паспалітай з Рускім царствам у 1654-1657 гадах. У 1657 ён быў захоплены шведамі. Зрэшты, у гэтым выпадку абышлося без кровапраліцця. Шведскія дыпламаты проста падкупілі наймітаў, якія ахоўвалі замак. Затым па адной версіі тыя альбо вярнуліся ў дзеючую армію Рэчы Паспалітай, альбо, што здаецца больш верагодным, уліліся ў склад шведскай арміі.

Але ў руках шведаў Брэсцкі замак прабыў нядоўга, і ў тым жа годзе вярнуўся да сваіх законных уладальнікаў. Гэта адбылося дзякуючы аперацыі, распрацаванай гетманам Паўлам Сапегам. Ён загадаў Радзівілу, падчашаму Вялікага княства Літоўскага, ўзначаліць атрад добраахвотнікаў для нечаканага нападу і захопу Брэсцкага замка. Там знаходзіўся гарнізон колькасцю не больш за 600 чалавек, які ўзначальваў састарэлы камендант. Аперацыю па захопе замка падрыхтоўвалі ў абстаноўцы асаблівай сакрэтнасці. Сапега загадаў усё старанна выведаць і, выбраўшы ўдалы момант, «учыніць эксперымент: спешыўшы людзей, падабрацца як мага цішэй, каб ніхто і пяра не выраніў», а затым атакаваць ўмацаванні, застаўшы суперніка знянацку. Аперацыя аказалася паспяховай, а шведы былі вымушаныя рэціравацца з горада.

У 1660 г. замак захапіў рускі ваявода Хаванскі. І ў тым жа годзе напісаў ліст цару, у якім згадваецца і замак: «Брест верхний город укрепил я накрепко, сверх старых крепостей по земляному городу нарубил тарасы в две стены рублены, а вышиною две сажени, а в иных местах и в две с половиной». Але і рускім войскам не ўдалося замацавацца ў замку. Мір паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай, дзякуючы якому вызваліліся значныя воінскія сілы апошняй, вымусілі Хаванскага пакінуць Брэст і рушыць на Ляхавічы. Умацаванні горада пры адыходзе спаленыя не былі.

Але не прайшло і года, як у 1661 г. Брэсцкі замак зноў захапілі рускія. Замак, як і горад, практычна ператварыўся ў прахадны двор. Асноўныя ўмацаванні былі знішчаныя, а новым уладальнікам проста не хапала часу, каб адбудаваць новыя. Зрэшты, па мірнай дамове, замак і горад зноў апынуліся ў складзе Рэчы Паспалітай.

Брэсцкі замак
Брэсцкі замак. Рэканструкцыя

У разгар Паўночнай вайны ў 1706 г. ўмацаванні горада не вытрымалі аблогі войскаў шведскага генерала Меерфельда. Шведы вярнуліся ў горад, але, зноў жа, зусім ненадоўга, і неўзабаве былі вымушаныя пакінуць яго.

Апошні раз выкарыстоўваць рэшткі замкавых умацаванняў паспрабавала расійскае войска ў 1831 г. падчас лістападаўскага паўстання. Праўда, невядома пра тое, ці праводзіліся нейкія інжынерныя працы. Верагодней за ўсё, яны насілі нязначны характар.У Пяцівугольным бастыёне было размешчана 12 гармат і 300 чалавек.

Палітычнае значэнне замка

Герб з пячаці войта (паводле прывілея 1554 года)

Польскі гісторык Ян Длугаш называў Брэст «варотамі ў рускія і літоўскія землі». Таму нядзіўна, што на ўтрыманне замка ўлады ніколі не шкадавалі грошай. А ў 1554 годзе, калі горад атрымаў герб, на ім быў намаляваны менавіта замак на зліцці дзвюх рэк.

У снежні 1409 года ў замку прайшла тайная сустрэча вялікага князя літоўскага Вітаўта і польскага караля Ягайлы. На ёй быў распрацаваны план Грунвальдскай бітвы. Усяго ж з 1446 да 1569 года год Брэсцкі замак семнаццаць разоў станавіўся месцам правядзення дзяржаўных соймаў Вялікага княства Літоўскага. Таксама ў ім рэгулярна праводзіліся сходы мясцовай шляхты, а таксама пасяджэнні суда.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
  • 131
    Падзяліліся