Полацак і Полацкае княства ў скандынаўскіх сагах

Як вядома, абшары Полацкай і Кіеўскай Русі вікінгі ўважалі за «Вялікую» альбо «Халодную» Швэцыю. У адрозьненьне ад часткі сучасных швэдзкіх дасьледнікаў якія часам ня ўзгадваюць Полацкага княства ў сваіх працах, не пазначаючы яго на мапах Вялікага Усходняга шляху, вікінгі добра ведалі першую сталіцу Беларусі.
У сагах Полацак вядомы як Palteskia/Палтеськ'я. Назоў гэты ёсьць трансьлітарацыяй мясцовай (старабеларускай) назвы. Дарэчы, тычыцца гэта й іншых гарадоў крывічоў. Але славянскія назовы ў старашвэдзкай мове захоўвалі сваю фанэтыку. Да прыкладу, Смаленск/Smale[n]skia. Апрача таго, нямецкі дасьледнік Г.Шрам давёў, што тапонім Полацак перайшоў у стараскандынаўскія мовы ды замацаваўся ў іх не пазьней за сярэдзшу IX ст. Гэта значыць, да канчатковага фармаваньня беларускага поўнагалосься (ал>ола). Бо пазьнейшае за сярэдзіну IX ст. запазычаньне дало б у старашвэдзкай мове форму Polateskia, але ніколі не Palteskia [Schramm 1982: 283-284]. Высновы мовазнаўцы вельмі важныя, бо супадаюць са зьвесткамі наратыўных ды археалягічных крыніцаў, якія датуюць прыход вікінгаў у Полацак акурат 862 годам.
Пад назваю Palteskia наша колішняе "сталечнае" места ўзгадваецца ў шэрагу сагаў ды іншых стараскадынаўскіх твораў. Найстаршы сьпіс, дзе ўзгадваецца Полацак, які захаваўся да сёньня - "Нарыс зямлі I" (апошняя чвэрць XII ст.). Полацак прысутнічае таксама ў сазе "Гісторыя датчанаў" Саксона Граматыка, каралеўскай сазе "Прадзі аб Эймундзе", "Сазе пра Хрост" ды яшчэ ў пяцёх сагах. Ува ўсіх творах назва места застаецца нязьменнай: Pal[l]teskia. Толькі "Сага пра Одда Стралу" дае трохі іншы варыянт, а менавіта Pallteskiuborg (ад borg - мур, замак). Верагодна, аўтара сагі альбо ягонага інфарматара моцна ўразіла багацьце Полацку ды моцныя абарончыя збудаваньні з дрэва. Месты вікінгаў, як правіла, абарончых сьценаў ня мелі.

Найдоўжшае апавяданьне пра Полацак захавалася ў сазе "Прадзі аб Эймундзе". Гэтая сага, як высьветлілі дасьледнікі, апісвае падзеі 1020- 1041 гг. [Zaiats 1992:23-24]. Важна тое, што гэтыя зьвесткі супадаюць з хронікай, занатаванай ува "ўнутранай" стараславянскай іфыніцы "Аповесьць мінулых гадоў". Розьняцца творы тым, што ўсе галоўныя героі швэдзкай сагі ўважаюцца за вікінгаў, маюць скандынаўскія варыянты імёнаў, дзеюць згодна з вараскай традыцыяй. Паводле "Аповесьці мінулых гадоў" усе яны ўважаюцца за тутэйшых гаспадароў і маюць славянізаваныя варыянты імёнаў.

Зь зьвестак "Прадзі аб Эймундзе" вядома, што князь Эймунд/Eumund з дружынай ваяроў-скандынаваў перайшоў на службу да Брачыслава (які ў сазе названы Вартылавым). Падчас сутычкі паміж Брачыславам і наўгародзкім князем Яраславам (у сазе ён Jarizleifr) Эймунд нібыта спрыяў укладаньню мірнай дамовы паміж князямі, згодна зь якой Яраслаў-Ярызлейфр (пазьней празваны Мудрым) застаўся князем у Ноўгарадзе, Эймунд атрымаў ува ўладаньне Полацак, а Брачыслаў - Кіеў [НВ1:153].

Адзначу, што выключную ролю скандынаваў у гісторыі Полацкага княства, як падае сага, немагчыма аспрэчыць на падставе іншых крыніцаў!

Наагул колькасьць сюжэтаў скандынаўскіх сагаў, якія датычацца Полацку, не саступае іншым вялікім цэнтрам вараскай калянізацыі: Старой Ладазе, Ноўгараду Вялікаму, Кіеву. Інфармацыя скандынаўскіх сагаў пра Полацак сынхронна адпавядае стараславянскім крыніцам [Dziarnovich 1998:92].

Часам скандынаўскія сагі цьвердзяць пра выключную ролю вікінгаў у хросьце ўсходніх славянаў. Дзіўнага ў гэтым нічога няма. Акурат вікінг Уладзімер ахрысьціў Кіеўскую й Ноўгарадзкую землі. Скандынаўка Рагнеда/Ragnhild заснавала першы на абшарах Беларусі манастыр у Заслаўі. Згодна з тураўскімі паданьнямі вікінг Тур/Tor хрысьціў тутэйшы люд. Як заўважылі археолягі, якраз у скандынаўскіх пахаваньнях Беларусі сустракаюцца першыя прадметы хрысьціянскага культу [Zharnov 1991:220].

Вікінгі нашай часткі Эўропы былі носьбітамі ўсходняй вэрсіі хрысьціянства. У Канстантынопалі амаль што ўся гвардыя часоў Позьняй імпэрыі ІХ-ХІІ стст. складалася з варагаў, вядомых у бізантыйскіх крыніцах як "варангірусь" [Stender-Petersen 1953:252]. Гэтыя скандынавы (як, напрыклад, полацкія Рагвалодавічы) узначальвалі бізантыйскія палкі.

Хрост Русі ў 980-1036 гт. адбыўся сынхронна з хростам іншых скандынаўскіх уладаньняў. У 912 годзе хрост прайшла Нармандыя, у 943 г. скандынаўскае княства Ёрвік у Ангельшчыне, у 965-986 гг. - Данія, у 995-1000 гг. - Нарвэгія, ля 1000 году - Ісьляндыя, у 1008 годзе - Готлянд, нарэшце паміж 1050-1100 гг. - мэтрапольная Швэцыя.

Ня дзіва, што "Сага пра Хрост" пасьля хрысьціянізацыі Ісьляндыі паведамляе пра хрост скандынавамі Полацкага княства прыканцы Хст.:

"У тое лета, калі было прынята хрысьціянства ў Ісьляндыі, ад нараджэньня Госпада нашага Ісуса Хрыста прайшло 1000 гадоў [...] Торвальд, сын Кадрана, і Стэўнір, сын Таргіля, сустрэліся пасьля (сьмерці) конунга Алава. Яны падарожжавалі ўдвух паўсім сьвеце і да самага Ёрсалахейма (Ерусаліму), адтуль - да Міклагарда (Канстантынопалю) і далей да Кёнугарда (Кіева), яшчэ далей (на ўсход) па Непры (Дняпры). Торвальд памёр у Русі недалёка ад Палтэск'і (Полацку). Там ён пахаваны ў адной гары ў царкве Яна Хрысьціцеля, і называюцъ палачане яго съвятым. Так гаворыць Бранд Вандроўнік: "Я прыйшоў туды, дзе Торвальду, сыну Кадрана, Хрыстос дaў супакой; там ён пахаваны ў высокай гары ўверх па цячэньні Дроўны (Дрёвны) у царкве Яна. Стэўнір накіраваўся тады на поўнач у Данію"[...] так паведаміў Ары Стары" [НВ-12000:280].

Пад гідронімам "Дрёвна" ў "Сазе пра Хрост" згадваецца не Дзьвіна, а невялічкая рэчка Друя. Рэч у тым, што маленькая Друя выконвала выключную ролю ў Дзьвінска-Друйскім вузьле Вялікага Усходняга шляху [Pritsak 1981:297]. Ананімная сага (канец XII ст.) пералічвае рэкі Ўсходняй Эўропы, якія мелі выключную вагу ўва ўсходнім гандлі вікінгаў. Дык вось, з шасьцёх рэчак тры - беларускія! Гэта Дзьвіна (Duna), Дняпро (Nepr) і невялікая Друя (Drofn) [Pritsak 1981:297]. Дадам, што найкаротшы водны шлях вікінгаў з Балтыкі ў Чорнае "Вараскае" мора ішоў якраз празь Дзьвіну. Таму Дзьвіна (Duna, Tuna, Dyna) успамінаецца ў надпісах рунічных камянёў Уплянду. Напрыклад: "Сумір загінуў на ўсходзе ля вусьця ракі Дзьвіна".

Усе гэтыя факты сьведчаць пра асаблівае эканамічнае й палітычнае становішча скандынаўскага гандлю для Полацкага княства - аднаго з трох цэнтраў Русі.

© А.Котлярчук "Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў"