Скандынаўскія цэнтры на Беларусі

Памінальны камень IX ст. з вострава Готланд
Памінальны камень IX ст. з вострава Готланд (суч. Швецыя)

Цэнтрам першага скандынаўскага княства на абшарах сучаснай Беларусі стаўся Полацк. З вікінгамі-русамі наўпрост звязана з’яўленне места Полацкага ў гісторыі. Першае паведамленне пра Полацак датуецца 862 г., калі варажскі конунг Рурык (Rorik) аддаў умацаванае паселішча Полацкае аднаму са сваіх ярлаў: «овому Полотеск, овому Ростов, другому Белоозеро» [Paszkiewicz 1963:151]. Падкрэслiм, што найбольш раннія «гарадзкія» памяткі Полацку паходзяць з другой паловы IX ст. Пра існаванне славянскага «дагарадзкога» паселішча сведчыць толькі ляпны посуд VIII – першай паловы IX ст.

Наступная звестка пра Полацк датуецца 980 г. i зноў звязана з княжаннем у горадзе аднаго з варажскіх конунгаў Рангвальда (Rangvald), які прыйшоў «изь заморья имаше власть свою в Полотьске». Iмя Рангвальд было досыць папулярнае сярод шведзкіх вікінгаў i рыцараў ажно да XV ст. Напрыклад, Рангвальдам звалі ярла скандынаўскай калоніі Al-dejgjuborg (Старая Ладага) у пачатку XI ст., які прыбыў на Усход ca Швецыі разам з прынцэсай Інгегерд (Ingegerd, 1050 †), дачкой першага хрысціянскага караля Швецыі Улафа Шотконунга (Olof Skotkonung, 1020 †).

Акурат вікінг Рангвальд стварыў першую гістарычную дзяржаву ў Беларусі, заклаў пачатак дынастыі полацкіх князёў. Княства Рангвальда (15 тыс. км2) супадае, згодна з археалагічнымі памяткамі, з абшарамі полацкіх крывічоў [Semyanchuk 1996:42]. Крывічы былі асноўным насельніцтвам гэтай дзяржавы, празваўшы свайго конунга-князя славянізаванай мянушкай Рагвалод. Хутка Полацкае княства пашырыла свае межы за кошт земляў ліваў i латгалаў. Апошняе, відаць, i выклікала імкненне канкурэнта – Ноўгараду – на чале з вікінгам Уладзімерам (Valdemar) распачаць татальную вайну. Рэч у тым, што згаданы кіеўска-наўгародзкімі летапісамі класічны шлях «з варагаў у грэкі» быў нашмат меньш эфектыўны за ягоны полацкі варыянт. Праз Рыжскую затоку і Даўгаву-Дзьвіну (старашведзкае Duna) можна было хутчэй выйсці ў Дняпро і Чорнае мора. Класічны «наўгародзкі» шлях: Фінская затока – Нява-Ладажскае возера – Старая Ладага (Aldejg-juborg) – Волхаў – Ноўгарад-Ільмень – Дняпро – быў больш складаны, доўгі і нязручны. Канкурэнцыя Полацку зводзіла на тлум міжнародны гандаль шведзкіх купецкіх карпарацыяў Біркі і Сігтуны. Маем на ўвазе перадусім варагаў (varjager) i калбягаў (kulbingar/kylfingar). Гэтыя варажскія карпарацыі кантралявалі Ноўгарад (Holmgard) i Кіеў (Konugard). Такім чынам, наўгародзка-кіеўская скандынаўска-славянская дзяржава «вельмі хутка сутыкнулася са спробаю гегемона з боку іншай скандынаўска-славянскай дзяржавы, узніклай, верагодна, адначасова ў басейне Дзьвіны з цэнтрам у Полацку, якая імкнулася пракласці новы шлях з Балтыйскага мора ў Дняпро» [Sten-der-Petersen 1953:248]. Акурат на грошы варагаў i калбягаў наўгародзкі конунг Уладзімер (Valdemar) за тры гады (977-980) назбіраў вялізарнае войска ў Швецыі, каб зруйнаваць Полацк i Полацкае княства [Stender-Petersen 1953: 250-251].

Наступная смутная гісторыя – захоп Уладзімірам Полацка, забойства Рангвальда i ўсіх ягоных сыноў, згвалтаванне Рагнеды (Ragnhild), зруйнаванне места (якому давялося адбудоўвацца на новым мейсцы) – добра вядомая беларускаму чытачу. Іншая справа, што ключ усіх гэтых падзеяў знаходзіцца ў старажытнай Швецыі і барацьбе розных купецкіх карпарацыяў (bolag) шведзкіх вікінгаў за Вялікі Усходні шлях (Storosterled). Нагадаем, што барацьба Полацка з Ноўгарадам i Кіевам праходзіць скрозь усю гісторыю старажытнай Русі: «и оттоле мечъ взимають Рогволожи внуци противу Ярославлим внуком». Даследнікі лічаць, што «Полацкае княства ўяўляла сабой найбольш самастойную палітычную адзінку старажытнай Pyci» [Alekseev 1966:290]. Мэтай самастойнай палітыкі гэтай скандынаўска-славянскай дзяржавы быў кантроль над гандлёвымі шляхамі з Балтыкі праз Дзьвіну і Дняпро ў Чорнае мора.

карта балцкіх плямён, асноўных гандлёвых пунктаў ранняга Сярэднявечча і схема водных гандлёвых шляхоў VIII - XI ст
Лакалізацыя балцкіх плямён, асноўных гандлёвых пунктаў ранняга Сярэднявечча і схема водных гандлёвых шляхоў VIII – XI стст.

Каб забяспечыць кантроль i абарону, Полацкае княства заснавала ў XI ст. шэраг невялікіх гарадзішчаў-умацаванняў. У заходнім (неславянскім) кірунку імі былі Герцыке (Gersika, Jersika) і Кукенойс (Кокnese). Ва ўсходнім кірунку – Усвяты, Сураж, Друцк, Кавалі, Каспля, Ворша, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Стрэшын, Рэчыца. Скандынаўская назва Русі – Гардарыка (Gardarike) – азначала якраз сеціва ўмацаванняў-гарадзішчаў, але не краіну заможных местаў. У самой тагачаснай Швецыі ўмацаванні паселішчаў адсутнічалі, бо не было сталай пагрозы. Прыгадаем, што ў беларускай мове захавалася слова «гарадок» альбо па-старабеларуску «гарадзец» у значэнні «невялікі ўмацаваны горад» [HSBM 7-1986:86].

Свайго росквіту Полацкая дзяржава дасягнула ў XI ст. Акурат тады князі дынастыі Рангвальда Брачыслаў (Bertsilejf, 1003-1044) і Ўсяслаў Чарадзей (1041-1101) кантралявалі Рыжска-Дзьвінскі і Дзьвінска-Дняпроўскі абшар Вялікага Усходняга шляху. Невыпадкова, што, паводле матэрыялаў раскопак, з другой паловы XI ст. рэзка ўзрастае колькасьць заходнееўрапейскіх манетаў у скарбах, хаваных па Дзьвіне [НВ 2000-1:158]. Сымбалем дзяржаўніцкіх амбіцыяў робіцца збудаваная ў сярэдзіне XI ст. у Полацку катэдра Св. Сафіі. Апрача Полацку, такі храм маюць толькі Канстанцінопаль, Кіеў i Ноўгарад, а пазней – Стакгольм.

Заняпад Полацкага княства наўпрост звязаны са стратай кантролю над воднымі гандлёвымі шляхамі, перадусім над выхадам у Балтыйскае мора. У 1212 годзе Полацкая дружына на чале з князем Уладзімірам († 1216) прайграла вайну з рыжскім біскупствам i ордэнам мечаносцаў за кантроль над Рыжска-Дзьвінскім шляхам. У сваёй «Славянской хроніцы» варожы Полацку Арнольд з Любэку (пачатак XIII ст.) паведамляе: «Такт чынам расьцьвіў касъцёл Божы ў Лівоніі дзякуючы біскупу Альбэрту – але король Русі з Полацку меў звычай зьбіраць даніну з ліваў, у чым яму адмовіў біскуп. Тому гэты король (Уладзімер Полацкі) рабіў жорсткія напады на Лівонію і Рыгу» [1990:365]. Пасля вайны палітычнае значэнне Полацка падае. У XIII-XIV стст. Полацк, як Віцебск i Смаленск, працягвае гандлёвыя стасункі з шведзкім Готландам (да 1361 г.), але ўжо толькі праз пасярэдніцтва Рыгі. Адначасова знікае скандынаўскі матэрыял археалагічных помнікаў, пачынаецца так званы безманетны перыяд у гісторыі Беларусі, западаюць скандынаўскія калоніі ў Маскавічах i Прудніках. Новая беларуска-летувіская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае, палітычным цэнтрам якой спярша быў Наваградак, пераймае мэты балтыйскай палітыкі Полацкага княства. Кульмінацыяй гэтай палітыкі стаўся 1566 г., калі ВКЛ завалодала Лівоніяй i Рыгай ды зліквідавала Ордэн мечаносцаў.

© А.Котлярчук “Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў”

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии