Зарубінецкая археалагічная культура

Археалагiчная культура жалезнага веку, плямёны якой жылі на тэрыторыі Прыпяцкага Палесся, на правабярэжным Сярэднім і Верхнім Падняпроўі і на Левабярэжжы Дняпра да басейну Сярэдняга Сейма.1 Назва паходзiць ад могільніка ля с. Зарубінцы (Перэяслаў-Хмяльніцкі р-н на Кіеўшчыне), адкрытага ў 1899 г. Верагодна, узнікла ў выніку змешвання мясцовых плямён з находнікамі з паўночнага-захаду, захаду і поўдня. На поўдні Беларусі і на поўначы Украіны цалкам перакрывала тэрыторыю сваіх папярэднікаў — плямён мілаградскай культуры.2 (ст.93)

Зарубінецкая культура
Агульныя межы зарубінецкай культуры ва Ўсходняй Еўропе

Паселішчы насельніцтва зарубінецкай культуры зазвычай ладзіліся ў поймах рэк, на рачных тэрасах або на ўзвышшах, у далінах рэк ці на мысах. Пануючым тыпам паселішчаў з’яўляліся адкрытыя селішчы. Гарадзішчы, якія сустракаюцца значна радзей, больш характэрны для Верхняга і Сярэдняга Падняпроў’я. На тэрыторыі Беларусі выключна зарубінецкіх умацаваных паселішчаў не знойдзена: носьбіты культуры лічылі за лепшае займаць старыя мілаградскія гарадзішчы з далейшай мадэрнізацыяй абарончых збудаванняў. Гарадзішчы умацоўваліся рвамі і валамі, часам з невысветленымі драўлянымі канструкцыямі, магчыма агароджай. На даследаваных паселішчах выяўлены ўпрыгожанні, прылады працы, бытавы інвентар – сякеры-кельты і абужковыя сякеры, нажы, сярпы, іголкі, шылы, прабойнікі, долаты, наканечнікі дзідаў, стрэл і дроцікаў, гліняныя біканічныя і шайбападобныя праслічкі, грузікі і інш.

Вырабы зарубіненцкай культуры: 1, 8, 14, 21, 22 — керамічны посуд; 2-4 — бронзавыя шпількі; 5 — бронзавае скроневае кальцо; 6 — бронзавы бранзалет; 7 — бронзавая спражка; 9, 10, 15 — бронзавыя фібулы; 11 — жалезны рыболоўны кручок; 12 — глінянае грузіла; 13 — керамічны тыгель; 16 — жалезны серп; 17 — жалезны чарашковы зрэзань стралы; 18 — жалезны нож; 19 — жалезная шпора; 20 — жалезная сякера-«кельт»; 23 — жалезная каса; 24 — керамичныя прасліцы; 25 — жалезнае навершша кап’я.

Посуд зарубінецкай культуры — ляпны  (грубаляпны) або глянцавы – плоскадонны керамічны посуд прадстаўлены трымя устойлівымі формамі: высокімі гаршкамі ці жбанамі сярэдняга памеру, міскамі, невялікімі падобнымі да кубкаў пасудзінамі з ручкамі.3 (ст.321) Сярод іншых асаблівасцяў – спецэфічныя фібулы з трохвугольным шчытком. Для пахаванняў характэрны абрад трупаспалення са змяшчэннем парэшткаў ў безкурганных могільніках разам з разнастайным пахавальным інвентаром. Адзначаецца складаны рознакультурны характар паходжання і моцныя сувязі з антычнай і латэнскай культурай.

Этнічны склад носьбітаў культуры – пытанне, якое застаецца дыскусійным. Сярод даследчыкаў існуюць прыхільнікі прыналежнасці насельніцтва культуры да славянскай, балцкай і германскай супольнасці.

Знікненне культуры, верагодна, абумоўлена міграцыямі яе носьбітаў пад уздзеяннем экалагічных фактараў і зменамі, выкліканымі ўплывамі іншых культур у раёнах міграцыі. Пасля гэтага ў зарубінецкім арэале, а таксама у басейне Дзясны, у Смаленскім Падняпроўі, у вярхоўях Заходняй Дзвіны, у басейне Паўночнага Данца, у Прыкарпацці, на Валыні і ў вусці Дуная з’явіліся новыя, так званыя познезарубінецкія помнікі (сярэдзіна I-II ст. н.э.). У арэале гэтых помнікаў з’явіліся кіеўская і чэрняхоўская культура, з якімі, па мяркаванню шэрагу даследчыкаў, звязаны працэсы славянскага этнагенэзу. Прычына зыходу культуры ў беларускім арэале не высветлена. Аднак існуе дапушчэнне, што некаторая частка насельніцтва з Палесся мігравала на суседнюю тэрыторыю Польшчы і ў басейн Верхняга Нёмана.

  1. А.Р. Канторович. Ранний железный век. “Археология” – Раздел III. Под редакцией академика РАН В.Л. Янина. М.: МГУ, 2006. 608 с.
  2. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП “Экаперспектыва”, 2000
  3. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя” імя Патруся Броўкі, 1993.
Падзяліцца