Мілаградская археалагічная культура

Мілаградская культура — археалагiчная культура VII — III – пач. II ст. да н. э. на тэрыторыі Паўднёва-Усходняй Беларусi і на поўначы Украіны. Назва паходзiць ад гарадзішча ля в. Мілаград (Рэчыцкі р-н). Культура, насельніцтва якой першай перайшло да вытворчасці і апрацоўкі жалеза на тэрыторыі Беларусі. Адметнай асаблiвасцю культуры з’яўляюцца керамічны посуд яйка- і шарападобнай формы з прамым, альбо крыху адагнутым вонкі венчыкам, або паўсферычны посуд без венчыка. Тыповая арнаментацыя посуду – па венчыку, шыйцы або плечыку – круглымі ямкамі. Спецыфічная асаблівасць – нізінныя гарадзішчы – умацаваныя паселішчы на нізкім месцы сярод поймаў і балот. Характэрнай рысай было выкарыстанне двух тыпаў паселішч: гарадзішч і адкрытых селішч. Для жылых пабудоў характэрны слупавая канструкцыя пабудовы і адмысловы выступ у сцяне. У знешніх зносінах – цесная сувязь са скіфамі.

Тэрыторыя

Арэал. Яшчэ ў пачатку 60-х гадоў XX ст. П.Н. Траццякоў вызначыў у агульных рысах тэрыторыю пражывання міларадскага насельніцтва не толькі ў басейне Сярэдняй і Ніжняй Прыпяці, але і ў Прыдняпроўе – ад вусця Бярэзіны да Кіева, на левым беразе Дняпра – у сярэднім і ніжнім плынях ракі Сож, а таксама ў межах Украіны. В.М. Мельнікоўская паўночную мяжу культуры зафіксавала некалькі паўднёвей гарадоў Слуцка, Бабруйска на Бярэзіне, Рагачова на Дняпры і Крычава на Сожы. Усходняя мяжа вырастала ніжнім цягам рэчкі Іпуць да горада Навазыбкаў. Паўднёвая праходзіла па тэрыторыях Чарнігаўшчыны, Кіеўшчыны, Жытоміршчыны, Ровеншчыны і Валынскага Палесся. На захадзе Прыпяцкага Палесся мілаградскія помнікі лакалізаваліся па ніжнім цячэнні ракі Гарынь.

Мілаградская археалагічная культура
Агульныя межы мілаградскай культуры ва Ўсходняй Еўропе

Як лічыць М.І. Лашанкоў, зыходзячы з наяўных дадзеных на канец 1990-х гг., на Беларусі заходнюю мяжу культуры варта аднесці далей на захад ад вусця ракі Гарынь да горада Пінска на Прыпяці. У Заходнім Палессі яна праходзіць па ўсходняй палове Пінскага і паўднёва-ўсходняй частцы Лунінецкага раёна і ўключае цалкам Сталінскі раён Брэсцкай вобласці. Паўночную мяжу, па меркаванню даследчыка, мэтазгодна праводзіць паўднёвей Салігорска, Любані і Глуска ў межах ніжніх плыняў рэк Цны, Лані, Случы, Арэсы, Пцічы, Бярэзіны і па Дняпры вышэй Жлобіна. На левабярэжжы Прыпяці ў сучасным адміністрацыйным дачыненні ў зону рассялення “мілаградцаў” ўключаюцца паўднёвыя часткі Салігорскага і Любанскага раёнаў Мінскай вобласці, Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Кастрычніцкі, Светлагорскі і Жлобінскі раёны (выключаючы паўночныя ўскраіны двух апошніх) Гомельскай вобласці – на правым беразе Дняпра. На левым беразе Дняпра – ад мяжы Жлобінскага і Рагачоўскага раёнаў, далей у паўночна-ўсходнім напрамку да мяжы Кармянскага раёна Гомельскай вобласці і Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Усходняя мяжа супадае з адміністрацыйнай мяжой Рэспублікі Беларусь (Гомельскай вобласці) і Бранскай вобласці Расіі. Ніжэй, у межах Чарнігаўскай вобласці Украіны, яна праходзіць, па звестках чарнігаўскіх археолагаў, па правым беразе ракі Сноў да ўпадзення ў Дзясну і далей па Дзясне ніжэй Чарнігава да ўпадзення ў Дняпро. Пры адсутнасці новай дадатковай інфармацыі паўднёвая, паўднёва-заходняя і заходняя мяжы на тэрыторыі Украіны застаюцца ў тых межах, якія былі акрэслены В.М. Мельнікоўскай яшчэ ў сярэдзіне 60-х гг.1

Гарадзішчы

Улічваючы тапаграфічныя ўмовы ў размяшчэнні помнікаў, гарадзішча мілаградскай культуры выразна дзеляцца на тры групы: 1) нізінныя, размешчаныя на роўным нізкім месцы або на невысокіх (да 1,5 м) спадзістых ўзвышшах; 2) берагавыя, збудаваны на высокіх берагах вялікіх і малых рэк; 3) узгоркавыя, уладкаваныя на высокіх (4-10 м) астанцах, дзюнах, градах, пагорках сярод поймаў і забалочаных прастораў.

Гарадзішча нізіннай групы складаюць спецыфічную асаблівасць мілаградскай культуры. Ні ў адной іншай культуры ранняга жалезнага веку ўмацаваныя паселішчы на нізкім месцы сярод поймаў і балот не атрымалі гэтак шырокага распаўсюджання, як у “мілаградцаў”. На Палессі яны складаюць 62,5%, у Прыдняпроўі – 25,8% і ў Ніжнім Посожжы – 11,7% ад агульнай колькасці гарадзішчаў мілаградскай культуры. Гарадзішчы гэтай групы ўяўлялі сабой цяжкадаступныя астраўкі збудаваныя на пясчанай прыроднай аснове. Пяшчаныя ўзвышэнні былі найбольш зручнымі месцамі для паселішчаў, паколькі пясок хутка прапускаў ваду, з’яўляючыся добрым натуральным дрэнажом. Такія гарадзішчы, паколькі яны будаваліся на роўных месцах нізіннага рэльефу, мелі яшчэ адну асаблівасць – скрытнасць (іх цяжка заўважыць нават на блізкай адлегласці).

Берагавыя гарадзішчы складаюць трэцюю частку (34%) мілаградскіх помнікаў. Такія паселішчы значна пераважаюць у Посожжы, дзе на іх частку прыпадае 44%, затым у Прыдняпроўі – каля паловы помнікаў – 42,7% і на Палессі – 13,3%. Гэтую групу умацаваных паселішчаў можна падзяліць на два варыянты. Першы – помнікі, размешчаныя па берагах буйных рэк на першай і другой надпойменных тэрасах Сожа, Дняпра і Прыпяці. Другі – паселішчы, збудаваны на берагах невялікіх рэчак: Бесядзі, Брагінкі, Іпуці, Покаці, Ржаўкі, Сувязь, Уці. У цэлым жа на Беларусі пераважаюць гарадзішчы першага варыянту.

Мілаградская археалагічная культура
Берагавое гарадзішча мілаградскай культуры “Шолахава Гара”

Гарадзішчаў на ўзгорках няшмат, усяго 18, што адпавядае 8% помнікаў. Каля паловы з іх знаходзіцца ў Ніжнім Посожжы. Да такіх паселішчаў адносяцца Любны, Новы Млын, Пакалюбічы II, Старое Сяло, Чарацятка II, Шапатовічы. Нягледзячы на дастатковую колькасць высокіх узгоркаў у разглядаемых рэгіёнах, яны вельмі рэдка выкарыстоўваліся плямёнамі мілаградскай культуры пад будаўніцтва гарадзішчаў.

Абшчыны мілаградскага насельніцтва мелі тэндэнцыю будаваць гарадзішчы ў плане пераважна авальнай формы, прастакутнай і круглай. Акрамя таго, у іх былі трохкутныя, квадратныя, трапецападобныя ў плане пасёлкі, але яны – рэдкая з’ява.

Асноўная колькасць міліградскіх гарадзішчаў – аднапляцовачныя. Разам з тым нельга не адзначыць яшчэ адну рысу, уласцівую ім: наяўнасць двух і больш пляцовак. Двухчасткавыя гарадзішчы ў “мілаградцаў” складалі 11,7% (22), а ўсяго помнікаў з некалькімі пляцоўкамі 26. Невялікая колькасць мілаградскіх гарадзішчаў з некалькімі пляцоўкамі можна разглядаць як запазычанне падобнай планіровачнай структуры ў насельніцтва скіфскага Лесастэпу.

Гарадзішчам мілаградскай культуры ўласціва разнастайнасць варыянтаў умацаванняў. Прарэзкі валоў і равоў на васьмі помніках паказалі, што яны маюць складаную пабудову насыпаў валаў з драўлянымі канструкцыямі. Для іх будаўніцтва абшчыннікі выкарыстоўвалі прыродную глебу з равоў, камень, дрэва і культурны пласт. Структуры валаў падобныя мілаградскім даследчыкамі адзначаны ў насельніцтва іншых культурных традыцый: дзьякаўскай, днепра-дзвінскай, штрыхаванай керамікі, юхноўскай, а таксама – у лесастэпавых плямёнаў.

Большасць гарадзішчаў, асабліва на поўдні Беларусі, былі абнесены адной ці некалькімі лініямі ўмацаванняў (Мілаград, Ліскі, Ястрабка). Частка гарадзішчаў магла выкарыстоўвацца выключна як сховішчы падчас ваенных набегаў. Найбольшая колькасць такіх гарадзішч-умацаванняў знаходзіцца сярод балот Прыпяцкага Палесся2. Асабліва вялікае з падобных гарадзішч знаходзіцца ля в. Бечы (Жыткавіцкі р-н). Абарончы вал яго мае даўжыню каля 1,5 км, а плошча пляцоўкі складае амаль 10 га.

Жытло

Жытлы ў “мілаградцаў”» былі двух відаў: паўзямлянкавыя і наземныя пабудовы. Паўзямлянкі больш распаўсюджаны ў рэгіёнах Пасожжа і Прыдняпроўя. Зямлянкі – у Палессі – мелі зрубныя і радзей слупковыя канструкцыі сцен. Лёгкія ж пабудовы тыпу юрты ці будана мелі каркас з калоў. На паселішчах жытлы размешчаны ўздоўж лініі ўмацаванняў, каля ўнутранага схілу вала. У Прыдняпроўе яны часам канцэнтраваліся ў цэнтральнай часткі пляцоўкі паселішча. Зямлянкі не былі характэрны “мілаградцам” увогуле. Акрамя жытлаў падчас раскопак на гарадзішчах былі выяўлены і іншыя пабудовы: ямы рознага прызначэння і пабудовы без абагравальных прыстасаванняў. Пабудовы мелі прамавугольную або блізкую да яе форму, слупавую канструкцыю і выступ прамавугольнай, авальнай, або круглай формы у адной са сцен або ў куце, што з’яўляецца характэрнай асаблівасцю мілаградскіх жытлаў. Вогнішчы, месца якога зрэдку абкладвалася камянямі, змяшчаліся воддаль ад уваходу, на ўзроўні пясчанай падлогі, або ў невялікіх круглых ці авальных ямах.

Могільнікі

Для пахавальнага абрада характэрны як грунтовыя (бескурганныя могільнікі – найбольш распаўсюджаныя) так і курганныя могільнікі. У курганах (басейн р. Горань, в. Дубай) пахаванне адбывалася па абрадзе трупапалажэння, часам у драўляных скрынях ці неглыбокіх прамавугольных ямах. Зверху насыпаўся невысокі паўсферычны, круглы ў плане курган (дыяметр – 2-22 м). Пахавальны інвентар – адзін або некалькі гаршкоў, зрэдку – зброя (наканечнікі коп’яў) або ўпрыгожанні.

Гліняная культавая фігурка каня з гарадзішча Гарошкаў

Бескурганныя могільнікі (даследавана звыш 150 пахаванняў) размяшчаліся на невялікай адлегласці ад селішчаў або непасрэдна прымыкалі да валоў гарадзішчаў. Крэмацыя адбывалася па-за межамі могільніка. Невялікую колькасць костак змяшчалі на дне невялікіх круглых або авальных у плане ям (глыбіня – 0,5-1 м). Пахавальны інвентар больш сціплы ці ўвогуле адсутнічае.

Рэчавы матэрыял

Прылады працы. У паўсядзённым жыцці “мілаградцы” выкарыстоўвалі каменныя (зернацёркі, песты, ступкі, сякеры і дробныя крэмневыя вырабы) і жалезныя (сякеры – пласцінчатыя, правушныя і кельты, сярпы, нажы, шылы, іголкі, зрэдку брытвы) прылады працы.

Прадметы ўзбраення. Зусім мала выяўлена прадметаў ўзбраення – копій, дроцікаў, кінжалаў, мячоў. У асартыменце дамінуюць наканечнікі стрэл: касцяныя, бронзавыя (двух- і трохлопасныя, трохгранныя) і жалезныя (пласцінчатыя і ўтульчатыя). Рыштунак каней прадстаўлены кольцамі для рамянёў, бляшкамі, ворваркамі, часткай аброці і цугляй.

Упрыгожванні значна пераважаюць сярод знаходак над прыладамі працы і зброяй. Яны вельмі разнастайныя: бранзалеты, шпількі, каралі, пярсцёнкі-пярсцёнкі, завушніцы падвескі, люстэркі. Кожная з пералічаных катэгорый адрозніваецца вялікай разнастайнасцю формаў. Упрыгожванні выкананы з розных матэрыялаў: золата, срэбра, бронзы, жалеза, каменя, косці, шкла, гліны. Усе каралі ў “мілаградцаў”, несумненна, былі імпартнымі, за выключэннем, можа быць, гліняных і касцяных.

Бронзавая завушніца з гарадзішча Ліскі

Керамічныя вырабы. Абломкі глінянага посуду – масавы матэрыял на паселішчах. Гліна выкарыстоўвалася яшчэ ў прадметах, звязаных з прадзеннем і ткацтвам, – грузіках-прасліцах, а таксама ў бронзаліцейным рамястве (ліцейныя формы, льячкі, ціглі). Культурная прыналежнасць помнікаў усталёўваецца ў асноўным па кераміцы. У мілаградскага насельніцтва увесь посуд ляпны, гліняны і прадстаўлены пераважна гаршкамі, радзей міскамі і кубкамі. Асаблівасцю формаў пасудзін з’яўляюцца прафіляванае тулава, шарападобная ніжняя частка і адагнутыя вонкі венца. У Палескім рэгіёне да 20% посуду з арнаментам, а ў Прыдняпроўе, згодна з В.М. Мельнікоўскай, – большасць. Спосабы арнаментацыі – ямачныя уцісканні, выкананыя канцом палачкі, пальцам і пазногцем. Кераміка з аднаслаёвых гарадзішчаў Усходняга Палесся не мае выразна выяўленых храналагічных адрозненняў. У цэлым рэчавы комплекс дазваляе датаваць даследуемыя гарадзішчы прыкладна з сярэдзіны VII па III – пачатак II ст. да н. э.

Гаспадарка і рамесніцтва

Земляробства і жывёлагадоўля. Гаспадарчая дзейнасць насельніцтва сведчыць, што асновай іх існавання з’яўляліся земляробства і жывёлагадоўля. Земляробства па характары было пераважна падсечна-агнявым, у меншай меры ворнае і прыпасялкова-пойменнае. У Палессі яно мела меншае значэнне, чым у Прыдняпроўі і Посожжы. “Мілаградцы” вырошчвалі пшаніцу, проса, ячмень, боб і гарох. У забеспячэнні прадуктамі харчавання жывёлагадоўля іграла не менш важную ролю. Аснову статка хатніх жывёл складалі буйная рагатая жывёла, конь, свіння, а таксама козы, авечкі. Асноўныя галіны гаспадаркі арганічна дапаўняліся падсобнымі промысламі: паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Адносна нізкае значэнне палявання тлумачыцца, з аднаго боку, добра развітымі жывёлагадоўляй і земляробствам, а з другога – багаццямі іншых відаў дарункаў прыроды.

Вытворчасць і апрацоўка жалеза. Супольнасць “мілаградцаў” знаходзілася ля вытокаў асваення і выкарыстання вырабаў з жалеза. Сляды металургіі жалеза маюцца не на ўсіх даследаваных гарадзішчах. Металаграфічнае вывучэнне 105 вырабаў мясцовых металургаў-кавалёў дазволіла ўстанавіць, што 73 прадмета выкавана спосабам свабоднай гарачага кавання з крычнага жалеза і 32 – са сталі. Складаныя тэхналагічныя прыёмы – зварка, загартоўка, цэментацыя і пакетавання – выяўленыя ў 18 прадметаў: па асартыменце ў сякер, сярпоў і нажоў. Багацце балотнай руды і лёгкая даступнасць такой сыравіны спрыялі развіццю металургіі жалеза і яго апрацоўцы ўжо з сярэдзіны VII ст. да н. э.

Вытворчасць і апрацоўка бронзы. Бронзаліцейнае рамяство, у адрозненне ад здабычы жалеза, не мела прыродных умоў (сыравіны) для паспяховага развіцця. Таму яно насіла эпізадычны характар і зводзілася да пераплаўкі зламаных прадметаў альбо выплаўленні з прывезеных нарыхтовак або кампанентаў бронзы. Па спектральнаму аналізу вырабаў з чыстай медзі мала, а пераважаюць прадметы з алавяна-свінцовых бронзаў, затым – сплавы з дадаткамі мыш’яку, волава і медна-алавяныя. Па напрамках паступленняў бронзавых вырабаў сувязі больш моцнымі былі з паўднёва-ўсходняй, паўднёвымі і паўднёва-заходнімі тэрыторыямі, тады як з паўночнымі і паўночна-заходнімі яны практычна адсутнічалі ў той далёкі час.

Вытворчасць керамікі. Лепка посуду з гліны грунтавалася на мясцовай сыравіне і вопыце ў гэтай галіне з папярэдніх часоў. Гліны побач з мілаградскімі селішчамі азёрна-алювіяльнага генезісу. У фармовачную масу майстры-керамісты падсыпалі яшчэ мінеральныя дабаўкі (жарству, шамот, балотную руду) і, вельмі рэдка, – арганічныя: мяккую пшаніцу, ячмень, проса, боб, гарох. Апошнія кампаненты уключэнняў варта разглядаць як навацыю альбо рудымент. Увесь посуд абпальваўся на вогнішчы.

посуд мілаградскай культуры
Характэрны гліняны посуд насельніцтва мілаградскай культуры

Сваеасаблівы керамічны посуд мае не плоскае, а закругленае дно, што вылучае культуру сярод іншых сінхронных культур лясной зоны. Найбольш тыповым посудам былі гаршкі з яйка- і шарападобнай формай з прамым ці адагнутым вонкі венчыкам, а таксама пасудзіны чашападобнай формы без шыйкі, з прамымі або загнутымі ўнутр краямі. Сустракаюцца і мініяцюрныя пасудзіны. Большасць керамікі арнаментавана па шыйцы або плечыках круглымі ямкамі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі адбіткамі, выпуклінамі – “жамчужынамі”, якія з’яўляюцца негатывамі ямак з ўнутранай паверхні сценак.

Знешнія сувязі

У знешніх сувязях найбольшыя дачыненні насельніцтва культуры мела са скіфамі, аб чым сведчаць металічныя вырабаы, якія маюць адбітак скіфскай культуры, а таксама зброя (бронзавыя трохлопасцевыя і трохгранныя наканечнікі стрэл, меч-акінак з гарадзішча Асарэвічы, упрыгожанні – завушніцы з грыбападобным шчытком, цвікападобныя шпількі) і іншыя вырабы скіфскага паходжання. Археалагічныя знаходкі сведчаць тасама аб уплывах гальштацка-латэнскіх культур Сярэдняй Еўропы. Так у 1954 г. на гарадзішчы Гарошкаў быў знойдзены скарб, які складаўся з срэбраных латэнскіх вырабаў (з якіх найбольшую цікавасць уяўляюць латэнскія фібулы) і 16 пацерак.

Гістарычныя крыніцы

Магчымым сведчаннем аб культуры з’яўляецца ўзгадванне грэчаскімі гісторыкамі (Герадот) аб народнасці неўры (Neurói),3 якія межавалі на поўдні са скіфамі, на захадзе – з агафірсамі, а на ўсходзе – з андрафагамі. З неўрамі, па апісанню, былі звязаны культ ваўка і змяі, што з’яўлялася тыповым для балцкіх плямён.

Лёс культуры

У апошнія стагоддзі I тыс. да н.э. мілаградцы перажылі нашэсце носбітаў зарубінецкай культуры, а таксама культуры штрыхаванай керамікі. У выніку на сваіх апошніх этапах культура захавалася толькі ў выглядзе асобных “выспачак” – на Дняпры (у раёне гарадзішча Мілаграды), на Сожы (на поўдзень ад Гомеля) і інш. Ва Усходнім Палессі помнікі мілаградскай культуры існавалі яшчэ ў II ст. – першай палове I ст. да н. э., калі побач (па даліне Дняпра) размяшчаліся зарубінецкія гарадзішчы.

  1. М.И. Лошенков. Городища милоградской культуры на территории Беларуси. Миск: “Минская фабрика цветной печати”, 2011.
  2. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП “Экаперспектыва”, 2000.
  3. Чарняўскі М. М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд. Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2003.
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии