Гарады (паходжанне і культура)

Гарады ўзніклі ў працэсе паглыблення грамадскага падзелу працы – аддзялення рамёстваў ад земляробства. Узнікалі ў найбольш развітых і густазаселеных раёнах, у месцах перасячэння важных шляхоў і зносін. Шэраг гарадоў атрымаў назву ад рэк, на якіх яны былі заснаваны. Першыя гарады ўяўлялі сабой агароджанае (адсюль назва “горад”) умацаванае паселішча. Нярэдка ўтвараліся на месцах былых гарадзішчаў жалезнага веку. На тэрыторыі Беларусі многія гарады развіваліся з умацаваных радавых паселішчаў, феадальных замкаў, парубежных крэпасцей. Развіццю гарадоў спрыяла іх размяшчэнне на гандлёвых шляхах. Ядром горада звычайна быў умацаваны дзядзінец, побач якога размяшчаліся умацаваны вакольны горад і пасады. У XI-XIII стст. ў гарадах будаваліся каменныя храмы і вежы-данжоны. Сярод рамёстваў найбольш пашыранымі было кавальства, ювелірнае, шавецкае і кравецкае, касцярэзнае, ганчарнае і інш. Шырокае развіццё атрымаў гандлёвы абмен1.

Існуе меркаванне, згодна з якім сярод разнастайных працэсаў гарадаўтварэння ўмоўна вылучаюцца тры асноўныя напрамкі: гандлёва-рамесны, абшчынна-феадальны і феадальны (дзяржаўны).

План Полацка ІХ-ХІІІ ст

Гандлёва-рамесныя цэнтры і паселішчы. Гандлёва-рамесны шлях утварэння гарадоў быў абумоўлены ў першую чаргу дзейнасцю ў 2-й палове 1-га тысячагоддзя трансеўрапейскай гандлёва-эканамічнай супольнасці, да якой у VIII -IX стст. далучаюцца Усходняя Еўропа і арабскі рэгіён. Дзякуючы удаламу размяшчэнню на важным адрэзку гандлёвага міжнароднага шляху такія племянныя цэнтры, як Полацк, атрымоўвалі дадатковы штуршок дла развіцця і перарастання ў буйную гандлёвую факторыю.

Вялікая колькасць водных гандлёвых шляхоў таксама спрыяла зараджэнню і развіццю адкрытых гандлёва-рамесных паселішчаў, якія размяшчаліся на галоўных водных магістралях, што звязвалі паміж сабой аддаленыя рэгіёны (Ладага, Гнёздава, Шэставіцы і г.д.). Азначэнне цэнтраў падобнага тыпу гэтай назвай тлумачыцца тым, што ў іх склад уваходзілі невялікае гарадзішча, вялікае неўмацаванае селішча з курганным могільнікам. Прыкладам буйнога гандлёва-рамесніцкага цэнтра на тэрыторыі Беларусі можа служыць селішча ў в. Гарадзішча, размешчанае за 12 км на поўночны ўсход ад Пінска. У IX-X стст. гэтае паселішча абслугоўвала Прыпяцка-Бугскі водны шлях.

На волаках, якія звязвалі між сабой асобныя рачныя басейны, у густа заселеных масівах таксама ўзнікалі паселішчы гандлёва-рамесніцкага напрамку. Адкрытыя гандлёва-рамесныя паселішчы мелі месца на Друцкім волаку, дзе выяўлены шэраг курганных могільнікаў паміж вёскамі Дроздава і Скавышкі і пры раскопках знойдзены гіркі-разнавагі і дэталі шаляў у пахаванні, а таксама вялікая колькасць разнастайных пацерак, упрыгожанняў са срэбра і інш. (X – XI стст.) Падобны комплекс (VIII-XI стст.) зафіксаваны і на Арэхаўскім волаку з Дняпра ў Заходнюю Дзвіну праз р. Лучосу. Магчыма, паселішчы такога ж прызначэння мела месца ў заходне-паўночным рэгіёне Полацкага княства, дзе выяўлена 8 скарбаў X – XI стст.

Характэрнай рысай гандлёва-рамесных паселішчаў з’яўляецца тое, што пасля буйнога росквіту ў X ст. яны прыпынілі сваё існаванне ў пачатку XI ст. Стабілізацыя дзяржаўных структур, усталявання іх межаў прывялі да парушэння былых сувязяў і фарміравання новых эканамічных зон.

Феадальныя цэнтры. Эвалюцыя новых сацыяльных форм жыцця адкрыла новы шлях узнікнення і развіцця гарадоў. Частка з іх утваралася на аснове племянных цэнтраў, якія ажыццяўлялі адміністрацыйна-гаспадарчае кіраванне пэўнымі тэрытарыяльнымі акругамі. Развіццю ў гарадскім напрамку Лукомля спрыяла блізкасць да Друцкага волака. Тураў, які працягваў развівацца як цэнтр Тураўскага княства, верагодна, быў племянным цэнтрам дрыгавічоў.

Сядзіба-двор феадала ў XIII ст.
Сядзіба-двор феадала ў XIII ст.

Шэраг гарадоў узнікае ў выніку цэнтралізатарскай палітыкі кіеўскіх князёў, якія падпарадкоўваюць дзяржаўнай уладзе тэрыторыі асобных плямён і племянных княжанняў. На гэта была накіравана рэформа Уладзіміра Святаславіча 988 г. па замене князёў мясцовых (племянных) на намеснікаў, прызначаных з Кіева. Так, напрыклад, на тэрыторыі Тураўскага княства, якое знаходзілася ў васальнай залежнасці ад Кіеўскай дзяржавы, з’яўляюцца гарады – цэнтры валасцей, з якіх складаюцца новае палітычнае ўтварэнне.

Гарады Пасожжа выраслі ў XI ст. з паселішчаў, якія ўзніклі пры асваенні славянамі гэтай тэрыторыі (Чачэрск, Крычаў). У гэты час на Дняпры на аснове славянскага паселішча ўзнікае Магілёў. Адметна, што ў Ніжнім Пасожжы асноўным фактарам развіцця гарадоў быў сацыяльна-эканамічны, а ў Сярэднім Пасожжы прасочваецца значны адбітак дзейнасці княжацкай адміністрацыі Смаленскай зямлі.

Памежныя гарады-крэпасці. У X-XI стст. у сувязі з пашырэннем тэрыторый як ўжо існуючых дзяржаўных утварэнняў (Полацкае, Кіеўскае, Наўгародскае княствы), так і тых, якія дасягнулі дзяржаўнага ўзроўню на аснове сфарміраваных раней племянных тэрыторый. У сувязі з гэтым шэраг паселішчаў, якія з’яўляліся цэнтрамі сельскага асяроддзя, ператвараліся ў памежныя крэпасці. Шэраг паселішчаў згарэлі, у выніку пераўтварэння іх тэрыторыяў ў ваенна-адміністрацыйныя адзінкі. Прыкладам могуць служыць паселішча на Шведскай гары ў Ваўкавыску, на гарадзішчы ў в. Турыйск, дзе былі ўзведзены абарончыя валы пасля знішчэння неўмацаваных паселішчаў.

Частка пагранічных аб’ектаў спачатку з’яўляліся пагостамі – цэнтрамі кіравання акругамі і збірання рэгламентаванай даніны з іх насельніцтва. Так на ўскраіне Полацкага княства на левым беразе р. Свіслачы з 2-й паловы X ст. фіксуецца неўмацаванае паселішча – пагост, дзе збіралася даніна на карысць кіеўскага князя Святаслава Ігаравіча (ў раскопках знойдзены клеймы князя). У канцы X ст. побач з пагостам ужо на правым беразе р. Свіслачы ўзнікае таксама крэпасць (Замэчак). У процівагу Заслаўю (Ізяслаўлю) на р. Мене (Менцы) таксама ўзводзіцца абарончая крэпасць, якая з’яўляецца цэнтрам Менскай воласці.

У сярэдзіне – 2-й палове X ст., у выніку падпарадкавання дзяржаўнай уладзе племянных тэрыторый і увядзення тут тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак узніклі гарады Віцебск і Усвят. Размяшчэнне гэтых гарадоў на важным шляху палітычных і гаспадарчых зносін паміж Кіевам і Ноўгарадам рабіла гэтыя гарады вельмі важнымі для Полацкага княства.

У Беларускім Падняпроўі ролю супрацьстаяння па баках мяжы выконвалі Орша і Копысь. Копысь узнікла на аснове славянскага неўмацаванага паселішча ў XI ст., а ў канцы стагоддзя была памежнай крэпасцю Смаленскага княства. У пачатку XII ст. на процілеглым беразе Дняпра таксама на аснове славянскага паселішча ўзводзіцца крэпасць Полацкага княства Орша.

Мяркуецца, што першапачаткова функцыі памежнай крэпасці выконваў і Пінск. Вялікія памеры дзядзінца і ранняе засяленне вакольнага горада не дазваляюць меркаваць аб вырастанні Пінска з феадальнай сядзібы. Хутчэй за ўсё гэта быў ваенна-адміністрацыйны цэнтр воласці на тэрыторыі княства.

Гарадскія рамёствы. Вынікі раскопак сведчаць, што гаспадарчая дзейнасць ў гарадах Беларусі ў X-XIII стст. мела комплексны характар, спалучала занятак рамяством гандлем, промысламі. Асаблівы росквіт рамяства адбываўся ў XII-XIII стст.

Ліцейная форма XII ст. з Гродна.
Ліцейная форма XII ст. з Гродна.

Вядучая роля ў гарадскім рамястве належала кавальству. Сыравінаю для кавальскай справы служыла жалеза, якое атрымоўвалася шляхам варкі ў прымітыўных домніцах з балотнай руды. У выглядзе жалезістых ляпёшак – крыц – гэтая сыравіна паступала ў горад ад вясковых металургаў. Вядомы выпадкі, калі жалеза варылі і непасрэдна ў гарадах. Старажытныя кавалі ведалі сакрэты атрымання сталі, маглі зварваць яе з жалезам, ужывалі загартоўку і цэментызацыю вырабаў з чорнага металу, выкарыстоўвалі пайку на меднай аснове, пакрывалі вырабы каляровымі металамі. Вынікам вытворчасці мясцовых кавалёў былі рамесніцка-прамысловы і сельскагаспадарчы інструмент, рэчы хатняга ўжытку, некаторая частка ўзбраення. Да вытворчасці слесараў адносіцца выраб замкоў і ключоў да іх (выраб замка патрабаваў ад рамесніка выкарыстання не меньш як паўсотні розных аперацый).

Адсутнасць уласных радовішчаў каляровых металаў не з’яўлялася значнай перашкодай для вытворчасці ювелірных вырабаў, аб чым сведчаць шматлікія знаходкі тыгляў і льячак, выяўленых амаль паўсюдна ва ўсіх гарадах Беларусі, а таксама ліцейныя формачкі, ювелірныя пінцэты і кавадлы (Гродна, Ваўкавыск, Слуцк). Найбольш распаўсюджанымі былі вырабы з танных каляровых металаў: медзі, бронзы, латуні, волава, білона – нізкапобнага срэбра. Але часам сустракаюцца і залатыя рэчы (Брэст, Гродна, Полацк, Мінск, Віцебск, Навагрудак). Блізка да ювелірнай вытворчасці па сваім значэнні стаяла апрацоўка бурштыну, з якога выраблялі рознага роду ўпрыгожанні і рэчы культу (пацеркі, падвескі, пярсцёнкі, нацельныя крыжыкі)

Найбольш распаўсюджаным відам рамесніцкай дзейнасці было ганчарства: у вялікай колькасці вырабляліся гаршкі, міскі, латкі. Гліняны посуд аздабляўся арнаментам у выглядзе хвалі, палосаў, насечак, зрэдку на днішчах ставіліся клеймы. Адным з відаў керамічнай вытворчасці з’яўлялася вытворчасць плінфы – старажытнай цэглы, плітак для падлогі мураваных храмаў.

Значнае месца сярод рамёстваў займала апрацоўка дрэва: бандарны і сталовы посуд, дэталі простых механізмаў, транспартныя сродкі. Была вядома таксама такарная апрацоўка, аб чым сведчаць знаходкі дэталяў такарнага станка і жалезных разцоў. Блізкія да апрацоўкі дрэва па тэхналогіі з’яўляюцца вырабы з косці: грабяні, футаралы, тронкі нажоў, шахматныя фігуры, маленькія нагрудныя абразкі. У якасці сыравіны часта выкарыстоўваліся рог і трубчастыя косткі дзікіх жывёл. Для размякчэння косці яе варылі ў шчолаку. Пасля апрацоўвалі з дапамогай маленькіх касцярэзных ножыкаў. У шырокім ужытку была апрацоўка камяню: апрацаваны камень выкарыстоўваўся ў дойлідстве у якасці будаўнічага матэр’яла і нават аздобы, вырабляліся прылады працы (мукамольныя жорны, тачыльныя кругі). З камяню вырабляліся і некаторыя творы дробнай пластыкі.

Вялікая патрэба была ў апрацоўцы скуры. Сляды гарбарнай і швецкай вытворчасці маюцца амаль ва ўсіх гарадах, дзе праводзіліся раскопкі. У якасці сыравіны выкарыстоўваліся скуры буйной і дробнай рагатай жывёлы. Часам сустракаюцца фрагменты скураных вырабаў, фарбаваныя ў чырвоныя, зялёныя і карычневыя колеры. Асартымент скураных вырабаў складалі: абутак, похвы для нажоў, кінжалаў, мячоў, кашалькі для крэсіва і інш. Аб развіцці прадзення сведчаць шматлікія знаходкі спецыяльных грузікаў на верацяно – праслачкаў, выразаных з ружовага сланцу, што дастаўляўся на Беларусь з Валыні. Сведчаннем наяўнасці ткацтва з’яўляюцца дэталі кроснаў знойдзеныя у некаторых гарадах Беларусі, а таксама фрагменты тканін саржавага і палатнянага перапляцення.

  1. Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя ў двух тамах. 1 том. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя” імя Патруся Броўкі, 2009.
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии