Неаліт - новы каменны век

6-5 тыс. гадоў назад (~ IV тысячагоддзе да н. э.) у гісторыі першабытнага насельніцтва Беларусі распачаўся заключны этап каменнага веку — новы каменны век, або неаліт (па-грэчаску «νεος» — новы). Ён працягваўся каля 2 тыс. гадоў i характарызаваўся важнымі зменамі ў жыцці нашых продкаў. У неаліце навучыліся ляпіць гліняны посуд, пачалі вырабляць больш дасканалыя шліфаваныя каменныя прылады працы, прыступілі да здабычы крамянёвай сыравіны шахтавым спосабам. Аднак важнейшым дасягненнем гэтага этапу стала зараджэнне i распаўсюджанне земляробства i жывёлагадоўлі. Такія кардынальныя зрухі ў гаспадарцы ў сваю чаргу паўплывалі не толькі на матэрыяльную, але i на духоўную культуру насельніцтва, на ўзаемаадносіны паміж людзьмі, на ix светапогляд i вераванні. Яны ж выклікалі i прыкметны рост колькасці насельніцтва, якое ўжо магло харчавацца не толькі за кошт навакольнай прыроды, але i само гадавала статкі — жывыя запасы мяса i вырошчвала на палях акультураныя расліны. Мезалітычныя стаянкі на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца не часта. Можна цэлы дзень ісці берагам Нёмана або Дняпра i знайсці толькі пару месцаў пасялення тагачаснага чалавка. Аднак там жа сустрэнеш да дзесятка большых i меншых стаянак новага каменнага веку з мноствам знаходак. Нярэдка яны ўтвараюць вялікія групы ў некалькі пасе лішчаў. У пошуках месцаў для жыцця неалітычны чалавек пачаў асвойваць берагі i меншых рачных i азёрных вадаёмаў. Мы не ведаем, ці адбылося ў пачатку неаліту пранікненне нейкага новага насельніцтва на тэрыторыю Беларусі. Мяркуючы па крамянёвых вырабах, хутчэй за ўсё мясцовае спрадвечнае жыхарства само паступова ўспрымала ад сваіх паўднёвых i паўднёва-заходніх суседзяў усё тое, што было характэрнае для новакаменнага веку.

 

© М. Чарняўскі