Князь Войшалк

У 1254 г. на палiтычную арэну выступае старэйшы сын Мiндоўга (Міндава) Войшалк (1223—1268), якi ад iмя бацькi правiў у Ваўкавыску i Слонiме. Яму ўласцiвы палiтычная i дыпламатычная дальнабачнасць. Ён плёў iнтрыгi, iшоў на кампрамiсы, часам дзейнiчаў нiбыта нелагiчна, а на самай справе прадумваў кожны крок. Гэга трагiчная i супярэчлiвая фiгура. Як дзяржаўны дзеяч i палiтык, Войшалк быў да канца адданы iнтарэсам Навагародка. Ён паспяхова працягваў справу бацькi. Заручыўшыся падтрымкай у Пінску і Новагародку Войшалк, што нейкі час быў манахам, вярнуў сабе вялікакняскі пасад і жорстка расправіўся з бацькавымі ворагамі.

Войшалк
Войшалк (Перамалёўка з вокладкі Лаўрышаўскага Евангелля XIII ст.)

Яго першай дзяржаўнай справай было заключэнне мiру з Галiчам i Валынню. Разумеючы, што яны з’яўляюцца галоўнымi знешнiмi працiўнiкамi Наваградка, Войшалк, каб забяспечыць апошняму на некаторы час мiрнае жыццё i даць яму акрыяць, iдзе на смелы дыпламатычны крок: аддае сыну Данiiлы Галiцкага Раману Наваградак i iншыя гарады, а сваю сястру – замуж за другога сына Данiiлы – Шварна. Гэтым самым ён пасеяў зерне варожасцi памiж галiцка-валынскiмi князямi ў iх дамаганнях на Наваградскую зямлю i Лiтву. Войшалк прадбачыў немiнучы ўпадак iх дзяржавы, зняволенай татарамi i ўцягнутай у мiжусобныя канфлiкты. Ведаў, што не ў яе сiлах будзе ўтрымаць Наваградак, i таму пайшоў на гэткi крок.

Яму ўдавалася ўтрымлiвацца на лязе хiсткага мiру мiж Наваградкам i яго магутным сапернiкам – Галiцка-Валынскiм княствам. У кароткiм прамежку перамiр’я малады князь стаў манахам i заснаваў “на реке на Немне, межи Литвой i Новым городком” Лаўрышаўскi манастыр. Але бурлiвыя падзеi хутка ўцягнулi яго зноў у вiр палiтыкi. Пражыўшы некаторы час у заснаваным iм манастыры, Войшалк неўзабаве скiнуў расу i ўзяў у рукi зброю. Ён прыступiў да ажыццяўлення сваей галоўнай мэты – вызвалення Наваградка з-пад галiцка-валынскай улады. Для гэтага ён уступiў у саюз з полацкiм князем Таўцiвiлам. Пляменнiк Мiндоўга Таўцiвiл у 50-я гг. XIII ст. стаў княжыць у Полацку, вiдаць, па дамоўленасцi з вечам. Ён таксама прыняў праваслаўе. 3 дапамогай Таўцiвiла Войшалк у 1258 г. вярнуўся ў Наваградак i схапiў Рамана, якi, магчыма, быў забiты.
Данiiл Галiцкi не пакiнуў гэтыя дзеяннi Войшалка без пакарання. Ён рушыў з войскам на Наваградскую зямлю, захапiў Ваўкавыск, паслаў атрады на Гарадзен. Але падначалiць сабе зноў землi верхняга Панямоння ён ужо не меў сiлы.

Пасля забойства Мiндоўга ў ВКЛ пачалася 10-гадовая мiжкняжацкая барацьба. Уладу “во всей земле Литовской и Жемойти” захапiў лiтоўскi князь Транята (1263—1264), якi ў 1263 г. арганiзаваў забойства свайго папярэднiка. Але ён не мог адчуваць сябе ў бяспецы, ведаў, што ў Полацку i Наваградку сядзяць яшчэ два прэтэндэнты на вялiкакняжацкi пасад – Таўцiвiл i Войшалк. Транята выклiкаў на сябе Таўцiвiла пад выглядам “дзялiць зямлю i спадчыну Мiндоўга” i забiў яго. Такi ж лес чакаў i Войшалка. Аднак той аказаўся хiтрэйшым i ўцёк у саюзны яму Пiнск. Звяртае на сябе ўвагу падтрымка Пiнскам, абцяжараным залежнасцю ад Галiцка-Валынскага княства, Навагрудка. Падчас крызiсу ў ВКЛ, выклiканага забойствам Мiндоўга, пiнчукi праз падтрымку Войшалка рашуча ўмяшалiся ў панямонскiя справы.

Транята нядоўга заставаўся пры ўладзе. Не без падтрымкi Войшалка сярод лiтоўскай знацi, незадаволенай жамойцкай уладай, узнiкла змова супраць узурпатара. У хуткiм часе ён быў забiты Мiндоўгавымi слугамi. Транята, прабыўшы на княжацкiм троне некалькi месяцаў, не адыграў iстотнай ролi ў гiсторыi ВКЛ. У гэты час рашучыя дзеяннi пачаў Войшалк. Пры падтрымцы наваградскай i пiнскай дружын ён iдзе ў Наваградак, займае бацькоўскi прастол i пачынае княжыць “ва ўсёй зямлi Лiтоўскай”. I Лiтва, як сказана ў летапiсе, прыхiльна сустрэла яго як “своего господарича”. Падтрымка Пiнска i Наваградка забяспечыла Войшалку поспех у барацьбе за бацькоўскi трон. Гэты эпiзод не адпавядае даўняму ўяўленню пра мясцовых славян як пасiўных аб’ектаў летувiскай экспансii i сведчыць на карысць iх актыўнага ўдзелу ў пабудове ВКЛ. Аднак працiўнiкi аб’яднання i адзiнаўладдзя аказалi яму супрацiўленне. Тады былы манах, забыўшы хрысцiянскую лiтасць, з жорсткасцю “поча вороги свои избивати, изби их бесчисленое множество, а другие разбегошася камо кто видя”. Сярод уцекачоў быў i Даўмонт, у хуткiм часе прыняты на княжанне ў Пскоў. Ён правiў там больш за 30 гадоў, а пасля смерцi кананiзаваны праваслаўнай царквой.

Пасля расправы з унутранымi ворагамi сваей дзяржавы, Войшалк зрабiў захады, каб забяспечыць мiр з суседзямi, пазбегнуць вайны з iмi: заключае мiр з Ордэнам, шукае магчымасць паразумецца з Галiцка-Валынскiм княствам. Ён умела сыграў на слабай струнцы яго князёў – на iх iмкненнi валодаць Наваградскай зямлёй i Лiтвой. Войшалк знешне прызнае сябе васалам князя Васiлькi, а на наваградскi пасад запрашае “дапамагаць яму ўладарыць” Шварна. Калi ў 1254 г. ён асцярагаўся перадаць Наваградак жанатаму на яго сястры Шварну, дык цяпер становiшча было iншае: Шварн не меў дзяцей i пасля яго смерцi Войшалк зноў станавiўся паўнапраўным гаспадаром у сваей дзяржаве.

Медныя паясныя накладкі XIII-XIV стст. з Магілёўшчыны

3 дапамогай валынскай дружыны Войшалк у 1265 г. (1264) далучае да Наваградка заселеныя балцкiмi плямёнамi Нальшаны (паўночны захад сучаснай Беларусi) i Дзяволтву (частка ўсходу сучаснай Лiтвы). “Ипойде в силе тяжьце и нача городы имати во Дявельтвь и в Нальшчанехь”, – гаворыць пра гэтыя падзеi пад 1264 годам Галiцка-Валынскi летапiс. – “Городы же поймавь, а вороги своя избивь и тако придоша во свояси”. У грамаце полацкага князя Iзяслава (прыблiзна ў 1265 г.) прызнаецца “воля” Войшалка над Полацкам.

Аб’яднанне вакол Наваградка Лiтвы, Полацка-Вiцебскай зямлi з’явiлася трывалым пачаткам утварэння ВКЛ. У гэтым i заключаецца галоўная гiстарычная заслуга Войшалка. Менавiта ён, з’яўляецца фактычным заснавальнiкам балцка-славянскай дзяржавы, якая стала на некалькi стагоддзяў агульным домам для лiтоўцаў, беларусаў i ўкраiнцаў. Бацька яго, Мiндоўг толькi падрыхтаваў глебу, а дрэва новай дзяржавы пасадзiў Войшалк.

Перадача Войшалкам Наваградскай зямлi Шварну не спадабалася брату Шварна – галiцкаму князю Льву Данiлавiчу, якi сам хацеў валодаць Наваградскай i Лiтоўскай землямi, злучанымi зараз у адзiнае цэлае. Гэты князь запрасiў Войшалка да сябе ў госцi i забiў яго, “завистью оже бяшеть дал землю Литовскую брату его Шварнови”. Адбылося гэта у час сустрэчы ва Уладзiмiры Валынскiм у 1268 г. Леў у п’яным шаленстве выхапiў шаблю i засек Войшалка. Так трагiчна i неспадзявана абарвалося яго жыццё.
Але запозненая помста князя Льва не дала яму нiякiх вынiкаў. Створаная Мiндоўгам i Войшалкам дзяржава працягвала сваё самастойнае жыццё. Далейшыя падзеi пацвердзiлi яе ўнутраную трываласць, падтрымку аб’яднаўчай палiтыкi славянскiм i балцкiм баярствам i гараджанамi.

Падзяліцца:
  • 1
    Падзяліліся