Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага

1230 – 1263 гг.

 З узрастаннем пагрозы нямецкай экспансіі для Літвы ўсё больш актуальнай стала неабходнасць аб’яднання і пошук саюзніка ў суседніх рускіх княствах. З другога боку, рэальная небяспека стаць чарговай ахвярай мангола-татараскага нашэсця і тым самым падзяліць горкі лёс іншых зямель Русі, штурхнула суседнія з Літвой беларускія княствы да скарэйшага аб’яднання з літоўскімі землямі пад уладай Міндоўга, агрэсіўная палітыка якога чаргавалася з пошукам часовых замірэнняў, прыкладам чаго былі хрышчэнне яго ў каталіцтва і атрыманне каралеўскай кароны.

Русь і Літва (1230 – 1235 гг.)

Каля 1235 г. – згадкі аб “Літве Міндоўга” у Іпацьеўскім летапісу

Русь 1-й паловы XIII ст., хоць была палітычна дэцэнтралізаваная, заставалася адзіная дзяржавай. Адзінства захоўвалася ў эканамічнай сферы (адрозненні ў матэрыяльнай культуры розных земляў Русі неістотныя), у рэлігійнай (уся Русь утварала адзіную мітраполію з цэнтрам у Кіеве), у культурнай (адзіная пісьменнасць, агульная самасвядомасць). Усе паўсамастойныя княствы належалі галінам адзінага княжацкага рода Рурыкавічаў, і ў гэтым сэнсе Русь была больш адзінай, чым, напрыклад, тагачасная Францыя. Неаспрэчнае права дынастыі Рурыкавічаў на ўладу ва ўсіх без выключэння княствах было адной з прыкметных рыс палітычнай сістэмы Русі. Разам з тым, патэнцыяльна слабым месцам палітычнай сістэмы Русі быў яе цэнтр – асоба кіеўскага князя, якая ўяўляла калектыўны суверэнітэт роду. У выпадку пападання Кіева ў залежнасць ад варожай дзяржавы, гэтая залежнасць распаўсюджвалася на ўсе княствы, нават на тыя, што дагэтуль адчувалі сябе самастойнымі. У такім выпадку захоўванне лаяльнасці да старой дынастыі губляла для іх сэнс. Наадварот, прыход іншай дынастыі даваў шанц ухіліцца ад агульнага лёсу – пры умове, што новы ўладар быў здольны супрацьстаяць непазбежным спробам аднавіць “статус-кво”.

Тэрыторыя Беларусі і суседніх земель ў перыяд 1230 – 1235 гг.

Імя Міндоўга ў якасці галоўнага літоўскага князя Іпацьеўскі летапіс згадвае прыкладна ў 1235 г. Прыблізна ў гэтым годзе Даніла Галіцкі выпраўляе Ізяслава Навагародскага (Наваградскага) разам з Міндоўгам ваяваць супраць Конрада Мазавецкага. Падзеі, якія на працягу 16 гадоў папярэднічалі прыходу Міноўга да ўлады застаюцца невядомыя. Магчыма, Жывінбуд, Даўят і Даўспрунк загінулі падчас шматлікіх набегаў на рускія землі. Усяго за год перад тым, у 1234 годзе, літоўская раць зноў была перахоплена рускай пагоняй на поўдні Наўгародскай зямлі пры адыходзе са Старой Русы. З Наўгародскага летапісу яшчэ вядома, што ў 1245 г. князь Аляксандр Неўскі забівае пад Тарапцом сем, а потым яшчэ некалькі літоўскіх князёў1.

Ордэнскі храніст Генрых Латвійскі – сучаснік Міндоўга – пазначаў, што бацька апошняга быў найвялікшым з літоўскіх правіцеляў свайго часу. Ён, трэба меркаваць, памёр незадоўга да пагаднення 1219 года. Верагодным прэтэндэнтам на гэтую ролю з’яўляецца князь Даўгерд, які некалькі разоў згадваецца Генрыхам Латвійскім. Іншыя даследчыкі мяркуюць, што бацькам Міндоўга мог быць Рынгольд.

Крыжакі. У 1230 г. ў Хельмінскую зямлю прыбыў першы атрад крыжакоў-тэўтонаў на чале з Германам Балкам. З 1232 г. з боку Польшчы пачаўся націск Тэўтонскага ордэна на землі прусаў. Суседнія яцвягі трапілі пад трайны удар: з боку тэўтонаў, мазавецкіх і валынскіх князёў. Літва, з усіх балцкіх народаў найбольш аддаленая ад новых ворагаў, мела час асэнсаваць неабходнасць аб’яднання сіл. Таму, напэўна, цэнтралізатарская палітыка Міндоўга сустрэла меншае супраціўленне, чым магла б сустрэць у іншых умовах.

Тэўтонскі рыцар
Тэўтонскі рыцар

Да сярэдзіны 1230-х гг. землі куршаў і латыголі (латгалаў) трапілі пад уладу Ордэна мечаносцаў, а значная частка дробных княжанняў прусаў – пад уладу Тэўтонскага ордэна. Экспансіі крыжакоў спадарожнічала актыўнасць Рыма. Тут паралельна ўзнікалі каталіцкія біскупствы, складвалася парафіяльная структура, будаваліся касцёлы. Паміж каталіцкай іерархіяй і ордэнскімі ўладамі часам узнікалі тактычныя супярэчнасці адносна метадаў каланізацыйнай і місіянерскай дзейнасці. Ордэнскія ўлады няблага выкарыстоўвалі свой статус дваістай залежнасці: у параўнанні з царкоўнымі ўплывамі Рыма паволі ўзрастала значэнне непасрэдных сувязей Ордэна з Цэсарствам і асобнымі нямецкімі княствамі2.

Галіцка-Валынскае княства. У 1230 г. апошні з канкурэнтаў за ўладу на Валыні – Аляксандр Белзскі быў адцяснёны на самы ўскраек сваіх уладанняў, у сумежны з Польшчай Перамышль, і практычна ўсё Уладзіміра-Валынскае княства апынулася ў руках двух братоў – Данілы і Васількі Раманавічаў. Пачалася барацьба за вяртанне бацькоўскага Галіча. Мсціслаў Удатны, цесць Данілы, у 1228 г. пад дыпламатычным націскам венгерскага караля Андраша II, за сына (Андраша) якога ён раней выдаў сваю малодшую дачку Марыю, саступіў Галіч на карысць венграў. Хутка Мсціслаў памёр. Даніла пачаў барацьбу з венграмі за Галіч. Яна ішла з пераменным поспехам да 1234 г., калі войска Андрэя (Андраша) II і Аляксандра Белзскага было разбіта Раманавічамі з дапамогай кіеўскага князя Уладзіміра Рурыкавіча. Далучыўшы Галіч да Валыні, Даніла і Васілька зрабіліся яшчэ больш магутнымі уладальнікамі, чым калісьці іх бацька.

Наваградскае княства. У Наваградку сучаснікам Міндоўга выступае мясцовы князь Ізяслаў. Невядома, ці паходзіў ён са старажытнай гарадзенскай дынастыі ці з нейкай іншай. Невядома і пра памер падуладнай яму тэрыторыі. В. Насевіч лічыць вельмі верагодным, што да Новагародка ў гэты час адносілася ўсё Панямонне з Гораднам, Ваўкавыскам і Слонімам, хаця там маглі быць і свае князі (гадоў праз 20 у летапісе з’явіцца Глеб Ваўкавыскі, а яшчэ праз пакаленне — Васілька Слонімскі). Па меркаванню В. Насевіча, казаць пра ператварэнне Новагародка ў палітычны цэнтр усіх заходніх зямель Русі няма важкіх падстаў.

Полацкае княства. У Полацку смаленскае панаванне, магчыма, скончылася ў 1232 г., калі палачане дапамаглі Святаславу Мсціславічу стаць князем у Смаленску. Пасля яго Полацк хутчэй за ўсё вярнуўся да аднаго з Рагвалодавічаў.

Умацаванне ўлады (1243 – 1246 гг.)

1244 г. – няўдалы паход Міндоўга на землі куршаў

У 1243-44 гг. літоўцы аднаўляюць напады на Валынь, на гэты раз на чале з Айшуна Рушкавічам (род Рушкавічаў названы ў дамове 1219 г.), пасля 1244 г. зноў адбыўся напад, ужо пад кіраўніцтвам Лонькогвена. Амаль у той жа час (1245 г.) Даніла з Васількам пасылаюць па дапамогу ў Літву для вайны з Расціславам Міхайлавічам і атрымліваюць яе ад Міндоўга: “Данило же и Василько посласта въ Литву помощи просяща, и послана бысть оть Миндога помощь” (Полное собрание русских летописей). Паводле А. Краўцэвіча, данныя факты сведчаць, што еднасці ў Літве не было і ў сярэдзіне 40-х гг. Адны кунігасы ваююць з Валынню (прычым не “старэйшых” родаў), другі – Міндаўг выступае як актыўны саюзнік – дасылае туды ваенную дапамогу.

Літоўскія ваяры XIII ст.

Да сяр. XIII ст. Міндоўг, напэўна, дасягнуў палітычнага дамінавання над іншымі князямі і дынастыямі (на ўмовах васальнай залежнасці). У больш познім (1413) дакуменце адзначаецца, што Жамойць з’яўляецца “вотчынай” (patrimonium) уладароў Літвы 168 гадоў, г.зн. з 1245 г. Магчыма, каля 1245 г. сапраўды адбылося істотнае змяненне статуса жамойцкіх князёў у адносінах да Міндоўга. У гэты час ён, апіраючыся на Жамойць, распачынае барацьбу з Лівонскім ордэнам за кантроль над суседнімі куршамі, што праявілася ў яго няўдалым нападзе на замак Эмбоцэн у канцы 1244 г. Неўзабаве Міндоўг упершыню характарызуецца “Ліфлянскай рыфмаванай хронікай” як “найвышэйшы кароль” і “уладар Літоўскай зямлі”. Падзеі, з якімі звязаны гэтыя характэрыстыкі, літоўскі гісторык Э. Гудавічус адносіць да перыяду 1245 г. – 1246 г.

Відавочна, ва ўсіх гэтых выпадках назва “Літва” ўжывалася ў шырокім, этнічным сэнсе. Разам з тым у сярэдзіне XIII ст. гэтая назва ў больш вузкім сэнсе адносілася толькі да непасрэдных уладанняў Міндоўга. Яна знаходзілася недзе на поўдзень ад Нальшанскай зямлі (праз Нальшаны ішоў лівонскі ландмайстар на “Літву” ў 1250 г.; у 1258 г. татары “воеваша земли Литовскую и Нальшаньскую”; у 1264 г. з бацькоўскай Літвы рушыў на ўтаймаванне мяцежных Нальшчан і Дзевалтвы сын Міндоўга Войшалк). Жамойць захавала пэўны ўзровень самакіравання, што прывяло ў далейшым да яе трывалага супраціўлення Літве.

Абшар Літвы ў шырокім сэнсе, залежнай ад дынастыі “старэйшых князёў”, у сукупнасці займаў асноўную частку тэрыторыі сучаснай Літвы і прылеглыя тэрыторыі Беларусі (да возера Свір, правабярэжжа нёманскай Беразіны і ваколіц Ліды). Ён добра акрэсліваецца археалагічна. Тэрыторыі Нальшчан і Дзевалтвы ў цэлым супадаюць з паўночнай (завілейскай) часткай арэала курганаў усходнелітоўскага тыпу (Аукштайцкае і Свянцянскае ўзвышша). “Літоўская зямля” ў вузкім сэнсе, напэўна, ахоплівала паўднёвую частку таго ж арэала (Дзукскае узвышша і большасць Ашмянскай грады, прыкладна ў межах чатырохвугольніка Коўна – возера Свір – Ліда – Мерач). Тэрыторыя Жамойці і Упіты супадае з арэалам грунтовых могільнікаў цэнтральнай і заходняй Літвы.

У пошуках паратунку (1246-1248 гг.)

Заваяванне татарамі асноўных жыццёвых цэнтраў Русі фактычна азначала пераход пад іх уладу ўсёй дзяржавы. Не выпадкова татарская даніна ў сярэдзіне XIII ст. ахапіла і тыя землі, куды іх войска не дайшло (Вялікі Ноўгарад, Смаленск). Княствы на тэрыторыі сучаснай Беларусі, чакаў той жа лес.

Адзіным выйсцем быў разрыў з палітычнай сістэмай Русі, знешнім увасабленнем якога магла стаць змена пануючай дынастыі. Але новы князь павінен быў быць дастаткова моцным, каб пры неабходнасці аказаць татарам і ўзброенае супраціўленне. Такім патрабаванням у найбольшай ступені адпавядалі князі Літвы. Акрамя таго, падобна таму, як паўднёварускія князі мелі пастаянныя кантакты (у тым ліку сяброўскія і шлюбныя) з полаўцамі, заходнерускія (беларускія) князі павінны былі мець такія ж сувязі з літоўцамі.

Лічыцца, што пачатак працэсу ўтварэння ВКЛ быў пакладзены пераходам Наваградскай зямлі пад ўладу літоўскага князя Міндоўга. Летапіс ніяк не тлумачыць з’яўленне ў Наваградку літоўскага князя. Аднак у больш познім Густынскім летапісе (скончаны ў 1670 г.) ёсць паведамленне, што ў 1246 г. Міндоўг “принять веру христианскую от Востока со многими своими бояры”. М. Ермаловіч палічыў гэта доказам запрашэння Міндоўга ў Наваградак па ініцыятыве мясцовага насельніцтва, але сам факт хрышчэння лічыцца вельмі няпэўным, паколькі супярэчыць сцверджанню амаль сучаснага падзеям Валынскага летапісу (з’яўляецца асноўнай крыніцай звестак пра падзеі панавання Міндоўга ў 1249-1263 гг.), што Міндоўг хрысціўся толькі ў каталіцтва, прычым ўпотай працягваў выконваць язычніцкія абрады. Пры добрай дасведчанасці летапісец яўна не ведаў аб праваслаўным хрышчэнні Міндоўга, якога хутчэй за ўсё ўвогуле не было.

Крыніцы не прыводзяць ніякіх падрабязнасцяў з’яўлення літоўскіх князёў у заходнерускіх княствах. Вядома толькі, што гэта адбылося ў першыя ж гады пасля ўзяцця татарамі Кіева. У 1248 г. рымскі папа Інакенці IV накіраваў булу “новаахрышчанаму князю Полацка”, імя яго невядомае. Прыкладна ў гэты ж час князем Новагарадка становіцца ўладар Літвы Міндоўг.

Паводле Іпацьеўскага летапісу, да 1252 г. Міндоўгу ужо належалі гарады Новагародак, Ваўкавыск, Слонім і Здзітаў. Урывачныя летапісныя звесткі не даюць дакладнага ўяўлення, якім чынам Міндоўг прыйшоў да ўлады ў названых гарадах. Упамінанне пра паход на Смаленск (1252 г.) з мэтай завалодаць ім (“хто приемлет собе держит”) ускосна сведчыць, што такім жа чынам маглі быць захоплены і Новагародак з Полацкам. Звесткі ж пра хрышчэнне прымушаюць думаць пра дабраахвотнае запрашэнне князёў. Мог быць і прамежкавы варыянт: частка мясцовай знаці жадала новага князя, супраціўленне ж нязгодных прыходзілася пераадольваць ваеннай сілай. Цяжка сказаць таксама, у якой ступені Міндоўг, а пазней яго сын Войшалк абапіраліся на падтрымку новагародскага баярства для захопу аднаасобай ўлады ў Літве.

Такім чынам з сярэдзіны XIII ст. утварылася даволі ўстойлівая палітычная структура, у якой вярхоўнаму князю непасрэдна належала частка этнічнай Літвы (Аўкштота) з Наваградскай зямлёй, а іншыя балцкія (Жамойць) і рускія (Полацкае княства) землі знаходзіліся ў пэўнай залежнасці ад яго. Гэта дазваляла эфектыўна супрацьдзейнічаць экспансіі, з аднаго боку, крыжакоў, з другога – татар і залежных ад іх галіцка-валынскіх князёў. Агульная плошча падкантрольнай літоўскім князям тэрыторыі ў гэты час складала, паводле падлікаў некаторых даследчыкаў, каля 153 тыс. км2, з якіх на этнічна балцкія землі прыпадала звыш 100 тыс. км2, ці каля 65%, а на этнічна “рускія” – прыблізна 55 тыс. км2.

Час выпрабаванняў (1249 – 1257 гг.)

Палітычнае аб’яднанне Наваградскага княства з Літвой амаль адразу выклікала супрацьдзеянне як унутры Літвы, так і з боку суседзяў. У 1249 г. супраць Міндоўга ўтварылася магутная кааліцыя ў складзе пляменніка Таўцівіла, жамойцкага князя Выкінта, Данілы Галіцкага і ландмайстра Лівонскага ордэна Андрэя фон Сцірланда. Тройчы, прыкладна ў 1249, 1251 і 1253 гг. Даніла рабіў паходы на Наваградак і Гародню.

Хрышчэнне Міндоўга (З гравюры XIX ст.).

У такіх умовах Міндоўг у 1250 ці 1251 г. прыняў хрышчэнне па каталіцкім абрадзе. Пра падзеі, звязаныя з хрышчэннем Міндоўга, і пра яго стасункі з захадам Валынскі летапіс паведамляе вельмі сціпла. Асноўная інфармацыя паходзіць з “Ліфляндскай рыфмаванай хронікі”, а таксама з дакументаў Рымскай курыі і грамат самога Міндоўга, дадзеных ім крыжакам. Што тычыцца месца хрышчэння, позняя традыцыя, зафіксаваная ў беларуска-літоўскіх летапісах, звязвае хрышчэнне Міндоўга з горадам Кернава ў Літве, які ў той час сапраўды быў, паводле археалагічных дадзеных, значным абарончым цэнтрам і меў плошчу каля 8 гектараў.

Пад 1252 г. Іпацьеўекі летапіс паведамляе, што Міндоўг паслаў сваіх пляменнікоў Таўцівіла і Едзівіда на Смаленск, а сам выкарыстаў іх адсутнасць для захопу аднаасобнай ўлады ў Літве. Тыя бягуць да Данілы Галіцкага, жонка якога з’яўляецца іх сястрой. У гэты час Міндоўгу таксама належалі Новагародак, Ваўкавыск, Слонім і Здзітаў, на якія і зрабіў паход Даніла Раманавіч.

У 1253 г.(па Э. Гудавічусу: 6 ліпеня) Міндоўг каранаваўся каралеўскай каронай, дасланай з Рыма. Паводле Густынскага летапісу каранацыя адбылася ў Наваградку. Аднак існуюць і іншыя думкі наконт месца каранацыі: Кернаў, Вільна, Латава. Папа Інакенцій IV абвясціў, што прымае новае каралеўства пад сваё заступніцтва. Гэта дапамагло Міндоўгу нейтралізаваць варожасць Лівоніі і перамагчы сваіх праціўнікаў у Літве. Праўда, часова ён вымушаны быў саступіць значную частку Жамойці крыжакам, а Наваградак, Слонім і Ваўкавыск – сыну Данілы Галіцкага Раману (на умовах васальнай залежнасці ад апошняга). Але Міндоўг захаваў за сабой вярхоўнае права на Наваградскую зямлю, а пазней аднавіў поўны кантроль над ёй.

Познія звесткі пра Наваградак як месца каранацыі Міндоўга далі падставу некаторым даследчыкам сцвярджаць, што менавіта гэты горад быў першай сталіцай ВКЛ. Аднак хутка пасля каранацыі Наваградак быў часова перададзены Раману Данілавічу. Хутчэй літоўскі князь наўмысна абраў для каранацыі спрэчны горад, каб падкрэсліць свае правы на яго. У валынскім летапісе прыгадваецца ў якасці рэзідэнцыі Міндоўга таксама загадкавы замак Варута, месцазнаходжання якога не высветлена. Літоўскія даследчыкі на падставе археалагічных матэр’ялаў мяркуюць, што цэнтрам дзяржавы магла быць Вільна – найбольш значнае на той час паселішча на тэрыторыі Літвы (пра Вільна як колішнюю рэзідэнцыю Міндоўга гаворыцца ў адным з дакументаў часоў Вітаўта за 1409 г.). Аднак, найбольш верагодным лічыцца, што трывалай сталіцы ў сучасным сэнсе ў ВКЛ на ранняй стадыі яго гісторыі ўвогуле не было.

Пасля хрышчэння Міндоўга немцы ўзмацнілі націск на прусаў і асабліва на жамойтаў, тэрыторыя якіх магла стаць, у залежнасці ад вынікаў барацьбы, альбо сцяной, альбо мастком паміж прускай і інфлянцкай правінцыямі ордэна. У 1253 г. тут быў заснаваны Кёнігсберг, Мемельбург (мемель, зараз Клайпеда). Але, сутыкнуўшыся з адчайным супраціўленнем жамойтаў, крыжакі мусілі ў 1257 г. згадзіцца на двухгадовае перамір’е.

На вяршыні магутнасці (1258 – 1263 гг.)

Са з’яўленнем у некаторых гарадах Русі літоўскіх князёў не пагадзіліся ні суседнія княствы, ні татары. Даніла Галіцкі зрабіў тры паходы “на Литву на Новгородок”. А каля 1258 г. у саюзе з Данілам Галіцкім спусташальны паход супраць Літвы здзейсніў татарскі ваявода Бурундай (“взяша татарове всю землю Литовскую”). Галіцка-валынскія палкі ўначаліваў яго брат Васілька Раманавіч. У гэтай сувязі Іпацьеўскі летапіс згадвае Берасце – горад да якога ў гэты паход праводзіў брата Даніла Раманавіч3. У 1258 г., незадоўга да гэтага ці падчас гэтага пахода адбыўся напад літоўцаў (верагодна, атрадаў Войшалка і Таўцівіла) на Наваградак дзе яны забілі Рамана Данілавіча.

У 1259 г. Лівонскі ордэн аднавіў наступ на Жамойць. Вырашыўшы адным ударам зламіць сілы Жамойці, немцы сабралі пад Мемельбургам вялікае войска, якое складалася з інфлянцкіх рыцараў з Бургардам фон Горнгузэнам на чале, прускіх тэўтонаў з маршалам Генрыхам Ботэлем і датчан, якіх прывёў з Рэвеля герцаг Карл. У крывавым баі пры возеры Дурбе 13 ліпеня 1260 г. гэтае войска было ўшчэнт разбіта літоўска-жамойцкімі сіламі. У сечы палягло 150 братоў-рыцараў на чале з лівонскім ландмайстрам, прускім маршалам і іншымі вышэйшымі чынамі. Палонных літоўцы спалілі ў ахвяру сваім багам.

У 1260 г. Міндоўг раптоўна парывае з каталіцтвам і падтрымоўвае паўстанне супраць крыжакоў у Жамойці. У выніку там замацаваўся стаўленік Міндоўга і сын яго сястры князь Транята. Іншы пляменнік, Таўцівіл у гэты час княжыў у Полацку і, верагодна, таксама прызнаў верхавенства літоўскага ўладара. Пад непасрэднай уладай Міндоўга знаходзіліся іншыя літоўскія князі, якія прыгадваюцца як сведкі ў яго граматах крыжакам: Лугвен, Гердзень Нальшанскі, Парбусе (верагодна, з Дзяволтвы) і інш.

Пасля паражэння тэўтонаў пры Дурбе антыкрыжацкія паўстанні скалынулі амаль усе заваяваныя землі, шэраг якіх, фактычна аддзяліўся ад ордэна. Ажно да 1270-х гг. крыжакам давялося, па сутнасці, занава заваёўваць ужо аднойчы заваяваны край.

Меч
Меч, знойдзены ў 1999 г. у кургане ля в. Ашмянец (Смаргонскі р-н), 1-я пал. XIII ст. (Музей гісторыі НАН Беларусі)

Выракшыся згоды з немцамі, Міндоўг узначаліў аб’яднаныя літоўскія сілы і, “сабраўшы шмат, да 30 000 ваюючых, рушыў на Мазавецкую зямлю і напаў таксама на Прусію, разбураў гарады, знішчыў амаль усю зямлю Прусіі”. У наступным, 1261 г. войска з тэўтонаў, палякаў “і іншых прававерных народаў” рушыла ў межы Літвы, але літоўцы, захапіўшы крыжацкі стан, прымусілі рыцараў вярнуцца да яго і, “дамогшыся перамогі, звярнулі хрысціян да ўцёкаў”. Пасля гэтага Міндоўг ужо сам з літоўскімі сіламі “агнём і мячом” спустошыў Чэрскую зямлю у Мазовіі, разбіўшы высланыя супраць яго варожыя войскі. У 1261 г. Міндоўг заключае саюз з наўгародскім князем Аляксандрам Неўскім, і як вынік гэтага саюзу, адбыўся паход аб’яднаных сілаў у Лівонію.

У 1262 г. Васілька Раманавіч атрымаў перамогу над літоўцамі, што вымусіла Міндоўга прыпыніць канфлікт з Даніілам Галіцкім і падпісаць з ім новы мір.

На пачатку 1260-х Міндоўг дасягнуў, паводле Валынскага летапісу, неабмежаванай улады. Гэта выклікала змову супраць яго з боку моцных васалаў – жамойцкага Трыняты, нальшанскага Даўмонта і полацкага Таўцівіла, натхніцелем якіх, верагодна, быў вялікакняскі ваявода Яўстафій Канстанцінавіч. У 1263 г. у выніку змовы Міндоўг са сваімі двума малалетнімі сынамі быў забіты.

Міндоўг быў забіты ў той час, калі выправіў сваё войска ў далёкі паход на бранскага князя Рамана Міхайлавіча (сына Міхаіла Чарнігаўскага), які менавіта тады гуляў вяселле сваёй дачкі Вольгі з сынам Васількі Раманавіча Валынскага Уладзімірам. Напэўна, гэтае палітычнае збліжэнне былых ворагаў, валынскіх і чарнігаўскіх князёў, і прымусіла ўладара Літвы ўмяшацца. Аднак адыход войска спрыяў галоўным змоўшчыкам — Траняце Жамойцкаму і Таўцівілу Полацкаму, якія, верагодна, раптам вярнуліся з паўдарогі і здзейснілі свой намер. Разам з Міндоўгам загінулі і двое яго малодшых сыноў, Рэпік і Рукля.

Амаль адначасова з Міндоўгам смерць спасцігла яшчэ двух яркіх дзеячаў: Аляксандра Неўскага і Данілу Галіцкага. Смерць Данілы Валынскі летапіс датуе 1264 г., “Велікапольская хроніка” — 1266-ым. Саракачатырохгадовы Аляксандр па ўзросту быў равеснікам сыноў Міндоўга і Данілы, але і ён цяжка захварэў у час вяртання з Арды і дадому не даехаў. Існуе меркаванне, што перад ад’ездам ён атрымаў у стаўцы хана Берке атруту (хаця смерць магла наступіць і натуральным чынам).

  1. А.К. Краўцэвіч. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Rzeszów, 2000.
  2. Ю. Бохан, Г. Галенчанка, В. Голубеў і інш. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Другі том. Мінск, “Современная школа”, “Экоперспектива”, 2008.
  3. П.Ф. Лысенко. Открытие Берестья. Минск, “Белорусская наука”, 2007.
Подписаться
Уведомить о
guest
1 Comment
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии