Князь Войшалк

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

Заручыўшыся падтрымкай у Пінску і Новагарюдку, старэйшы сын Міндава (Міндоўга) Войшалк, што нейкі час быў манахам, вярнуў сабе вялікакняскі пасад і жорстка расправіўся з бацькавымі ворагамі. На чале аб'яднанага новагародска-пінскага войска ён заваяваў Літоўскую зямлю. У 1265 г. з дапамогаю галіцка-валынскай дружыны Войшалк падпарадкаваў балцкія землі Нальшчаны і Дзяволтву. Забойца Міндава нальшчанскі князь Даўмонт мусіў ратавацца ўцёкамі ў Пскоў.

Пэўны час Войшалк валадарыў у Вялікім Княстве разам з сваім шваграм (мужам сястры) Шварнам, што быў сынам Данілы Галіцкага. Неўзабаве вялікі князь намерыўся вярнуцца ў заснаваны ім пад Новагародкам Лаўрышаўскі манастыр і перадаў уладу Шварну. Вельмі незадаволены гэтым быў галіцкі князь Леў Данілавіч, які разлічваў, што ўлада дастанецца яму. Ён запрасіў Войшалка на паляванне і сваімі рукамі здрадліва засек князя-манаха.

Па нейкім часе ад рук Льва Данілавіча загінуў і князь Шварн.

За Войшалкам Вялікае Княства Літоўскае павялічыла сваю тэрыторыю і ўключала Новагародскую, Літоўскую, Пінскую, Нальшчанскую і Дзяволтаўскую землі. Нават Полацак прызнаў уладу Новагародка, аде дачыненні паміж імі доўгі час нагадвалі раўнапраўны альянс.

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012