Усяславічы. Падзел Полацкага княства

Дзякуючы вайсковаму майстэрству і мудраму кіраванню Ўсяслава Чарадзея з 1084 году да самай яго смерці (1101 год) Полацкае княства існавала без войнаў, Полацк развіваўся як гандлёвы і культурны цэнтр.

Усяслаў меў 7 сыноў (магчыма 6) — Давыда, Глеба, Рамана, Расьціслава, Сьвятаслава-Юрыя, Барыса і Рагвалода (у сучаснай гістарыяграфіі лічыцца, што Рагвалод і Барыс — адзін і той жа князь).

Пасля смерці Усяслава ў 1101 г. тэрыторыя Полацкага княства была падзелена на шэраг удзельных княстваў: Віцебскае, Менскае, Ізяслаўскае, Лагойскае, Друцкае, Лукомскае. Пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці. Кожнае з удзельных княстваў мела ўласныя органы кіравання, войска, падатковую сістэму. Характэрнай рысай было тое, што кожны князь ўспрымаў асобнае ўдзельнае княства як ўласнасць. У той жа час удзельныя княствы падпарадкоўваліся полацкаму князю (выплата даніны, адзіная знешняя палітыка, сумесныя ваенныя паходы). На чале удзельных княстваў станавіліся князі полацкай дынастыі. Вялікі князь полацкі з’яўляўся свайго роду старшынёй федэратыўнага саюзу князёў Полацкай зямлі.

Падзел Полацкага княства
Тэрыторыя Беларусі і суседнія землі ў пач. XII ст.

Разгледзім кожнага Усяславіча паасобку:

Барыс Усяславіч — Полацк

Упершыню ўзгадваецца пад 1102 гадах В. М. Тацішчавым, калі хадзіў супраць яцвягаў і вяртаючыся заснаваў Барысаў. Верагодна, браў удзел у няўдалым паходзе супраць земгалаў (1106). У княжанне Барыса ў Полацку пачалася дзейнасць Еўфрасінні.

Верагодна, пры Барысе пабудавана княжацкая сядзіба ў Бельчыцах з Барыса-Глебскім манастыром. З яго дзейнасцю звязваюць вядомыя помнікі эпіграфікі — «Барысавы камяні»

Барыс Усяславіч з’яўляецца бацькам Рагвалода-Васіля, ад якога, згодна Васкрэсенскаму летапісу паходзяць Гедзімінавічы.

Давыд Усяславіч — Ізяслаў

Месца Давыда ў старшынстве Усяславічаў дыскусійнае. У любым выпадку, да 1103 года Давыд апынуўся ў Чарнігаўскім княстве. І. Д. Бяляеў і У. І. Пічэта лічылі, што Давыд па смерці бацькі быў абдзелены братамі і свайго ўдзела не меў. Меркавання, што, прынамсі ў 1103—1104 г., Давыд не меў удзела трымаецца і А. Рапаў. В. Янін лічыць, што Давыд не меў удзела прынамсі да 1114 года.

У 1103 годзе Давыд у войску чарнігаўскіх князёў удзельнічаў ў паспяховым паходзе супраць полаўцаў. У 1104 годзе — супраць свайго брата Глеба Усяславіча, князя менскага, гэты паход поспеху не меў. Паводле меркавання А. Рапава, магчыма, паход супраць Глеба меў мэтай абараніць уладальніцкія правы Давыда. Пазней, магчыма, пасля 1116—1119 г., вярнуўся ў Полацкую зямлю і, верагодна, трымаў Ізяслаўльскі ўдзел.

Пасля смерці Рагвалода-Барыса (пач. 1128) паводле тагачаснага права полацкі сталец перайшоў да Давыда. Пакінуўшы Ізяслаўль свайму сыну Брачыславу, Давыд з малодшымі сынамі пераехаў у Полацк. Палачане з нейкай прычыны змовіліся супраць яго, Давыд даведаўся пра гэта і выклікаў у Полацак сына Брачыслава з ізяслаўльскай дружынай. Але гэта не дапамагло, палачане выгналі Давыда з Полацка ўзяўшы князям маладога Рагвалода-Васіля. Верагодна, пачалася міжусобіца Давыда з Рагвалодам-Васілём куды ўмяшаўся вялікі князь кіеўскі Мсціслаў уварваўшыся вялікімі сіламі ў Полацкую зямлю. Палачане павезлі Рагвалода-Васіля да Мсціслава і ўпэўнілі яго зацвердзіць Рагвалода-Васіля на полацкім стальцы ў супярэчнасці з правам старшынства. Давыд быў вымушаны вярнуцца ў Ізяслаўль. Верагодна, Рагвалод-Васіль прызнаў вярхоўную ўладу Кіева, чаго не было з часоў Брачыслава Ізяславіча.

Відавочна, Давыд не змірыўся са стратай Полацка. У 1129 Мсціслаў збіраўся ў паход супраць полаўцаў і заклікаў да ўдзелу полацкіх князёў. Давыд і іншыя кпліва адмовіліся. Больш за гэта, верагодна, калі Мсціслаў ваяваў з полаўцамі, Давыд зноў пачаў міжусобіцу з Рагвалодам-Васілём. Вярнуўшыся з паходу Мсціслаў паслаў сваіх ваявод ў Полацкую зямлю, яны захапілі амаль ўсіх полацкіх князёў, у т.л. Давыда з сынамі і прывезлі іх у Кіеў. У 1130 над полацкімі князямі адбыўся «суд рускіх князёў» паводле яго выраку іх разам з сем’ямі саслалі ў Візантыю.

Давыд не вярнуўся з ссылкі, верагодна, памёр у Візантыі. Вярнуліся яго сыны — Брачыслаў, Мікула і Валодша, якія з дапамогай Рагвалода-Васіля вярнулі сабе ад Глебавічаў Ізяслаўльскае княства.

Глеб Усяславіч — Менск

Пячатка князя Глеба

Напэўна, другі паводле старшынства (пасля Барыса) сын Усяслава Брачыславіча. Такім чынам, Глеб мог нарадзіцца ў канцы 1040-х гадоў.

На думку В. Р. Тарасенкі, пры Глебе ў Менску вялося будаўніцтва першай каменнай царквы.

Імкнуўся пашырыць свой удзел. Неўзабаве па смерці бацькі пачаў вайну з братамі — выгнаў Давыда і, магчыма, Рамана. У 1104 годзе абараняў Менск ад аб’яднанага войска паўднёварускіх князёў — вялікі князь кіеўскі Святаполк Ізяславіч паслаў супраць Глеба ваяводу Пуцяту Вышаціча, князь пераяслаўскі Уладзімір Усеваладавіч (Манамах) — свайго сына Яраполка, князь чарнігаўскі Алег Святаславіч прыйшоў сам і прывёў глебавага брата Давыда. Мэтай, верагодна, было вяртанне Давыду ўдзела. Аднак паход на Менск не меў поспеху, верагодна таму, што кіеўскі князь Святаполк не хацеў паразы Глеба — свайго сваяка і саюзніка.

На пачатак XI ст. тэрыторыю абапал Дняпра са «шляхам з вараг у грэкі» кантраляваў непасрэдна Кіеў. У Смаленскім княстве, вылучаным у 1054 годзе, у 2-й палове XI ст. часта мяняліся князі і не было ўмоў для інтэнсіўнага збірання тэрыторыі, да канца XI ст. яго заходнімі воласцямі ў Падняпроўі былі Басея і Мірацічы, якія ахоплівалі басейны рэк Басі і Мярэі. Напэўна, са згоды вялікага князя Святаполка Глеб далучыў да сваіх уладанняў землі па берагах Дняпра, дзе пабудаваў крэпасці ў Оршы, Копысі і іншыя (напр. гарадзішчы каля в. Германы, Кісялі і Стражава Дубровенскага р-на), умацаванні ва ўсіх гэтых паселішчах з’явіліся на пачатку XII ст. У канцы XI ст. Смаленскае княства ўрэшце замацавалася за дзецьмі Уладзіміра Усеваладавіча, якія, напэўна, таксама імкнуліся атрымаць кантроль над Дняпром, што было прычынай іх варожасці да Глеба.

У 1106 годзе, магчыма, Глеб разам з братамі ўдзельнічаў ў няўдалым паходзе на земгалаў. Імкнуўся аб’яднаць вакол Менска шэраг гарадоў Полацкай зямлі, у выніку чаго далучыў да свайго княства Оршу, Копысь і Друцк.

Па смерці Святаполка (16.4.1113) вялікім князем кіеўскім быў абраны Уладзімір Усеваладавіч (Манамах) — праціўнік Святаполка і Глеба, які разыходзіўся з імі па многіх пытаннях, у т. л. па спадчынных правах на княжанні. У 1116 годзе Глеб напаў на зямлю дрыгавічоў і спаліў Слуцк, які належаў Уладзіміру. Паводле летапісу, Уладзімір, быццам, угаворваў Глеба вырашыць пытанні мірам, але Глеб, быццам, не хацеў прызнаваць сябе вінаватым і абвінавачваў ва ўсім самога Уладзіміра. Урэшце, на Менскае княства быў скіраваны ўдар шматлікага войска з трох бакоў — Кіева і Пераяслава, Смаленска і Чарнігава. Смаленскі князь Вячаслаў (сын Уладзіміра) захапіў Оршу і Копысь. Аб’яднанае войска князя чарнігаўскага Давыда Святаславіча (стрыечнага брата Уладзіміра) і князя пераяслаўскага Яраполка (сына Уладзіміра) узяло прыступам Друцк. Сам Уладзімір скіраваўся да Менска і аблажыў горад. Двухмесячная аблога не мела поспеху, але Уладзімір вырашыў працягваць аблогу і загадаў будаваць пад менскім дзядзінцам сабе хату на зіму.

Глеб, убачыўшы падрыхтоўку да працяглай аблогі, адправіў паслоў да Уладзіміра, які згадзіўся на мірныя перамовы. Менскі князь выйшаў з горада з дзецьмі і дружынай і паабяцаў ва ўсім слухацца. Уладзімір павучаў Глеба, як ён павінен паводзіць сябе, і даў яму, паводле летапісу, Менск — такім чынам, як лічаць некаторыя даследчыкі, забраў значную частку ўладанняў, у т. л. Друцк і Падняпроўе. Сын Уладзіміра Яраполк вывеў у палон жыхароў захопленага Друцка і пасяліў іх у сваім Пераяслаўскім княстве, пабудаваўшы горад Жэлні.

Глеб нядоўга трымаўся павучанняў Уладзіміра і, паміж 1116 і 1118 годам, напаў на смаленскія і ноўгарадскія воласці. Гэтым разам Уладзімір паслаў у 1118 г. свайго сына Мсціслава з вялікім войскам, ён аблажыў і ўзяў Менск. Глеб трапіў у палон і быў адвезены ў Кіеў.

Памёр Глеб Усяславіч 13 верасня 1119 года ў кіеўскай вязніцы. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры разам з жонкай, якая перажыла яго на 40 гадоў, у паўднёвай частцы Успенскага сабору ў галовах прападобнага ігумена і аднаго з заснавальнікаў лаўры Феадосія Пячэрскага.

Раман Усяславіч — Друцк

Дзядзінец у Друцку
Дзядзінец у Друцку (Фота Л.В. Алексеева)

Паводле Л. Аляксеева Раман Быў маладзейшы за Давыда, Барыса І Глеба Усяславічаў. Невядома які ўдзел меў Раман, але, верагодна, адтуль Яго выгнаў Глеб. Хутчэй усяго гэта быў Друцк. Менш верагодную здагадку выказаў В. Янін, быццам Раман Быў старэйшым сынам Усяслава Полацкага і яго наступнікам на стальцы. Да гэтай думкі схіляецца і А. Рапаў, але з тым ўдакладненнем, што Раман мог страціць Полацкі сталец у міжусобіцы і таму вымушаны быў жыць у выгнанні. Паводле “Аповесці мінулых гадоў», Раман памёр у 1116 у Мураме, паводле Ніканаўскага летапісу – у Разані ў 1114. Удава Рамана, вядома толькі як Раманава, прыняла пострыг, да яе ў манастыр прыйшла вучыцца, а пасля таксама пастрыглася, пляменніца мужа — Прадслава Святаславаўна.

Святаслаў Усяславіч — Віцебск

Паводле слушнага меркавання А. Прэснякова і Т. Васілеўскага, па бацьку Святаслаў атрымаў Віцебскі ўдзел, даследчыкі зыходзяць з таго, што нашчадкі Святаслава трымалі гэтае княства пазней. Гэтаму пярэчаць Л. Аляксееў, лічачы быццам ў 1-й палове ХІІ ст. Віцебскае княства ўваходзіла ў склад Смаленскай зямлі, але ў крыніцах пацвярджэння гэтай думкі няма. Наадварот, пазней (2-ая пал. ХІІ ст.) нашчадкі Святаслава аддавалі Віцебск смаленскім князям наўзамен падтрымкі сваіх прэтэнзій на полацкі сталец.

Сведчанняў пра дзейнасць Святаслава амаль не захавалася, верагодна ён падтрымліваў антыкіеўскую палітыку астатніх Рагвалодавічаў, таму разам з іншымі полацкімі князямі ў 1130 годзе быў высланы ў Візантыю, дзе верагодна і памёр. Гледзячы на пералік высланых князёў, Святаслаў быў малодшым сынам Усяслава Полацкага. У Ноўгарадзе і Кукенойсе знойдзены пячаткі Святаслава.

Расціслаў Усяславіч — Лукомль

Гарадзішча старажытнага Лукомля

Амаль усе гісторыкі лічаць яго і Святаслава Усяславіча малодшымі сынамі Усяслава Брачыславіча. Пасля смерці бацькі ў 1101 году атрымаў нейкі надзел у Полацкай зямлі. На думку Вайтовіча гэта было Лукомскае княства. У сваім надзеле ён кіраваў да 1129 года, калі вялікі князь Кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч Вялікі здзейсніў паход у Полацкае княства, захапіўшы ў палон усіх полацкіх князёў і членаў іх сем’яў, пазбавіў іх надзелаў і выслаў іх у Візантыю. У ліку сасланых апынуўся і Расціслаў. Больш пра яго нічога не вядома.

Рагвалод Усяславіч — Лагойск

1127 год. Паводле жаданняў палаўчан вялікі князь Мсціслаў дае ім князя Рагвалода замест выгнанага імі князя Давыда.

Войска Ізяслава Мсціславіча пад сценамі Лагойска ў 1127 г. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.

Магчыма першапачаткова, у 1101 годзе Рагвалод атрымаў Лагойск, адкуль яго сагнаў Глеб.

Некаторыя гісторыкі лічаць, што Рагвалод і Барыс — адзін і той жа князь, аднак гэта б парушала традыцыі надання імёнаў, бо ў князя Барыса быў сын Рагвалод. Таму хутчэй усяго Барыс і Рагвалод — два розных чалавека.

Полацкія князі — Давыд Усяславіч з двума сынамі, Расціслаў і Святаслаў Усяславічы, два сына Барыса (Рагвалод-Васіль і Іван) з жонкамі і дзецьмі – былі вывезены спачатку ў Кіеў, дзе ім было аб’яўлена аб пакаранні за непаслушэнства, а потым адпраўлены у Канстанцінопаль. Візантыйскі імператар Іаан ІІ, зяць Мсціслава, прыняў полацкіх князёў і прызначыў іх у войска, якое ваявала супраць сарацынаў, дзе яны з пахвалой служылі.

Пакараўшы полацкіх князёў, Мсціслаў атрымаў магчымасць кіраваць Полацкай зямлёй. У самім Полацку стаў правіць яго сын Ізяслаў.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии